Вы тут

Надзвычайны фотапраект адкрыўся ў вёсцы Каптаруны


У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь выстаўляецца мастацкі фотапраект «Genіus locі. Genіus lost / Геній месца. Геній згубленасці». Зыходным пунктам гэтага праекта стаў творчы плэнер у арт-вёсцы Каптаруны. Яна знаходзіцца на беларуска-літоўскай граніцы, а таксама на граніцы трох беларускіх абласцей. І гістарычна ўключае ў сябе культуры чатырох народаў: беларускую, літоўскую, польскую і яўрэйскую. Такім чынам, Каптаруны — свайго роду мост культур. У вёсцы праходзіць шмат мерапрыемстваў і фестываляў.


Але вёска адметная не толькі культурнай і гістарычнай асновай — гэта яшчэ і цікавыя прырода і ландшафт. Фатографы спрабавалі адкрыць для сябе нешта новае і іншае, убачыць месца з іншага боку, знайсці сябе. Растварыцца ў месцы, прасякнуцца яго атмасферай, адчуць сабе часткай гэтай вёскі.

Ды «геній месца» аказаўся каварны. Ландшафт пачаў зацягваць, адкрывацца і адштурхоўваць. Ён прымушаў узірацца ў далягляд і шукаць новыя кропкі ўваходу. Ён не адпускаў. Каптаруны як месца збянтэжанасці, згубленасці сябе і спасціжэння пачалі «разрастацца» і ўзнікаць у новых мясцінах, краявідах, гарадах — не толькі беларускіх. Каптаруны пераўтварыліся ў персанальны выклік, на які мусіш адказаць у пэўны момант часу.

У праекце ўдзельнічалі Яўген Атцецкі, Аксана Веніямінава, Жанна Гладко, Дзіна Даніловіч, Андрэй Дубінін, Вольга Кірылава, Сяргей Лескець, Сяржук Мядзведзеў, Ігар Саўчанка, Вольга Хахлова, Аляксей Яршэвіч. А куратарка праекта — Дзіна Даніловіч.

Сама выстава створана вельмі канцэптуальна. Для яе быў выдзелены ўвесь другі паверх, амаль што для кожнага фатографа ёсць уласны пакой, дзе ён змог размясціць сваю работу так, як ён яе разумее і адчувае. Тут можна было знайсці і маленькія фотаздымкі, і фотаздымак на ўсю сцяну, дзесьці было гукавое суправаджэнне, дзесьці — відэапрайгравальнік, была нават і работа з гіпаксіднай смалы.

— Вялікае бачыцца на пэўнай адлегласці — толькі так можна заўважыць маштаб і агульныя рысы — як з'явы, так і аб'екта. Адначасова дыстанцыя з'яўляецца бар'ерам для назіральніка. Дазваляе бачыць толькі фасад — шырму, за якой хаваецца сутнасць аб'екта. Набліжэнне, канцэнтрацыя, фокус увагі — гэтыя метады дазваляюць дакладна ідэнтыфікаваць дэталі, унутраныя механікі, зазірнуць за мяжу вонкавага. Аднак яны непазбежна звужаюць погляд назіральніка, робячы яго выбарачным і суб'ектыўным, — лічыць Андрэй Дубінін.

І хоць усе гэтыя фатографы прысутнічалі на адным і тым жа плэнеры, можна лёгка ўбачыць, як па-рознаму яны правялі свой час. Гэта яшчэ раз нагадвае аб індывідуальнасці кожнага чалавека. Увогуле, розные сэнсы і думкі ўкладзены ў фотаздымкі.

Пры уваходзе ў пакоі ёсць магчымасць прачытаць назву калекцыі фотаздымкаў фатографа і галоўную ідэю работы.

Таксама 21, 22, 28 і 29 ліпеня ў 18.30 адбудуцца экскурсіі з куратаркай і аўтарамі праекта, якія раскажуць аб праекце «Геній месца. Геній згубленасці» больш падрабязна.

Наталля ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.