Вы тут

Салёная гарбата ў дажджлівы дзень


Дэбютная кніга аўтара ў сучасным літпрацэсе — з’ява даволі размытая і нявызначаная, у яе няма нейкіх канкрэтных рыс. Бо аўтарам, у каго ўпершыню выходзіць сабраная, кампазіцыйна аформленая папяровая кніга з дызайнам вокладкі і ІSBN, можа быць хто заўгодна. І сямнаццацігадовая школьніца, якой пашчасціла ці то моцна зачапіць кагосьці сваёй творчасцю, ці то мець матэрыяльныя магчымасці, і трыццацігадовы філолаг, які ўжо шмат чаго наперакладаў, апублікаваў у часопісах і даўно ўваходзіць «у тусоўку», але чамусьці ці то ў яго, ці то ў некага іншага не дайшлі рукі да выпуску кнігі раней, і чалавек сталага веку, які ці зусім нядаўна адкрыў у сабе талент, ці толькі цяпер вырашыў пераўтварыць яго ў нешта сур’ёзнае.


Паэтка Дар’я Бялькевіч, у якой ў чэрвені выйшла першая кніга паэзіі «Слёзы на вецер», не прадстаўляе ні адну з вышэйапісаных груп.

Яе цяжка назваць дэбютанткай у поўнай меры, бо аўтарка добра вядомая і як самабытная літаратарка, і як паспяховая выканальніца, і як арганізатарка шматлікіх імпрэз, звязаных з мастацтвам слова. Але і назваць Дар’ю да канца сфарміраваным аўтарам было б не зусім правільна: бо яе творчы стыль працягвае эвалюцыяніраваць, набываць новыя рысы, ускладняцца і ўдасканальвацца. Гэта можна прасачыць і па доўгачаканай кнізе. Напэўна, адметнасць ідэальнага дэбюту — гэта заўважнасць развіцця, паступовай трансфармацыі. Але па гэтай прыкмеце і самы дасканалы літаратар мусіць быць вечным дэбютантам.

У «Слёзы на вецер» увайшлі вершы, напісаныя з перапынкам у пяць гадоў. А, як вядома, для маладога аўтара такі час даволі важны ў якасным сэнсе. Таму зборнік спалучае юнацкую наіўнасць, рамантычнасць і гульню з сур’ёзнымі слаістымі метафарамі, дасканала выпісаныя эмацыянальныя вобразы з яскрава гумарыстычнымі элементамі.

Творчы метад паэткі — матэрыялізацыя пачуццяў. Эмоцыі і адчуванні набываюць форму прадметаў і гукаў, становяцца нагодай расказаць гісторыю або наадварот — канцэнтруюцца ў аповедзе, звязваючы асобныя элементы-кадры ў стужку фільма.

Часам аўтарка выкарыстоўвае прамалінейныя абазначэнні — наўпрост заяўляе: «у дні без цябе я плачу» або «пакіньце мяне ў спакоі». Прамое выказванне значна лепшае, чым банальная метафара. Да таго ж у канструкцыях ад першай асобы і ад другой, якіх у вершах вельмі шмат, фарміруецца аўтарскі мікрасвет, паэтычная рэальнасць як рэакцыя на рэальнасць звычайную. Вызначэнне асабістых межаў паэзіі — «я» — дапамагае ствараць абсалютна ўнікальныя аўтарскія выказванні без дадатковай рамантызацыі і слоўнай мішуры. Таксама, карыстаючыся займеннікам «я», аўтарка падкрэслівае дыялагічнасць тэкстаў — «я слухаю», «я гавару». Па гэтых рысах хочацца заўважыць, што для Дар’і Бялькевіч паэзія выконвае некалькі звязаных функцый: і ахоўную, і камунікатыўную. «Я» ў яе тэкстах ставіць сцяну паміж аўтарскім мікрасветам і рэчаіснасцю і адначасова выводзіць рэчаіснасць на дыялог з паэткай.

У зборнік увайшлі тэксты за 2016—2021 гады. Калі арыентуешся ў творчасці аўтара, цяжка сказаць, наколькі па тэкстах відавочная розніца ў часе. Але на некаторыя рысы хочацца звярнуць увагу.

Раннія вершы дэталізаваныя яскрава і канкрэтна, нават нацюрмортна — буйныя элементы выпісваюцца на пэўным фоне пэўным наборам фарбаў.

Дома я запару гарбату,

пастаўлю ў ваду наламаны бэз,

Пакладу ў кубак дзве лыжкі цукру,

глытну і ўспомню, што п’ю без.

Гэты вобраз з тэксту, насычанага тонкім адчуваннем няўлоўнага руху сусвету, нагадаў па прынцыпе ўздзеяння ахматаўскія пальчаткі, апранутыя не на тыя рукі, — побытавая, простая, няяркая прыкмета няправільнасці.

Больш познія тэксты становяцца глыбейшымі, адметнымі працай з рознымі пластамі верша — ускладняюцца кампазіцыйныя рашэнні, сувязі паміж часткамі вобразнага палатна становяцца больш шчыльнымі, прыёмы выглядаюць больш асэнсаванымі. У прыватнасці, гэта заўважна па гукапісе, з якім у аўтаркі заўсёды былі сяброўскія стасункі. Але ў позніх вершах ён становіцца больш асэнсаваным.

Вочы расплюшчыўшы, бачыць глей.

Завязвае бранзалет з багавіння.

П’е з гарлачыка белага,

Каб наталіць смагу смаўжыную,

Каб сурочыць па-сарачынаму,

Каб вучыцца па-павучынаму.

Простае выказванне, гісторыя ў побытавай абстаноўцы не сыходзіць канчаткова, але саступае месца шматслойнаму адлюстраванню пачуццяў, арыгінальнай гульні з формай. У тым ліку аўтарка пачынае эксперыментаваць з малымі формамі — вершамі з 2—3 радкоў. Гэта сведчыць пра тое, што сэнсавая канцэнтрацыя ў творчасці павялічваецца, фінальна аформленая думка становіцца больш кампактнай, а значыць, удасканальваецца і форма выяўлення думкі.

Найлепшы прыватны псіхолаг — навігатар на польскай мове: dalej prosto.

Галоўная рыса, якая адрознівае Дар’ю Бялькевіч як творцу ад іншых і заадно абумоўлівае і разнастайнасць формы, і разняволенае выкарыстанне рыфмы — гэта майстэрская праца па зашыфроўцы ў слове поўнага спектра яго значэнняў і асацыяцый, эмацыяльнага кантэксту. Паэтка прамаўляе слова «аранжавы» так, што чытач адчувае пальцамі шалупінне апельсіна, яго свежы смак, а далей уяўляе шпацыр да крамы марозным вечарам у перадкалядны час.

Дарэчы, гастранамічныя вобразы займаюць у творчасці Дар’і Бялькевіч заўважны бок. Яна акцэнтавала на гэтым увагу і раней, але найбольш яскрава актуалізавала гэтую рысу на кампазіцыі зборніка «Слёзы на вецер». Пяць раздзелаў называюцца «Сняданак», «Абед», «Полудзень», «Вячэра», «Начная прагулка на кухню». Вызначыць канцэпцыю, выбраную для кампазіцыі, з першага погляду складана, але інтуітыўна ўсё складваецца — па эмоцыях, па абставінах. У першай частцы некалькі вершаў у кантэксце сну і раптоўнага абуджэння, у другой — пошукі адказаў на вечнае ў штодзённасці, у «Полудні» — крыху дзяцінства і вострых эмоцый, чацвёртая частка некалькі разоў у розных праявах паўтарае абставіны дарогі, руху і прапаноўвае некалькі акалічнасцей на мяжы рамантыкі і гумару, пяты раздзел пачынаецца тэкстам «Бессань» і ў асноўным складаецца з кароткіх тэкстаў, з урывачнымі, афарыстычнымі фразамі-«азарэннямі», але ва ўсіх частках знаходзяцца вершы, якія не ўціскаюцца ў фармальныя прыкметы і вымушаюць чытача здагадвацца, колькі падтэкстаў ён прапусціў у кампазіцыі зборніка.

«Слёзы на вецер» — гэта прыгожая і складаная нізка тэкстаў, якая можа стаць лекавай кропельніцай з насычальным растворам для чыйго-небудзь успрымання паэзіі і рэчаіснасці, што балесна схуднела або ўпала ў кому. Але, напэўна, на шчасце, у першую чаргу гэтыя тэксты трапяць да тых, хто любіць і ўмее іх чытаць, у якасці складанага і далікатнага дэсерту.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.