Вы тут

Да 150-годдзя з дня нараджэння Лесі Украінкі і 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі


2021 год адзначыцца на агульным беларуска-ўкраінскім календары 150-годдзем з дня нараджэння Лесі Украінкі (Ларысы Пятроўны Косач-Квіткі) і 145-годдзем з дня нараджэння Цёткі (Алаізы Пашкевіч).


Леся Украінка. 1913.

У юбілейны год украінская дыяспара пры падтрымцы ўлад і творчай, навуковай грамадскасці Беларусі правяла шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных класікам дзвюх нацыянальных літаратур. У Мінску, Мар'інай Горцы, на Пухавіччыне, у Шчучыне, у пасёлку Астрына, на Шчучыншчыне... Менавіта гэтыя мясціны асветлены яркімі асобамі... Як лёс Цёткі пераплецены з Украінай, так і сваім жыццём Леся Украінка звязана з Беларуссю. Алаіза Пашкевіч вучылася ў Львоўскім універсітэце ў 1907—1910 гадах. Менавіта тады, у Жоўкве, пры падтрымцы мітрапаліта А. Шаптыцкага яна выдала паэтычны зборнік, у якім змешчана знакамітая паэма «Суседзям у няволі» — зварот да ўкраінскага народа, які, як і беларусы, не быў свабодны.

Алаіза Пашкевіч (справа) з сястрой Каралінай. 1901.

Да двух юбілеяў адразу ў Выдавецкім доме «Звязда» ўбачыла свет кніга «Акрыленыя родным словам». На беларускай і ўкраінскай мовах. Пад адной вокладкай — вершы Лесі Украінкі, Цёткі, біяграфічныя матэрыялы пра духоўных сясцёр... Вось што напісаў ва ўступным слове да кнігі дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка: «Алаіза Пашкевіч і Леся Украінка розумам і сэрцам першымі адчулі дыханне часу. На старонках сваіх шэдэўральных твораў яны геніяльна агучылі галоўныя патрэбы беларусаў і ўкраінцаў, таленавіта сфармулявалі грамадскія ідэалы і каштоўнасці. Паэтэсы выразна акрэслілі невычэрпны патэнцыял і веліч беларускага і ўкраінскага народаў, гатоўнасць пераадольваць любыя бар'еры і перашкоды на шляху да лепшага жыцця». І далей: «Смелыя і адораныя жанчыны, надзеленыя рэдкімі філалагічнымі і творчымі здольнасцямі, да астатку прысвяцілі свае жыцці ўвасабленню адвечнай мары нашых народаў — пазбавіцца прыгнёту, на вякі ўсталяваць у Беларусі і Украіне народную ўладу, пачувацца сапраўднымі гаспадарамі, мірна жыць у свабодных краінах, без прымусу і гвалту шчодра працаваць на ўласнай Богам дадзенай зямлі.

Літаратурная спадчына Алаізы Пашкевіч і Лесі Украінкі — неацэнная мастацка-эстэтычная каштоўнасць, невычэрпная крыніца натхнення, вялікі духоўны скарб беларускага і ўкраінскага народаў».

Сяргей Мяржынскі. 1899.

Сярод аўтараў кнігі — прафесар Валынскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі Юрый Громік, прафесар, доктар філалагічных навук, лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі імя І. Франко Вячаслаў Рагойша (Беларусь); прыводзяцца выказванні ўкраінскіх пісьменнікаў Анатоля Клышкі, Ліны Кастэнкі, Аксаны Забужкі, Івана Драча, Анатоля Клышкі, гісторыкаў Мітрафана Доўнар-Запольскага, Міколы Ермаловіча... Кніга багата ілюстравана рэпрадукцыямі старых фотаздымкаў.

Асобныя старонкі кнігі — раздзел «Мінская гісторыя» — гісторыя кахання і вечнасці...» Гісторыя пра сустрэчу і каханне Лесі Украінкі і Сяргея Мяржынскага, з якім паэтэса пазнаёмілася ў Ялце ў 1907 годзе. Там яны лячыліся ад туберкулёзу, з гэтага часу і пачалося іх сяброўства, якое праз некаторы час перарасло ў каханне. Сяргей вярнуўся ў Мінск. І калі адтуль да Лесі Украінкі прыйшла вестка, што стан яго здароўя пагаршаецца, паэтэса праз два тыдні прыляцела ў Мінск. Сяргей называў сваю сяброўку нявестай, але ў гэтым статусе сям'я не прыняла Лесю... І ўсё ж паэтэса рабіла ўсё магчымае, каб выратаваць каханага, была з ім да апошняга дня, дапамагла арганізаваць яго пахаванне... Дарэчы, у творчай спадчыне Лесі Украінкі захаваўся своеасаблівы «беларускі цыкл» альбо «цыкл Мяржынскага», якія складаецца з двух дзясяткаў твораў. Пісьменніца ніколі не друкавала іх пры жыцці. А цяпер гэтыя творы перакладзены на мноства моў, у тым ліку і на беларускую.

У кнізе «Акрыленыя родным словам» — і пераклады вершаў Цёткі на ўкраінскую мову, якія здзейсніў Раман Лубкіўскі. Будзем спадзявацца, што кніга, выданню якой паспрыялі розныя грамадскія і прадпрымальніцкія структуры, Шчучынскі райвыканкам, будзе запатрабаваная чытачом.

Мікола МІРШЧЫНА

Загаловак у газеце: ...Духоўныя сёстры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.