Вы тут

Алесь Бельскі: Чытайце і смакуйце беларускае слова


Напярэдадні 100-гадовага юбілею Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які ўстанова будзе святкаваць не толькі 30 кастрычніка, «ЛіМ» прапануе адмысловы праект. Яго мэта — пазнаёміць ці чарговы раз згадаць тых, хто не адзін год выкладае і робіць шмат на карысць навукі і літаратуры. Сённяшні суразмоўца — літаратуразнавец і пісьменнік Алесь Бельскі. Доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры. Аўтар і суаўтар больш як 20 кніг і дапаможнікаў па беларускай літаратуры, звыш 700 артыкулаў і рэцэнзій. Яго вершаваныя творы склалі зборнік «Між маладзіком і ветахам» (2018). Як празаік выступае пад псеўданімам Алесь Ветах. Выдаў 4 кнігі прозы, друкаваўся ў калектыўных зборніках. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (2000).


Фота з асабістага архіва Алеся Бельскага.

— Універсітэту — 100 гадоў. Што літаратуразнаўцу прыходзіць у галаву адразу, калі згадваецца такая важная дата?

— Адразу ўспамінаецца, што сярод першых выкладчыкаў універсітэта на этапе яго станаўлення быў Якуб Колас, які з лістапада 1923 года працаваў асістэнтам на кафедры беларускай мовы, выкладаў на педагагічным факультэце. Калі пра Якуба Коласа ў сувязі з гісторыяй БДУ згадваюць часта, то пра Янку Купалу гавораць, на жаль, рэдка. А менавіта Іван Дамінікавіч быў адным з ініцыятараў адкрыцця першай вышэйшай нацыянальнай установы Беларусі, неаднойчы сустракаўся з першым рэктарам Уладзімірам Пічэтам, добра ведаў першых універсітэцкіх выкладчыкаў Івана Замоціна, Мікалая Янчука, Яўгена Барычэўскага, Аляксандра Вазнясенскага, Міхайлу Піятуховіча, Адама Бабарэку... Паэт шмат выступаў у сценах БДУ. Тут яго цёпла і сардэчна віталі 19 сакавіка 1922 года ў актавай зале з 40-годдзем. Адкрываючы ўрачыста-святочнае пасяджэнне, Уладзімір Пічэта сказаў: «Купала для беларускай літаратуры тое ж, што Шаўчэнка — для ўкраінскай, і Міцкевіч — для польскай».

— Так, гэта далёкая гісторыя. Пра якія яшчэ факты любіце расказваць, напрыклад, студэнтам на лекцыях? Многія знакамітыя пісьменнікі — выпускнікі БДУ…

— Напрыклад, на лекцыі пра жыццё і творчасць Мележа апавядаю пра тое, як паранены, скалечаны вайной Іван Паўлавіч прыехаў на станцыю Сходня пад Масквой, дзе ў гады вайны аднавіў работу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Мележ выкладаў ваенную падрыхтоўку і адначасова вучыўся на філфаку. Апавядаю, абапіраючыся на ўспаміны Вольгі Васільеўны Казловай (яна была на станцыі Сходня ў ліку першых студэнтаў ваеннага часу), як яны з дзяўчатамі рыхтаваліся да заняткаў па ваеннай падрыхтоўцы, як выконвалі загады маладога выкладчыка, нядаўняга франтавіка… Дарэчы, дэкан філфака Міхась Ларчанка адвёз са Сходні ў Маскву Кузьму Чорнаму першыя творы Мележа. Зразумела, для прачытання і ацэнкі. Чорны станоўча выказаўся пра тыя спробы, можна сказаць, блаславіў маладога празаіка на шляху ў літаратуру.

Сярод славутых выпускнікоў БДУ — народныя пісьменнікі і паэты Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Іван Навуменка, Ніл Гілевіч, Іван Чыгрынаў, Рыгор Барадулін. Апошнія з названых мною — Чыгрынаў і Барадулін — да таго ж і ганаровыя дактары БДУ. Безумоўна, імкнуся падкрэсліць іх сувязь з універсітэтам. А яшчэ акцэнтую ўвагу на тым, як, напрыклад, ушацкі «малец» стаў народным паэтам, студэнт-завочнік з Палесся дасягнуў вышынь вучонасці, стаў акадэмікам і адначасова дасягнуў найвышэйшага прызнання ў літаратуры: стаў народным пісьменнікам.

— Тут нельга не спытаць пра ролю БДУ ў вашым жыцці…

— Праўда, час бяжыць хутка. Я працую ў БДУ ўжо больш як трыццаць гадоў. Усё маё свядомае жыццё і лёс спалучаны з універсітэтам. Тут я адбыўся як вучоны-літаратуразнавец, творчая асоба. Фактычна амаль усё, што робіцца мною, — дзеля студэнтаў, філфака і роднай альма-матар. Следам за сваімі настаўнікамі-папярэднікамі магу сказаць: «Я — універсітэтчык». Дарэчы, звыкнуўся з тым, што мяне ўвесь час называюць маладым: малады выкладчык, малады кандыдат навук, малады дацэнт, малады доктар, малады прафесар… Вось і нядаўні дэкан нашага філфака Іван Сямёнавіч Роўда называў мяне «маладым загадчыкам кафедры». Дык, уласна кажучы, калі я такі малады, то неяк няёмка і нязручна гаварыць пра сябе. Зарана, трэба трохі пачакаць. Лепей бы, каб на гэтую тэму гаварылі-разважалі нашы ветэраны, вядомыя педагогі і даследчыкі, людзі пашанотнага ўзросту Вячаслаў Рагойша, Таццяна Шамякіна, Іван Чарота ды іншыя.

— Зрэшты, а каго са сваіх настаўнікаў у навуцы і літаратуры вы згадваеце часцей? Хто для вас як студэнта філфака быў арыенцірам?

— О, на гэтае пытанне можна адказваць доўга: выдатных выкладчыкаў на філфаку было нямала… Паступаючы, я, цімкавіцкі юнак, зямляк Кузьмы Чорнага, ведаў, што на факультэце працуюць капыляне: прафесары Сцяпан Хусейнавіч Александровіч і Леў Міхайлавіч Шакун. Надышоў той дзень — і ў аўдыторыю № 23 у будынку па вуліцы Чырвонаармейскай, 6 зайшоў прафесар Сцяпан Александровіч. Лекцыі ён чытаў без паперак, гаварыў павольна, часам ціха, як бы напаўголасу. Раптоўна надараліся прыступы кашлю, толькі потым мы, студэнты, даведаліся, што ў прафесара хворыя лёгкія: цяжкая спадчына ваеннага часу. Думка нашага выкладчыка літаратуры была дакладнай, кожнае слова выверана, быццам узважана на нейкіх унутраных шалях, ён цудоўна помніў усе лічбы і факты. Глыбока, да драбніц ведаў біяграфіі Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча, Купалы, Коласа, Цёткі… Дарэчы, сёлета ў снежні будзе 100 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Хусейнавіча. Ён — равеснік БДУ.

Аднак самы галоўны мой настаўнік у навуцы і літаратуры — прафесар і паэт Алег Лойка. Каб не Алег Антонавіч, то я, магчыма, пайшоў бы па іншай дарозе: працаваў бы сёння ў сваёй раёнцы або вучыў дзетак у школе… Але ў свой час я трапіў у кантэкст універсітэцкага літаб’ядання «Узлёт», якім кіраваў Алег Лойка. Ён да апошняга натхняў мяне на творчасць і здзяйсненні, падахвочваў: «Пішы вершы». І пакуль быў жывы Алег Антонавіч, я тое-сёе яшчэ рыфмаваў. Праўда, казаў яму: «Гэта не паэзія, а графаманія», з чым Алег Антонавіч не пагаджаўся: «Але ж і добрыя радкі ёсць».

— Ці вывучалі падрабязна вопыт папярэднікаў на пасадзе загадчыка кафедры гісторыі беларускай літаратуры?

— Мне здаецца, я нядрэнна ведаю гісторыю сваёй кафедры. У 1999 годзе мы выдалі даведнік «Навукоўцы кафедры беларускай літаратуры ХХ стагоддзя». Ствараючы такі летапіс, мы звярталіся да архіва кафедры, грунтоўна вывучалі пратаколы пасяджэнняў, пры неабходнасці хадзілі ў архіў БДУ, заказвалі дакументы мінулых гадоў. Потым я шукаў матэрыялы для зборніка «Імёнаў светлае аблічча», які выйшаў у 2002 годзе. Яго склалі ўспаміны пра выкладчыкаў-літаратуразнаўцаў кафедры. Вольга Казлова, былы загадчык, сабрала ўнікальны фоталетапіс кафедры і факультэта. Цэлымі вечарамі ў яе дома (Вольга Васільеўна ўжо была на заслужаным адпачынку) мы гарталі альбомы, і яна падоўгу распавядала гісторыю кожнага здымка. Шкадую аб адным: трэба было не толькі слухаць, але і запісваць яе аповеды.

Натуральна, на кафедры заўсёды шмат увагі надавалася таленавітай і адоранай моладзі. Я ўжо казаў пра «Узлёт». Цяпер на філфаку дзейнічае літаратурны гурток «Альтанка». Пад такой назвай выдадзены зборнік паэтычных твораў студэнтаў філфака, да 100-годдзя БДУ кафедра рыхтуе чарговы паэтычны зборнік «Альтанка-2». Вынікам працы з творчымі студэнтамі і аспірантамі стаў выхад навуковага і літаратурнага альманаха «Маладая плынь» у 2018 годзе. Рыхтуецца чарговы выпуск.

— Аднак кафедра прапануе не толькі традыцыйныя кніжныя выданні, але і рэалізуе крэатыўныя, інавацыйныя праекты.

— Напрыклад, у канцы 2018 года адкрылі аўдыторыю «Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі». Гэта не толькі культурная прастора, але і навучальная пляцоўка. На кожным стэндзе-планшэце, прысвечаным канкрэтнаму пісьменніку, ёсць QR-код, праз які можна выйсці на сайт «Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі». Спадзяёмся, у хуткім часе пачне працаваць сайт-спадарожнік «Бібліятэка філолага», дзе будуць размешчаны арыгінальныя кнігі і працы выкладчыкаў кафедры, рэдкія алічбаваныя выданні, відэакурсы, мультымедыйныя матэрыялы.

— А ці шмат ахвотных прыйсці ў «Школу юнага філолага»? Ці мае яна патрэбу ў рэкламе?

— «Школа юнага філолага» дзейнічае параўнальна нядаўна. Шмат часу і высілкаў аддае арганізацыі дзейнасці гэтай школы для юных Вольга Крычко, намеснік дэкана і адначасова старшы выкладчык нашай кафедры. Дарэчы, асобна ладзяцца заняткі для навучэнцаў Ліцэя БДУ. «Школа юнага філолага» арганізавана найперш з мэтай прафарыентацыі: дапамагчы будучым абітурыентам паглыбіць свае лінгвістычныя і літаратурныя веды, прывесці іх у пэўную сістэму. Навучанне бясплатнае. А што датычыць рэкламы, то, напэўна, яна не зашкодзіць. Галоўнае — філфак БДУ мае патрэбу ў падрыхтаваных і матываваных да вучобы абітурыентах.

— Якім вы бачыце былога школьніка — студэнта-першакурсніка БДУ? З якімі мэтамі ён прыходзіць? Якія веды мае?

— Найперш бачу яго з яскрава выяўленымі творчымі здольнасцямі. Гэта чалавек філалагічна адораны, з педагагічнымі задаткамі, жадае вучыцца сам і потым вучыць іншых, перадаваць ім свае веды. Цяпер на беларускім аддзяленні філфака навучаюцца пераважна выпускнікі рускамоўных школ. Ведаў літаратурных пасля школы ў іх, на жаль, бракуе, бо сёння вучні, выбачайце, «заточваюцца» пад тэсціраванне, а з мастацкай літаратуры чытаюць няшмат.

У вусным маўленні часта праскокваюць русізмы, няправільна ставяцца націскі. Дарэчы, гэта датычыць і дзяцей з вясковых школ. Таму ўсім, хто жадае стаць добрым беларускім філолагам, хацелася б параіць адно: паболей чытайце твораў класікаў і выдатных сучасных пісьменнікаў. І яшчэ: чытайце і смакуйце беларускае слова.

— У кнізе «Экалогія душы» вы пісалі: «…пачуццё праўды — гэта, як вядома, вынік выхавання, патрэба душы сумленнага і справядлівага чалавека». На вашу думку, ці ўдаецца літаратуры выхоўваць такога маладога чалавека, які шукае праўду па жыцці, імкнецца зведаць ісціну?

— Безумоўна, мастацкая літаратура валодае вялікім выхаваўчым патэнцыялам. Як у Багушэвічавым творы «Як праўды шукаюць»: беларусы шукалі гэтую праўду ў казках, шукалі яе нашы вялікія нацыянальныя паэты. Шукалі «просветляющую правду», кажучы словамі Льва Талстога, многія сусветна вядомыя пісьменнікі. Шукалі праўду зямную і боскую. Наш Алесь Адамовіч гаварыў пра «мастацкую праўду», якая здольна хваляваць чытача, пераўтвараць чалавека па законах прыгажосці і дабрыні. Галоўнае — умець актуалізаваць надзённыя сэнсы класікі, убачыць універсаліі жыцця. Выхаванаму, так бы мовіць, «кніжнаму» чалавеку бывае цяжка, калі ён занадта ідэалізавана ўспрымае свет, рэчаіснасць. Ідэал натыкаецца на прозу жыцця. Лепш за ўсё, каб на літаратурным матэрыяле юны чытач спазнаваў складаную дыялектыку жыцця, мадэлі чалавечых узаемаадносін, тыповыя канфлікты, вучыўся глыбей разумець чалавека, яго псіхалогію і менталітэт. Арыентацыя на ідэал усё ж патрэбна, хоць, вядома, нічога дасканалага ў жыцці няма. Аднак важна знайсці праўду для самога сябе. Пачаць з сябе, зірнуць самому сабе сумленна ў вочы… А літаратура ў гэтым сэнсе, калі ёсць патрэба, дапаможа, параіць, падкажа. Браць у літаратуры ўрокі — рэч каштоўная. Але ці ёсць сёння ў многіх сучаснікаў жаданне, каб вучыла літаратура? Вось у чым палягае праблема.

— Напрыканцы традыцыйнае: чым былі заняты апошнім часам і якімі будуць найбліжэйшыя месяцы ў плане літаратурнай дзейнасці?

— Нядаўна скончыў вялікі нарыс «Капыльшчына літаратурная» да Дня беларускага пісьменства, рыхтую кнігу-перакрутку, якую складуць вершы і міні-проза, сабраў пад адной вокладкай творы мінулых гадоў, заканчваю працу над чарговай кнігай пра славутых землякоў «Тут жыцця пачатак». Як і кожны творчы чалавек, пішу, працую, выдаю, зноў планую, пішу… З гэтага кругавароту ўжо не выбавіцца — гэта лёс, наканаванне. А таму, пакуль доўжыцца дзень, хацелася б, каб былі змога, натхненне, імпэт. Ды і ноч хутка мінае, займаецца золак на новы дзень… Хацелася б, каб была, кажучы словамі Кузьмы Чорнага, «кожнадзённая патрэба прачынацца раніцою і працаваць». А працы чакае шмат, яна мяне любіць, і я таксама люблю яе. То тут, як кажуць, любоў узаемная.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.