Вы тут

Тэатральныя ўражанні першакурснікаў журфака — 2021


Спачатку думала, што смяюся, а гэта аказаліся слёзы

Спектакль «Мудрамер», РТБД

Сцэна са спектакля «Мудрамер». Фота з сайта rtbd.by.

Рэжысёр спектакля «Мудрамер» уразіў мяне шчырасцю і праўдзівасцю. Часта пастаноўшчыкі завуаліравана гавораць аб праблемах. А ў спектаклі «Мудрамер» усё настолькі празрыста!

Самыя цёплыя пачуцці ўзніклі ў дачыненні да ігры народнай артысткі Беларусі Таццяны Мархель. У яе гераіні паўсотні нашчадкаў, але ні ў кога няма на яе часу. І бабуля прыходзіць у Міністэрства ўзгадненняў, каб ёй дазволілі заказаць сабе дамавіну. Нават міністр-бюракрат быў уражаны сітуацыяй і адразу ж узяўся тэлефанаваць сваёй маці, якая спачатку сына нават не пазнала. У гэты момант у глядзельнай зале хтосьці ўголас заплакаў.

Дзіяна ШАЙТАНАВА

Увагу прыцягвае афармленне сцэны: імправізаваны кабінет міністра акружаны смеццем. У кабінеце — дываны, пячаткі, ручкі з залатымі пер’ямі, а наўкол — бруд. Гэта своеасаблівая метафара: смецце і бязладдзе, але ніхто гэтага не заўважае. Не бачаць людзі праблем — ні экалагічных, ні сацыяльных. Мы забыліся пра тое, што сапраўды важна.

Ганна РОВІНА


Першы раз у оперы

Спектакль «Карміна Бурана», Вялікі тэатр Беларусі

Сцэна са спектакля «Карміна Бурана». Фота БелТА.

Музыка, нібы густы мёд, лілася дзесьці з-пад балкона, і мільёны мурашак бегалі па маёй спіне. Галасы хору і гукі аркестра адсылалі кудысьці ў іншае вымярэнне. Мне здалося, атмасфера на сцэне нібы сышла з Дантавага «Пекла». А ў час сольнага выканання Алены Шведавай я мімавольна затрымлівала дыханне, баючыся штосьці ўпусціць, — гэтак моцна ўздзейнічалі музыка і чароўны голас. Словы, што лёталі над сцэнай, былі на латыні, але я разумела, пра што спявае хор, што хвалюе герояў. І ў залежнасці ад інтанацыі выканаўцаў мне рабілася самотна ці весела, сорамна ці балюча.

Паліна НЯДЗВЕЦКАЯ


Урокі Купалы

Спектакль-чытанне «Сны аб Беларусі», Тэатр юнага гледача

Сцэна са спектакля-чытання «Сны аб Беларусі». Фота з сайта beltuz.by.

Глядач чакае дзеянне, дэкарацыі, сюжэт, але гэтага… няма. Спектакль выглядае хутчэй як рэпетыцыя. Нешта наводзіць на думку, што галоўнае сёння адбываецца не на сцэне, а ў глядзельнай зале, і ўсе мы непасрэдна прымаем у гэтым удзел, і перад намі зусім не акцёры — проста людзі, якія чытаюць вершы Янкі Купалы. Атрымаўся сход аднадумцаў. Адзінае пытанне, што круціцца ў галаве пасля: «Чым быць хочаш?». Адказ відавочны.

Дамініка ПУТЫРСКАЯ

Працягласць спектакля — 45 хвілін, усяго 45, столькі доўжыцца ўрок у школе. Магчыма, гэтыя хвіліны сапраўды стануць урокам для дасведчанага гледача. Калісьці сам Янка Купала вынес урок, зрабіў важныя для сябе высновы з жыцця і лёсаў беларусаў. Спектакль цікавы менавіта тым, што глядач бачыць мноства персанажаў, назірае за рознымі сітуацыямі, якія быццам і не звязаны паміж сабою, але ствараюць адзінае цэлае.

Арына ПАПОВА


Расказваць казку лёгка, а каб пражыць казачна — думаць трэба

Спектакль «Шамаціла», Тэатр юнага гледача

Сцэна са спектакля «Шамаціла». Фота з сайта beltuz.by.

Падчас гэтага спектакля ваша сумленне пройдзе праверку. І добра, калі вынікі вас задаволяць, інакш цяжкія разважанні забяспечаны. Пасля прагляду вам захочацца папрасіць прабачэння ў бацькоў, патэлефанаваць маме, з якой даўно не размаўлялі, вы адчуеце патрэбу кампенсаваць блізкім ласку, якую не аддалі раней. Пасля спектакля вы пачняце цаніць тое, што ў вас ёсць, і будзеце ўдзячныя за тое, што калісьці было.

Пастаноўка поўная сімвалаў. Яна пачынаецца з цікання гадзінніка, якое нагадвае, што ў жыцці ўсё хутка заканчваецца і ўсё мае свой тэрмін. Няўмольны канец жыцця сімвалізуе і клубок, які паціху размотваецца, а потым ніткі пераблытваюцца і рвуцца.

Ангеліна ГАЛУБОВІЧ

Старая хата. Дзед і баба, такія ж старыя, як гэтыя сцены. Ціхая няспешная размова зрэдку перарываецца жартоўнай лаянкай. Здаецца, сялянская ідылія. Усё зменіцца са з’яўленнем Шамацілы — ці то чалавека, ці то духа. У выкананні Веры Кавалеравай гэты дзіўны дамавік падаецца такім сапраўдным, што раптоўна пачынаеш заўважаць таямнічыя супадзенні ва ўласным доме і размаўляць са сваім Шамацілам. Гэты персанаж — філосаф і рэзанёр і, нягледзячы на дзіцячыя паводзіны, падштурхоўвае герояў да правільных рашэнняў, а гледачоў — да разважанняў над вялікімі праблемамі жыцця. Чым жыць — марай ці жорсткай рэчаіснасцю? Ці ўсе людзі вакол вартыя любові? А самі мы вартыя? Ці бывае хлусня дзеля ўратавання? Столькі пытанняў, што і сам Шамаціла на трохсотым годзе жыцця адказаць не зможа.

Ганна РОВІНА


Сюр і сцёб, але Мальер бы ўхваліў

Спектакль «Тарцюф», Рэспубліканскі тэатр лялек

Сцэна са спектакля «Тарцюф». Фота з сайта puppet-minsk.com.

У тэатра лялек ёсць неверагодны шарм і ўнікальныя магчымасці. Седзячы ў зале, я адчувала, як кайфуюць акцёры-лялечнікі ад сваёй працы, хаця іграюць спектакль можа соты раз. У «Тарцюфе» на сцэне дзейнічаюць усе разам — лялькі, людзі, дэкарацыі. Нават прачытаўшы п’есу, ты ўсё роўна да канца не ведаеш, што будзе далей. Спектакль здзіўляе!

Анастасія ЦЁСЬ

Я ўпершыню была на спектаклі для дарослых у тэатры лялек. Мне вельмі спадабаўся дызайн лялек. Выцягнутыя формы, дзівакаватыя твары, асобныя часткі целаў (рукі, напрыклад), якія жывуць сваім жыццём, — усё гэта стварае індывідуальныя, харызматычныя вобразы.

Камедыя Мальера на сцэне тэатра лялек нават прымножылася сэнсава — абзавялася спасылкамі на сучаснасць, і ніхто з гледачоў не баяўся шчыра смяяцца.

Алена МАЧАЛАВА

Мяне ўразіла шматаблічча лялек у «Тарцюфе». Служанка Дарына прадстаўлена, напрыклад, дзвюма лялькамі: звычайная па памеры побач з іншымі персанажамі, яна раптам становіцца сваёй міні-версіяй побач з гаспадаром дома Аргонам. Вылучаецца лялечная інтэрпрэтацыя Тарцюфа: на твары найперш заўважны зубы. Ён майстар загаворваць зубы і вось-вось учэпіцца імі ж у маёмасць Аргона.

Ксенія ПЯТРОЎСКАЯ

«Тарцюф» Аляксея Ляляўскага — прадукт асаблівы і можа камусьці не спадабацца. Ён не такі прыкра-салодкі, як зефір, аднак і не такі горкі, як рэдзька. Хутчэй спектакль нагадвае чырвоны яблык, спелы і прыгожы звонку, а як пакаштуеш — пікантна кіславаты. Смачна!

Яўгенія ЛЮБІНА

Дзякуючы інтанацыям акцёраў персанажы, якія не выклікалі ў мяне асаблівых эмоцый, калі чытала твор Мальера, пачалі іграць новымі фарбамі. Крыклівая пані Пярнэль выклікала такое раздражненне, што хацелася, каб яна хутчэй сышла. Шапялявы Валер відавочна не вылучаецца мужнасцю. Рэзанёр Клеант задуменна курыць і невыразна спрабуе штосьці давесці Аргону, які яго зусім не слухае. Агідны голас Тарцюфа чуць і так прыкра, а ён яшчэ суправаджаецца рохканнем.

Праблема крывадушша застаецца актуальнай і сёння, і мы сутыкаемся з тарцюфамі ўсё часцей.

Марыя АСМАЛОЎСКАЯ


Герой не свайго часу

Спектакль «Кар’ера доктара Рауса», РТБД

Сцэна са спектакля «Кар’ера доктара Рауса». Фота з сайта з rtbd.by.

Простая сцэна, некалькі металічных канструкцый, чырвоныя лічбы пад столлю. 1523 год. А вы ўпэўнены? Планшэт, электронная ўказка, іншыя атрыбуты сучаснага офіса. Малады Францыск Скарына спрабуе захапіць сваёй прапановай уладальніка друкарні Віктара Бабіча.

Адзін за адным на сцэне з’яўляюцца героі гэтай гісторыі. Але цвік праграмы — Файны хлопчык у галіфэ. Персанажы Уладзіслава Ноздрына (Юрчык, Юрген, Індржых і г. д.) запомніліся найбольш. Першы раз з’явіліся дрыжыкі, калі Юрка, стоячы на краі сцэны, груба выскаліўся на гледачоў. А потым было пастаяннае адчуванне дэжавю.

Я ўяўляла сябе на месцы Доктара і не магла зразумець, чаму ўсе «яны» так да яго ставяцца. «Яны» — гэта грамадства. Усе людзі, што залежаць ад шэрасці свайго мыслення і жыццёвай руціны. Усе, хто лічыць бескарыслівае жаданне змяніць будучыню бязглуздзіцай, а шчырае імкненне — смеласцю дурня.

Паліна КАСПЯРОВІЧ

Аўтары ўзнялі тэму самавызначэння беларусаў, якіх героі спектакля называюць ці «рюскімі», ці падпіхваюць да палякаў. Мяне ўразілі філасофскія маналогі Доктара Рауса (Д. Давідовіч). Ён як быццам чакаў ад гледачоў ухвалення сваіх дзеянняў, усталёўваючы нябачны кантакт з публікай.

Увогуле, тэатр развівае мысленне і ўяўленне. Мы самі дабудоўваем у сваёй галаве карцінку, прапускаем праз сябе падзеі на сцэне.

Кірыл ДЗМІТРУК

Ігру акцёраў хочацца ацаніць не «веру» Станіслаўскага, а сваім, беларускім «адчуваю». Тры гадзіны майго жыцця, прысвечаных Францыску Скарыну, вырасцілі абсалютна новае зерне патрыятызму, яшчэ больш падкрэслілі важнасць беларусаў як нацыі. Для сябе вырашыла: трэба часцей размаўляць па-беларуску.

Варвара НЕСЦЯРЭЎСКАЯ


Тры жанчыны — адзін лёс

Спектакль «Тры Жызэлі», РТБД

Сцэна са спектакля «Тры Жызэлі». Фота з сайта rtbd.by.

Памятаю, як перахапіла дух у той момант, калі на сцэне вытанчаная Францыя змянілася на такую знаёмую Беларусь. Няўжо гэта мы? Можа, нас не навучылі любіць ці ў нас няма гэтага ў крыві? Я ўсяго 18 гадоў жыву на свеце, таму тэма падаецца актуальнай.

Мне як чалавеку, схільнаму насіць ружовыя акуляры, было балюча раптам усвядоміць, што не заўсёды ўсё заканчваецца як у казцы. Можа, жыццё чалавека поўнасцю падуладна лёсу і нам застаецца толькі назіраць? Як твой каханы гіне ад удару токам, бачыць вочы бацькоў і ведаць, што гэта апошні раз, наведваць мужа ў турме? А можа, менавіта ў гэтым сэнс —  калекцыяніраваць моманты? Была ж у галоўнай гераіні магчымасць вярнуцца ў Францыю…

Калі я выйшла з глядзельнай залы, сказала сабе адну важную рэч: «Даша, не бойся нічога! У цябе занадта мала часу для гэтага». Мы часта баімся зрабіць першы крок…

Дар’я ДРОЗД

Сцэна падзелена на тры часавыя прасторы. Бліжэй да гледачоў — Францыя пачатку 1940-х. Пасярэдзіне — беларуская вёска Карзуны 1957 года. У глыбіні сцэны — тая ж вёска ў 1999-м. Дзеянне пераходзіць з адной прасторы ў іншую. Прадстаўляюцца такім чынам адразу тры спектаклі.

То мы бачым старую Жызэль, якая амаль без акцэнту размаўляе па тэлефоне. А вось перад намі ўжо маладзенькая Жызэль — уся ў белым.

Лёс мяняе яе неверагодна. Але дзіўна: як лёгка танцуюць усе тры Жызэлі. І мараць, і вераць, і любяць.

Вікторыя РЫХТЭРС

Гэтая гісторыя падаецца зусім простай і зразумелай. Але так цікава назіраць за галоўнай гераіняй, як яна пачувае сябе ў розных эпохах, як духоўна расце. Адначасова баязлівая і моцная атрымалася «летняя» Жызэль у Людмілы Сідаркевіч. Зачапіла лёгкая і жывая ігра Гражыны Быкавай, якой вельмі пасуе роля вясенняй гераіні. І, вядома, крануў вобраз сталай Жызэлі ў выкананні Галіны Чарнабаевай.

У спектаклі галоўнае — дыялогі і маналогі артыстаў. Акцэнт рэжысёр робіць на гісторыі і чалавеку ўнутры яе. Парадокс: змяняецца ўсё — час, улада, палітыка, а Жызэль застаецца гэткая ж: высокая, годная, моцная, разам з тым пачуццёвая, ранімая. Жызэль непераможаная…

Кірыл ДЗМІТРУК

Ад рэалістычнасці і суровасці момантаў кідала ў дрыжыкі. І ў гэтым вялікая заслуга акцёраў. Страх, агрэсія, адданасць, любоў да жыцця і юнацкая легкадумнасць — кожны з акцёраў, нават тыя, хто выконваў ролі другога плана, сыграў у спектаклі так, што гледачы паспелі прасякнуцца да іх: да каго — нянавісцю, да каго — разуменнем і спачуваннем.

Варвара НЕСЦЯРЭЎСКАЯ

Падрыхтавала Таццяна ПРАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».