Вы тут

Прыгажосць і функцыянальнасць у стварэнні сучаснага асяроддзя гарадоў і вёсак Беларусі


Комплексныя падыходы да стварэння добраўпарадкаванага якаснага жылля заключаюцца сёння ў добраўпарадкаваных і бяспечных дзіцячых пляцоўках, забяспечанасці жыхароў машынамесцамі, закрытых ад чужых двароў, развітой інфраструктуры ў крокавай даступнасці, стварэнні безбар'ернага асяроддзя. Такімі бачаць спецыялісты камфортнае асяроддзе беларускіх гарадоў. Пра кансервацыю смеццеправодаў, велапаркоўкі і велагаражы, безбар'ернае асяроддзе і іншае, што робіцца ў краіне, каб беларусы жылі ў камфортных, прыгожых і ўтульных мястэчках, расказалі эксперты.


Комплекснасць і эстэтыка

Заканадаўства, якое датычыцца галіны архітэктурнай горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, скіравана найперш на паляпшэнне комплекснага добраўпарадкавання эстэтычнага аблічча населеных пунктаў, даступнасць, якасць і камфорт асяроддзя, запэўніла Таццяна ГАЎРЫЛЕНКАВА, начальнік галоўнага ўпраўлення архітэктуры, горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай, інавацыйнай палітыкі і лічбавай трансфармацыі Мінбудархітэктуры:

— Пастановай № 81 Мінбудархітэктуры зацверджаны і ўведзены з 2 мая 2021-га будаўнічыя нормы «Асяроддзе пражывання для фізічна аслабленых асоб». Гэтым дакументам вызначаюцца абавязковыя патрабаванні да стварэння даступнага асяроддзя для жыццядзейнасці такіх асоб. Адступленне ад іх дазваляецца толькі ў рэдкім выпадку. А тэхнічны кодэкс устаноўленай практыкі адносна безбар'ернага асяроддзя — дакумент, які рыхтаваўся сумесна з пажаданнямі грамадскіх аб'яднанняў інвалідаў. Безбар'ернае асяроддзе павінна быць комплексным, незалежна ад таго, вуліца гэта, жылы або адміністрацыйны будынак.

Штогод у краіне праходзіць рэспубліканскі аглядны конкурс санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў і аграгарадкоў. Шмат вёсак і мястэчак былі добраўпарадкаваны таксама ў межах Года малой радзімы. Падчас падвядзення вынікаў журы ацэньвае комплекснасць мерапрыемстваў і завершанасць аб'ектаў добраўпарадкавання, укараненне новых тэхналогій, у тым ліку светлавой рэкламы.

Спецыялісты Мінбудархітэктуры адзначаюць у гарадах і пасёлках краіны мэтанакіраваную работу па комплесным добраўпарадкаванні, галоўным вынікам якой стала стварэнне выразных архітэктурных ансамбляў грамадскіх цэнтраў, культурна-бытавых і гандлёвых будынкаў, уладкаванне мемарыяльных комплексаў і іншае.

Сталічныя двары для дзяцей і інвалідаў

У сталіцы сёлета запланаваны капітальны рамонт 25 прыдомавых тэрыторый, дзве з якіх ужо ўпарадкаваны, а на дзесяці цяпер вядуцца работы. Асноўныя кірункі працы пры гэтым — рамонт і замена дзіцячага гульнёвага і спартыўнага абсталявання, рамонт пешаходных сувязяў і абсталяванне новых там, дзе найчасцей ходзяць людзі, рамонт прыдваровых пад'ездаў, вонкавых лесвіц і падпорных сценак, замена малых архітэктурных формаў (МАФ), азеляненне, расказала Настасся ВАРАБ'ЁВА, намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду і рабоце з насельніцтвам Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі:

— Адрамантавана 1200 м2 асфальтавага пакрыцця і амаль чатыры тысячы пагонных метраў бартавога каменю, усталявана 3915 м2 пліткавага пакрыцця, усталявана 23 адзінкі дзіцячага гульнявога і спартыўнага абсталявання, заменена 44 МАФ, абсталяваны дзве сучасныя кантэйнерныя пляцоўкі, зроблена вонкавае асвятленне на дзвюх дваровых тэрыторыях.

У межах бягучага рамонту ў Мінску сёлета набудуць прывабны выгляд 723 двары. Сёння ўжо адрамантаваны 534 такія тэрыторыі. Адрамантавана, у прыватнасці, 182 тысячы м2 дваравых праездаў. У 86 дварах у межах арганізацыі безбар'ернага асяроддзя выканана паніжэнне бартавога каменю, у 25 дварах зроблена 29 парковачных месцаў для інвалідаў.

У сталіцы працягваецца кансервацыя смеццеправодаў у шматкватэрных дамах. З гэтай мэтай летась у дварах Мінска ўстаноўлена 389 модульных канструкцый для раздзельнага збору цвёрдых камунальных адходаў. Сёння ва ўсіх дамах, дзе яшчэ функцыянуюць смеццеправоды, збіраюцца подпісы жыхароў адносна згоды на кансервацыю. Для пачатку работ дастаткова простай большасці ўласнікаў, заўважыла Настасся Вараб'ёва.

Сёлета ў дварах Мінска з'явілася таксама дзве велапаркоўкі на дзесяць месцаў і велагараж на 40 веламесцаў. Практычна ўся праектная дакументацыя па капрамонце двароў на 2021-ы прадугледжвае стварэнне велагаражоў.

А вось уладальнікі аўто могуць выступіць з прапановамі па арганізацыі дадатковых месцаў паркоўкі і паўдзельнічаць у іх стварэнні фінансава. У дварах, дзе кіроўцы паркуюцца на зялёных зонах, ствараюцца для гэтага перашкоды, дадала прадстаўніца Мінскай жыллёвай гаспадаркі.

— Найчасцей у месцах такіх парковак высаджваюцца кусты. Гэта і азеляняе двор, і памяншае колькасць парковачных слупкоў і паўсфер. З боку жыллёвай забудоўлі стараемся не ўстанаўліваць такія формы, тым больш што правіламі дарожнага руху паркоўка ў такіх месцах забаронена. Тут акцэнт у рабоце з парушальнікамі робім на рэйдавыя абследаванні сумесна з Дзяржаўтаінспекцыяй.

Праектнымі нормамі, дарэчы, прадугледжана, што каля дома можа захоўвацца не больш за 25 % асабістага транспарту. Усе астатнія аўто павінны быць у паркінгах. Аднак, на жаль, апошнія сёння пустыя, і гэта ўжо пытанне нашага менталітэту, дадала Таццяна Гаўрыленкава.

Пляжы, дарогі і смецце Міншчыны

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў адбываецца згодна з дзяржпраграмай «Камфортнае жыллё», якая сёлета перазацверджана на 2021—2025 гг. Згодна з ёй, летась на Міншчыне было запланавана добраўпарадкаваць 118 прыдомавых тэрыторый, аднак выканалі работы амаль на 500. У выніку сёлета замест запланаваных да навядзення парадку 86 двароў набудзе новы выгляд значна больш, заўважыў Арцём ЛАБКО, першы намеснік генеральнага дырэктара жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінскай вобласці.

Грамадзяне таксама маюць права далучыцца грашыма да правядзення бюджэтных работ у дварах. У Смалявіцкім раёне, напрыклад, летась так устанавілі дзве дзіцячыя пляцоўкі. А ў Барысаўскім, Мінскім, Слуцкім і Вілейскім раёнах да арганізацыі 17 дзіцячых пляцовак далучыліся спонсары — юрыдычныя асобы, падкрэсліў ён.

На Міншчыне ў абслугоўванні прадпрыемстваў ЖКГ амаль 12 тысяч кіламетраў дарог і тры мільёны м3 пешаходных сувязяў. Сёлета адрамантавана 46 тысяч м2 асфальтавага пакрыцця, прагрэйдзіравана пасля зімы чатыры тысячы кіламетраў гравійных дарог. А з трох тысяч пешаходных пераходаў амаль 1,5 тысячы летась былі адаптаваны пад выкарыстанне фізічна аслабленымі асобамі, як і 606 тратуараў і 257 прыпыначных пунктаў.

Летась у вобласці пасадзілі каля 73 тысяч дрэў і 80 тысяч кустоў. Добраўпарадкаваны 134 паркі і скверы, акультураны 33 водна-рэкрэацыйныя зоны: пастаўлена шэсць спартыўных пляцовак, 13 адзінак дзіцячага абсталявання, чатыры грамадскія прыбіральні і 30 кабінак для пераадзявання.

А ўжо сёлета да пачатку купальнага сезона на Міншчыне добраўпарадкавалі яшчэ 32 водныя зоны, дзе ўсталявалі 19 дзіцячых і 29 спартыўных пляцовак, 47 прыбіральняў і прывялі ў парадак 102 кабінкі для пераадзявання.

Летась, дарэчы, ахоп раздзельным зборам смецця жыхароў Міншчыны склаў 100 %. Уласнікам прыватных сядзіб раздалі 65,5 тысячы кантэйнераў аб'ёмам 120 і 240 літраў. Сёлета плануюць набыць і распаўсюдзіць крыху больш за 58 тысяч кантэйнераў.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.