У 2017 годзе Ірына Відава сама была ўдзельніцай конкурсу «Чырвоны гваздзік» ім. І.Д. Кабзона. Тады песня на беларускай мове ўпершыню за ўсю гісторыю конкурсу была ўганаравана прэміяй. А цяпер Ірына Відава — удава кампазітара Алега Молчана — уручае прыз імя свайго мужа, які так рана пакінуў гэты свет.
— Як вы самі трапілі на конкурс?
— Мы з Алегам Молчанам заўсёды цікавіліся музычным жыццём не толькі ў Беларусі, але і за межамі краіны. А конкурс «Чырвоны гваздзік» памяталі з юнацтва. Гэта быў прэстыжны міжнародны форум. Так склалася, што паўдзельнічаць у конкурсе нам прапанаваў кіраўнік аргкамітэта фестывалю Андрэй Батурын. Я паспяхова прайшла адборачны тур. Вядома, было і прыемна, і ганарова стаць лаўрэатам гэтага конкурсу. Удвая прыемна, што журы высока ацаніла песню на беларускай мове «Карабель маёй краіны», якую напісалі Алег Молчан і паэт Алесь Ліпай.
— А калі б такая прапанова не паступіла?
— Магчыма, мы самі вырашылі б паўдзельнічаць, тым больш, што быў добры музычны матэрыял. Конкурс цалкам адкрыты — калі ласка, дасылайце заяўкі. А тое, што нас запрасілі, не адмяняла адборачнага тура. На мой погляд, на фестывалі, конкурсы трэба ездзіць для таго, каб паглядзець, як працуюць калегі, атрымаць новыя творчыя сувязі.
— Як вы думаеце, можа, некаторых артыстаў бянтэжыць савецкі бэкграўнд фестывалю?
— Гэта якраз вельмі добрая спадчына СССР, бо савецкія эстрадныя песні былі якасныя, іх стваралі прафесійныя кампазітары і паэты.
— Ірына, не ўзгадаю, каб прыз імя беларускага кампазітара быў на конкурсе, які праходзіць у іншай краіне. Як вам гэта ўдалося?
— З такой прапановай да мяне звярнулася кіраўніцтва фестывалю. Натуральна, я адгукнулася, таму што гэта вельмі супала з маім жаданнем і такім вось чынам увекавечыць імя Алега Молчана.
Да таго ж Алег Молчан прымаў удзел у рабоце журы фестывалю, выступаў у канцэртах «Чырвонага гваздзіку», а з яго песнямі на гэтым фестывалі звання лаўрэатаў ўганараваны Вадзім Касенка і гурт «Бай сіці».
Эскіз прыза прыдумала я сама, і ўпэўненая, што Алегу ён бы вельмі спадабаўся: хрустальная нота, якая ўзлятае ў неба. Молчан заўсёды імкнуўся наперад і ўвысь. Вырабляюць прыз на шклозаводзе «Нёман».
— Як удава кампазітара вы маеце вырашальнае слова, каму ўручыць прыз. Якімі крытэрыямі кіруецеся?
— Хочацца, каб гэта быў прафесійны і яркі артыст, харызматычная асоба. Сёлета прыз атрымала Надзея Бандарэнка — салістка Белгарадскай філармоніі. Акрамя статуэткі я перадала ёй у рэпертуар песню Алега Молчана «Чаечка». Песню абрала прама на фестывалі. Ён праходзіў у Керчы, на ўзбярэжжы, а Надзея паедзе ў Белгарад, які стаіць на берагах Белгарадскага вадасховішча. Вось так у мяне склаўся вобраз чайкі, якая лётае ад берага да берага.
— Ірына, другі год прыз атрымліваюць расійскія выканаўцы. Вы хацелі б, каб нота, што ўзлятае ў неба, апынулася ў руках беларускага артыста?
— Я хачу, каб гэтыя ноты, а разам з імі і імя Алега Молчана, разляцеліся па ўсім свеце. Гісторыя прыза імя Алега Молчана толькі пачынаецца, і я ўпэўненая: яна будзе вельмі яркай і прыгожай.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Фота з асабістага архіва Ірыны Відавай-Молчан
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».