Вы тут

Пабачыла свет кніга Уладзі Прона «Ігуменшчына. Вёскі Бабы, Берлеж, Блужа і наваколле».


Даследчык, які даўно і апантана займаецца пухавіцкім, ігуменскім краязнаўствам, які ўвогуле займаецца гісторыяй нашай Айчыны, стараецца як мага болей падрабязна распавесці пра свае родныя мясціны. У полі зроку даследчыка — вёскі Бабы, Берлеж, Блужа і іх блізкае наваколле . Старажытныя ігуменскія, пухавіцкія мясціны. Быў раней такі павет — Ігуменскі. І сучасная тэрыторыя Пухавіцкага раёна, як і некалькі іншых раёнаў, уваходзіла менавіта ў гэты павет з цэнтрам у Ігумені (сучасны Чэрвень). 


Геаграфічна паселішчы, пра якія досыць цікава піша Уладзя Прон, знаходзяцца паблізу ад Мар’інай Горкі — раённага цэнтра Пухавіччыны. У сваім мастацка-дакументальным нарысе аўтар сканцэнтраваў асноўную ўвагу на людзях — ураджэнцах гэтых мясцінах, на тых персанажах, хто так ці іначай звязаны з вёскамі Бабы, Берлеж, Блужа і іншымі паселішчамі. У кнізе шмат ілюстрацый. Уладзя Прон расказвае пра звычайных сялян, пра вучняў і настаўнікаў, пра кавалераў баявых ордэнаў і медалёў. Падрабязна распавядаецца ў кнізе і пра Герояў Савецкага Саюза Алену Мазанік, Яўгена Філіпскіх, Мікалая Чэпіка, пра Героя Сацыялістычнай Працы Аляксандра Прановіча. 

Ёсць у кнізе і імянны паказальнік. Прагледзеўшы яго, чытач зразумее, ці ёсць у кнізе звесткі пра яго родзічаў, блізкіх людзей. Безліч імёнаў праходзіць праз лісты перапісу 1926 года, які актыўна выкарыстаны ў кнізе «Ігуменшчына. Вёскі Бабы, Берлеж, Блужа і наваколле», — і гэтыя звесткі пададзены ў выданні ў выглядзе табліц. 

Нагадаем, што ў апошнія гады пабачылі свет іншыя краязнаўчыя выданні, прысвечаныя Пухавіччыне і ўвогуле Ігуменшчыне. Іх аўтары — Мікалай Каханоўскі, Іван Ярашэвіч, Юрась і Зміцер Санько. Гэта — кнігі пра чэрвеньскія назвы, пра мястэчка Пухавічы, пра вёску Азярычына. 

Набыць кнігу Уладзя Прона «Ігуменшчына. Вёскі Бабы, Берлеж, Блужа і наваколле» можна ў «Акадэмкнізе» у горадзе Мінску па праспекту Незалежнасці, 72. Дарэчы, у кнігарні па традыцыі шмат гісторыка-асветніцкай, краязнаўчай літаратуры. Прадаюцца і кнігі з аўтографамі пісьменнікаў, гісторыкаў, краязнаўцаў. 

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.