Вы тут

У першым паўгоддзі ў Віцебскай вобласці ўцягнулі ў гаспадарчы абарот каля 75 будынкаў


У «Віцебскаблмаёмасці» канстатуюць, што апошнія пяць гадоў у рэгіёне ўстойліва растуць продажы. Калі па выніках 2015 года на аўкцыёнах, арганізаваных камітэтам, новых уласнікаў здабылі 76 будынкаў, за мінулы — 140 аб'ектаў нерухомасці.


Сёлета тэндэнцыя захоўваецца. Пры гэтым павелічэнне продажаў ідзе па нарастаючай ад месяца да месяца. А самым выніковым у першым паўгоддзі стаў чэрвень, калі прададзена дваццаць будынкаў.

Старшыня камітэта «Віцебскаблмаёмасць» Віктар Зайцаў канстатуе, што захоўваюцца і пакупніцкія перавагі. Патэнцыйныя пакупнікі звяртаюць увагу перш за ўсё на нерухомасць, якая выстаўляецца на таргі з пачатковым коштам продажу ў адну базавую велічыню. Вельмі папулярная і нерухомасць, якая патаннела на 80 %. Зразумела, што хочацца заплаціць меней за тое, на што яшчэ нядаўна цэны кусаліся.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, на Віцебшчыне, як і раней, нядрэнным попытам карыстаюцца будынкі вытворчага прызначэння, былыя аб'екты сістэмы адукацыі і дашкольнага выхавання, клубы і бібліятэкі. Так, за шэсць месяцаў пакупнікі набылі каля дваццаці будынкаў былых школ і дзіцячых садоў у сельскай мясцовасці. Для параўнання: столькі ж аб'ектаў сістэмы адукацыі рэалізавана за ўвесь 2020 год.

Акрамя таго, упершыню атрымалася прадаць нерухомасць на аўкцыёне за базавую велічыню пад знос і наступную рэкультывацыю зямельнага ўчастка ў адпаведнасці з прэзідэнцкім Указам № 169.

У гэтым годзе ўдалося знайсці ўласнікаў на тры збудаванні з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта будынкі былога навучальнага корпуса 1917 года пабудовы ў Оршы і графскай стайні сярэдзіны XІX стагоддзя ў Глыбоцкім раёне, а таксама былая сядзіба віцебскага губернскага маршалка дваранства Аляксандра Рымскага-Корсакава (сваяк вядомага кампазітара) у Полацкім раёне.

У пераліку аб'ектаў на продаж у ліпені таксама была ўнесена нерухомасць, якая «з гісторыяй»: станцыйны дом з флігелем і карэтнай у Гарадоцкім раёне і былая паштовая станцыя ў Аршанскім раёне.

Ёсць аб'екты, якія доўгі час не куплялі. І перад чарговым аўкцыёнам арганізатары яго, напэўна, не верылі, што калісьці атрымаецца. Але нярэдка ўрэшце набываюць і «праблемныя лоты». Напрыклад, толькі з дваццаць восьмай спробы была прададзеная вытворчая база ў Віцебску, якая не выкарыстоўвалася. Яе беспаспяхова спрабавалі прадаць з 2015 года. Сем разоў яна выстаўлялася са зніжэннем кошту на 20 %, чатыры разы — са зніжэннем на 50 %, восем разоў — са зніжэннем на 80 %.

Раней база належала жыллёва-рамонтнаму эксплуатацыйнаму трэсту Чыгуначнага раёна абласнога цэнтра. У яе склад уваходзіць адміністрацыйны будынак плошчай каля
140 «квадратаў», склад плошчай прыкладна 300 квадратных метраў.

На абвешчаны 7 ліпеня аўкцыён са зніжэннем кошту на 80 % знайшоўся адзін пакупнік — жыхар Віцебска, якому нерухомасць і была рэалізавана за 41,4 тысячы рублёў.

Больш актыўна ўцягваць у гаспадарчы абарот нерухомасць — гэтаму пытанню было прысвечана выязное пасяджэнне Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, якое адбылося ў Бешанковіцкім раёне. Там добры вопыт таго, як выкарыстоўваюцца новымі гаспадарамі аб'екты нерухомасці. Сярод іншага ў аграрным гарадку Ула дэпутатам паказалі аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых і інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра санітарнай абароны насельніцтва Бешанковіцкага раёна. Яно знаходзіцца ў будынку, які доўгі час чакаў гаспадарскай рукі.

А яшчэ народныя выбраннікі ўбачылі пабудовы, якія належалі калісьці саўгасу, а цяпер выкарыстоўваюцца для патрэб Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л. М. Даватара. У некаторых былых фермах цяпер склады, зусім старыя сцены пасля разборкі сталі будаўнічым матэрыялам для плота.

Паводле слоў старшыні Віцебскага аблсавета дэпутатаў Уладзіміра Цярэнцьева, у рэгіёне дзеля ўключэння ў гаспадарчы абарот маёмасці вядзецца сістэмная дзейнасць. Але маецца яшчэ магчымасць лепш выкарыстоўваць патэнцыял мясцовай улады.

Ёсць раёны, дзе сёлета не было прададзена нічога: Віцебскі, Верхнядзвінскі, Шаркаўшчынскі. Таму там народным выбраннікам трэба найбольш актыўна дапамагаць выканкамам рэалізоўваць будынкі і збудаванні.

Усе, пачынаючы ад старэйшыны вёскі да старшыні райсавета, могуць зрабіць вельмі многае, каб прыцягнуць інвестараў у канкрэтны населены пункт, раён.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Нерухомасць куляюць актыўней

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».