Вы тут

Свята ў вашу вёску! У Бялыніцкім раёне кіраўнік гаспадаркі, старшыня сельсавета і святар аб'ехалі некалькі паселішчаў, каб асабіста павіншаваць людзей


У аграгарадку Вішоў святыя Пётр і Павел асабліва шануюцца, у іх гонар мясцовы калгас «Радзіма» пабудаваў тут царкву. Кожны год на свята ў ёй праводзіцца вялікае богаслужэнне, удзел у ім бярэ архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Уладыка Сафроній. СВК «Калгас «Радзіма» арганізоўвае канцэрты і робіць падарункі пенсіянерам і ветэранам. Пандэмія ўнесла свае карэктывы ў звыклы лад жыцця, і сёлета кіраўнік гаспадаркі сумесна са старшынёй Вішоўскага сельвыканкама і настаяцелем храма аб'ехалі некалькі вёсак, каб асабіста павіншаваць людзей.


Настрой жыхарам узнімала творчая група Вішоўскага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу ў складзе яе дырэктара — Алены Хартавай, Валянціны Сільвянковай і Сяргея Панчака. Яны спявалі любімыя ў народзе песні і танцавалі з ахвотнымі іх любімую падэспань.

— Звычайна мы запрашаем народ да сябе, але сёлета ў сувязі з каранавірусам вырашылі праехацца па вёсках і павіншаваць усіх паасобку, — звярнуўся да вяскоўцаў на адным з такіх канцэртаў у вёсцы Навасёлкі старшыня СВК «Калгас «Радзіма» Аляксандр Лапацентаў. — Хацелася б, каб гэта было больш масава, але што зробіш. Галоўнае, каб людзі бачылі, што традыцыі працягваюцца, нягледзячы ні на што. У сувязі са складанай міжнароднай абстаноўкай, якая сёння адбываецца ў свеце, хачу супакоіць, што калгас здольны працаваць у тым жа духу. Вы самі бачыце, што і на палях, і на фермах працягваецца стабільная работа. І тыя санкцыі, якія прыняў Еўрасаюз, мы пакуль не адчуваем. Але ўсё залежыць ад працы саміх людзей.

Калісьці вёска Навасёлкі была цэнтрам калгаса-мільённіка імя Леніна. Зараз яго тэрыторыі адышлі да «Радзімы». І кіраўніцтва аграгаспадаркі ўзяло пад сваю апеку ў тым ліку і ветэранаў некалі моцнага калгаса. Аляксандр Лапацентаў згадаў легендарнага старшыню калгаса — удзельніка вайны і заслужанага работніка сельскай гаспадаркі БССР Уладзіміра Скрыцкага, які знаходзіўся каля руля болей чым 40 гадоў. У сярэдзіне 1990-х ён пайшоў з жыцця (пахаваны на мясцовых могілках). Лапацентаў звярнуў увагу на тое, што за магілай старшыні і яго родных павінен быць арганізаваны пастаянны догляд.

— Гэты калгас павінен быў развівацца, — выказаў ён шкадаванні. — Было зроблена ўсё магчымае: падведзены газ, усе камунікацыі, ёсць добрая школа, дзіцячы сад, Дом культуры. Проста скажу: не знайшлося прадаўжальніка ідэй Уладзіміра Фёдаравіча. І я ганаруся, што мы навялі тут і ў наваколлі парадак. І людзей мы не дзелім на нашых і чужых. Вы сёння таксама частка нашай «Радзімы».

Цяпер ў Навасёлках жыве каля 150 жыхароў. І кіраўнік калгаса «Радзіма» заклапочаны тым, каб іх праблемы вырашаліся своечасова. «Звяртайцеся, — заклікаў ён. — Чым зможам, дапаможам. Калі не ў стане будзем, выйдзем на больш высокі ўзровень і паспрабуем там вырашыць».

Вяскоўцаў павіншаваў настаяцель храма Святых Апосталаў Пятра і Паўла айцец Павел. Ён заклікаў не забывацца пра веру, любіць і шанаваць Радзіму. «Гэта свята, якое вяртае нас да духоўных традыцый, а яшчэ гэта свята нашай гаспадаркі.

І храм, які быў пабудаваны ў Вішове, быў зроблены менавіта для вас. Свята нагадвае нам, што слова Божае было, ёсць і будзе да заканчэння веку», — падкрэсліў ён.

У даўніну свята Пятра і Паўла сімвалізавала канчатак купальскіх святкаванняў і летніх вяселляў, а таксама падрыхтоўку да сенакосу. У гэты дзень традыцыйна ладзіліся святочныя сямейныя абеды і праводзіўся час з блізкімі на прыродзе. Так што фармат, які выбраў для віншавання людзей калгас «Радзіма», можна лічыць народным і сямейным.

— Дзякуючы калгасу наш сельсавет лічыцца адным з самых квітнеючых у вобласці, — падкрэсліў старшыня Вішоўскага сельсавета Дзмітрый Карпікаў. — Паляпшаецца інфраструктура населеных пунктаў, праводзіцца рэгулярнае добраўпарадкаванне. І як вынік — колькасць насельніцтва ў нашым сельсавеце не падае.

Усяго на тэрыторыі сельсавета ў 31 населеным пункце пастаянна пражывае 2500 чалавек, плюс прыязджае 1500 дачнікаў. Вішоўскі сельсавет у Магілёўскай вобласці не толькі адзін з квітнеючых, але і адзін з самых вялікіх.

— Тое, што сам кіраўнік калгаса не абыходзіць нас сваёй увагай, вельмі каштоўна, — адзначыў стараста вёскі Уладзімір Салодкі. — Для нас за гонар было прыйсці сюды, каб пачуць віншаванні з яго вуснаў.

Усяго ў гаспадарцы «Калгас «Радзіма» — 250 пенсіянераў і ветэранаў. Усе яны атрымалі да свята падарункі. Канцэрты прайшлі ў васьмі населеных пунктах.

— Культурныя мерапрыемствы вельмі згуртоўваюць людзей, — перакананы Дзмітрый Карпікаў. — Паглядзіце на іх твары, і ўсё стане зразумела. Яны так шчыра ўсміхаюцца. І вельмі прыемна, што кіраўніцтва калгаса «Радзіма» добра адчувае настрой людзей і разумее, як важна іх падтрымліваць.

На свята Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў аграгарадку Вішоў прайшло вялікае богаслужэнне, якое вёў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Уладыка Сафроній. Для ўдзелу ў ім быў арганізаваны падвоз людзей з населеных пунктаў сельсавета.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Бялыніцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

Менавіта гэтымі словамі нашы папярэднікі-«звяздоўцы» віталі 17 верасня 1939 года.

Грамадства

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Дзеці з Данецкай вобласці прыехалі ў Беларусь на адпачынак і аздараўленне.

Грамадства

Аляксандр Корбут: Найбольш вядомыя заказнікі і нацыянальныя паркі адчуваюць павышаную нагрузку

Аляксандр Корбут: Найбольш вядомыя заказнікі і нацыянальныя паркі адчуваюць павышаную нагрузку

Наша краіна валодае надзвычай багатым прыродным патэнцыялам для развіцця экатурызму.