Вы тут

Праз навальніцу. Як нараджаецца жыццёва важнае веданне


Адразу, яшчэ ў душным выхадзе з метро, пацягнула водарам блізкага дажджу. Ужо на вуліцы стала зразумела: ён будзе вельмі хутка, вось ужо першыя цяжкія кроплі пляскаюць па нагрэтай зямлі, а хмары, якія яшчэ хвілін дваццаць таму здаваліся далёкімі і цёмна-свінцовымі, апынуліся непасрэдна над галавой — светла-шэрыя, рэдзенькія, бы зношаны зрэбны кужаль. Можна было дабегчы да транспарту і праз дзесяць хвілін сядзець у гарачай кватэры, гледзячы на залеву са свайго сёмага паверха. Але нешта ў галаве было такое рамантычнае, згадалася Янішчыц са сваім «Акном у дождж» (Памятаеце: «...Без парасона, нарасхліст // Мудрэй адчуць, як волі вучыць // Зеленароты мокры ліст»). Карацей, смела ступіўшы пад шэрыя хмары, сапраўды без парасона, я нацягнула ружовы плашч-дажджавік і жвава пакрочыла ў сваё Сухарава.


Фота: pixabay.com

Рамантычна-паэтычны настрой знік, як толькі вельмі блізка паласнула першая маланка і ўдарыў па вушах гром — бы ў вялізны металічны таз. Дзецца асабліва не было куды — якраз ішла па вялікім прагоне паміж прыпынкамі, заставалася толькі рухацца наперад, трымаючыся падалей ад пасаджаных абапал дарогі высокіх ужо ліп. Навальніца лютавала над галавой, дождж ліў бы з вядра, мокрыя ўшчэнт басаножкі давялося зняць, бо яны толькі паскудна чвякалі на нагах, замінаючы хадзе. Сяк-так дабралася да невялікага ляска, праз які зразаю шлях дадому. Там было сушэй і не так грымела, але дзесьці ў верхавінах вялізных елак нешта гуло і стагнала, і ад гэтага было не нашмат весялей. Заставалася толькі прыспешваць хаду і кпіць з самой сябе: знайшла прыгоду на сваю галаву, ды дзе — ледзь не ў цэнтры вялікага горада!..

А дома, ачомаўшыся і развесіўшы сушыць дажджавік і сукенку, якую ён мала ад той залевы засцярог, я задумалася зусім пра іншае. Калі, у які менавіта момант у жыцці, навальніца з найвялікшага дзіва, ад якога аж займала дух, да якога цягнулася рукой з надзеяй калі не злавіць, дык хоць дакрануцца б, ператварылася ў падсвядомы страх, ад якога міжволі ўцягваеш галаву ў плечы? Што робіцца з чалавекам, у які момант ён мяняе ўласныя прыярытэты, ці ёсць для гэтага моманту нейкія падставы або ўсё робіцца само па сабе?

Я ж сапраўды любіла навальніцу — апантана, бясстрашна. Памятаю, калі яшчэ не хадзіла ў школу, бабуля адцягвала мяне ад акна літаральна за ногі, а я чаплялася за фіранкі, бо так жа хацелася паглядзець на гэтую казачную яркую прыгажосць. Ужо падлеткам я выбягала на вуліцу проста ў залеву, радасна скакала па лужынах, расставіўшы рукі, падстаўляла небу твар, бы чакаючы ад маланкі пякельнага пацалунка. Ведала: небяспечна, смяротна небяспечна, але ж так цягнула, так падабалася гуляць з агнём... І нават у дваццаць пяць разумнейшай я не стала — адкрывала насустрач маланцы шырокае гарадское акно, цягнула да яе далоні, пісала ёй, маланцы, вершы: «Як старыя каханкі, мы зліліся ў істоту адну. І нікога не трэба, апроч спадарожнага ветру...»

Усё змянілася адным ліпеньскім вечарам. Я тады ехала ў родную вёску на апошнім пятнічным аўтобусе. Ісці з яго было кіламетры чатыры, але ж так не хацелася начаваць у душнай кватэры... Як толькі аўтобус ад'ехаў ад прыпынку, пакінуўшы нас з яшчэ трыма спадарожнікамі на пустой і ўжо паўцёмнай дарозе, пачалося нешта. Раўло прама над галавой, стары парк каля дарогі стагнаў, дрэвы хіліліся да зямлі. У небе круціліся нейкія шэрыя віры, нібы варыва ў пякельным катле. Вось гэта была сапраўдная навальніца, тая, у цэнтры якой я заўжды марыла апынуцца. Спачатку маланка падпаліла старое дрэва ў парку — труха ў дупле ўспыхнула, бы паходня, і нават лівень не здолеў патушыць гэтае вогнішча. Пасля яна лупанула прама пад ногі майго спадарожніка, які ішоў крыху наперадзе. Мужчына войкнуў і прысеў на кукішкі, абхапіўшы галаву. Пасля ўстаў, хістаючыся пайшоў далей, прыгаворваючы: «Нічога не чую...» Наступнай ахвярай стыхіі сталі двое цялят, якіх гаспадары не паспелі забраць з пашы — ярка бліснула зусім побач, моцна загрымела — і праз міг жывёлы ўжо нерухома ляжалі ў мокрай траве...

Як я дайшла дадому жывая — ведае толькі Бог. Літаральна, бо я, не ведаючы што рабіць, пачала чытаць Ісусаву малітву — пра «ўратуй і змілуйся» — аднекуль усплыла з закуткоў памяці. Ішла, не спыняючыся, і чытала яе раз за разам. А маланка лупіла зусім побач, у паверхню возера, і, здавалася, варта прыслухацца лепш — і пачуеш, як яе стрэлы шыпяць, судакранаючыся з вадой...

З таго часу я не тое што баюся навальніцы. Проста ведаю, якая гэта страшная неўтаймаваная сіла, за якой можна назіраць. Але толькі на адлегласці, а яшчэ лепш — з якога памяшкання.

Да чаго гэтыя аналогіі, спытаеце? Мне здаецца, нешта падобнае перажывае пэўная частка нашага грамадства. Тое, што здавалася такім прывабным і прыгожым, з чым хацелася судакрануцца, да чаго прычыніцца, аказваецца страшнай віхурай, неўтаймоўнай стыхіяй. Апынуўшыся ў яе эпіцэнтры, ты ўжо не належыш сабе і можаш стаць ахвярай, і нікому не важныя твае самыя светлыя пачуцці і самыя высакародныя намеры...

Я іх разумею. Магу толькі паспачуваць: расчароўвацца заўсёды балюча. А яшчэ падзяліцца досведам: расчараванне хутка пройдзе, а вось веданне, што не ўсё так прыгожа і здорава, як часам здаецца, застанецца. Вельмі карыснае веданне, я б нават сказала — жыццёва важнае...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».