Вы тут

Павел Пруднікаў: Знікне з душ чалавечых граніт…


Пра паэта Паўла ПРУДНІКАВА сапраўды можна сказаць, што ён пражыў аднымі клопатамі са сваім XX стагоддзем, паспытаўшы ў роднай Беларусі, савецкай краіне рознага хлеба, розных выпрабаванняў, нарадзіўся 14 ліпеня 1911 года, а пайшоў з жыцця 26 сакавіка 2000-га…


Родам з Магілёўшчыны, з Клімавіцкага павета, ён рана пазнаў смак працы. З добра засвоенымі ўрокамі сялянскай нівы выправіўся шукаць сваю долю на Данбасе. Працаваў шахцёрам, металургам. Пасля — на будаўніцтве шаўковай фабрыкі ў Магілёве. Відаць, працоўную загартоўку зрабіла сваю працу, калі малады паэт выправіўся на вучобу ў Ленінград. У ім усё кіпела, бурліла. Акрамя вершаў вабіла навука. Таленавітага маладога чалавека заўважыў такі аўтарытэт, як доктар філалагічных навук Канстанцін Аляксееівч Пушкарэвіч (1890 — 1942), які працаваў у Ленінградскім дзяржаўным уіверсітэце. Наш зямляк, сланімчанін нараджэннем, ён ведаў цану талентам. Дарэчы, да сваёй смерці Пушкарэвіч захоўваў архіў Браніслава Эпімах-Шыпілы, гэтага збіральніка і захавальніка беларускасці, чалавека, які шмат зрабіў на тое, каб развіць, выпеставаць талент народнага песняра Беларусі Янкі Купалы... Ён, Пушкарэвіч, настойліва параіў Паўлу Пруднікаву паступаць у аспірантуру Акадэміі навук. Ды задуманаму не дадзена было здзейсніцца. Маладога чалавека арыштавалі. Спярша ўтрымлівалі ў сумна славутых «Рыжах», затым выправілі па рашэнню суда ў высылку на доўгія гады…

ГУЛАГаўскія «школы» не прайшлі дарэмна. І ў плане здароўя, і пасля, напрыканцы 1940-х — у пачатку 1950-х — у плане вяртання да нармальнага жыцця. А самае галоўнае — не так лёгка было вярнуцца ў творчую прастору. Рэабілітаваны ў 1956 годзе, Павел Пруднікаў фактычна ў літаратуру пачаў вяртацца напрыканцы 1960-х гадоў. У 1968 годзе выйшаў яго другі зборнік (першы — у 1932) — «Час майго нараджэння». Паэту ўжо было пад шэсцьдзесят. І да 1968 года ён працаваў настаўнікам. Пераехаўшы ў Мінск, некаторы час папрацаваў у часопісе «Служба быту Беларусі». А з выхадам на пенсію ў 1971 годзе пачаў працаваць болей актыўна як паэт і празаік... Ды надыйшлі розныя хваробы. У апошнія гады жыцця зусім не мог запісваць сам, вершы дыктаваў родным, блізкі людзям.

«Я стаміўся. Даруй мне, Радзіма, /Што выходжу з ігры ў такі час. / Коні смуты ў душы наслядзілі, /Закапыцілі шлях на Парнас. / Пыл і муць, хоць ты выкалі вока!.. /Не адолець мне іх ані як. /Сам сабе стаў чужым і далёкім — /Не гару, а капчу, як смаляк...» Гэтыя радкі — ужо з 1990-х... У 1988 годзе выдаў кнігу ўспамінаў «Далёкае, але не забытае», на старонках якой расказаў пра свае сустрэчы з Янкам Купалам, Платонам Галавачом, Міхасём Чаротам, Якубам Коласам, іншымі пісьменнікамі, якія парцавалі ў беларускай літаратуры ў часіны маладосці Паўла Пруднікава. У 1988 годзе часопіс «Полымя» надрукаваў паэму Паўла Пруднікава «Таймыр» — пра час сталінскіх рэпрэсій, пра ўласныя мытарствы паэта. А ў 1993 годзе выйшла кніга «За калючым дротам», якая аб’яднала аповесці «Яжовыя рукавіцы» — пра зняволенне ў «Крыжах» і «Пекла» — пра тэрмін зняволення ў Сібіры.

Вось ці не апошнія паэтычныя радкі Паўла Пруднікава, напісаныя ў 1995 годзе: «Як хацелася многа сказаць /Мне пра ўсё, што ў душы набалела. /Боль і смутак, як ёсць, паказаць, /Не з аглядкай, а прама і смела. /Ды, на жаль, не сказаў усяго, /Што так доўга сціскала мне грудзі. /Шмат блукаў сярод мутных кругоў, /Загубіў час у плесені, брудзе. / Я шукаў дабрыні між людзей,/ Чалавечае ласкі, спагады. /Не губляў і упартых надзей/ Сваю справу давесці да ладу. / Ды скажу табе, шчыры чытач, /Што шукаў, не заўсёды знаходзіў. /Засталося нямала задач, /Але сілы мае на зыходзе./ Тое, што не ўдалося рашыць /Мне сягоння ў нялёгкім паходзе, /Пакідаю для іншай душы/ Не ў бягучым — у новым стагоддзі./ Веру — прыйдзе пара дабрыні /І людской узаемнай спагады./ Знікне з душ чалавечых граніт, /Расцвітуць яны грушавым садам! / Недаверкамі нельга нам жыць/ І цурацца парадку зямнога. /Шчасце наша ў саміх нас ляжыць./У адказе ж мы ўсе перад Богам». Гучыць як запавет, як тэстамент. І — як споведзь шчырага чалавека, шчырага творцы…

Кастусь ХАДЫКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».