Вы тут

20 лі­пе­ня стар­туе дру­гі этап ус­туп­най кам­па­ніі. 60 хвілін, каб канчаткова вызначыцца з прафесіяй


20 лі­пе­ня стар­туе дру­гі этап ус­туп­най кам­па­ніі: у гэ­ты дзень пры­ём­ныя ка­мі­сіі ВНУ рас­пач­нуць пры­ём да­ку­мен­таў ад абі­ту­ры­ен­таў. Сё­ле­та на бюд­жэт­ную фор­му на­ву­чан­ня пла­ну­ец­ца пры­няць 27,8 ты­ся­чы ча­ла­век і больш як 27 ты­сяч — на плат­ную. Не­вя­лі­кае па­ве­лі­чэн­не на­бо­ру на бюд­жэт ад­бу­дзец­ца па ме­ды­цын­скіх, тэх­ніч­ных і асоб­ных пе­да­га­гіч­ных спе­цы­яль­нас­цях.


Фота Яўгена Пясецкага.

Графік прыёмных камісій

З 20 да 26 ліпеня вызначыцца з выбарам спецыяльнасці павінны ўсе абітурыенты, якія прэтэндуюць на бюджэтныя месцы, а таксама абітурыенты, якія паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, дзе прадугледжаны ўступныя іспыты.

Для некаторых катэгорый абітурыентаў тэрміны падачы дакументаў крыху іншыя. Так, з 20 да 28 ліпеня (на два дні даўжэй) будуць прымаць дакументы на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю на дзённую форму навучання.

І ўсяго два дні (з 20 да 22 ліпеня) адведзена на прыём дакументаў ад выпускнікоў профільных педагагічных і аграрных класаў, якія паступаюць без здачы экзаменаў па сумоўі на педагагічныя спецыяльнасці і спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю.

Ад абітурыентаў, якія паступаюць на платнай аснове, але не здаюць уступныя экзамены ў ВНУ, дакументы будуць прымацца:

  • з 20 ліпеня да 5 жніўня — у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС;
  • з 20 ліпеня да 10 жніўня — на дзённую форму атрымання адукацыі па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях;
  • з 20 ліпеня да 9 жніўня — ва ўсіх іншых установах вышэйшай адукацыі.

Унутраныя ўступныя іспыты ў ВНУ па асобных спецыяльнасцях (спартыўныя, творчыя, інтэграваныя) пройдуць з 27 ліпеня да 4 жніўня. У Акадэміі МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, Ваеннай акадэміі, на ваенных факультэтах ВНУ ўнутраныя выпрабаванні пройдуць з 27 да 29 ліпеня. З 29 ліпеня да 4 жніўня будуць здаваць экзамены абітурыенты, якія паступаюць на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.

Тэрміны залічэння абітурыентаў на месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму для атрымання вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, наступныя:

  • да 31 ліпеня — у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, на ваенных факультэтах ВНУ;
  • да 6 жніўня — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў;
  • да 5 жніўня — у іншых дзяржаўных ВНУ.

На платную форму навучання залічэнне ва ўсіх ВНУ — да 11 жніўня.

Каб не застацца за бортам

Абітурыентам варта ведаць, што падаць арыгіналы дакументаў можна толькі ў адну ВНУ. Але ў рамках вызначанага для падачы дакументаў перыяду можна забіраць і перападаваць дакументы колькі заўгодна раз. У многіх ВНУ і на факультэтах ёсць агульны конкурс, які прадугледжвае падачу дакументаў адразу на некалькі спецыяльнасцяў аднаго кірунку.

Стандартны пакет дакументаў для прыёмнай камісіі — гэта дакумент аб адукацыі (атэстат або дыплом), пашпарт, сертыфікаты ЦТ, дакументы, якія пацвярджаюць ільготы, даведка аб стане здароўя, фатаграфіі 3 х 4. Заява запаўняецца альбо ў асабістым кабінеце на сайце ВНУ, альбо асабіста пры падачы дакументаў. Для асобных спецыяльнасцяў і форм навучання гэты спіс можа быць шырэйшы.

Як расказала кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэма ГЕРЛОЎСКАЯ, як і раней, назіраць за ходам падачы дакументаў можна будзе анлайн. Ёсць для абітурыентаў важная навіна: цяпер інфармацыя аб колькасці набраных балаў, заяўленых у прыёмную камісію, будзе прадстаўлена ў іншым дыяпазоне. Раней ён складаў 10 балаў, напрыклад, 301—310, 311—320 і гэтак далей. Цяпер дыяпазон звузіўся да пяці балаў. Так абітурыентам будзе прасцей ацаніць свае шанцы, бо пры залічэнні мае значэнне нават адзін бал.

Падаваць дакументы лепш у першыя дні, бо калі ахвотных цягнуць да апошняга акажацца шмат, то конкурсная сітуацыя можа рэзка змяніцца ўжо пасля закрыцця прыёмнай камісіі, і абітурыент мае ўсе шанцы застацца за бортам. А вось сітуацыю з падачай дакументаў і сваё месца ў абітурыенцкім рэйтынгу трэба маніторыць пастаянна: інфармацыя аб ходзе падачы дакументаў абнаўляецца кожныя тры гадзіны, а ў некаторых універсітэтах — у рэжыме рэальнага часу.

У папярэднія гады апошняе абнаўленне ў дзень закрыцця прыёмных камісій адбывалася ў 15 гадзін, і тры гадзіны невядомасці былі для абітурыентаў самымі напружанымі. Але сёлета апошняе абнаўленне адбудзецца ў 17 гадзін. Такім чынам, у абітурыентаў будзе яшчэ гадзіна, каб сарыентавацца і падаць дакументы туды, дзе ім гарантавана хопіць балаў.

Спецыялісты па эканамічнай бяспецы

Між іншым, выбар у абітурыентаў вялікі: 50 ВНУ прапануюць увазе моладзі 340 спецыяльнасцяў. У гэтым годзе ўпершыню пройдзе набор і на абсалютна новыя для нашай краіны спецыяльнасці.

Так, на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пачнуць рыхтаваць студэнтаў па новай спецыяльнасці «Рэгіёназнаўства». Яе адкрыццё абумоўлена патрэбай айчынных арганізацый і кампаній у супрацоўніках, якія валодаюць комплекснымі ведамі аб палітычных, эканамічных, сацыяльных, экалагічных, канфесійных, этнічных і культурных адметнасцях пэўнага рэгіёна, краіны або групы дзяржаў. Спецыяльнасць арыентавана на міждысцыплінарнасць і ўключае фундаментальную падрыхтоўку па гуманітарных, эканамічных, палітычных, геаграфічных, юрыдычных навуках, вывучэнне на павышаным узроўні дзвюх замежных моў, адна з якіх — мова краіны рэгіёна, што вывучаецца. Студэнты будуць навучацца па спецыялізацыях «Заходняя Еўропа і Паўночная Амерыка», «Цэнтральная і Усходняя Еўропа», «Блізкі Усход і Афрыка», «Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён» і «Лацінская Амерыка».

Выпускнікі спецыяльнасці «Рэгіёназнаўства» змогуць працаваць аналітыкамі, прагназістамі, экспертамі па развіцці сацыякультурных, эканамічных ці палітычных сувязяў з рознымі рэгіёнамі і краінамі.

Яшчэ адна новая міждысцыплінарная спецыяльнасць — «Эканамічная бяспека» — інтэгравала найлепшыя айчынныя праграмы па эканоміцы, праве і інфармацыйных тэхналогіях у сферы бяспекі. Будучых спецыялістаў навучаць ацэньваць і прадухіляць магчымыя пагрозы і страты для прадпрыемстваў, маніторыць фактары, якія ўплываюць на іх эканамічную бяспеку, прагназаваць і кіраваць эканамічнымі рызыкамі. Выпускнікі змогуць свабодна арыентавацца ў адміністрацыйным, гаспадарчым, фінансавым і мытным праве.

Інавацыйная тэхніка і прамысловы дызайн

— Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт — гэта горад у горадзе, — кажа адказны сакратар прыёмнай камісіі ВНУ Андрэй САФОНАЎ. — Мы плануем набраць каля 4400 абітурыентаў на 100 спецыяльнасцяў і спецыялізацый. Бюджэтныя месцы займаюць прыкладна 70 працэнтаў ад кантрольных лічбаў набору.

Вядучыя будаўнічыя прадпрыемствы маюць вострую патрэбу ў інжынерах, якія дасканала ведаюць інавацыйнае абсталяванне, што прымяняецца ва ўсім шматпрофільным будаўнічым комплексе. Менавіта таму ў БНТУ адкрыецца набор на спецыяльнасць «Інавацыйная тэхніка для будаўнічага комплексу». Падрыхтоўка ў рамках спецыяльнасці будзе праводзіцца па трох спецыялізацыях: «Інавацыйная тэхніка для будаўніцтва і эксплуатацыі аўтамабільных дарог», «Ліфты, эскалатары, травалатары і пад'ёмна-транспартныя машыны» і «Інавацыйнае абсталяванне для атрымання прадуктаў з адпрацаваных будаўнічых канструкцый». Гэта значыць, што пасля другога курса сумеснай вучобы студэнты падзеляцца на тры ўмоўныя падгрупы, дзе ў кожнай будзе свой пералік дысцыплін.

Будучыя інжынеры атрымаюць навыкі аўтаматызаванага праектавання дэталяў, агрэгатаў і машын, а таксама будуць ведаць усё аб інавацыйным абсталяванні будаўнічага комплексу. Выпускнікі спецыяльнасці змогуць працаваць на прадпрыемствах будаўнічага комплексу, у буйных гандлёвых цэнтрах, вакзалах, метро, Нацыянальным аэрапорце ў якасці інжынераў па эксплуатацыі грузапад'ёмных механізмаў, ліфтаў, эскалатараў і на іншых аб'ектах.

Яшчэ адна новая цікавая спецыяльнасць — «Прамысловы дызайн» — з двума кірункамі: дызайн транспартных сродкаў і дызайн прамысловага абсталявання. Студэнтаў чакае паглыбленая падрыхтоўка ў галіне дызайн-праектавання транспартных сродкаў і вытворчага абсталявання. У працэсе падрыхтоўкі інжынерных кадраў увага будзе ўдзяляцца метадам і сродкам мастацкага канструявання, кампазіцыі, каларыстыцы, макетавання і трохмернага мадэлявання знешняй будовы, а таксама інтэр'еру кабін, працоўнага месца аператара і пасажырскага салона транспартных сродкаў. Падрыхтоўка інжынераў-дызайнераў будзе ажыццяўляцца для розных тэхнічных напрамкаў, звязаных з даследаваннем, праектаваннем і вытворчасцю аўтатрактарнай, будаўніча-дарожнай тэхнікі, сродкаў гарадскога транспарту, у тым ліку электрычнага і аўтаномнага, а таксама для навукова-даследчых, праектных арганізацый і дызайнерскіх бюро. Выпускнікі спецыяльнасці змогуць працаўладкавацца на вядучыя прадпрыемствы ў галіне машынабудавання, сярод якіх ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў», Аб'яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ААТ «Мінскі трактарны завод» і іншыя.

Выпускнікі напрамку «Прамысловы дызайн вытворчага абсталявання» будуць запатрабаваныя на прадпрыемствах станкабудавання, прыборабудавання, бытавой тэхнікі, электратэхнічнай і радыёэлектроннай прамысловасці, вылічальнай тэхнікі, транспартнага машынабудавання і лёгкай прамысловасці. Іх чакаюць заняткі па асновах web-дызайну, распрацоўцы кампазіцый у прамысловым дызайне, засваенне спецыялізаваных праграмных прадуктаў для мадэлявання і візуалізацыі.

Пілоты для грамадзянскай авіяцыі

А ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі сёлета адбудзецца першы набор на спецыяльнасць «Лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі» з прысваеннем выпускнікам кваліфікацыі «Інжынер-пілот».

Гэта новая старонка ў гісторыі навучальнай установы. Пачынаючы з 1974 года тут рыхтавалі авіяцыйны персанал самага рознага профілю: інжынерна-тэхнічных спецыялістаў, якія займаюцца абслугоўваннем паветраных суднаў, авіяцыйных рухавікоў, авіяцыйнага абсталявання, а таксама авіяцыйных дыспетчараў. Не хапала толькі аднаго, але вельмі важнага звяна — у краіне не вялася падрыхтоўка лётнага саставу для грамадзянскай авіяцыі. Цяпер гэты недахоп будзе ліквідаваны.

Але наборы будуць невялікія. Восем чалавек плануюць узяць на бюджэтную форму навучання і столькі ж — на платную. Для таго каб паступіць на новую спецыяльнасць, абітурыенты павінны будуць падаць у прыёмную камісію тры сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання: па беларускай ці рускай мове (на выбар), матэматыцы і англійскай мове.

Авіяцыя — гэта англамоўная галіна, і нават тэхнічную дакументацыю не дазваляецца перакладаць на рускую мову, таму ў будучых інжынераў-пілотаў павінен быць вельмі добры ўзровень валодання англійскай мовай (іншыя замежныя мовы не падыходзяць).

Акрамя ўступных іспытаў, абітурыенты павінны прайсці яшчэ і прафадбор. Ён уключае медыцынскі агляд ва ўрачэбна-лётнай экспертнай камісіі медыцынскай службы грамадзянскай авіяцыі, а таксама іспыты па фізічнай падрыхтоўцы на базе акадэміі.

Падрыхтоўка будучых пілотаў будзе ўключаць некалькі блокаў. Тэарэтычная падрыхтоўка плануецца на базе акадэміі. А трэнажорная і лётная падрыхтоўкі  будуць весціся на базе авіяцыйных арганізацый, якія маюць адпаведную сертыфікацыю.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».