Вы тут

Фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу» прайшоў на Магілёўшчыне


Падарожжа фестывалю культуры, мастацтва і спорту па краіне працягваецца. Спартыўна-масавае мерапрыемства «Вытокі. Крок да Алімпу» прайшло ў Магілёўскай вобласці, у горадзе, дзе вельмі любяць братоў нашых меншых, шануюць свае карані і традыцыі, развіваюць спорт і мастацтва. Чарговае свята ў мінулыя выхадныя прымаў Бабруйск.


У кожным горадзе праграма свята аднолькавая. Але дзякуючы адметнасцям беларускіх гарадоў, кожны раз фестываль праходзіць са сваім каларытам. У Бабруйску непаўторную атмасферу стварала ўнікальная повязь багатага мінулага і насычанага цяперашняга.

Цэнтр горада — наша багацце

У першы дзень фестывалю падчас круглага стала «Бабруйск. Традыцыі і сучаснасць» спецыялісты абмеркавалі развіццё турыстычнага патэнцыялу горада і сучасныя сродкі, якія ў гэтым дапамогуць. Сустрэча прайшла ў важным месцы — «Яўрэйскім дворыку». Некалі тут была сінагога ХІХ стагоддзя, у савецкі час — млын, да нашых дзён захаваліся толькі дзве сцяны з фабрычнай разенбергаўскай цэглы. Гэтыя сцены і сёння прыцягваюць яўрэяў, прычым не толькі з Бабруйска, але і з іншых гарадоў, у тым ліку не беларускіх. У 2015 годзе рабін Шауль Хабабо ініцыіраваў аднаўленне спадчыны
тутэйшай яўрэйскай гарадской абшчыны.

Вітаючы ўдзельнікаў круглага стала, Шауль Хабабо падкрэсліў, што бабруйская сінагога адрозніваецца ад іншых акцэнтам на развіццё турызму. Па яго словах, не менш за 10 тысяч турыстаў у год наведвае бабруйскую сінагогу. «Мая мэта — азнаёміць людзей з культурай, традыцыямі яўрэяў. Мы жывём у адным горадзе, ходзім па адных вуліцах і павінны ведаць больш адно пра аднаго», — адзначыў рабін. Важна ўдакладніць, што ў Бабруйску ёсць працуючая сінагога, пабудаваная ў XVІІІ — пачатку XІX стагоддзя. Праўда, ад першапачатковай пабудовы засталіся толькі 200-гадовыя вокны. Але галоўнае, што мясцовым яўрэям ёсць дзе маліцца.

Дырэктар кампаніі «БелБрэнд-Аўдыт» Валянціна Дыніч звярнула ўвагу, што ў Бабруйск прыязджаюць не толькі людзі, якія раней тут жылі, а іх дзеці і ўнукі. «Як ім данесці, што гэта зямля, дзе жылі іх продкі? Мне здаецца, ніць паміж пакаленнямі становіцца больш тонкая. Дастаткова сказаць, што гэта радзіма продкаў, ці для прыцягнення новых людзей патрэбна шукаць новыя падыходы?», — пацікавілася яна. Праз сваё гістарычнае развіццё Бабруйск сёння можа стаць флагманам у развіцці настальгічнага турызму. Асабліва ў пандэмійныя часы, калі людзі сталі больш актыўна знаёміцца са сваёй краінай. І, як адзначыў Шауль Хабабо, новых шляхоў прыцягнення турыстаў ніколі не бывае шмат.

Прыклад аднаго з іх — электронная карта Бабруйска з указаннем яго славутасцяў.

А паглядзець у горадзе сапраўды ёсць што. Бабруйск можа ганарыцца адметнай гарадской забудовай. Невялікія нізкія домікі дарэвалюцыйных часоў па сведчаннях спецыялістаў ёсць толькі ў Бабруйску і Пінску. «Цэнтр нашага горада — наша багацце. Мы можам гэтым ганарыцца. У нашых домікаў ёсць свая спецыфіка — турыст, які сам пойдзе гуляць па горадзе, шмат што можа не ўбачыць. Недзе не тую шыльду павесілі, сцены перафарбавалі, вокны замянілі. І я за тое, каб разам з турыстам хадзіў чалавек, які адкрые яму ўсю прыгажосць горада. У цэнтры сабраныя нашы самыя цікавыя храмы — Свята-Георгіеўская царква, Свята-Мікольскі храм, касцёл. Да іх у людзей ёсць вялікая цікавасць. Асабліва ўражвае бабруйская спецыфіка прыбудоўваць да храмаў іншыя ўстановы. У мяне ёсць аўтарская экскурсія па горадзе «Яўрэйскі Бабруйск», я рабіў яе для бабруйчан, у першую чаргу. І сёння шмат мясцовых жыхароў прыходзіць на маю экскурсію», — падзяліўся Алег Красны, намеснік старшыні мясцовай яўрэйскай абшчыны, экскурсавод.

Людзі калекцыяніруюць уражанні

Настальгічны турызм, на які сёння робіць акцэнт Бабруйск, — гэта ў асноўным унутраны турызм. Таму прадстаўнікі галіны не забываюць пра беларусаў, якім цікавы Бабруйск. «У нас выдатная архітэктура, знакамітая бабруйская цэгла са сваёй рэцэптурай. Стагадовыя домікі, якія выглядаюць, як быццам пабудаваныя ўчора. Яны напоўненыя гісторыяй. Людзям гэта вельмі падабаецца. Мы шмат думаем пра турыстаў з-за мяжы, але мне здаецца, што ў нас неўзараная цаліна нашых беларускіх турыстаў», — падркэсліў Алег Красны.

Сёння ў Бабруйску ёсць усё, каб людзі сюды прыязджалі не на адзін дзень. Як заўважыў Алег Красны, гораду пашанцавала, што ён знаходзіцца недалёка ад Мінска. З іншага боку, праз гэта турысты часта праводзяць у горадзе адзін дзень і вяртаюцца ў Мінск. Таму, як упэўнены спецыяліст, варта актыўна працаваць над сучаснымі сродкамі прыцягнення гасцей горада. Самы лепшы сёння — сацыяльныя сеткі. «Цяпер людзі калекцыяніруюць не інфармацыю, а ўражанні. Яны абсалютна візуальныя, усё трэба ўбачыць на свае вочы. Таму варта не баяцца працаваць у сацыяльных сетках — неабходна ўсё расказаць, а яны прыедуць паглядзець», — заўважыў Алег Красны. Таксама ён падкрэсліў, што ўсім, хто мае дачыненне да турызму ў Бабруйску, варта аб'яднацца ў суполкі — гідам, рамеснікам, аграсядзібам. Стварэнне своеасаблівага бабруйскага залатога кола будзе цікавым праектам для гасцей і эканамічна выгадным для гаспадароў. Яшчэ адзін спосаб прыцягнення ўвагі да Бабруйска — інтэрактыўныя экскурсіі. Асабліва тое актуальна для маладога пакалення. Працуе ў гэтым кірунку Бабруйскі краязнаўчы музей. Старшы навуковы супрацоўнік музея Ксенія Кісялевіч расказала, што ў іх цэлы шэраг квэстаў, праходзячы якія, наведвальнікі музея знаёмяцца з яго экспазіцыяй і гісторыяй горада. Маладыя бабруйчане ў музеі ў незвычайнай форме могуць пазнаёміцца з яўрэйскай культурай. Інтэрактыўны занятак «У госці да хлопчыка Давіда» знаёміць моладзь з традыцыямі народа, лёс якога цесна звязаны з Бабруйскам.

Усё для брэнда

Фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу» мае на мэце прыцягненне ўвагі да рэгіёнаў, цікавых гарадоў. Нездарма арганізатары вырашылі праводзіць яго ў раённых цэнтрах, якія славяцца сваёй цікавай гісторыяй.

«Наша задача — яшчэ раз пераканацца, што кожны горад, кожны рэгіён мае сваю культуру, свае асаблівасці. Выкарыстоўваючы гэты патэнцыял рэгіёна, мы можам яго прасоўваць з карысцю для краіны. Пачынаць фестываль «Вытокі» лагічна менавіта з гісторыі, каранёў. На круглым стале мы робім акцэнт на тым, што яшчэ хацелася б зрабіць, каб мы самі сябе ведалі лепш. Тут сабраліся прадстаўнікі бізнесу, музея, грамадскіх арганізацый, навуковай грамадскасці. Гэта вельмі цікавая супольнасць. Нам трэба разумець, дзе мы недапрацоўваем.

Пасля падобных абмеркаванняў мы фарміруем пэўную запісную кніжку. І я спадзяюся, што па выніках усіх фестываляў у нас будзе сустрэча, напрыклад, з кіраўніцтвам адпаведнай галіны, з актыўнымі прадстаўнікамі гэтай галіны на месцах. І разам будзем развіваць турыстычны брэнд нашай краіны ў цэлым і кожнага рэгіёна паасобку», — падкрэсліла Валянціна Дыніч.

Культуру і асаблівасці рэгіёна паказала і знакамітае прадпрыемства ААТ «Бабруйскаграмаш», якое стала экскурсійнай і дыялогавай пляцоўкай. На другі дзень свята тут прайшла экскурсія для арганізатараў фестывалю і журналістаў з розных куткоў краіны. Пасля экскурсіі спецыялісты правялі семінар «Распрацоўка і прасоўванне рэгіянальных і нацыянальных брэндаў» і культурна-эканамічны праект «Капітал мясціны». Пляцоўка для правядзення такіх мерапрыемстваў была абрана невыпадкова — сёння ў Беларусі актыўна развіваецца прамысловы турызм, які можа стаць адметным брэндам рэгіёна. У Бабруйску для гэтага ёсць усе ўмовы.

У яшчэ адным знакавым для Бабруйска месцы — Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча абмяркоўвалі прасоўванне творчых і інавацыйных праектаў. Там прайшоў семінар «Маладзёжны брэнд». Як і ў кожным рэгіёне, маладыя гараджане прапаноўвалі крэатыўныя ідэі праектаў, што будуць яшчэ больш яскрава вылучаць іх родны рэгіён на карце краіны.

Песня для фестывалю

Па традыцыі фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» галоўныя падзеі разгарнуліся ў суботу — каля «Бабруйск-Арэны» прайшоў спартыўны квэст. Магілёўскі рэгіён устанавіў рэкорд для ўсяго свя-
та — 28 спартыўных пляцовак. У гэты дзень кожны змог знайсці занятак даспадобы — адкрыць для сябе новыя віды спорту, паслухаць выдатную музыку, азнаёміцца з вырабамі мясцовых рамеснікаў.

«Фестываль ужо набраў абароты, кожны горад імкнецца здзівіць і прадставіць свае адметнасці. Думаю, Бабруйск з яго багатымі традыцыямі ў спорце, у вытворчасці, культуры пакажа ўсю сваю разнастайнасць. Тут гараджане заўсёды былі актыўныя і гасцінна прымалі гасцей. «Вытокі» — гэта нашы карані, наша спадчына, буду вельмі рады, калі гэты фестываль дапаможа нам выхаваць новае пакаленне беларусаў, якое беражліва б ставілася да сваіх вытокаў», — сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц.

А культурныя і спартыўныя традыцыі ў Бабруйска сапраўды багатыя. У горадзе вырасла плеяда чэмпіёнаў і прызёраў Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы. Адзін з іх — Андрэй Багдановіч, чэмпіён Алімпіяды 2008 года ў веславанні на байдарках і каноэ, адкрыў свята ў суботу. Кампанію яму склаў вядомы беларускі спявак, таксама ўраджэнец Бабруйска Руслан Аляхно. У родным горадзе ён падарыў фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» своеасаблівы гімн — прадставіў песню «Хутчэй! Вышэй! Мацней!», напісаную спецыяльна для фестывалю.

«Фестываль дае ўнікальную магчымасць для маладых выканаўцаў праявіць сябе і атрымаць пуцёўку на вялікую сцэну. Мы таксама вырашылі прыўнесці ў фэст нешта сваё і напісалі песню «Хутчэй! Вышэй! Мацней!». Гледачы пачулі яе падчас адкрыцця фестывалю. Спадзяюся, усім вельмі спадабалася», — пракаменціраваў падзею артыст.

На працягу некалькіх гадзін госці свята правяралі свае сілы ў баскетболе, цяжкай і лёгкай атлетыцы, хакеі, футболе, гімнастыцы і іншых відах спорту. Вялікай папулярнасцю карысталася пляцоўка стральбы з лука. Кожны ўдзельнік квэсту мог адчуць сябе Робін Гудам і на сабе праверыць асаблівасці алімпійскай дысцыпліны, у якой будуць спаборнічаць і беларускія спартсмены. Бабруйск славіцца сваёй школай барацьбы, таму цэнтрам прыцягення ўвагі стала пляцоўка, дзе былі аб'яднаны ўсе віды адзінаборстваў. А пакуль аматары спорту праходзілі квэст, на галоўнай пляцоўцы адбываўся конкурс маладых спевакоў. У малодшай узроставай катэгорыі перамагла Аляксандра Цярпіла, у дарослай — Алена Цітова. У заключны дзень бабруйскага фестывалю на сцэне ўшанавалі пераможцаў конкурсу дзіцячага малюнка «Мой крок да Алімпу», які праходзіў у рамках выстаўкі «Кола часу». Выстаўка, арганізаваная галерэяй «АртХаос», адкрылася ў першы дзень і на працягу ўсяго фестывалю збірала аматараў сучаснага беларускага мастацтва.

Асноўная задача свята «Вытокі. Крок да Алімпу» — успомніць свае карані і паказаць сучасныя адметнасці рэгіёна. Бабруйск і ўся Магілёўская вобласць з гэтай задачай справіліся на «выдатна». Свой крок да Алімпу на мінулым тыдні зрабілі магілёўскі турызм, культура, мастацтва, спорт і кожны зацікаўлены ў развіцці роднага краю.

Цяпер чарга Салігорска, які прыме свята ўжо ў гэтыя выхадныя. Фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу» ў Мінскай вобласці пройдзе 22—24 ліпеня і стане заключным рэгіянальным святам. А прыгожай кульмінацыяй гэтай летняй спартыўна-культурнай гісторыі стане грандыёзны фінал у Мінску ў канцы жніўня.

Валерыя СЦЯЦКО

г. Бабруйск.

Фота НАК Беларусі

Загаловак у газеце: «Вышэй! Хутчэй! Мацней!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.