Вы тут

Што робіцца для памяншэння колькасці адходаў і іх перапрацоўкі ў Беларусі


Штогод у краіне захоўваецца 3,1 млн тон адходаў. За апошнія пяць гадоў больш як утрая вырас узровень выкарыстання камунальнага смецця, а да канца 2021-га плануецца закрыць усе міні-палігоны. Тым не менш, сёлета ўжо выяўлена звыш 9000 фактаў размяшчэння адходаў у несанкцыянаваных месцах, што сведчыць пра неабходнасць стварэння новых праектаў для паляпшэня экалагічнай сітуацыі з адходамі. Пра кірункі дзейнасці ў дадзенай сферы расказалі эксперты.


Рэгіянальныя комплексы замест міні-палігонаў

Сістэма абыходжання з камунальнымі адходамі ў краіне стала актыўна развівацца з 2012 года, калі быў уведзены прынцып пашыранай адказнасці вытворцаў. Згодна з ім, сродкі вытворцаў і імпарцёраў тавараў прыцягваюцца для стварэння сістэмы збору і выкарыстання адходаў, якія ўтвараюцца ў грамадзян, заўважыла Вольга САЗОНАВА, начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— У рамках кантрольнай дзейнасці абследавалі каля 2000 аб’ектаў пахавання цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА), у выніку якіх выяўлена больш як 880 фактаў пахавання другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР) і звыш 2000 фактаў парушэння правілаў эксплуатацыі палігонаў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута больш за 170 асоб. Гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што яшчэ ёсць над чым працаваць.

Каб змяншаць негатыўны ўплыў пахаванняў смецця на наваколле і для аптымізацыі сістэмы абыходжання з адходамі ў цэлым прадугледжана памяншэнне колькасці міні-палігонаў. Сёлета было рэкультывавана больш як 30 выведзеных з эксплуатацыі аб’ектаў, зроблена абвалоўка агароджаў тых, што дзейнічаюць. Вядзецца работа па стварэнні сучасных рэгіянальных комплексаў па сарціроўцы і выкарыстанні ЦКА.

Без смеццеправода лепш

У сталіцы працягваецца закрыццё смеццеправодаў у шматкватэрным жыллі, якое ажыццяўляецца згодна з Нацыянальнай стратэгіяй па абыходжанні з ЦКА і ДМР, паведаміла Настасся ВАРАБ’ЁВА, намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду і рабоце з насельніцтвам Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі:

— Сёлета ў 45 дамах закансерваваны 86 смеццеправодаў. У дамах, дзе тыя былі закрытыя раней, ужо ёсць экалагічны вынік. Жыхары сталі збіраць больш другасных матэрыяльных рэсурсаў, у будынках няма смуроду, зніклі ўмовы для пацукоў і іншай жыўнасці. А тарыф на паслугу абыходжання з адходамі, дзе няма смеццеправодаў, меншы на 1,5 рубля за м3. Прыватныя сталічныя сядзібы, дарэчы, летась забяспечылі пластыкавымі кантэйнерамі па 120 літраў для раздзельнага збору ЦКА.

Белы шклабой — сабе, астатні — на экспарт

Каля 6 % у агульным зборы адходаў забяспечваюць арганізацыі холдынга «Белрэсурсы». Найбольшая частка гэтага смецця (каля 60 %) — гэта нарыхтоўка ДМР ад насельніцтва. У холдынгу дзейнічаюць 156 прыёмных пунктаў.

Чатыры таварыствы «Белрэсурсаў» займаюцца таксама і перапрацоўкай адходаў. Гэта Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, «Белдругпалімер», «Гомельхімгандль», кіруючая кампанія холдынга па перапрацоўцы шкла. Аднак магутнасці апошняга прадпрыемства пакуль загружаюцца шклабоем толькі на 90 тысяч тон з магчымых 120 тысяч, адзначыў Максім БЯСПАЛЫ, начальнік упраўлення па абыходжанні з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі холдынга «Белрэсурсы»:

— На ўнутраны рынак краіны пастаўляем увесь аб’ём белага шклабою і часткова карычневага. Але арганізацыя не забяспечвае заяўкі айчынных перапрацоўчых арганізацый на паўбелы шклабой, які найбольш запатрабаваны. З неабходных прадпрыемствам 50 тысяч тон у год «Белрэсурсы» забяспечваюць толькі 36 тысяч тон. Астатні незапатрабаваны ў краіне аб’ём вымушаны экспартаваць. Цэны за мяжой на гэтую сыравіну, дарэчы, у паўтара раза вышэйшыя, чым у Беларусі.

Тым не менш, згодна з планамі па зніжэнні выкарыстання палімернай упакоўкі, у Беларусі плануецца стварыць пляцоўку для павелічэння аб’ёмаў перапрацоўкі адходаў шкла, калі іх пабольшае. Прыблізны кошт праекта — 11 млн еўра.

Прадпрыемства «Белдругпалімер» да канца года плануе рэалізаваць праект па павелічэнні аб’ёмаў палімерных адходаў, у тым ліку павышанай забруджанасці. Гэта дазволіць павысіць перапрацоўку на 2 тысячы тон. А барысаўскі завод да канца 2023 года мяркуе павялічыць свае магутнасці на 6 тысяч тон.

Разумнае спажыванне — законна і сумленна

Наша будучыня — гэта разумнае спажыванне. Каб дасягнуць мэты збіраць 99 % адходаў, трэба займацца экалагізацыяй вытворчасці — зніжэннем колькасці выкідаў і стварэннем прадукцыі, якую можна перапрацаваць, падкрэсліла Наталля БУРАЯ, вядучы спецыяліст па інфармацыйнай рабоце дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў»:

— Каб знізіць колькасць утвараемых адходаў, прапанавана абмежаваць абарот некаторых відаў пластыкавай упакоўкі. Аднак пакуль працэс тармозіцца, бо Беларусь знаходзіцца ў ЕАЭС, а не ўсе краіны эканамічнага саюза гатовыя для ўкаранення нормаў аб бяспецы ўпакоўкі.

Калі кожны будзе ведаць, што ўсе ўтвараемыя ім адходы застануцца на палігонах, то ён пачне ўсведамляць, што трэба набываць тавары ў бяспечнай і прыдатнай для перапрацоўкі ўпакоўцы. У законе сказана, што калі для чалавека створаны ўмовы для раздзельнага збору смецця, а той іх не выконвае, то яго можна аштрафаваць на суму да 30 базавых велічынь. Такая мера працуе ў Еўропе, дзе жыхары сумленна сарціруюць адходы, бо ведаюць, што за парушэнне існуе пакаранне, нагадала спецыяліст:

— Існуе праблема і з нядобрасумленнымі перавозчыкамі смецця, якія скідваюць асобна сабраныя адходы ў адзін смеццявоз. Мы просім тых, хто заўважыў такое парушэнне, звярнуцца са скаргай непасрэдна да кіраўніцтва перавозчыка або ў органы мясцовай улады.

З 2014 года на прадпрыемстве «Экарэс» працуе аб’ект па абясшкоджванні медыцынскіх адходаў, куды паступае 220–250 тон такіх адходаў першага і другога класа небяспекі. З 2018 года пачалася перапрацоўка палімерных адходаў, у прыватнасці, ПЭТ-бутэлек — штогод атрымліваецца каля 42–43 тон ПЭТ-шматкоў. Каля 20 тысяч тон гатовай прадукцыі атрымлівае прадпрыемства ад перапрацоўкі жалезабетону.

ДМР на палігоне

У Мінску адходы захоўваюцца на палігоне «Трасцянецкі». Сёлета распачата работа па планаванні будаўніцтва яго трэцяй чаргі, бо ў цяперашніх межах звалкі хопіць толькі гады на тры. Летась, напрыклад, сюды прыехала каля 650 тысяч тон адходаў.

Пры гэтым з 2016 да 2020 года колькасць адходаў, якія паступаюць на палігон, значна (на 35 %) зменшылася, найперш праз зніжэнне на 75 % прамысловых адходаў і прыкладна на 18 % — камунальных, падзяліўся Ігар СУХАРЭВІЧ, галоўны інжынер унітарнага прадпрыемства «Экарэс», якое займаецца пахаваннем і абясшкоджваннем адходаў, у тым ліку медыцынскіх і радыеактыўных.

Прадпрыемства таксама збірае ДМР, якія паступаюць ад нарыхтоўчых пунктаў, вымаюцца на лініях сарціроўкі. Такім чынам нарыхтоўваецца каля 17–18 тысяч тон другасных рэсурсаў, у асноўным — паперы, кардону, шкла і палімераў.

— Гады тры таму стала практыкавацца выманне ДМР на самім палігоне, бо магутнасцяў сарціроўкі камунальных адходаў пакуль не хапае. Заключаюцца дагаворы з фізічнымі асобамі, а таксама ГУУС Мінгарвыканкама па прадастаўленні адміністрацыйных парушальнікаў для такіх работ. Такім чынам штогод нарыхтоўваецца каля 2-2,5 ты-
сячы тон ДМР, — удакладніў інжынер.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Закопваць нельга выкарыстоўваць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.