Вы тут

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну


Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці. Французскія пейзажы тояцца ў вёсцы Рудня Споніцкая Веткаўскага раёна. Менавіта тут знаходзіцца адна з самых буйных у краіне плантацый лаванды.


Фота: https://www.instagram.com/gomelskii_provans/

Гаспадар кветкавага раю ўсіх адценняў фіялетавага — фермер Алег Дабуляк. Каб сфатаграфавацца, у яго лавандавае поле людзі прыязджаюць з усёй краіны. Штогод «французскія фотасесіі» з веткаўскай «прапіскай» літаральна ўзрываюць Іnstagram, упрыгожваюць профілі многіх беларускіх інстаблогераў і фатографаў.

— Лаванда — гэта пах, спакой. Гэта прыгажосць, жыватворны алей. Гэта жыццё, — кажа Алег Дабуляк.

Ён заўсёды падкрэслівае, лаванда — у яго фермерскай справе — для душы.

— Людзі прыязджаюць, глядзяць, атрымліваюць асалоду ад водару, фатаграфуюцца, шчыра кажуць: быццам у адпачынак з'ездзілі. Прыязджаюць да нас з Гродна, Мінска, Жлобіна, Мазыра. Дзякуюць, пішуць у Іnstagram. З нецярпеннем чакаюць чарговага сезона цвіцення, каб прыехаць сюды зноў. Вось што каштоўна для нас, — працягвае ён.

Журналістам, якія любяць браць інтэрв'ю ў харызматычнага фермера, гаспадар лавандавай плантацыі не раз прызнаваўся: маленькая Францыя на Веткаўшчыне апынулася выпадкова. Сам Алег Дабуляк родам з поўначы Малдовы. У Беларусь на пастаяннае месца жыхарства пераехаў у 1999 годзе. Сям'я асвоілася на Веткаўшчыне. У 2010-м вырашылі адкрыць у вёсцы Рудня Споніцкая фермерскую гаспадарку па вырошчванні пладовых культур. Зямлю пад гадавальнік выдзеліла дзяржава. Фермер марыў пра вялікі яблыневы сад, як дома ў Малдове. Але ў першы ж год усе 45 гектараў маладых саджанцаў загінулі... Затое выжыла некалькі кусцікаў лаванды, якія Алег Віктаравіч прывёз з малой радзімы.

— Землі тут пясчаныя, сад на ўчастку не прыжыўся, прапаў. Я яго выкарчаваў і вырашыў паспрабаваць пасадзіць лаванду, — тлумачыць фермер. — Сорт выбраў той, што больш прыстасаваны да паўночных умоў.

Цяперашняя плантацыя нязвыклай для беларускіх шырот культуры займае каля трох гектараў. Па той бок «гарачых» інста-фота з праванскім флёрам — дзесяць гадоў карпатлівай працы сям'і Дабуляк.

— З лавандай сур'ёзных складанасцяў ці асаблівасцяў у доглядзе няма. Проста трэба працаваць: своечасова прапалоць, прыбраць пустазелле, — дзеліцца суразмоўнік. — Але мае знаёмыя з заходніх краін, з якімі даводзіцца мець зносіны, кажуць: «Ты вар'ят, калі вырошчваеш лаванду на Беларусі».

Фермер кажа, што гэтая культура нядрэнна зімуе і пры мінус 25, але цяжка пераносіць рэзкія змены тэмператур і моцныя калядныя маразы. Алег Віктаравіч кажа, што яго сэрца баліць, калі пасля зімы кусты вымярзаюць, а рады плантацыі, у якую ўкладвае душу, — радзеюць. Але гаспадар не адчайваецца, а толькі яшчэ больш актыўна бярэцца за работу. Цяперашняя зіма таксама не пашкадавала яго «праванскія» палеткі, пасадкі дзе-нідзе парадзелі. І ўсё ж яго лаванда аднаўляецца і сёння працягвае цвісці. Падчас майго візіту ў гадавальнік на плантацыі якраз ідуць праполачныя работы. На маіх вачах работніца бадзёра вызваляе пышныя кусцікі ад пустазелля, рады фіялетавых каласкоў — як намаляваныя. Пытаюся ў жанчыны, як працуецца сярод такога паху. Кажа, вельмі супакойвае.

Дарэчы, лавандавае поле цвіце ўсяго некалькі тыдняў. Многія прыязджаюць сюды менавіта каб атрымаць асалоду ад непаўторнага водару, прайсці скрозь лавандавы гушчар. Прыязджаюць цэлымі сем'ямі. Побач з духмяным полем Алег Дабуляк уладкаваў зону адпачынку. Яе невялікія гасцявыя домікі асабліва папулярныя ў фатографаў, якія застаюцца ў гадавальніку нанач, каб зрабіць фота лавандавага раю на світанні. Між іншым, тое, што «Праванс» з веткаўскай «прапіскай» стаў сапраўдным брэндам у сеціве, у многім заслуга дачкі Алега Віктаравіча — Марынелы Дабуляк. Дзяўчына — ландшафтны дызайнер, фларыст — актыўна папулярызуе рамантычны куток на малой радзіме, запрашае на фотасесіі. Здымкі прафесійных фатографаў (публікуюцца ў профілі gomelskіі_provans), зробленыя на плантацыі ў Рудне Споніцкай, — сапраўды ўражваюць.

Летась многія прыязджалі ў гадавальнік і па букеты лаванды. Сёлета пахучыя кусты не стрыгуць на продаж — даюць ім набраць моцы пасля цяжка перанесенай зімы. У планах фермера — істотна павялічыць фіялетавую плантацыю. Ён марыць, што з цягам часу, акрамя прыгожых фота і букетаў, яго лаванда стане яшчэ і сыравінай для вытворчасці натуральнага эфірнага алею.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.