Вы тут

«Вытокі» едуць на Міншчыну


Спартыўна-масавае мерапрыемства «Вытокі. Крок да Алімпу», якое гэтым летам аб'яднала ўсю краіну, пераязджае ў заключны рэгіён — Мінскую вобласць. Тут свята з 22 да 24 ліпеня прыме горад моцных людзей — Салігорск.


Сярод усіх гарадоў, якія прымалі фестываль «Вытокі», Салігорск — самы малады. Горад заснаваны ў 1958 годзе ў сувязі з адкрыццём і прамысловай распрацоўкай калійнай солі. Але нягледзячы на яго маладосць, гасцям горада ёсць на што паглядзець. Перш за ўсё, вядома, салігорскія тэрыконы — месцы захавання адходаў калійнай вытворчасці, якія знаходзяцца каля прадпрыемства «Беларуськалій». Краявіды салігорскіх гор нібыта сышлі з фантастычных фільмаў пра пакарэнне космасу. Таму не дзіўна, што ў сацыяльных сетках гэта самая папулярная салігорская славутасць. Але, акрамя тэрыконаў, у Салігорску можна ўбачыць... Эйфелеву вежу, гарадскі парк Чатырох стыхій (што вельмі сімвалічна для горада шахцёраў), цікавую савецкую архітэктуру — пабудовы, упрыгожаныя вітражамі і пано, фантаны, помнікі савецкіх часоў.

Фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу» ў Салігорску пачнецца там, дзе бярэ вытокі гісторыя гэтага краю. У першы дзень свята, 22 ліпеня, у Духоўна-адукацыйным цэнтры Прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы стартуе праграма на тэму гісторыка-культурнай спадчыны і адбудзецца круглы стол на тэму яе прасоўвання. Свята-Пакроўскі храм — самая старажытная праваслаўная святыня Салігоршчыны. Царква заснавана ў 1795 годзе ў вёсцы Чыжэвічы. За сваю гісторыю храм перажыў пажары, акупацыі, войны, але захаваўся і сёння з'яўляецца помнікам гісторыі і культуры.

Не застанецца ўбаку ад свята і галоўнае прадпрыемства горада — «Беларуськалій». У галоўным упраўленні прадпрыемства, у самым цэнтры горада 22 ліпеня адкрыюцца выстаўка «Кола часу» і выстаўка дзіцячага малюнка, таксама пройдзе лекцыя-прэзентацыя «Сучаснае беларускае выяўленчае мастацтва». А вечарам гэтага ж дня ў скверы «Беларуськалій» пройдзе ўнікальны канцэрт арганнай музыкі «Мой крок да Алімпу» ў выкананні Валерыя Шмата. На другі дзень фестывалю, 23 ліпеня, у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі запланаваныя семінары па папулярызацыі творчых і інавацыйных праектаў. Традыцыйная культурна-эканамічная праграма «Капітал мясціны» адбудзецца ў навукова-вытворчым аб'яданні «Пасат». Яе ўдзельнікі абмяркуюць распрацоўку і прасоўванне нацыянальных і рэгіянальных брэндаў.

З кожным годам у Салігорску становіцца больш спартыўных аб'ектаў. Летась у горадзе з'явілася лыжаролерная траса. У пачатку 2021 года на спартыўнай карце горада з'явіўся тэнісны манеж, які стаў важнай часткай адноўленага спарткомплексу «Шахцёр». Дарэчы, комплекс «Шахцёр» — спартыўная славутасць горада. А ў пачатку ліпеня 2021-га ў Салігорску былі ўрачыста адкрытыя скейт-парк і ролер-трэк. У гонар іх адкрыцця ў горадзе ўпершыню прайшлі буйныя міжнародныя спаборніцтвы. Таму праводзіць тут свята, прысвечанае 30-годдзю Нацыянальнага алімпійскага камітэта, — вельмі сімвалічна.

Галоўная частка фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу» — спартыўны квэст — пройдзе ў самым сэрцы горада, на Цэнтральнай плошчы. Кожны жадаючы зможа праверыць свае сілы ў розных відах спорту і атрымаць каштоўныя прызы. Квэст у Салігорску запланаваны адметны. Пакуль беларускія спартсмены будуць змагацца на самых галоўных спаборніцтвах — Алімпійскіх гульнях у Токіа, свой першы крок да алімпу ў Салігорску зробяць маладыя спартсмены. Магчыма, сярод іх апынуцца і будучыя алімпійцы. У Салігорска ёсць усе ўмовы, каб выхаваць моцных спартсменаў, у чым мы зможам пераканацца ўжо ў выхадныя.

На гэтым спартыўна-масавае мерапрыемства «Вытокі. Крок да Алімпу» не заканчваецца. У канцы жніўня ў Мінску пройдуць грандыёзны фінал і падвядзенне вынікаў фестывалю. Як адзначалі арганізатары, людзі з гарадоў, дзе ўжо быў фестываль, просяць прывезці яго ў наступным годзе. Падтрымаць святочную эстафету жадаюць і іншыя гарады. Крок да Алімпу можа зрабіць кожны.

Валерыя СЦЯЦКО

Загаловак у газеце: Заключнае, але не апошняе свята

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.