Вы тут

«Звязда» завітала да сваіх адданых падпісчыкаў у клімавіцкую глыбінку


Сужэнцы Людміла і Аляксандр Галкоўскія з вёскі Судзілы Клімавіцкага раёна вядомыя ў Беларусі і суседняй Расіі як захавальнікі народных традыцый і абрадаў, знаўцы мясцовага фальклору, моцныя і руплівыя гаспадары. Сама назва вёскі прымушае іх быць прыкладам для астатніх. Гэта менавіта адсюль былы прэзідэнт Гавайскіх астравоў Мікалай Судзілоўскі. Калі будзеце на Клімаўшчыне, абавязкова завітайце да Аляксандра Галкоўскага. Ён такую экскурсію правядзе, што адразу ж улюбіцеся ў гэтыя мясціны! Для рэдакцыі газеты «Звязда» за гонар мець такога падпісчыка. Вось ужо 30 гадоў сям'я крочыць па жыцці з нашай газетай. Сяброўства з выданнем, дарэчы, пачалося вельмі банальна: сужэнцы дапамаглі раённаму аддзяленню пошты выканаць план па падпісцы «Звязды». А калі пазнаёміліся з выданнем бліжэй, зразумелі: гэта тое, што ім патрэбна. З тых часоў разам.


— Газета спадабалася за нестандартнасць, аператыўнасць, дакладнасць, — кажа Аляксандр Мікалаевіч. — Мы з яе першыя даведваліся, дзе якія цэны, што калі падаражэе, з задавальненнем чыталі вядомага Івана Крука і іншых этнографаў, з цікавасцю
адсочвалі розныя конкурсы, накшталт «Што б гэта значыла?», з захапленнем вывучалі рубрыку Валянціны Доўнар «Алё, народ на провадзе», гумарэскі, захапляліся фотаздымкамі кшталту «Наўмысна не прыдумаеш», якія прысылалі чытачы. Цяпер «Звязда» стала больш афіцыйная, але мы ўсё роўна ёй не здраджваем, з рэспубліканскіх газет у першую чаргу чытаем яе. І іншым раім. Вунь суседка таксама стала выпісваць «Звязду».

Чую, як на заднім плане жонка Галкоўскага, Людміла Аляксандраўна, спрытна пералічвае рубрыкі і аўтараў «Звязды» пайменна — Анатоль Кляшчук, Валянціна Доўнар, Алена Ляўковіч, Сяргей Куркач, Вераніка Канюта... Адчуваецца: наш чалавек.

— «Звязда» — мая любімая, — усміхаецца Людміла. — І мова беларуская для мяне родная. Я нарадзілася ў Капыльскім раёне, а там больш беларускую шанавалі. Рэгулярна правяраю свой слоўнікавы запас з дапамогай «звяздоўскіх» крыжаванак. І рэдка калі якое слова не ведаю.

Паштальён прыходзіць са свежай прэсай якраз да абеду. Пакуль суп разліваецца па талерках, сям'я праглядае газеты і часопісы. Акрамя «Звязды» там яшчэ цэлы стос выданняў, але і Аляксандр, і Людміла па звычцы пачынаюць знаёмства з навінамі з «роднай газеты на роднай мове». Людміла прызнаецца, што і сама шмат пра што з судзілаўскага жыцця хацела б напісаць Валянціне Доўнар, нават асобны сшытак для гэтага завяла. Але ўжо і не ведае, куды той дзеўся. Шмат часу адымае гаспадарка. Яна ў Галкоўскіх не проста вялікая — велізарная.

У іх тры каровы, чацвёра цялят, падцёлак, кабыла, свінні, авечкі, куры, гусі, пчолы. Адпаведна, і кармоў трэба нарыхтаваць шмат. Лета непрыкметна ляціць за работай на пашы і градках. Дзеці, унукі, праўнукі — усе дапамагаюць. Праўнукаў у сям'і чацвёра, узрост — ад пяці да 13. Яны яшчэ малыя, але ўжо дапамагаюць дзеду. Ён садзіць памочніка на каня, а сам кіруе плугам. «Гэта мае дэсантнікі, — смяецца ён. — Крыху лянуюцца, але я іх заахвочваю. За дапамогу даю грошы на марожанае. Яны тады едуць па яго ў бліжэйшую «Родню», да якой кіламетры чатыры. Для іх гэта цэлае падарожжа».

Гаспадар радуецца таму, што, гледзячы на яго, і іншыя людзі заводзяць гаспадарку.

— Сёлета ў нас у Судзілах адзін малады мужчына трох кароў узяў. Калі пазнаёміліся з ім бліжэй, аказалася далёкая радня. Яго бабуля, мая цётка, дагэтуль кароў доіць.

Справы на жаночыя і мужчынскія ў сям'і не дзеляць. Людміла кажа, што яна, напрыклад, толькі касіць і араць не ўмее. Бульбу матычаць усе разам — і мужчыны, і жанчыны, кароў даіць таксама муж дапамагае. Людміле адной з трыма цялушкамі не справіцца. А калі дзеці вучыцца пайшлі, рагуль наогул было шэсць. Трэба ж неяк было сыноў і дачку на ногі падымаць...

Летам гаспадары ўстаюць а палове чацвёртай, бо а палове пятай ужо малаказборшчык пад'язджае. А спякота зусім яшчэ нядаўна была такая, што малако не паспявала да малаказавода даехаць — скісала па дарозе. Каб такога не адбывалася, прыходзілася ўставаць раней. А палове пятай жывёла Галкоўскіх ужо на пашы, бо а 9 раніцы так прыпячэ, што авадні і сляпні яе проста «з'ядуць». Некалькі гадоў таму, калі спякота была яшчэ больш непераносная, кароў у поле выпускалі толькі ў восем гадзін вечара. Але пасвіць раніцай больш прадукцыйна. Кароў адправілі і... хто сказаў: спаць? — на градкі! У пяць гадзін раніцы там, праўда, камары і мошкі спакою не даюць. Але ад іх лягчэй выратавацца, чым ад спякоты.

Зімой у Галкоўскіх пачынаецца другое жыццё. Аляксандр тчэ паясы, валёнкі валіць. Спецыяльна для гэтага трымае авечак. Успамінае, што карыснай справай прымусіла займацца жыццё. Калі пасля тэхнікума прыехаў у Іванаву Слабаду працаваць, зіма была халодная, цяжка прыходзілася без цёплых ботаў. Купіць жа дорага, добра, мясцовы ўмелец навучыў валёнкі рабіць. Гэта і сёння яго самая любімая справа. Яшчэ ён асвоіў прадзільную і ткацкую навуку. Жонка вяжа з тых самаробных нітак цёплыя рэчы.

Ну а пра калекцыю народных строяў Аляксандра і Людмілы Галкоўскіх толькі лянівы не ведае. І яна пастаянна папаўняецца.

— Шмат чаго ёсць ад продкаў, трэба было б музей зрабіць, але рукі ніяк не даходзяць, — уздыхае Людміла. — Тканае, вышыванае ад бацькоў захоўваем, людзі, якія з'язджаюць з вёскі, нам таксама сваё дабро аддаюць. Калі Дашка нарадзілася, шмат пакрывал, іх тады яшчэ капамі называлі, падарылі. Аляксандр іх — пад паху і пайшоў мяняць то на фартух, то на сукенку, то на кашулю. Сёння ў нас вельмі вялікая калекцыя. Калі ў Судзілах была школа, мы дзяцей адзявалі ў гэтыя народныя строі, і яны ездзілі выступаць.

Прыказкі і прымаўкі ў вуснах Галкоўскіх — справа звыклая. Абое ведаюць шмат легендаў і паданняў. Нядаўна Аляксандр вучыў унучку рабіць пацеркі з белых гарлачыкаў. І легенду мясцовую пры гэтым расказаў. Раней лічылася, што калі хлопец дзяўчыне падорыць такія каралі, яна яго нявеста.
У Судзілах дагэтуль існуюць некаторыя старадаўнія абрады. Напрыклад, хрэсны ход на Радаўніцу.

— Купалле таксама па-іншаму раней адзначалі, — кажа Аляксандр. — І вогнішчы пры гэтым не палілі. Купаліся, кветку-папараць шукалі. Тады наогул з лесу не вылазілі. Ляжым у купальскую ноч проста на імху, байкі баем, цікава. Дзеўкі купаліся ў кашулях, асобна ад хлопцаў, бо баяліся, што замуж не паклічуць або змей скрадзе. Народныя святы мы ўсе шануем. І куццю варым, і залоску
4 снежня робім — кашу з круп і ўсяго таго, што расце ў агародзе.

А яшчэ Людміла прытрымліваецца такой традыцыі — на Дзмітрыеўскую суботу пячэ перапечкі з тварагу. «Раней статак кароў у вёсцы быў вялікі, яго гналі па нашай вуліцы, і я ў Дзмітрыеўскую суботу заўсёды частавала пастуха перапечкай і мёдам», — успамінае жанчына.

Дачка Дар'я дапамагае захоўваць народную спадчыну і парадкаваць тыя багацці, якія назапасілі бацькі. Зрабіла апісанне калекцыі рушнікоў Аляксандра Галкоўскага, а калі працавала бібліятэкарам, сама збірала па раёне розныя прымаўкі, прыказкі, цікавілася, дзе які ўзгорачак або лог, фіксавала паходжанне назваў.

Людміла Галкоўская здзівіла тым, што цалкам не прызнае святы для шматлікіх гаспадынь месячны каляндар.

— Наша старажылка баба Шура казала: не глядзі ні месіка, ні круга, не будзеш пазычаць у друга (менавіта друга, а не сябра), — дзеліцца мясцовай мудрасцю жанчына. — Я гэта на сабе адчула. Адна знаёмая неяк параіла не квасіць капусту, бо быў не той дзень. Я яе паслухалася і зрабіла па календары. Капуста перабрадзіла. А калі «не гляджу ні месіка, ні круга» — капуста квашаная на славу атрымліваецца. А вось яшчэ парада з асабістага вопыту. Для ўсіх культур патрэбныя гной, матыка, і жукоў на бульбе своечасова знішчаць — тады будзе ўраджай. Цыбулю сеем там, дзе няма свежага гною. Калі шмат гною, і морква гніе.

У «Звязды» ёсць нагода павіншаваць адданых чытачоў з надыходзячым рубінавым вяселлем. 8 жніўня спаўняецца 40 гадоў з таго моманту, калі сужэнцы пачалі свой сумесны шлях.

— Я пасля Мінскага фінансава-эканамічнага тэхнікума працавала на Магілёўскім камбінаце шаўковых тканін на машыналічыльнай станцыі. А Аляксандр — пчаляром пасля тэхнікума ў Іванавай Слабадзе, там і Дашка нарадзілася. А потым сюды пераехалі. І вось 39 гадоў ужо ў Судзілах жывём і шчаслівыя разам.

На памяць ад «Звязды» мы пакінулі сужэнцам ілюстраваны альбом пра гісторыю нашага — аднаго з найстарэйшых у краіне — выдання. Спадзяёмся, што ў будучым музеі (ну павінен жа ён калісьці з'явіцца!) сям'і Галкоўскіх ён зойме дастойнае месца.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Дар'і Эверс

Загаловак у газеце: Шчаслівыя разам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?