Вы тут

Аповед старшыні сельскага Савета пра «папяровыя» перашкоды, якія замінаюць самастойна вырашаць на месцы пытанні, што ставяць у сваіх зваротах грамадзяне


Не так даўно адбылося выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі на тэму «Аб эфектыўнасці і выніках работы Мінскага райвыканкама, Мінскага раённага Савета дэпутатаў са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у 2020 годзе і за пяць месяцаў 2021 года». Падчас дыскусіі яе ўдзельнікі звярнулі ўвагу на выступленне старшыні Астрашыцка-Гарадоцкага сельсавета Андрэя Мацкевіча. Ён узняў шэраг злабадзённых пытанняў, якія ў той ці іншай ступені характэрныя для дзейнасці многіх органаў мясцовай улады ў краіне і патрабуюць больш хуткага вырашэння. Што прапанаваў старшыня?


Больш людзей — больш зваротаў

Але спачатку некалькі слоў пра асаблівасці сельсавета. На яго сайце прыведзены вось такія радкі: «Непадалёку ад Мінска, па дарозе на Лагойск, на беразе невялікай лясной рачулкі Усяжы раскінулася маляўнічае мястэчка — Астрашыцкі Гарадок». І не дзіўна, што назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя росту насельніцтва сельсавета, які размясціўся на тэрыторыі плошчай больш за 10 тысяч гектараў. Толькі з 2014 года колькасць жыхароў яго 16 населеных пунктаў павялічылася на дзве тысячы чалавек.

Вабяць іх сюды не толькі цудоўныя краявіды. Зразумела, гэта і блізкасць сталіцы — асноўны фактар росту. Адсюль і будаўнічы бум, па мерках не толькі сельсавета, але і раёна. Штогод на тэрыторыі сельсавета здаецца ў эксплуатацыю больш за 15 тысяч «квадратаў» толькі індывідуальнага жылля. А яшчэ ўзводзяцца і шматкватэрныя дамы.

Больш людзей — значыць больш зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб у сельсавет, іншыя інстанцыі. І ўсе гэтыя скаргі, пісьмы за рэдкім выключэннем не застаюцца па-за ўвагай Андрэя Мацкевіча. Паводле яго звестак, летась за пяць месяцаў паступіла 176 зваротаў грамадзян, што больш, чым у 2019 годзе — 143 %. Гэты скачок старшыня сельсавета звязвае з ростам колькасці насельніцтва, а таксама з пашырэннем будаўніцтва як індывідуальнага, так і шматкватэрнага жылля. Усяго на тэрыторыі сельсавета сёння пражывае больш за 7,5 тысячы чалавек.

Што ж непакоіць старых і новых жыхароў? Вось класіфікацыя зваротаў грамадзян па версіі Андрэя Мацкевіча. На першым месцы — пытанні добраўпарадкавання — 24 %, затым ідуць будаўніцтва і ўтрыманне дарог — 21 %, далей — землеўпарадкаванне — 20 %, вулічнае асвятленне (11 %), індывідуальнае будаўніцтва (10 %), ЖКГ (5 %).

Самае вострае пытанне — стварэнне інжынерна-транспартнай інфраструктуры населеных пунктаў, асабліва ў месцах масавай індывідуальнай забудовы. Возьмем будаўніцтва і ўтрыманне дарог. Згодна з айчынным заканадаўствам, пад іх будаўніцтва неабходная адпаведная дакументацыя. Але гэта толькі палова справы. Хоць, напрыклад, праект дарогі ў вёсцы Будзёнава каштаваў велізарных грошай у маштабах сельскага Савета — каля чатырох мільёнаў рублёў. Праект сапраўды выдатны: з цвёрдым пакрыццём, тратуарнымі дарожкамі і г. д. Аднак пачатак будаўніцтва зацягваецца: пакуль няма сродкаў. А тым часам людзі пішуць, патрабуюць новую дарогу, кажа Андрэй Мацкевіч.

Загадзя здымаць пытанні

Адзін са шляхоў вырашэння мясцовых праблем кіраўнік мясцовай улады бачыць у выкарыстанні прынцыпу прыватна-дзяржаўнага партнёрства. Гэта калі жыхары вуліцы і мясцовая ўлада разам бяруцца за вырашэнне канкрэтнай надзённай праблемы, у дадзеным выпадку — дарожнай. Грамадзяне сваімі сіламі падрыхтоўваюць палатно дарогі: здымаюць урадлівы пласт зямлі, насыпаюць пясчана-гравійную сумесь, а ўлада забяспечвае асфальтаванне гэтага падрыхтаванага ўчастка. Такі падыход даў бы магчымасць істотна знізіць кошт праекта, нагрузку на бюджэт і задаволіць попыт людзей на нармальныя дарогі.

Але такое канструктыўнае ўзаемадзеянне не прапісана ў заканадаўстве.

Яшчэ адна вострая праблема — энергазабеспячэнне. На тэрыторыі сельсавета прадугледжваецца рост будаўніцтва так званых электрадамоў. Але для гэтага неабходна правесці мадэрнізацыю знешніх электрычных сетак у населеных пунктах, што таксама запатрабуе значных фінансавых і арганізацыйных выдаткаў. Бо існуючыя ў старых вёсках электралініі маральна і фізічна ўстарэлі, яны слабыя для сучаснага забеспячэння электрадамоў энергіяй.

— Людзі, новыя нашы жыхары, кажуць мне: мы гатовыя фінансава паўдзельнічаць у стварэнні новай электралініі, набыцці абсталявання, напрыклад, трансфарматарнай падстанцыі і г. д. Аднак зноў узнікае праблема: фізічнай асобе або групе асоб не прадугледжана выдача тэхнічных умоў. Хоць з падвядзеннем прыроднага газу ў дом звычайнага жыхара, ці так званай фізічнай асобы, нескладана атрымаць тэхнічныя ўмовы. А на электрыку нельга. Толькі юрыдычным асобам. Чаму? Пра гэта часта пытаюцца ў сваіх пісьмовых і вусных зваротах нашы жыхары, — заўважае Андрэй Мацкевіч.

Паводле яго слоў, у населеных пунктах сельсавета ўсё больш здаецца ў эксплуатацыю новых жылых электрадамоў.
І людзі гатовыя ўкласці свае сродкі ў падрыхтоўку ўмоў для іх ацяплення электраэнергіяй, але не могуць з-за недасканаласці заканадаўства. Яго трэба дапрацаваць у адпаведнасці з умовамі часу. І зваротаў грамадзян на дадзеную тэму дастаткова, лічыць старшыня.

Зямельныя клопаты

На думку Андрэя Мацкевіча, таксама неабходна ўнесці ўдакладненні ў правілы выдзялення зямельных участкаў насельніцтву, якія сёння выдзяляюцца па заяўляльным прынцыпе: дастаткова напісаць заяву ў сельскі Савет. Як выказаўся старшыня, у прыгараднай зоне людзі бяруць участкі хутчэй для эстэтыкі, чым для гаспадарання. Вярнуць потым зарослую пустазеллем зямлю ў распараджэнне сельсавета вельмі складана, паколькі гэты працэс таксама выразна не прапісаны ў заканадаўстве.

— Таму мы ў Астрашыцкагарадоцкім сельскім Савеце зямельны ўчастак пад агародніцтва спачатку выдзяляем на адзін год, назіраем за тым, як ён выкарыстоўваецца, а потым ужо выдзяляем чалавеку канчаткова. Лічу такі падыход рацыянальным, беражлівым і гаспадарлівым. Адсюль прапанова: такі падыход замацаваць у афіцыйных дакументах.

Па словах старшыні, зямельныя клопаты — гэта яшчэ і пастаянныя турботы па ўборцы, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый населеных пунктаў. І ў дадзенай справе ёсць пэўныя непаразуменні.
У пастанове № 16 Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі вызначаны пералік работ, якія сельсаветы могуць самастойна ажыццяўляць за бюджэтныя сродкі.

— Мы сябе паставілі ў рамкі гэтага дакумента і аказалася, што наш сельскі Савет дэпутатаў можа высаджваць саджанцы кустоў, але не мае права высаджваць дрэвы. Сказана, што можам адрамантаваць, пафарбаваць плот, але нельга, напрыклад, паставіць лаўку для пенсіянераў. Дарэчы, людзі нярэдка просяць нас паставіць новую лаўку, а я ім адмаўляю, спасылаюся на пастанову міністэрства. Уражанне, што не ўсе нашы жыхары вераць у тое, што ўстаноўка звычайнай лавы ў вёсцы рэгламентуецца міністэрскай пастановай, —
гаворыць Андрэй Мацкевіч.

Узнікае зноў далёка не новае пытанне: чаму б не даць мясцовым Саветам больш магчымасцяў вырашаць такія дробныя праблемы, у дадзеным выпадку, пытанні добраўпарадкавання тэрыторый вёсак і пасёлкаў? Ці вынесці нейкае пытанне, скажам, па пад'язной дарозе, на сумесны разгляд сельскага Савета і будаўнічай арганізацыі. Такое канструктыўнае ўзаемадзеянне рэальнае, бо прыватна-дзяржаўнае партнёрства якраз і накіравана на супрацоўніцтва дзяржаўнага і прыватнага сектараў з мэтай эканамічна больш эфектыўнага вырашэння грамадскіх задач.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Загаловак у газеце: Можна высаджваць кусты, але дрэвы — нельга

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.