Вы тут

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?


Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую. «Што ж, — скажаце вы, — чалавеку пашанцавала». Быццам бы ўсё добра складвалася, грошы для даплаты за большае жыллё ўдала зарабілі, аднак «усплыў» адзін маленькі момант, — сяброўка мая два гады таму ўжо прадавала сваю аднапакаёвую кватэру, пасля чаго купляла двухпакаёвую. Вось тут і высветлілася, што ад продажу двухпакаёўкі (другога за пяць гадоў жылля) неабходна плаціць падатак, і — у нашай гісторыі — досыць добры. «Чаму?» — здзіўляецца мая знаёмая, бо і ў першым, і ў другім выпадку са здзелкамі ніякага рэальнага даходу яна не атрымлівае, таму што прадаецца кватэра за меншую суму, а новая купляецца за большую. Жанчына яшчэ дадае свае жывыя грошы...


Фота: pixabay.com

Эксперты падатковай інспекцыі горада Мінска растлумачылі нам, што даход ад падобнай здзелкі з нерухомасцю разглядаецца па-іншаму. Параўноўваецца сума ў беларускіх рублях, за якую вы купілі кватэру, з сумай, за якую вы прадалі жыллё — і з гэтай сумы будзе вылічвацца падатак. Прадажная цана, як правіла, значна вышэйшая за пакупную, таму што з часам на яе ўплывае інфляцыя (змяняецца курс долара). А цяпер пра ўсё па парадку.

Узніклі пытанні? Ідзіце да інспектара

Перад здзяйсненнем здзелак з нерухомасцю прэс-служба дадзенага ведамства рэкамендуе звяртацца ў падатковую інспекцыю. Там нагадаюць, што продаж нерухомасці ў Беларусі абкладаецца падаходным падаткам з фізічных асоб. Стаўка фіксаваная і роўная 13 %. Падаходны падатак спаганяецца толькі з даходу, атрыманага ад здзелкі. Адзін раз на 5 гадоў (у тым ліку шляхам продажу, абмену, рэнты) падатковыя рэзідэнты краіны могуць прадаць без выплаты падаходнага падатку:

  •  жылы дом;
  • кватэру;
  • лецішча;
  • садовы домік;
  • гараж;
  • машына-месца;
  • зямельны ўчастак;
  • недабудаваны дом або дачу.

Калі вы здзейснілі другі продаж аб'екта нерухомасці на працягу пяці гадоў, то становіцеся плацельшчыкам маёмаснага падаходнага падатку аўтаматычна. Акрамя таго, падаткам абкладаецца продаж нежылых памяшканняў, якія належаць фізічным асобам на правах уласнасці. Гэта офісы, адміністрацыйныя і гандлёвыя памяшканні. У такім разе, нават з першага продажу падобных аб'ектаў нерухомасці прыйдзецца заплаціць падаходны падатак.

Асаблівы парадак выплаты маёмаснага падатку існуе, калі вы з'яўляецеся замежным грамадзянінам і падатковым нерэзідэнтам Беларусі, гэта значыць, правялі на тэрыторыі нашай краіны менш за 183 дні ў бягучым каляндарным годзе. Тады да здзяйснення здзелкі ў падатковым органе па месцы знаходжання нерухомасці неабходна атрымаць дакументы, якія пацвярджаюць адсутнасць запазычанасцяў перад бюджэтам. Для засведчання здзелкі патрабуецца даць такі дакумент, інакш яе будзе немагчыма правесці.

І яшчэ. З 9 ліпеня ажыццяўляецца рэгістрацыя валютных дагавораў. Валютны дагавор падлягае рэгістрацыі, напрыклад, пры продажы кватэры або дома, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, нерэзідэнту. Гэта значыць, калі ў вас захоча купіць нерухомасць расіянін і сума здзелкі перавысіць устаноўленую мяжу, трэба будзе зарэгістраваць дагавор. Беларусу, які набудзе ў Расіі, ва Украіне ці іншай дзяржаве ў нерэзідэнта нашай краіны нерухомасць і сума здзелкі перавысіць мяжу па суме, таксама прыйдзецца зарэгістраваць дагавор. Другая ўмова — рэгістраваць валютны дагавор трэба, калі сума па дагаворы перавышае 2000 базавых велічынь для фізічных асоб: цяпер гэта 58 тысяч рублёў. Рэгістраваць дагаворы трэба таксама ў тых выпадках, калі сума ў дагаворы не вызначана.

Якая сума падатку і калі плаціць?

Усё вельмі проста — падатак бярэцца выключна з даходу. Напрыклад, калі вы купілі кватэру за 60 тысяч долараў у эквіваленце, а прадалі за 70 тысяч у эквіваленце, то падаткам будуць абкладацца 10 тысяч долараў. Падаходны падатак складзе 13 % ад прыведзенай сумы, гэта значыць да аплаты — 1300 долараў выключна ў беларускіх рублях.

Вось тут бываюць выпадкі, калі сумы падаткаў проста зашкальваюць. Сітуацыя наступная. Калі куплялі кватэру, вас, напрыклад, угаварылі напісаць у дагаворы мінімальную суму, а на самай справе вы заплацілі значна больш. І атрымалася так, што, паводле папер, вы купілі за 30 тысяч, а прадалі за тыя ж 70 тысяч долараў. У дадзеным выпадку падатак трэба плаціць ужо з 40 тысяч долараў. А гэта сапраўды адчувальна.

Сустракаюцца выпадкі, калі людзі прапісваюць у дагаворы куплі-продажу заніжаную цану, каб знізіць падатак ці ўвогуле яго не плаціць. А гэта ўжо цягне за сабой адказнасць за ўхіленне ад выплаты падаткаў. Пакаранне прадугледжана артыкулам 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці. Гэта так, дарэчы.

Выніковую дэкларацыю за мінулы год у падатковы орган трэба падаваць не пазней за 31 сакавіка ўключна. Расплаціцца трэба да 1 чэрвеня года, наступнага за справаздачным. Паведамленне фізічнай асобе або яе прадстаўніку павінны ўручыць не пазней за 30 красавіка.

Інакш кажучы, калі ў 2021 годзе вы прадалі другую кватэру на працягу пяці гадоў, то падатковую дэкларацыю вы абавязаныя падаць да 31 сакавіка 2022 года. Пры наяўнасці даходу ад продажу, аплаціць падаходны падатак з даходу неабходна не пазней за 1 чэрвеня 2022 года. Калі пасля продажу кватэры вы не атрымалі даходу, то ўсё роўна неабходна прад'явіць дэкларацыю ў падатковы орган ва ўстаноўлены тэрмін.

Калі можна не плаціць падатак?

Гэта найбольш прыемнае пытанне для нашых чытачоў. Калі на працягу пяці гадоў вы прадалі адну кватэру, атрыманую ў спадчыну, і адну кватэру, якую набылі самастойна, то ад выплаты падаходнага падатку з продажу апошняй вы будзеце вызваленыя. З продажу першай таксама падатак не прадугледжаны. Калі адзін з прадаваных аб'ектаў нерухомасці быў атрыманы ў спадчыну, то другім продажам на працягу пяці гадоў ён не лічыцца.

Калі ж на працягу пяці гадоў прадаюцца дом і кватэра, то продаж другога аб'екта нерухомасці не будзе абкладацца падаткам. У дадзеным выпадку дом і кватэра не з'яўляюцца аднароднымі аб'ектамі. Як дом і гараж, або, напрыклад, дача і зямельны ўчастак пад будаўніцтва жылога дома.

Мая знаёмая, якая з'яўляецца і падпісчыцай газеты, цікавіцца, ці маглі падатковыя органы даць ёй палёгку па гэтым падаходным падатку, у сувязі з тым што ў яе пад апекай непаўналетняе дзіця і старэнькая мама? Тут парадаваць яе няма чым: маёмаснае падаткаабкладанне не прадугледжвае ўвядзення нейкіх персанальных сацыяльных ільгот.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.