Вы тут

Фалькларыст Іван Насовіч ператварыў сваю старасць у творчую маладосць


На жаль, дзейнасць Івана Насовіча належным чынам не ўшанавана. А ён варты помніка! Адзін з заснавальнікаў беларускай этнаграфіі, фалькларыстыкі, лексікалогіі, лексікаграфіі, гістарыяграфіі, складальнік унікальнага слоўніка беларускай мовы. Сапраўдны волат нацыянальнага адраджэння! Ён быў з кагорты падзвіжнікаў, апантаны ідэяй сабраць і паказаць творчае багацце свайго народа. У сталым узросце, калі іншыя ціха і спакойна дажываюць свой век, Іван Насовіч прысвяціў сябе вывучэнню Беларусі, яе этнаграфіі і фальклёра. Ён быў першы, хто так сур’ёзна і маштабна заняўся падобнай дзейнасцю. А па вялікім рахунку, Іван Насовіч годна працягваў традыцыі вялікіх беларускіх асветнікаў, якія заклалі Кірыл Тураўскі, Францыск Скарына, Пётр Мсціславец, Спірыдон Собаль. Самой сваёй дзейнасцю ён даводзіў факт існавання беларусаў, як народа з багатай духоўнай культурай і сваёй багатай мовай, што ў тагачасных варунках культурнага і сацыяльнага прыгнёту беларусаў царызмам, нават адмаўленне іх, як народа, выглядае, як барацьба за яго права быць народам.


А мог ці іначай Іван Насовіч? Мог, але вось не змог. Ён быў з гэтага народа, жыў сярод яго, любіў яго, быў часцінкай яго. Паходзіў Іван Насовіч з праваслаўнай, святарскай дынастыі: і прадзед, і дзед, і бацька служылі святарамі. Бацька, Іван Насовіч, пасля вучобы ў Магілёўскай семінарыі стаў дз’якам, замест свайго памерлага бацькі ў вёсцы Градзівец Быхаўскага павета Магілёўскай губерні. Тут 25 ліпеня 1788 года і нарадзіўся будучы навуковец. Іван і яго старэйшы на год брат Максім мусілі працягваць святарскую традыцыю Насовічаў, і бацька ўжо ў раннім узросце рыхтаваў іх да святарскай дзейнасці, навучаў грамаце і лацінскай мове. У 1798-м годзе Іван з Максімам паступілі ў Магілёўскую духоўную семінарыю. На іх бяду, бацька атрымаў прызначэнне аж у Чарнігаўскі павет. Занятаму пераездам і абжываннем на новым месцы, яму не даставала часу і сродкаў на сыноў. А яны, бедалагі, апынуліся ў волі лёсу, які не вельмі спрыяў ім. Браты вялі палугалоднае жыццё, і каб неяк выжыць, прасілі міласціну, спяваючы псалмы, вывучаныя ад бацькі. 

Падобныя выпрабаванні гартуюць характар. Прыродная ўпартасць перамагала нястачы. У вучобе Іван знаходзіў адхланне. Асабліва добра даваліся яму мовы. Апроч грэчаскай і французскай, Насовіч вывучыў лацінскую і царкоўнаславянскую мовы. Цяга да моў (да каларыту слова) не пройдзе з гадамі (пазней ён самастойна асвоіць старажытнаяўрэйскую і польскую), і ўрэшце рэшт выльецца ў захапленне сваёй роднай мовай.

Лёс настаўніка павёў Івана Насовіча па беларускіх гарадах. Ён выкладаў у духоўных вучэльнях у Воршы, Мсціслаўлі, Дынабургу, Маладзечне, Свянцянах. Адзін час быў рэктарам Магілёўскай духоўнай семінарыі. За добрасумленную працу ўзнагароджаны ордэнам Станіслава ІІІ ступені. Здавалася, усё складвалася добра: любімая праца, сям’я, павага ў грамадстве — звычайны лёс тагачаснага чыноўніка, які даволі ўдала ўпісаўся ў дзяржаўную сістэму. Толькі сістэма не толькі спрыяе, але і губіць. У дадзеным выпадку, нішчыла талент даследчыка Насовіча, адымала ў яго сілы і час на іншае, на неістотнае. Нечаканая адстаўка ў 1844 годзе рэзка змяніла жыццё Івана Насовіча. Цяпер ён быў вольным і мог заняцца чым заўгодна, а даволі значная пенсія дазваляла нарэшце пажыць у сваё задавальненне. 

Насовіч селіцца ва Мсціславе, дзе раней жыў з 1814 па 1828 год, дзе правёў свае маладыя гады, дзе сустрэў каханне і стварыў сям’ю. Гэта было вяртанне не толькі ў шчасную маладосць, але і да мар паслужыць свайму народу. «Нехта ўжо канчае, я толькі пачаў. І я буду ісці па гэтай дарозе, паколькі хопіць сілы. У мяне ўрэшце развязалі рукі, і мяне чакае мой народ, і я павінен зрабіць для яго ўсё, і не маю права ўпасці, пакуль ён чакае маёй дапамогі, і пакуль у мяне ёсць сілы служыць яму». Якія годныя словы!

Такі-сякі набытак Насовіч меў, бо збіраў народныя прымаўкі і прыказкі, запісваў трапныя выслоўі. Аднак гэтага было мала, патрабавалася доўгая і руплівая праца па зборы фальклёра. «Для паспяховага выканання гэтай справы бацька мой не шкадаваў ніякіх сродкаў, ездзіў у розныя беларускія мясцовасці, якія цікавілі яго, — успамінаў сын Насовіча Васіль. — З маленства жывучы сярод вясковага люду, добра ведаў як гаворку беларусаў, так і мноства іх песень, прыказак, прымавак і г. д. Ён ведаў і шанаваў іх звычаі... Памятаю яшчэ, што ён толькі пачаў збіраць матэрыялы для слоўніка, то заўсёды насіў пры сябе сшытак, куды зараз жа заносіў кожнае новае для яго слова, якое траплялася яму ў гутарцы з простым чалавекам, кожную цікавую песню, прыказку і г. д.». Для папаўнення сваіх збораў даследчык аб’ехаў Магілёўскую, Мінскую і Гарадзенскую губерні. Безумоўна, што наведваў ён і беларускую Смаленшчыну. Словам, аб’ехаў амаль усе землі, дзе гучала беларуская мова. Ахвотна запрашаў да сябе ў госці сялян, каб і пагутарыць, і паслухаць народныя спевы, якія ён любіў і сам спяваў. Адгукалася яшчэ юнацкае захапленне паэзіяй, калі сачыняў вершы, спрабаваў і на «мужыцкай» мове.

Першыя працы Насовіча (беларускі слоўнічак, зборнік прыказак, філалагічныя зацемкі аб беларускай мове) высока ацаніў слынны акадэмік Ізраіль Сразнеўскі: «Працы І.Насовіча, — пісаў ён, — заслухоўваюць пільнай ўвагі, а ўменне п. Насовіча ўзяцца за справу, уменне, якое падмацоўваецца тут магчымасцю рабіць і правяраць назіранні на месцы, яшчэ больш выклікае да яго павагу... Зборнік прыказак выдатны не толькі па велічыні, але і па ўнутранай каштоўнасці». Гэтыя добрыя словы знакамітага навукоўцы-славіста надавалі сіл і ахвоты і сведчылі аб правільнасці выбранага шляху. Насовіч супрацоўнічае з Аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Акадэміі навук, друкуе на старонках яго выдання свае даследаванні і зборнікі беларускага фальклёра. Увогуле, ён не цураўся ніякай даручанай яму працы. Для яго нішто не было другасным, будзь гэта зборнік прыказак ці гістарычны слоўнік, які ён складаў па Актах Заходняй Расіі ажно пяць гадоў. Усё было важна і патрэбна!

З дзівоснай працаздольнасцю і апантанасцю Насовіч адкрываў свету Беларусь, яе фальклёрнае багацце, якое сваімі глыбіннымі каранямі сягала ў славянскую мінуўшчыну. З 1860 па 1870 год ён жыве ў Пецярбургу, дзе яму было больш прыдатна кантактаваць з навукоўцамі. У гэты час ішла рэдактура яго галоўнай працы «Словарь Белорусского наречия». Складанню слоўніка Насовіч аддаў 16 гадоў нястомнай працы, а рэдактура заняла ажно 7 гадоў! Больш за 30 тысяч слоў, якія суправаджаюцца тлумачэннем, прыкладамі выкарыстання, прыводзяцца прымаўкі, прыказкі, народныя выразы, урыўкі з песень... Слова прамаўляла! Яно было жывое! Унікальны слоўнік і адначасова своеасаблівы даведнік аб беларусах, іх побыце, звычаях, фальклёры. Адна з вялікіх кніг, створаных народам! Невыпадкова, што Максім Горкі ў 1910 годзе прасіў рэдакцыю «Нашай Нівы» прыслаць яму «Слоўнік Насовіча». У 1870 годзе «Слоўнік» за кошт Акадэміі выйшаў у Пецярбургу і быў высока ацэнены як «помнік, які можа служыць найлепшым упрыгожаннем рускай вучонай літаратуры». Акадэмія навук прысудзіла Насовічу Увараўскую прэмію. Трэба адзначыць, што яго навуковыя працы годна адзначаліся. Гэтак за зборнік беларускіх прыказак (болей за тры тысячы) Рускае геаграфічнае Таварыства ўзнагародзіла Насовіча залатым медалём і выбрала сваім членам-супрацоўнікам. Атрымліваў ён і Дзямідаўскую прэмію. Вось толькі ўлады ніяк не ўзнагародзілі гэтага руплівага працаўніка. Як жартаваў сам Насовіч, замест крыжа на грудзі дачакаецца магільнага крыжа. Але ўжо і ў паважаным узросце, амаль сляпы, гэты дзіўны стары збірае фальклёр, піша артыкулы, перакладае з лацінскай мовы гісторыю Літвы і Польшчы А.Тэйнера, заканчвае аб’ёмныя «Успаміны майго жыцця», друкуе ўнікальны зборнік «Беларускія песні» (1873 г.) з 450 тэкстамі песень і грунтоўнай прадмовай.

Час можна згубіць, можна дарэмна змарнаваць ці бязмэтна пражыць, а вось Іван Насовіч ператварыў сваю старасць у творчую маладосць. Як высвятляецца, жаданне рабіць патрэбнае людзям, ахвярнасць — гэта тое прызванне, што прыносіць чалавеку шчаснасць!

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».