Вы тут

Джумагельды Мулкіеў: Васіль Быкаў для пісьменнікаў постсавецкай прасторы застаецца настаўнікам праўды...


Апавяданні Джумагельды МУЛКІЕВА, туркменскага празаіка, паэта і перакладчыка, супрацоўніка часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура») у апошнія гады ў перакладзе на беларускую мову друкаваліся на старонках газеты «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Маладосць», у альманаху «Далягляды». Па ацэнках саміх туркменскіх калег-літаратараў, па меркаваннях туркменскіх чытачоў Джумагельды Мулкіеў — адзін з самых цікавых сучасных празаікаў Каракумскага края. Выпускнік Літаратурнага інстытута імя М. Горкага, ён пагадзіўся адказаць на некаторыя пытанні для беларускіх медыя. 


— Джумагельды, з чаго пачалося ваша асабістае знаёмства з беларускай літаратурай?

— Маё свядомае знаёмства з беларускай літаратурай пачалося з восені 1983 года. Тады я вучыўся на першым курсе маскоўскага Літаратурнага інстытута. І ў мяне быў аднакурснік з Беларусі — Валодзя Сотнікаў. Аднойчы мы на творчым семінары абмяркоўвалі яго апавяданне пад назваю «Пажар». З гэтага апавядання і пачалося маё падарожжа ў чароўны свет беларускай літаратуры. Валодзя Сотнікаў, калі не памыляюся, пасля першага курса па сямейных абставінах перавёўся ў Мінск, у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт...

— Чыталі вы першыя кнігі беларускіх аўтараў на туркменскай ці рускай мовах? Бо ў розныя дзесяцігоддзі, канешне ж, да развала Савецкага Саюза, у Туркменістане на туркменскай мове былі выдадзены кнігі Якуба Коласа, Янкі Купалы, Петруся Броўкі, Вячаслава Адамчыка, Петруся Броўкі, Валянціна Лукшы, Івана Чыгрынава...

— Ведаеце, гэта досыць цяжкае пытанне. Калі ж гэта было... Даўным-даўно, таму ў галаву ніякія прозвішчы, назвы твораў не прыходзяць. Але ведаю і зараз, што беларускую літаратуру з 1980-х гадоў не абыходзіў увагай. 

— Сэрца беларускай літаратуры, з’ява, мастацкая з’ява, якую, пэўна, паўтарыць немагчыма — Васіль Быкаў, яго творы пра Вялікую Айчынную вайну... Калі вы адкрылі для сябе яго творчасць? Якія ўрокі як пісьменнік вынеслі пасля знаёмства з яго кнігамі? 

— Творчасць вялікага беларускага пісьменніка Васіля Быкава мы скрупулёзна вывучалі ў час вучобы ў Літінстытуце. Яго ваенная проза бы сапраўдны магніт прыцягвала нас да сябе. Васіль Быкаў з крамешнай цемры вайны, як муравей, які цягне на сваім гарбе зярняткі, па крупінках цягнуў праўду ў жыццё, да чытача. Праўду, якой так не ставала. І я з таго часу атрымаў галоўны прафесійны, галоўны пісьменніцкі ўрок — пісаць праўду. Я ў Быкава навучыўся пісаць толькі праўду, якой бы яна горкай і непрыемнай не была. Так, Васіль Быкаў для пісьменнікаў постсавецкай прасторы застаецца настаўнікам праўды...

— Для беларусаў доўгія пасляваенныя гады галоўнай тэмай у мастацкай прозе была вайна, Вялікая Айчынная вайна, чалавек на вайне... А які твор з туркменскай літаратуры, на ваш суб’ектыўны погляд, можна назваць найболей яскравым, дакладным адлюстраваннем ваеннай тэмы?

— Відаць, варта назваць у якасці прыкладу творчасць пісьменнікаў-франтавікоў Пена Рэджэпава, Ашыра Назарава, Сейітніяза Атаева. І, можа быць, — творчасць Атаджана Тагана таксама, але ўжо з другога ўхілу, як пісьменніка, які прыйшоў у літаратуру шмат пазней, які і зараз працуе ў літаратуры, нягледзячы на свой сталы, паважаны ўзрост.

— Як перакладчык вы судакрануліся з перакладам, пераўвасабленнем вершаў Уладзіміра Караткевіча на туркменскую мову. Ці будзеце яшчэ штосьці перакладаць з Караткевіча? Ці працягнеце знаёмства з яго творчасцю і далей?

— З творчасцю Уладзіміра Караткевіча я сур’ёзна пазнаёміўся зусім нядаўна. Для часопіса, дзе працую, пераклаў некалькі яго вершаў. Сярод іх (называю іх па пракладах на рускую, я ж перакладаў з рускай) — «Иней», «Я помню», «И прощай. Не нужно сожалений...», «Кипарисовые штучки», «Строка бесспорна, безупречна...» Што я адчуў пры перакладзе яго вершаў? Відаць, блізкасць паэта да прыроды... Да прыроды сваёй краіны...А з гэтай блізкасці нараджаецца і любоў...І ў маіх творчых планах — новыя звароты да перакладаў караткевічаўскай паэзіі.

Але ж ён і выдатны, геніяльны празаік. Проза Уладзіміра Караткевіча (асабліва, калі матэрыялам служыць беларуская гісторыя) прыцягвае чытача праз містыку, ці хутчэй, з дапамогай містыкі. Містыка хутчэй і лепей за нейкія іншыя прыёмы знаходзіць адчувальныя клеткі чалавека. Караткевіч ведаў гэта, выкарыстоўваў містыку як пісьменнік, зрабіў яе сваім памагатым. У гэтым ён вельмі падобны на Гогаля, Міхаіла Булгакава... Праз сваіх герояў Караткевіч адлюстроўвае, паказвае душу беларускага народа, у нечым падобную на душу майго туркменскага народа.

— Як вы лічыце, масаваму чытачу ўсё ж трэба адкрываць свет іншых нацыянальных літаратур? Вы ўдзельнічаеце ў працы над часопісам «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»). Наколькі вялікай папулярнасцю карыстаецца гэта выданне сярод звычайных чытачоў Туркменістана?

— Чалавецтва на Зямлі, хаця і існуюць моўныя перашкоды, гэта адно цэлае... І перакладчык разбурае бар’еры, набліжае людзей адзін да аднаго. Дакладней, перакладчык спрыяе гэтаму, а набліжаюць літаратура, творы, якія перакладаюцца. Людзі бачаць іншыя душы праз розныя мастацкія адкрыцці. І тым самым праз гэта бачанне, усведамленне новага, раней невядомага, сыходзяцца, адкрываюцца самі іншаму свету, іншым народам...Наш часопіс «Дунья эдэбіяты» складаецца з твораў з іншых літаратур, перакладзеных на туркменскую мову. Туркменскі чытач праз старонкі «Дунья эдэбіяты» адкрывае вялікі свет, знаёміцца з літаратурамі іншых народаў. Наша чытацкая аўдыторыя вялікая, вельмі шырокая, самая рознапланавая...Гэта і даказвае тое, што людзям розных сацыяльных груп даспадобы чытаць замежныя літаратуры, а значыць — мець суразмоўцаў з розных куточкаў свету. 

— Раскажыце крыху пра ўласны вопыт працы ў галіне мастацкага перакладу. Якія з літаратур народаў свету найболей вам блізкія, найболей цікавыя?

— Першыя мае спробы ў галіне мастацкага перакладу з’явіліся яшчэ ў час студэнцтва ў Літаратурным інстытуце. Перакладаў вершы аднакурснікаў. Сярод іх былі Гунда Саканія з Абхазіі, Заур Шарбанаў з Азербайджана, Эвеліна Ракіцкая з Масквы, Вадзім Сцепанцоў з Тулы, Ганна Істоміна з Пярмі і многія іншыя... У час летніх вакацый турбаваўся, каб пераклады былі надрукаваны ў розных выданнях у нас у рэспубліцы, а першага верасня вяртаўся ў Маскву са стосам газет, дзе і былі надрукаваны творы аднакашнікаў у маіх перакладах. Газеты раздаваў ім прама ў аўдыторыі. Хаця яны ніводнага слова з публікацый не разумелі, але былі задаволеныя пабачыць свае вершы ў перакладзе на іншую мову.

Добрыя творы, нягледзячы на тое, да якой літаратуры яны адносяцца, лічу для сябе блізкімі. Вось гэтая чытацкая захопленасць і кіруе маім перакладчыцкім выбарам. 

— Што б вы прапанавалі для перакладу на беларускую мову з творчасці сучасных пісьменнікаў Туркменістана ў першую чаргу?

— Перакладаць трэба найперш творы маладых аўтараў. Самых лепшых. Такімі лічу Максата Бяшымава і Ахмета Мяляева і іх творы. За імі — будучыня тукменскай літаратуры. Яны ўжо сёння паказваюць шырокія магчымасці туркменскай нацыянальнай літаратуры, вызначаюць яе далягляды. 

— Ці адчуваеце вы як перакладчык мастацкай прозы сэнсавыя страты пры перадачы тых ці іншых нюансаў арыгінала?

— Пры перакладзе сэнсавыя страты не адчуваю. Дакладней — стараюся перакладаць так, каб такіх страт не здаралася. 

— Што вам падаецца найболей цікавым ці найболей лёгкім — перакладаць прозу ці перакладаць паэзію?

— Перакладаць прозу лягчэй, чым паэзію. І там, і тут адчуваю сябе як рыба ў вадзе, таму мне цікавыя і празаічны і паэтычны пераклады. Калі такая праца раптам становіцца не цікавай, то я кідаю яе. Значыць, памыліўся ў выбары твора для перакладу. Часам жа трэба ўзвысіцца над проста чытацкім перакананнем, што цікавы менавіта той ці іншы твор. Угрызанне ў яго сутнасць як перакладчыка часам фарміруе іншыя ўяўленні. 

Гутарыў Мікола МІРШЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?