Вы тут

У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася выстаўка «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей»


У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў наведвальнікаў ёсць унікальная магчымасць завітаць на выстаўку «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей». Тут упершыню прадстаўлены аўтэнтычныя сведчанні пра класіка, якога лічаць адным з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры.


Рарытэт для цікаўных

Імя Яна Баршчэўскага ў нізцы выдатных пісьменнікаў ХІХ стагоддзя адметнае. Разнастайная тэматыка, сюжэты з фантазійнай рэальнасцю сёння змаглі б знайсці ўвасабленне ў мультыплікацыі, выяўленчым мастацтве і асабліва зацікавіць маладую аўдыторыю.

Калі верыць біяграфічным звесткам, з якімі ўсе мы знаёмімся яшчэ на ўроках літаратуры, то нарадзіўся ён у фальварку Мурагі Віцебскай губерні. Пасля вучыўся ў Полацкай езуіцкай акадэміі, дзе і пачаў свой шлях у літаратуру. У творах пісьменнік выказваў любоў да малой радзімы. Адметным у яго жыцці з'яўляецца таксама перыяд жыцця ў Пецярбургу, дзе Ян Баршчэўскі рэалізоўваў сябе як выкладчык, там пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам, а пазней і з Тарасам Шаўчэнкам, ажыццяўляў выпуск альманаха «Незабудка»... Адным з найбольш вядомых яго твораў з'яўляецца «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», які і да сёння застаецца цікавым і актуальным для мноства чытачоў.

Як і ў творчасці, у біяграфіі пісьменніка прысутнічаюць таямнічыя моманты з-за нешматлікасці дакладных крыніц. Калі некалькі гадоў таму ў Чуднаве (Жытомірская вобласць, Украіна, дзе творца правёў апошнія гады жыцця) адшукалі надмагілле Баршчэўскага, гэта выклікала сапраўдны выбух цікавасці. Адбылося тое, лічы, пры выпадковых абставінах. Знайшлі пліту на адным з падворкаў, калі пракладвалі газаправод, але толькі цікаўнасць 9-гадовай дачкі гаспадара (дзяўчынка пачала шукаць у інтэрнэце значэнне напісанага на знаходцы) дазволіла праз пэўны час расшыфраваць надпіс на ёй і зразумець яе каштоўнасць. Знаходка не толькі стала пэўнай сенсацыяй, але і дазволіла праліць святло на пэўныя моманты ў біяграфіі творцы. На надмагіллі ёсць надпіс «Ян Баршчэўскі, які любіў Бога, прыроду і людзей. Пісьменнік натхнення і пачуцця. Жыў годна 70 гадоў. Памёр 28 лютага 1851 года». Сёлета пры падтрымцы Фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл і Расонскага раённага выканаўчага камітэта надмагільная пліта вагою ў 35 кілаграмаў была дастаўлена ў Беларусь і экспанавалася ў музеях роднай для пісьменніка Віцебшчыны: у Расонах, Полацку і Віцебску, а цяпер ненадоўга трапіла ў Мінск.

— Ідэя выставы ў нас нарадзілася даволі даўно. Яшчэ нават да таго, як тая пліта ў нас з'явілася. Трэба сказаць, што ў Нацыянальнай бібліятэцы захоўваюцца ўласна творы — прыжыццёвыя выданні Яна Баршчэўскага. І гэта заўжды было асаблівым прадметам гонару для нашай установы. Але мы не паказвалі ні іх, ні цэлы шэраг наступных публікацый яго твораў і публікацый самога Яна Баршчэўскага, якія ўбачылі свет, напрыклад, у пачатку ХХ стагоддзя. Хоць і даследчыкі, і мы гэтыя кнігі ведалі. Паміж сабой шмат абмяркоўвалі, ці не варта было б нам адсвяткаваць юбілей практычна цэлага шэрага беларускіх пісьменнікаў ХІХ стагоддзя. Ідэя такая з'явілася, яе падштурхнулі да рэалізацыі якраз падзеі, звязаныя з надмагільнай дошкай, — распавядае дырэктар па навуковай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. — Даволі цікавы і неадназначны надпіс, які маем на гэтай пліце, акурат адсылаў да таго, што паколькі Ян Баршчэўскі памёр у 1851 годзе і там напісана, што жыў ён 70 гадоў, то, адпаведна, мы маем у гэтым годзе і юбілей з часу смерці, і нібыта юбілей з даты нараджэння. Бо звычайна на гэтых плітах даты пісаліся больш-менш дакладна, паколькі ў пахаванні ўдзельнічалі сваякі і іншыя блізкія людзі памерлага. Хоць, вядома, здараліся і памылкі. У дадзеным выпадку, хутчэй за ўсё, дата памылковая, бо 70 гадоў Баршчэўскі наўрад ці пражыў. Пра гэта сведчаць і архіўныя крыніцы, і пазнейшыя публікацыі-даследаванні. Можна меркаваць, што гэтыя 70 гадоў, напісаныя на пліце — уяўленне людзей блізкіх, якія былі з Баршчэўскім на працягу апошніх гадоў, калі ён ужо жыў у Чуднаве, лячыўся. Але гэта недакладныя звесткі. На працягу апошніх гадоў мне даводзілася шмат камунікаваць з даследчыкамі Баршчэўскага і ў Беларусі, і за мяжой. Нягледзячы на тое што Ян Баршчэўскі лічыцца адным з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, яго біяграфія вельмі слаба вывучаная. І там існуе шмат недакладнасцяў, малавядомых фактаў, пачынаючы нават ад той жа даты і месца нараджэння. І каб нейкім чынам асвятліць гэтыя моманты, ініцыіраваць навуковую дыскусію і гэтую недастаткова вядомую, на мой погляд, асобу вярнуць у культурную прастору Беларусі, мы прапануем выстаўку, якая грунтуецца на першакрыніцах, на прыжыццёвых сведчаннях, звязаных непасрэдна з Янам Баршчэўскім.

Асоба па-за часам

На выстаўцы прадстаўлены найбольш каштоўныя артэфакты з фондаў бібліятэкі — аўтэнтычныя прыжыццёвыя выданні Яна Баршчэўскага: зборнік «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—1846), альманах «Незабудка» (1840—1844) і іншыя вельмі каштоўныя выданні. Бо менавіта яны сёння ствараюць аснову ведаў пра пісьменніка і яго творчасць. Арганізатары праекта абяцаюць, што, наведаўшы экспазіцыю, зможам па-свойму адкрыць для сябе асобу і дзейнасць Яна Баршчэўскага. Таму што нават пры прачытанні яго твораў мы нібы становімся сутворцамі, калі даём волю фантазіі і пошуку вытлумачэння сказанага аўтарам. Тэм і ракурсаў шмат: грамадска-палітычныя змены, тэма рэлігійная, вельмі складаная для самога пісьменніка, бо, як вядома, яго бацька быў святаром, і самога Яна спачатку ахрысцілі па ўніяцкім абрадзе, а потым у каталіцкай традыцыі (з ёй Баршчэўскі быў цесна звязаны), хрысціянская тэматыка займае вельмі важнае месца ў яго жыцці і творчасці. Яшчэ — тэма грунтоўных змен у навукова-адукацыйным жыцці Беларусі. Дзейнасць тайных таварыстваў, разрыў эпох, які адлюстраваўся ў творчасці літаратараў-рамантыкаў, цікавасць да народнай мовы, стварэнне патрыятычных заклікаў... Кожны можа знайсці для сябе нешта адмысловае. Між іншым пацікавілася ў Алеся Сушы, як ён ставіцца да таго, што часам можна сустрэць параўнанні Яна Баршчэўскага з Гогалем, Гофманам.

— Гэтыя параўнанні сапраўды існуюць. З аднаго боку, яны маюць права на існаванне, калі разглядаць пісьменнікаў, якія працуюць у падобнай стылістыцы, гэта дапамагае выявіць спецыфічныя рысы ў іх творчасці, ацаніць мастацкі ўзровень. Але нярэдка разам з тым мы маем справу з крыху паблажлівым стаўленнем да сваёй літаратуры, калі вымушаны нашых творцаў асэнсоўваць праз больш «раскручаных» замежных аўтараў, — дзеліцца суразмоўнік. — Геніямі часам і нараджаюцца, але часцей іх ствараюць час і людзі, паслядоўнікі. Мы ж вельмі часта пачыналі ганарыцца сваімі землякамі пасля таго, як нам звонку пра іх расказалі. Трэба ўмець пры жыцці заўважаць людзей і выказваць ім падзяку, пашану. Так ці іначай, любая моцная культура грунтуецца на апорных пунктах, якімі з'яўляюцца яркія творцы. Іх слава — планамерная работа па «раскрутцы» іх імёнаў. Нам трэба ствараць сваіх куміраў, на якіх мы зможам абаперціся, каб рухацца далей. А не маючы такіх апорных пунктаў, мы і надалей будзем выступаць у ролі правінцыялаў, якія не здольныя ствараць нешта сваё. Перакананы, Баршчэўскаму давядзецца яшчэ шмат пра сябе пачуць ад беларусаў, бо яго творчасць запрашае да пераасэнсавання асобы.

Алена ДРАПКО, фота аўтара

P.S. Выстаўка працуе да 29 ліпеня. Пасля гэтага каштоўная пліта вернецца на месца свайго паходжання, а рэдкія выданні трапяць назад у фондасховішча Нацыянальнай бібліятэкі. Не прапусціце ўнікальную магчымасць убачыць каштоўныя рарытэты, якія збераглі памяць і славу нашага знакамітага земляка і пісьменніка!

Загаловак у газеце: Таямніцы надмагільнай пліты і фантастычных гісторый

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.