Вы тут

У апошнія дні ліпеня тэмпература зноў звыш 30 цяпла


Гэтае лета сапраўды на адрэзкі паддае пары. Першая хваля гарачыні, якая назіралася з 18 да 26 чэрвеня, аказалася самай моцнай сёлета — у шэрагу дзён максімумы тэмпературы на большай частцы тэрыторыі краіны дасягалі адзнак плюс 35 градусаў і вышэй, а максімальная тэмпература паветра ў гэты перыяд склала плюс 37,1, што і стала новым рэкордам для чэрвеня. Другі перыяд назіраўся ў пачатку ліпеня і стаў больш працяглы (11 дзён), але менш інтэнсіўны. Максімальная тэмпература тады была плюс 35,5 градуса.


З гэтага тыдня на тэрыторыю краіны «запаўзае» чарговы перыяд гарачага надвор'я, які, аднак, чакаецца менш інтэнсіўны і працяглы, чым першы і другі, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Чакаецца, што пачнецца трэцяя хваля з кароткачасовых дажджоў. Напрыклад, заўтра франтальны раздзел працягне перамяшчацца па тэрыторыі краіны. На большай частцы Беларусі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах моцныя дажджы, месцамі навальніцы. Вецер будзе паўднёва-ўсходні з пераходам на заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 15 да 20 цяпла. Удзень паветра прагрэецца да 23—29 градусаў са знакам плюс, у асобных раёнах — да 30—31 цяпла.

А далей чарга гарачыні. У чацвер месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы. Вецер будзе заходні, паўднёва-заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 13—20 градусаў. Удзень слупок тэрмометра паднімецца да 24—30 градусаў, а па паўднёвым усходзе краіны — да 32 градусаў цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пятніцу трэцяя хваля цяпла прыпыніцца па паўночнай частцы Беларусі. У гэты дзень месцамі па краіне таксама прагназуюцца кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Тэмпература паветра ноччу будзе 14—19 цяпла, удзень — 25—32 са знакам плюс, па паўночным захадзе — 22—24 градусы.

Што будзе ў выхадныя? Час пакажа.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?