Вы тут

Правілы чамадана. Парады па зборы ў адпачынак ад розных спецыялістаў


Пара ў адпачынак? Паехалі! Куды б вы ні накіроўваліся — да мора, у санаторый у межах краіны ці проста на лецішча, пытанне «Што пакласці ў чамадан, а што пакінуць дома?» цяпер актуальнае для многіх. Мы спыталі пра гэта розных спецыялістаў і гатовыя расказаць вам, як сабрацца ў падарожжа.


Вазьміце ў дарогу спіс рэчаў

Вольга Каласоўская, дырэктар турагенцтва

— Простае і відавочнае правіла, якое складана выканаць: не трэба браць з сабой лішняе. Чым менш рэчаў вы возьмеце, тым камфортнейшая будзе ваша дарога. Пры гэтым неабходнасць кожнай узятай з сабой рэчы павінна быць сур'ёзна абдумана.

  • Складзіце спіс рэчаў. Зрабіць гэта лепш за некалькі дзён да збору чамадана. Потым паспрабуйце выкрасліць са спіса ўсё, што толькі зможаце.
  • Гэты спіс пакладзіце ў чамадан — ён дапаможа вам нічога не забыць у атэлі, калі вы будзеце збірацца ў зваротны шлях.
  • Як правіла, гасцініцы, санаторыі, атэлі даюць на сваіх сайтах апісанне нумароў. Не лішняе загадзя азнаёміцца з пералікам таго, што ёсць у нумары, дзе вы будзеце жыць. Можа быць, фен, напрыклад, вам браць з сабой не трэба — ён ёсць у нумары. Тое ж датычыцца шампуню, гелю для душу, кіпяцільніка (у нумары можа быць электрачайнік).

— Мая парада: збярыце ўсе рэчы, якія хочаце ўзяць у дарогу, у адзін стос, і прыбярыце лішняе ў тры заходы (з інтэрвалам у некалькі гадзін). Вы заўважыце, колькі непатрэбнага набралі спачатку!

Цяпер, уласна, збіраем чамадан.

  • Найбольш цяжкія рэчы, якія займаюць максімум месца (курткі, рушнікі, плед і г.д.), кладзём на дно чамадана роўным пластом.
  • Абутак — па адным, а не парай — выкладваем уздоўж сценак. Лепш за ўсё кожны кед, красовак або «басаножак» спакаваць у асобны цэлафанавы пакет.
  • Адзенне не складваем, а скочваем у тугі, шчыльны «рол» — можна кожную рэч асобна, можна ўсё адзенне разам, склаўшы яго пластамі. Так рэчы не пакамечацца падчас перавозкі.
  • Самае лёгкае кладзём у сярэдзіну чамадана. Сюды ж, паміж мяккім — усё крохкае і тое, што б'ецца. Цвёрдыя плоскія рэчы — напрыклад, пляжную сумку або кнігу — кладзём зверху. Так контуры чамадана будуць цвёрдыя і вы давязеце свае рэчы да месца прызначэння ў парадку — гэтак жа, як склалі.

Белая футболка — must-have адпачынку

Вольга Жураўская, стыліст

— Падбор гардэроба для адпачынку выклікае ў людзей нямала складанасцяў. У адных, на іх думку, няма ў шафе нічога прыдатнага для падарожжаў, іншыя спрабуюць уціснуць у чамадан увесь свой гардэроб. Але яшчэ горш тое, што значная частка нашых турыстаў, наадварот, не задумваецца, як выглядаць адпаведна з абставінамі, і аддае перавагу толькі асабістаму камфорту. Або іншая крайнасць — бяруць з сабой усё самае прыгожае і найлепшае, не лічачыся з тым, куды едуць.

  • Першае правіла збораў — дакладнае ўяўленне аб маючым адбыцца падарожжы. Улічыце геалакацыю, паглядзіце прагноз надвор'я там, куды вы едзеце. Падумайце пра тое, як будзе праходзіць ваш дзень (плануеце вы экскурсіі або лянівыя дні на пляжы, паходы ў клубы або вячэрнія прагулкі ўздоўж марскога берага, будзеце жыць у адным атэлі ці пераязджаць з месца на месца, узяўшы ў арэнду машыну).
  • Вырашыце, якія мэты вы ставіце перад сабой. Адпачыць, загарэць, выспацца? Убачыць як мага больш славутасцяў? Часам людзі плануюць сумяшчаць адпачынак з дзелавымі сустрэчамі. А часам — спадзяюцца сустрэць каханне.
  • Важна разумець, якія будуць экскурсіі і дзе яны будуць праходзіць. Бываюць выпадкі, калі турысты, напрыклад, з 35-градуснай гарачыні адпраўляюцца на экскурсію ў падзямеллі, дзе тэмпература — «каля нуля».

— Поспех вашага «гардэроба для адпачынку» ацэньваецца магчымасцю скласці стыльныя вобразы на ўсе тыя выпадкі, якія вы прадугледжваеце. Каб не выглядаць камічна ў пляжных шортах сярод крухмальных абрусаў і афіцыянтаў у белых пальчатках. Ці не фарсіць на пляжы з класічнай сумачкай у спалучэнні з камплектам спартыўнага стылю.

Такім чынам, «капсула» для адпачынку залежыць ад таго, куды і навошта вы адпраўляецеся. Але ёсць і агульныя правілы. Па-першае, вазьміце з сабой простую белую футболку і простую белую кашулю.

— Такая кашуля (як і футболка) ніколі не будзе лішняя і заўсёды выручыць, калі вы не разлічвалі на фармальныя або свецкія выхады, а яны раптам «намаляваліся». Да таго ж кашулю можна завязаць вузлом на таліі паверх звычайнага топа і стварыць шматслаёвы стыльны вобраз для пляжнай вечарынкі ці клубнай дыскатэкі.

Не варта браць у адпачынак рэчы, якія вы не носіце ў штодзённым жыцці. У іх вы не будзеце адчуваць сябе камфортна.

— Напрыклад, я часта развейваю перакананні маіх кліентак, што ў адпачынку не абысціся без шортаў. Тым, каго шорты робяць больш прывабнымі, з радасцю падбіраю іх у розных стылях. Але калі вы не любіце шорты або джынсы, у адпачынку можна абысціся і без іх — трэба толькі выбраць спадніцы, сукенкі і сарафаны, якія будуць адпавядаць абстаноўцы.

Дарэчныя будуць сарафаны і спадніцы ў марскім стылі, у папулярным цяпер стылі боха або этнастылі. Такія вобразы выглядаюць расслаблена і атаясамліваюцца з адпачынкам.

— Вазьміце з сабой белы сарафан ці сукенку — для летняга адпачынку гэта самая ўніверсальная рэч, якую можна адаптаваць да любой сітуацыі. Хай ён будзе з простай бавоўны — гэта лепш, чым занадта карункавы. З дапамогай аксесуараў вы зможаце стварыць стыльны вобраз на любы выпадак.

  • Выдатна дапоўняць гардэроб для адпачынку касцюмы з тонкага трыкатажу, сукенкі ў спартыўным стылі накшталт доўгіх футболак або світшотаў, джынсавыя рэчы — яны выглядаюць актуальна, не мнуцца і не патрабуюць адмысловага догляду.
  • Звярніце ўвагу на доўгія рэчы, якія носяць «другім пластом» — сукенкі-кашулі, кардаганы, камізэлькі і г. д.

— Узяўшы з сабой што-небудзь з пералічанага, акрамя цеплавога рэжыму (вечарамі можа спатрэбіцца накінуць нешта зверху) вы будзеце выглядаць яшчэ і стыльна.

І, нарэшце, абутак — тыя ж крытэрыі: камфорт і дарэчнасць.

— На шчасце, трэнд насіць спартыўны абутак з любым адзеннем ужо стаў звыклай базай. Уявіць сабе нешта больш зручнае для адпачынку практычна немагчыма.

  • Сумкі — з сабой ідэальна мець заплечнік і∙ невялікую сумку-кросбодзі або паясную. Такія варыянты можна адаптаваць да любога «адпускнога» вобразу.
  • У завяршэнне — аксесуары.

— Вось ужо чым я раю не грэбаваць! Аксесуары не зоймуць шмат месца, але дададуць у вобраз акцэнты.

Не забудзьцеся на рэцэпт

Вераніка Аляхновіч, загадчыца аддзялення агульнай урачэбнай практыкі паліклінікі

— Наяўнасць аптэчкі — абавязковая ўмова любога падарожжа, няхай гэта паездка да мора, паход да возера з палаткай або проста выезд на некалькі дзён на лецішча.

  • Набор сродкаў у аптэчцы залежыць ад таго, куды вы накіроўваецеся. На трапічным моры вам наўрад ці спатрэбіцца спрэй ад кляшчоў і камароў, а вось на Мінскае мора (або любое айчыннае возера) лепш узяць яго з сабой.
  • Перш за ўсё пакладзіце ў аптэчку прэпараты, якія вы і вашы спадарожнікі прымаеце пастаянна. Гэта лекі ад хранічных захворванняў (ціску, астмы і г. д.). А таксама прэпараты, якія вы прымаеце пры абвастрэнні хранічных хвароб.

— Калі вы ляціце на адпачынак у іншую краіну, важна ведаць не толькі гандлёвую, але і міжнародную назву дадзеных прэпаратаў, — падкрэслівае спецыяліст. — Яна звычайна пазначана ва ўкладышы-інструкцыі да лекаў. У самалёт бярыце толькі тое, што неабходна на час палёту, астатнія медыкаменты адпраўце ў багаж.

  • Вазьміце інструкцыі да лекаў. Калі справа даходзіць да аптэчкі, папросту можна знервавацца, забыцца пра дазіроўкі і сумяшчальнасць з іншымі прэпаратамі. Поўную версію інструкцыі можна захоўваць у смартфоне, а ў аптэчку пакладзіце спіс лекаў з кароткімі тлумачэннямі і схемай прыёму. Каб важны лісток не парваўся, заклейце яго з двух бакоў скотчам.
  • Праверце тэрміны прыдатнасці. Пераканайцеся, што лекі не пратэрмінаваныя, асабліва калі бераце іх з дамашняй аптэчкі. Пераканайцеся таксама, што на адкрытай упакоўцы ёсць назва і тэрмін прыдатнасці. Пачаты блістар таблетак, на якім не відаць назву лекаў, лепш замяніць на цэлы. Так вы пазбегнеце лішніх пытанняў на граніцы і не забудзеце, што за прэпарат узялі з сабой.
  • Прачытайце ўмовы захоўвання, пераканайцеся, што лекі не сапсуюцца ў падарожжы. Магчыма, вам спатрэбіцца сумка-халадзільнік: не палохайцеся, яны бываюць памерам з касметычку.
  • Па магчымасці замяніце вадкія прэпараты на таблеткі і парашкі. Калі лекі трэба ўзяць менавіта ў вадкай форме, старайцеся купляць іх не ў шкляным, а ў пластыкавым флаконе.
  • Будзьце асцярожныя з эканоміяй месца. Выкінуць аб'ёмныя кардонныя пачкіскрынкі — добрая ідэя. Але калі ляціце за мяжу, усе лекі павінны лёгка ідэнтыфікавацца.
  • Бярыце рэцэптурныя прэпараты з разумным запасам. У іншыя краіны часцей за ўсё дазваляюць увозіць лекі з разлікам на 3 месяцы прыёму. Нават калі вы не збіраецеся так надоўга, жыццёва неабходных прэпаратаў (напрыклад, інсуліну) бярыце з запасам: раптам рэйс перанясуць ці вам прыйдзецца затрымацца.
  • Да рэцэптурных прэпаратаў прыкладзіце рэцэпт або даведку ад урача — прад'явіце мытнікам, калі ўзнікнуць пытанні.
  • «Галоўныя героі» вашай летняй «адпускной аптэчкі» — сродкі ад дыярэі, сродкі, якія дапамагаюць страваванню, гарачкапаніжальныя, супрацьалергічныя, лекі, што гояць траўмы, сродкі ад млоснасці, сродкі ад сонечных апёкаў.

— Пачнём са сродкаў пры нястраўнасці. Ёсць паняцце «дыярэя падарожнікаў», часцей яна ўзнікае пры паездках у трапічную і субтрапічную кліматычныя зоны, але можа здарыцца пры любой змене месца. Справіцца з праблемай дапамогуць супрацьмікробныя прэпараты, а флору кішэчніка адновіць «Лінэкс». Зразумела, у вашай аптэчцы павінны быць актываваны або «Белы вугаль» і «Смекта».

  • Ферментныя прэпараты («Мезім», «Фестал») дапамогуць вам, калі вы няўдала пазнаёміліся з мясцовымі кулінарнымі традыцыямі.
  • Не забудзьцеся на абязбольвальныя і спазмалітычныя сродкі — яны хутка ліквідуюць праблему мігрэняў і іншых боляў.

* Неабходныя гарачкапаніжальныя (яны, дарэчы, валодаюць абязбольваючым дзеяннем, а шэраг прэпаратаў таксама з'яўляецца супрацьзапаленчымі).

— Не забудзьцеся пакласці ў аптэчку прэпараты ад насмарку і ад кашлю, антысептык ад болю ў горле, — раіць суразмоўніца.

Супрацьалергічныя прэпараты неабходныя ў дарозе, нават калі алергіі ў вас няма.

— Ніхто не можа спрагназаваць рэакцыю арганізма на новыя для яго ежу, расліны, укусы насякомых і г . д. Лепш мець пад рукой не толькі таблеткі, але і кроплі ў вочы, і антыгістамінны крэм.

Ёд, бінт, бактэрыцыдны пластыр, перакіс або хлоргексідзін — must-have любога вандроўніка.

* Ну а сродкі супраць млоснасці асабліва спатрэбяцца, калі вы збіраецеся пакатацца на яхце або катары, а таксама калі ў тур вы едзеце на аўтобусе.

Сродкі ад сонечных апёкаў лепш везці з сабой, чым купляць на месцы — кошты на іх у турыстычных месцах могуць непрыемна здзівіць. Захапіце «Бепантэн», а таксама сонцаахоўныя сродкі з высокім SPF.

— Ці браць з сабой антыбіётыкі? Так, калі вы ведаеце пра сябе, што часта хварэеце на інфекцыйныя захворванні дыхальных шляхоў. Бярыце тыя, якія вам звычайна прапісвае доктар. Лепш за ўсё, калі яны будуць шырокага спектру дзеяння.

  • Едзеце ў адпачынак з дзіцем? Дадайце ў аптэчку дзіцячыя прэпараты па вышэйпрыведзеным спісе, а таксама кроплі ад атыту, супрацьвірусныя, заспакаяльныя сродкі.
  • Самыя строгія абмежаванні датычацца наркатычных і псіхатропных рэчываў. Калі вы прымаеце нешта з гэтага спісу, паклапаціцеся аб наяўнасці рэцэпту або заключэння, падпісанага ўрачом. Не спрабуйце схаваць факт перавозкі такога рэчыва, абавязкова занясіце яго ў дэкларацыю і праходзьце праз чырвоны калідор.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.