Вы тут

Традыцыйны промысел у Спісе сусветнай спадчыны ЮНЕСКА


Такі гучны загаловак мае дачыненне да вядомага ў Беларусі бортніцтва, якое згадваецца ў пісьмовых крыніцах на тэрыторыі нашай краіны з Х стагоддзя і амаль у нязменным выглядзе дайшло да ХХІ-га. Але што гэта за промысел? І як ён увайшоў у спадчыну чалавецтва?


Калода на елцы, прызначаная для ўтрымання і догляду пчол.

Чалавек і пчала

Бортніцтва — настолькі складаны па сваёй прыродзе промысел, што яго немаг­чыма дакладна абмежаваць у шырыні распаўсюджвання і глыбіні ўспрымання свету. Гэта першапачатковая форма культурнага ўтрымання і догляду пчол у натуральных умовах іх існавання: складаных лясных, балотных і лугавых біятопах; натуральным дупле (або пазней штучным дупле і «амаль-дупле» ў выглядзе калоды). Бортніцтва цесна звязана з навакольнай прыродай праз узаемадзеянне чалавека з ёй, з пчалой як галоўнай істотай (а ў большасці сакральнай) і з традыцыйным светам (традыцыі, абрады, практыкі, веды, народная кухня і медыцына).

Калі казаць больш проста, бортніцтва — гэта промысел па ўтрыманні і доглядзе пчол у борцях (штучных дуплах) і калодах (адмысловых вуллях) у рамках устойлівых традыцыйных практык і падыходаў.

Пры гэтым з бортніцтвам звязаны таксама шэраг рамёстваў (кавальства, пляценне, дрэваапрацоўка, скураапрацоўка, праца з воскам і іншыя). Яно мае сваю адмысловую тэрміналогію (цяпер слоўнік налічвае больш за 300 тэрмінаў), прылады і прыстасаванні (лязіва, напрыклад, звязана толькі з бортніцтвам і мае ўжо больш за 500-гадовую гісторыю, а таксама пешня, лазьбень, барта і некаторыя іншыя).

Бортнік “глядзіць пчол” увосень.

Бортніцтва — гэта частка гаспадарчага жыцця носьбітаў яго традыцый, якая перадавалася ў спадчыну з пакалення ў пакаленне па мужчынскай лініі. Гэта таксама высакародны занятак, што патрабуе з аднаго боку трымацца парадаў і дзядоўскай навукі, а з другога — пастаянна развівацца і шукаць усё новыя і новыя адказы на выклікі сучаснасці.

Сёння лясны промысел ярка прадстаўлены на Палессі (ядро ўстойлівай традыцыі захавалася ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці), дзе яшчэ 100 гадоў таму ледзь не ў кожнай вёсцы былі бортнікі, а ў лясах на старых соснах і дубах стаялі калоды, якія і сёння можна ўбачыць. Пакуль вядома пра больш за 150 бортнікаў і іх сем'яў, якія займаюцца промыслам так, як іх навучалі дзяды і бацькі. Кожны з іх мае «сваю гаспадарку» з розным лікам калод/борцей (ад 10 да 200).

Бортнікі — незвычайныя людзі, бо яны валодаюць глыбокім культурным кантэкстам промыслу і «сакрэтамі». Гэта адданыя сваёй справе прафесіяналы. А яшчэ яны бясстрашныя, бо трэба і на дрэва залезці на вышыню ў 4-12 метраў, і пчол глядзець, і знаходзіцца ў дзікай прыродзе.

Бортніцтва, як і іншая дзейнасць, цесна звязаная з прыродным асяроддзем і развіццём грамадства, моцна зале-

­жыць ад знешніх фактараў. Сярод асноўных праблем, уплыў якіх промысел адчувае на сабе, — кліматычныя змены, экстэнсіўнае спажыванне прыродных рэсурсаў (лясная гаспадарка), урбанізацыя, метызацыя мясцовай пчалы, хімізацыя сельскагаспадарчых палёў і іншыя. Усё гэта ўплывае на далейшае развіццё і існаванне бортніцтва як ляснога традыцыйнага промыслу.

Бортнік дастае соты з мёдам з калоды пад час восеньскага агляду калод і пчол.

Калоды падчас падрыхтоўцы (выраб калод).

Вялікая каштоўнасць

Як трапіў старажытны промысел у Сусветны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА? Гэта было няпроста і нагадвала падарожжа ў невядомы край за новым скарбам. Пачалося ўсё яшчэ ў 2014 годзе, калі была зладжана мэтанакіраваная экспедыцыя (кароткая, усяго два дні) ў Лельчыцкі раён. Галоўнай мэтай паездкі стала высвятленне таго, ці існуе бортніцтва як устойлівая традыцыя, ці ёсць перспектывы і магчымасць яго захавання і надання статусу нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

З першага знаёмства ўдзельнікі экспедыцыі былі шакаваныя, што ў нашай краіне захаваўся жывы свет бортнай традыцыі. І ўжо з 2015 года пачалася праца над унясеннем ляснога бортніцтва ў нацыянальны спіс НКС. Для гэтага спатрэбілася зрабіць яшчэ некалькі большых па працягласці экспедыцый, дзе са сваёй камандай мы запісалі больш за 20 гадзін відэа- і аўдыёінтэрв'ю з носьбітамі, склалі невялікі тэрміналагічны слоўнік, зрабілі больш за 5000 фота­здымкаў, атрымалі падтрымку самой супольнасці на ўключэнне бортніцтва ў Нацыянальны спіс (гэта першы крок далейшай працы па ўнясенні элемента ў спіс ЮНЕСКА).

Сям’я ўдзельнічае ў здабычы воска з сабраных сот. Выцісканне воску.

Хоць ініцыятарам унясення ў Нацыянальны спіс выступіў я, але гэта супольная праца ўсіх удзельнікаў бортніцтва: носьбітаў, цэнтраў культуры, раённых адміністрацый, экспертаў, спецыялістаў Міністэрства культуры, інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук, прыродаахоўных устаноў і іншых арганізацый, якія выказвалі сваю падтрымку.

Ужо ў 2017 годзе элемент «лясное бортніцтва» стаў часткай нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. Файл элемента ўключыў больш за 500 старонак матэрыялаў і нацыянальны фільм пра бортніцтва. І ўжо ў працэсе падрыхтоўкі файла была распачата праца над унясеннем гэтага элемента ў сусветную спадчыну.

У канцы 2017 года пры падтрымцы і ўдзеле Міністэрства культуры, экспертаў і спецыялістаў з Беларусі, а таксама прадстаўнікоў Міністэрства культуры Польшчы і экспертаў з польскага боку былі праведзены першыя сустрэчы, якія і сталі пачаткам двухгадовай працы па падрыхтоўцы элемента ў ЮНЕСКА.

За гэты час праведзены тры буйныя сустрэчы (Варшава, Гродна, Мінск). Амаль кожны тыдзень адбываліся сустрэчы ў нашай працоўнай групе, а таксама вялікая колькасць размоў праз электронную пошту, што ­ўваходзіць у сам працэс падрыхтоўкі формы, пошуку адпаведных адказаў на пытанні. І кожны раз трэба было шукаць кампрамісны варыянт і паступова «шліфаваць» файл дзеля яго дасканаласці.

Соты з мёдам.

Самым адказным у гэтай справе былі перадача і адлюстраванне думак носьбітаў і адказ на ўсе пытанні ад імя супольнасці, але зразумелай мовай для сусветнай арганізацыі. Таксама галоўнай праблемай паўстаў выбар назвы элемента. Да апошняга яна змянялася, і толькі перад самай падачай у Камітэт ЮНЕСКА склалася канчаткова — «культура бортніцтва». Хоць форма складаецца з простых пытанняў, але адказы на іх фарміраваліся на працягу трох-чатырох тыдняў, і нават змена аднаго слова магла негатыўна паўплываць на змест самога элемента.

Удзел кожнай арганізацыі (Міністэрствы культуры Беларусі і Польшчы), супольнасцяў, экспертаў дае ­магчымасць сёння бачыць культуру бортніцтва ў спісе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. І гэта толькі пачатак далейшага яе развіцця ўжо ў сучасным свеце.

Іван ОСІПАЎ, старшыня прыватнай установы развіцця традыцыйнага бортніцтва «Братэрства босых бортнікаў»

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.