Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» разам с супрацоўнікамі міліцыі і Таварыства ратавання на водах «праінспектавалі» Камсамольскае возера


Гэтае лета б'е не толькі тэмпературныя рэкорды — такой спёкі на працягу некалькіх тыдняў запар не прыпомняць нават старажылы. Напэўна, не згадаюць яны і такой вялікай колькасці тапельцаў, якая сёлета ну проста зашкальвае! Кожны тыдзень статыстыка несуцяшальная: дзясяткі людзей гінуць на вадаёмах нашай краіны. За сухімі лічбамі і фактамі — чалавечыя жыцці, у тым ліку дзіцячыя...


Аднак ахвяр магло быць значна больш: кожны дзень супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах, МНС і міліцыі выцягваюць з вады тых, хто тоне. А колькі намаганняў прыкладаецца на папярэджанне падобных трагедый! Каб пераканацца ў гэтым асабіста, карэспандэнт «Звязды» выправілася разам з праваахоўнікамі на дзяжурства па Камсамольскім возеры.

Свядома рызыкуюць жыццём

Гэта найбуйнейшая акваторыя сталіцы. У разгар сезона на пляжы Камсамольскага возера нават яблыку няма дзе ўпасці. Як селядцоў, людзей і ў вадзе. Мінчане і госці горада адпачываюць, а за тое, каб гэты адпачынак быў максімальна бяспечны, з самага ранку і да позняга вечара адказваюць ратавальнікі і праваахоўнікі.

Разам з супрацоўнікамі Таварыства ратавання на водах і міліцыі мы абследуем усю берагавую лінію Камсамольскага возера на катары. Нягледзячы на тое, што для купання прызначана толькі пэўная зона, людзі свядома лезуць у ваду там, дзе гэта забаронена. Прычым многія з іх добра разумеюць, што рызыкуюць сваім жыццём.

Вось і цяпер. Ратавальнікі спыняюць лёгкаматорнае судна каля аднаго з прычалаў, дзе купаецца пажылы мужчына. На просьбу вылезці з вады пенсіянер кажа: «А навошта вы сюды прыехалі? Я ж яшчэ не тануў...» Ну што тут скажаш — дзіўная рэакцыя дарослага чалавека.

Матор заведзены, едзем далей. На катамаране катаецца маладая пара. Абое — без камізэлькі бяспекі. А да берага, між іншым, далекавата. Цяпер маладыя людзі абышліся заўвагай. Калі яны трапяць ратавальнікам на вочы без камізэлек яшчэ раз, то далей з імі будуць размаўляць супрацоўнікі міліцыі — за нявыкананне правілаў бяспекі на вадзе прадугледжаны штраф ад 2 да 20 базавых велічынь.

Алкаголь — прычына большасці трагедый

Па дапамогу да праваахоўнікаў ратавальнікі звяртаюцца падчас дзяжурстваў рэгулярна. Ігнараванне людзьмі правілаў катання на катамаранах ці катарах — гэта паўбяды. Сапраўдная бяда ў тым, што ў ваду лезуць людзі, якія знаходзяцца «пад градусам». А ў стане алкагольнага ап'янення, як вядома, да трагедыі — адзін крок.

— Сёння раніцай мы, напрыклад, ратавалі жанчыну, якая п'яная знаходзілася ў вадзе, — расказвае вадалаз ратавальнай станцыі «Камсамольскае возера» Аляксей Бакумаў. — Больш за тое, яна купалася ў забароненым для гэтага месцы. Калі стала відавочна, што жанчына не можа самастойна выбрацца на бераг, мы кінуліся на дапамогу. Яшчэ б некалькі хвілін, і магла здарыцца трагедыя...

Тое, што людзям у стане алкагольнага ап'янення няма чаго рабіць у грамадскіх месцах, ведаюць усе. Барані божа, калі «пад мухай» яны лезуць у ваду. Каб не дапусціць гэтага, рэгулярна каля вадаёма дзяжурыць патрульна-паставы нарад міліцыі. Пільныя грамадзяне ёсць і сярод тых, хто адпачывае. Акурат падчас нашага сумеснага дзяжурства ў аператыўную службу міліцыі паступіла паведамленне, што на пляжы возера кампанія мужчын ужывае алкагольныя напоі, сваімі паводзінамі яны перашкаджаюць адпачываць навакольным. Інфармацыю перадалі нараду, які дзяжурыў на дадзеным маршруце.

Як высветлілася, у міліцыю звярнуўся вартаўнік летняга кафэ. Выслухаўшы яго скаргу, праваахоўнікі хутка вылічылі п'яную кампанію. Мужчыны сярэдніх гадоў, акрамя таго што знаходзіліся ў грамадскім месцы ў моцным алкагольным ап'яненні, дык яшчэ і чапляліся да жанчын, якія загаралі побач. Парушальнікаў правапарадку затрымалі і даставілі ў найбліжэйшае РУУС. У першую чаргу, каб папярэдзіць яшчэ адну трагедыю на вадзе.

— Зоны адпачынку, лясныя масівы, берагі рэк, азёраў, пляжы з'яўляюцца грамадскімі месцамі: ужыванне спіртнога там катэгарычна забаронена, — нагадвае намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Цэнтральнага РУУС Мінска падпалкоўнік міліцыі Мікалай СМОЛЬСКІ. — За гэта прадугледжаны штраф у памеры да васьмі базавых велічынь. За купанне ў забароненых месцах — штраф да трох базавых. Нельга забывацца і аб асноўных правілах асабістай і маёмаснай бяспекі ў месцах масавага адпачынку. Каб пазбегнуць непрыемнасцяў, звязаных з крадзяжом каштоўных рэчаў, рэкамендуем адпачывальнікам не пакідаць свае рэчы без догляду пры наведванні пляжа. Трэба адзначыць, што ў параўнанні з мінулымі гадамі правапарушэнняў каля вадаёмаў стала менш, у першую чаргу гэта датычыцца крадзяжоў. Людзі ведаюць, што ў любой сітуацыі яны могуць разлічваць на дапамогу супрацоўнікаў міліцыі, якія пастаянна прысутнічаюць на пляжы. Гэты факт, дарэчы, дысцыплінуе злодзеяў, якія некалькі разоў падумаюць, перш чым здзейсніць правапарушэнне.

Дзеці ў полі зроку дарослых

Дзяжурства працягваецца. Да нас далучылася інспектар па справах непаўналетніх Цэнтральнага РУУС Надзея Каліберава. Падчас летняга сезона старшы лейтэнант міліцыі на пляжы бывае рэгулярна. І, вядома, не для таго, каб адпачываць. На кантролі інспектара — дзеці, некаторыя з якіх хоць і прыходзяць на возера з дарослымі, трапляюць у небяспечныя сітуацыі.

— Класічны прыклад: маці настолькі захопленая фатаграфаваннем сябе, што не бачыць, што яе маленькае дзіця ўжо знаходзіцца ў вадзе, — расказвае Надзея Каліберава. — Або колькі такіх сітуацый, калі бацькі галавы не адрываюць з гаджэтаў, а дзеці ходзяць па пляжы і шукаюць сваіх маці. Часта падлеткі ўвогуле знаходзяцца на возеры без дарослых. Калі пачынаеш разбірацца, высвятляецца, што дзеці прыйшлі сюды без дазволу бацькоў, якія нават не здагадваюцца аб гэтым. А між іншым, знаходжанне дзяцей да 14 гадоў без дарослых каля вадаёмаў пагражае адміністрацыйнай адказнасцю.

Днямі рулявы матарыст ратавальнай станцыі «Камсамольскае возера» Павел Лялевіч выцягнуў з вады дзевяцігадовага хлопчыка. Малы ўпаў з парапета і пачаў тануць. Ратавальнікі адрэагавалі аператыўна — жыццю і здароўю хлопчыка нічога не пагражае. А да трагедыі быў усяго адзін крок... І ці змог бы тады спаць спакойна бацька дзіцяці, які знаходзіўся побач, але не змог аказаць дапамогу сыну, бо быў у моцным алкагольным ап'яненні?

Выратавалі дзіця, якое днямі танула на Цнянскім вадасховішчы, і супрацоўнікі міліцыі. Ажыццяўляючы патруляванне каля берагавой лініі, праваахоўнікі ўбачылі хлопчыка, які боўтаўся ў вадзе. Спачатку ім падалося, што малы забаўляецца, але як толькі міліцыянеры пачулі крык аб дапамозе, адразу ж кінуліся ў ваду. Як высвятлілася потым, 12-гадовы падлетак адпачываў на вадасховішчы з мамай і сястрой. Дзеці гулялі ў мячык, як раптам той трапіў у ваду. Хлопчык пабег за ім і пачаў тануць. На шчасце, праваахоўнікі былі побач.

Гэта добра, што ёсць людзі, якія аб нас клапоцяцца і, калі спатрэбіцца, прыйдуць на дапамогу. Аднак так бывае не заўсёды, бо часта да бяды — усяго адзін крок, і не заўжды той жа ратавальнік ці міліцыянер можа паспець. Таму будзьце пільныя! Асабліва калі вы адпачываеце каля вадаёма са сваімі дзецьмі, якія заўжды павінны быць у полі вашага зроку.

Вераніка КАНЮТА

Фота Таццяны АБОЗНАЙ

Загаловак у газеце: Калі вада — БЯДА!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.