Вы тут

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава


«На календары — жнівень. Але ж гэта зусім не нагода, каб псаваць свой настрой думкамі пра заканчэнне лета», — упэўнены Дзмітрый Рабаў. Спецыяльна для чытачоў партала ZVIAZDA.BY самы вядомы беларускі сіноптык робіць прагноз на апошні летні месяц і заклікае правесці яго на пазітыве.


Фота Яна Хведчына.

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца. І калі першая палова месяца звычайна мала чым адрозніваецца ад ліпеня, то ў другой палове ўжо бачныя перамены: дні становяцца карацейшыя, паступова зніжаецца тэмпература паветра, а разам з ёй і тэмпература вады ў рэках і вадаёмах.

Адпаведна даных сусветных метэацэнтраў, жнівень абяцае быць без выбітных параметраў тэмпературы і ападкаў. Апошні летні месяц будзе радаваць нас вельмі цёплым, а ў асобныя дні нават спякотным надвор’ем.

Сярэдняя месячная тэмпература паветра чакаецца на 1-1,5 градуса вышэй за кліматычную норму, якая складае ад +16 па паўночным захадзе да +17 на ўсходзе і ў параўнанні з ліпенем зніжаецца на паўтара градуса. Такім чынам, звычайна ў жніўні паветра праграваецца ўдзень да +21..+24. У асобныя дні да 25-30 градусаў цяпла на ўсходняй частцы нашай краіны. Ноччу ўсяго 10-13 градусаў вышэй за нуль. Дарэчы, прыкладна раз у 20 гадоў у трэцяй дэкадзе жніўня назіраюцца замаразкі.

Фота аўтара.

Ападкі ў жніўні прагназуюцца ў межах нормы. Гэта значыць, нас чакае ў сярэднім ад 11 да 15 дзён з дажджамі. Не абыдзецца, вядома, і без небяспечных прыродных з’яў: навальніц, маланак і туманаў.

Як мы памятаем, першыя месяцы лета адзначыліся шматлікімі метеарэкордамі. Чым запомніцца жнівень-2021, пакажа час. Пакуль жа ў гісторыі метеаназіранняў захаваліся наступныя анамальныя з’явы прыроды.

— Самым цёплым быў жнівень 2010 года з сярэднямесячнай тэмпературай паветра плюс 20,8, што на 4,3 градуса вышэй за кліматычную норму.

— Абсалютны жнівеньскі максімум тэмпературы паветра +38,9 зарэгістраваны днём 8 жніўня 2010 года на метэастанцыі Гомель. Гэта самая высокая тэмпература паветра, зафіксаваная на тэрыторыі Беларусі за ўвесь час метэаназіранняў.

— Абсалютны мінімум тэмпературы паветра ў жніўні 3,4 градусы марозу адзначаны ў ноч на 30 жніўня 1966 года на метэастанцыі Палеская (Брэсцкая вобласць).

— А сярод рэкардсменаў па дажджы адзначыўся Бабруйск. Там у жніўні 1970 года за суткі выпала 146 мм ападкаў ці 146 літраў вады на квадратны метр. Гэты рэкорд пакуль не пабіты.

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.