Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на дзяжурстве з патрульна-паставой службай


Вечара пятніцы многія з нас заўсёды чакаюць з нецярпеннем: скончыўся рабочы тыдзень — можна і адпачыць. Некаторыя, асабліва летам, раз'язджаюцца па вёсках, іншыя — адпраўляюцца ў падарожжы, едуць да вадаёмаў, наведваюць з дзецьмі паркі культуры і адпачынку... У асобнай жа катэгорыі людзей — свой метад расслаблення: алкаголь. І добра калі, прыняўшы на грудзі, чалавек ціхенька сядзіць дома. Аднак нярэдка бывае, што людзей «пад градусам» цягне на «подзвігі».


Вечар пятніцы, увогуле выхадныя дні для міліцыі — час напружаны і вельмі адказны. І не толькі таму, што людзі выпіваюць, парушаюць правапарадак, а адпаведна, часта з'яўляюцца небяспечнымі для іншых грамадзян. Як паказвае практыка, у гэтыя дні здараецца найбольш злачынстваў, дарожна-транспартных здарэнняў, не абыходзіцца без трагедый.

Каб іх мінізаваць і ўвогуле не дапусціць, штодзённа на вуліцах усіх гарадоў краіны дзяжураць патрульна-паставыя службы. У Мінску (вядома, сталіца!) іх можна ўбачыць ледзь не ў кожным квартале. Хто трапляе ў поле зроку супрацоўнікаў міліцыі, што чакае парушальнікаў правапарадку і каму патрэбная іх дапамога, пра гэта карэспандэнты «Звязды» даведаліся, калі выехалі на дзяжурства з патрульна-паставой службай унутраных войскаў.

Неадэкватным не месца на вуліцы

Перад тым як сесці ў службовы аўтамабіль і выехаць на патруляванне горада, камандзір узвода старшы лейтэнант Яраслаў Грыгенч правёў інструктаж для праваахоўнікаў: давёў абстаноўку па раёне і арыентаваў, на што звяртаць увагу падчас дзяжурства. Маладыя людзі, якія з'яўляюцца салдатамі тэрміновай службы ўнутраных войскаў, атрымалі адпаведныя ўстаноўкі і накіраваліся на свае маршруты патрулявання. Яны адказваюць за правапарадак на вуліцах найвялікшага, а разам з тым і самага крымінагеннага раёна сталіцы — Фрунзенскага.

— Падчас нясення службы мы перш за ўсё звяртаем увагу на людзей, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення, — гаворыць Яраслаў Грыгенч. — Не застаюцца незаўважанымі і дзеці, што гуляюць на вуліцы пасля дзесяці гадзін вечара без дарослых, людзі без прытомнасці, пажылыя, якія асабліва ў гарачае надвор'е могуць адчуваць сябе дрэнна. Пад падазрэнне трапляюць і тыя, хто адзеты не па сезоне, мае бачныя траўмы і ўвогуле неадэкватна сябе паводзіць.

Да камандзіра ўзвода па рацыі паступае паведамленне — ёсць першы затрыманы. Выязджаем у апорны пункт міліцыі, куды вайскоўцы даставілі мужчыну ў моцным алкагольным ап'яненні. Яго знайшлі пад дрэвам без прытомнасці. У такім выпадку супрацоўнікі міліцыі абавязаныя выклікаць хуткую дапамогу, што яны і зрабілі. Медыкі, якія прыехалі на выклік, агледзелі мужчыну і павезлі яго ў бальніцу.

— Людзі, якія ўжываюць алкаголь, думаюць, што іх ніхто не заўважыць, многія з іх разлічваюць на «ану ж пранясе», — канстатуе камандзір узвода. — Мы заўсёды ідзём на кампраміс. Бываюць сітуацыі, калі ў п'янага чалавека мы пытаемся, як ён сябе адчувае, дзе жыве, у выніку высвятляецца, што ён быў у суседнім доме на дні нараджэння і проста вяртаецца дамоў. Ахайна адзеты, спакойна размаўляе: чаму б нам не правесці яго да кватэры? Навошта такога затрымліваць, калі заўсёды можна паступіць па-чалавечы? Калі ж грамадзянін неадэкватны, то мы павінны зрабіць усё дзеля таго, каб, у першую чаргу, ён не нашкодзіў сабе, па-другое, каб не ўяўляў небяспеку для навакольных.

Дарэчы, за ўжыванне алкагольных напояў у грамадскіх месцах прадугледжаны штраф да 8 базавых велічынь. Таму выпіваць на вуліцы — гэта не толькі часта вядзе да непрыемнасцяў, але і выразна б'е па кашальку.

Падыход да кожнага

Зрабіўшы адпаведныя запісы, камандзір узвода прапанаваў працягнуць дзяжурства ў лесапарку «Мядзвежына». Па словах праваахоўнікаў, гэтае месца часта вабіць не толькі звычайных аматараў алкагольных напояў, а і хуліганаў. Нават не ведаючы гэтага факту, шчыра скажу, вечарам тут ісці было б страшна. А людзі ходзяць: каб скараціць дарогу да прыпынку ці дамоў, каб проста прагуляцца з сабакам... На шчасце, падазроныя асобы нам на вочы не трапілі. У некаторых людзей супрацоўнікі міліцыі проста ўдакладнілі, ці ўсё ў іх добра.

— Часта да нас людзі самі падыходзяць і просяць дапамогі: рэгулярна звяртаюцца бабулі з просьбай паднесці нешта цяжкае, — расказвае яфрэйтар Мікіта Працкевіч. — Мы ніколі не адмаўляем. Калі ж ідзе размова пра зносіны з парушальнікамі правапарадку, то да іх часам трэба знайсці правільны падыход.

Калі салдаты апранаюць міліцэйскую форму, на маладых людзей распаўсюджваецца статус супрацоўніка міліцыі: яны маюць права затрымліваць, складаць працэсуальныя дакументы, праводзіць надгляд грамадзян, іх рэчаў. Вядома, у хлопцаў раней не было падобнага вопыту, таму здараюцца сітуацыі, калі ім трэба нешта падказаць, дапамагчы — невыпадкова падчас дзяжурства камандзір узвода правярае, як нясуць службу нарады патрулявання. Яраслаў Грыгенч таксама клапоціцца аб сваіх падначаленых: пытаецца, ці ўсё ў іх у парадку, кантралюе запас вады (наша сумеснае дзяжурства адбывался акурат калі на тэрмометры было за 30 градусаў па Цэльсію).

Як гульня ў латарэю

Пакуль ажыццяўлялі патруль у парку, адзін з нарадаў паведаміў камандзіру, што на іншым маршруце быў затрыманы падазроны чалавек. У першую чаргу, увагу праваахоўнікаў ён прыцягнуў сваім неахайным знешнім выглядам. Як аказалася, быў яшчэ і «пад мухай». Пакуль высвятлялі асобу затрыманага, аказалася, што мужчына знаходзіцца ў вышуку за нез'яўленне на пастаноўку на прафілактычны ўлік. Яго перадалі ўчастковаму.

Яшчэ адзін мужчына выклікаў пытанні ў патрульна-паставога нарада, з якім мы былі на маршруце. Больш за тое, убачыўшы людзей у форме, малады чалавек кінуўся ва ўцёкі. Спроба схавацца не ўдалася — у лічаныя хвіліны мужчына быў затрыманы. Калі пачалі разбірацца, высветлілася, што ён таксама значыцца ў вышуку: пазбягаючы адміністрацыйнага працэсу, не з'яўляецца ў суд.

— Служба па ахове грамадскага парадку — гэта як гульня ў латарэю: ніколі не ведаеш, што цябе чакае на дзяжурстве, — перакананы камандзір узвода. — Бываюць спакойныя дні, калі няма затрыманых, а бывае, наадварот. Тут усё непрадказальна.

Але гэта афіцэра зусім не палохае. Наадварот, Яраслаў Грыгенч лічыць, што знаходзіцца на сваім месцы. Нарадзіўся ён у вёсцы Плябанаўцы, што ў Бераставіцкім раёне на Гродзеншчыне. Вучыўся спачатку ў сельскай школе, затым сям'я пераехала ў Гродна. Калі ў апошніх класах паўстала пытанне, куды ж паступаць, бацька маладога чалавека, а таксама дырэктар школы рэкамендавалі звязаць жыццё з унутранымі войскамі: яны самі ў свой час там служылі, таму добра ведалі, якая гэта школа жыцця. Так і атрымалася: Яраслаў паступіў на факультэт унутраных войскаў у Ваенную акадэмію. Пасля яе заканчэння служыў у вайсковай часці ў Баранавічах, потым перавёўся ў сталіцу.

Прафесія — дапамагаць

Ад дзяжурнага па Фрунзенскім РУУС паступіла паведамленне аб тым, што на вуліцы без бацькоў гуляюць малыя дзеці, паводзяць сябе дзіўна, лезуць у ваду. Разам з нарадам, якому перадалі інфармацыю, мы адправіліся па ўказаных каардынатах.

Побач з неабыякавай жанчынай, якая звярнулася ў міліцыю, стаялі тры дзяўчынкі — па сем і восем гадоў. Пакуль усе разам ехалі ў апорны пункт міліцыі, праваахоўнікі звязаліся з інспектарам па справах непаўналетніх. Па прыездзе ўстанавілі і бацькоў дзяцей, патэлефанавалі. Бацькі, дарэчы, былі моцна здзіўленыя, калі даведаліся, што іх дзеці адышлі з дзіцячай пляцоўкі і згубіліся. Неўзабаве яны прыехалі па іх. Высветлілася, што дзеці выхоўваюцца ў прыстойных сем'ях, якія на прафілактычным уліку не знаходзяцца. Не паставяць на яго і дзяцей, але супрацоўнікі міліцыі мусілі ім добра растлумачаць, дзе трэба гуляць і як паводзіць сябе ў падобных выпадках.

— Прыемна, што наша прафесія дапамагае людзям, а таксама робіць нашыя вуліцы бяспечнымі, а грамадства — лепшым, — мяркуе Яраслаў Грыгенч. — Не існуе такіх сітуацый, калі, на думку некаторых грамадзян, да іх прычапіліся міліцыянеры: калі да вас звярнуліся праваахоўнікі, значыць, на тое былі падставы. Вы маглі падазрона сябе паводзіць, здзейсніць пэўнае правапарушэнне і не ведаць аб гэтым. Заўважыўшы, што чалавеку дрэнна (і няважна, ужываў ён алкаголь ці не), наш службовы абавязак — падысці і пацікавіцца, ці патрэбная яму дапамога. Калі звычайныя грамадзяне могуць прайсці міма і не звярнуць увагу, то мы абавязаныя зрэагаваць. Калі ж паміж грамадзянамі развязваецца канфлікт, з мэтай папярэджання правапарушэння мы спрабуем яго вырашыць.

На гадзінніку амаль поўнач. Супрацоўнікі патрульна-паставой службы заканчваюць дзяжурства, а мы — разам з імі. Стомленыя, едзем дамоў па спакойным горадзе, ужо ўпоцемку паспяхова дабіраемся да сваіх кватэр, добра ўсведамляючы, што ў гэтым заслуга ў тым ліку і нашых дзяжурных.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: На варце правапарадку

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.