Вы тут

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі


У летні час так хочацца на мора, ці, хоць бы ў падарожжа... А калі водпуск яшчэ далёка, грошай не так шмат, аднак наперадзе ёсць выходныя, то запрашаю разам са «Звяздой» адправіцца ў вандроўку па роднай Беларусі! Паехалі!


Стоячы ля электроннага табло сталічнага чыгуначнага вакзала, сярод стракатых літар і лічбаў я ўбачыла патрэбны маршрут — Мінск—Маладзечна. 

Знайшоўшы хуценька ў мабільным інтэрнэце больш падрабязны расклад электрычак на Вязынку, даведалася, што па гэтым кірунку яны ходзяць часта. Не стала нічога загадваць наперад, проста купіла квіток, які, да таго ж, аказаўся крыху даражэйшы за адну паездку ў грамадскім транспарце. І вось я ўжо еду — за акном мяняюцца карцінкі цудоўных краявідаў, квітнеюць валошкі ў жыце, падымаецца вышэй летняе жнівеньскае сонца, ад якога ў вагоне становіцца горача. Аднак гэтай гарачыні не заўважаеш за думкамі, людской гаворкай, гучнымі аб’явамі невядомых для цябе станцый. У вагон уваходзіць музыка з дудачкай і пачынае спяваць прыгожую песню на словы Максіма Багдановіча «Зорка Венера». Кінуўшы ў працягнуты капялюш колькі медзякоў, мне, натхнёнай лірычнай мелодыяй, яшчэ больш нецярпелася пабачыць чароўную Вязынку.

Калі выйшла на перон, і людзі пабрылі ў розныя бакі хто куды, з поўнымі торбамі гарадскіх прысмакаў, вудамі, пакетамі і кашамі, а іншыя пачалі хуценька заскокваць у вось-вось адыходзячую на Маладзечна электрычку, мяне сустрэла выкладзеная з роўненькіх аднолькавых цаглінак сцежка. Позірк упаў на яе і павёў далей да ўказальніка «Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» — значыць, я на месцы. 

З першых крокаў з’явілася адчуванне, што знаходжуся ў Пушкінскіх горах, што на Пскоўшчыне. Вельмі ўжо падобная тут прырода і ўсё навокал разам з драўлянымі пабудовамі, плотам, сажалкамі, няспешнай плынню тутэйшага жыцця... Падобныя мясціны падабаюцца многім тым, што у іх адразу пачынае адпачываць душа, нейкая палёгка з’яўляецца на сэрцы. 

Я ўдыхаю поўнымі грудзямі вязынскае паветра і не магу цалкам ім наталіцца. Кідаю свой заплечнік каля маленькай сажалкі, зацягнутай коўдраю зялёнай ціны, каб азірнуцца наўкола і перавесці дух, — стома адразу ж знікае. Раптам, угледзеўшыся, бачу, як да мяне падплывае качка, а з беражка нешта ціхенька плюхае ў ваду — гэта жабкі, скрозь ціш вады заўважаю чародкі малькоў... 

Іду далей па запаведніку — мімаходзь увесь час сустракаю наведвальнікаў: многа сем’яў, моладзь на роварах, на спусцістым дрэве, што амаль ляжыць на вадзе, сядзяць закаханыя, а на палянцы адпачынку (а менавіта так яна называецца на карце запаведніка) вырашыла паснедаць маладая сям’я, вунь там, у гушчары, схаваўся рыбак з вудаю, а тут, каля рэчкі, раскладвае свой мальберт мастак, паўсюль чуваць дзіцячы смех... Як хораша і спакойна тут! — падумалася ў гэты момант. 

Ногі самі прывялі мяне да парога дому нашага славутага земляка. Тут жа вялікая драўляная шыльда інфармуе мяне аб тым, што 25 чэрвеня па старым стылі 1882 у гэтай хаце нарадзіўся Янка Купала — народны паэт Беларусі. Пачарнелае ад часу дрэва быццам размаўляе са мной, а вокны, пазавешаныя ўзорыстымі фіранкамі просяць завітаць у дом. У цёмных сенцах вясковай хаты мяне сустракае загадчыца філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы Лілія НОРКА. Яна ўжо распачала экскурсію і запрашае прычыніцца да яе. Пах драўніны, нізенькія ўваходы з аднаго пакою ў іншы прымушаюць мяне забыцца на рэальнасць і апынуцца ў мінуўшчыне. 

«Вось абраз святога Ісідара — ахоўніка земляробаў, — апавядае жанчына. — Там знаходзяцца неапрацаваныя рогі, вось венскае крэсла і люстэрка — гэтыя тры рэчы належалі сям’і Луцэвічаў, а астатнія былі сабраныя ад людзей — посцілкі, ложкі, лавы, калаўрот. Раней у кожнага ў хаце такія рэчы былі, і люлечка абавязкова, таму што дзетак было многа».

Гадзіннікам для маленькага Янкі служыў певень, што ўзімку знаходзіўся пад печкай. Паэт некалі апісваў гэта ў сваім вершы «Мая хатка»: «Як увойдзеш — пры парозе з гліны печ стаіць, — на ўсю хату, як ураднік, з-пад ілба глядзіць; А пад печкай — маіх курак хаткі-катухі, там, як трэба мне ўставаці, пяюць петухі». Над печчу ў доме-музеі вісіць шасток. «А па-іншаму і не назавеш гэтую рэч», — гаворыць экскурсавод. На шастку — зёлкі, вэнджаныя каўбасы. Печ з жалезнай заслонай і пячуркамі, у адной з якіх заўважаю сапраўдны прас на вугольчыках і трыногу побач, рознае начынне. «А што гэта?», — пытаюся ў гаспадыні музея, маючы на ўвазе жардзіну з дужкай пасярод хаты. Аказваецца, гэта хадунок, з дапамогай якога малыя вучыліся хадзіць. Узімку, каб падлога не прамярзала, была адмысловая тэхналогія падагрэву. Па словах Ліліі Уладзіміраўны, у гэтую пару нашы продкі выкопвалі ў хаце спецыяльную яму, закладвалі яе навозам, а пасля закрывалі зямлёй, глінай, засцілалі саломай, што не давала прамярзаць утаптанай зямлі. Улетку земляную падлогу засцілалі аерам, які звычайна рвалі на Тройцу. Вядома, што гэта быў дом арандатара, па-іншаму называлі дом хатковых, бо сяліліся тут сямейныя людзі.

За размовай не заўважыла, як прабег час. Мне было прыемна адчуваць сябе ў гэтым старым будынку, чуць беларускую гаворку, слоўкі «шасток», «пячурка», «каптурок», «жэрдачка», «запруда», «трысцен», «аканіцы»... А яшчэ падалося, быццам і сапраўды тут жыве сям’я, якая гэтым часам працуе дзесьці ў полі і вось-вось павінна вярнуцца да вячэры.
Я выйшла з хаты, прайшла па сцежцы і апынулася ў старым панскім яблыневым садзе. Доўга думалася і ўяўлялася пра тое, што гэтым дрэвам прыйшлося многае ўбачыць на сваім вяку, а яны дагэтуль даюць добры ўраджай — яблыкі наліваюцца бы мёд!

Наведала я і саму вёску Вязынка: вырашыла паглядзець, як там людзі жывуць. І скажу вам — добра: у разгар лета работы хапае. Хтосьці дровы піліць, баньку топіць, гаспадынькі ў градах корпаюцца, ёсць і крама, бібліятэка, сельскі Савет. Насамрэч, на момант нараджэння Купалы, дзе цяпер знаходзіцца мемарыяльны комплекс, быў панскі хутар з гаспадаркай. А вось вёска пачыналася толькі праз кіламетр. А дакладней сказаць, вёсачкі — Сяледчыкі, Гурнавічы і Верамейкі, якія пасля 1972 года аб’ядналіся ў адну і ўвайшлі ў цяперашнюю Вязынку. І што цікава, шпацыруючы па мястэчку, можна заўважыць, што яго вуліцы носяць назвы гэтых былых вёсак. Таму некаторыя старажылы і цяпер могуць расказаць, адкуль яны і з якой менавіта вёскі, хоць даўно ўжо і лічацца тутэйшымі жыхарамі з вязынскаю прапіскаю.

А колькі такіх самабытных вёсак у нас у Беларусі, розных цікавых мясцін і музеяў каля іх са сваёй непаўторнай гісторыяй! Толькі бывае часта, што праз паўсядзённыя звыклыя клопаты мы не заўважаем гэтае «побач». Абавязкова наведвайце іх, адкрывайце для сябе нешта новае і не забывайцеся на старое, наша, спрадвечнае. Ну а мой цягнік ужо крануўся з месца. Пажадайце мне шчаслівага шляху і, спадзяюся, хутка сустрэнемся ў новай мясціне!

Надзея ЗУЕВА

Фота аўтара

Мінск—Вязынка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.