Вы тут

Берагі Берагіні


Нематэрыяльнае: пераемнасць


І нацыянальны строй, і танцы, і спевы — аўтэнтычныя, не кранутыя «глянцавым лоскам» сцэнічнай апрацоўкі, патрэбнай хутчэй у шоубізнесе — ва ўсёй сваёй разнастайнасці былі прадстаўлены на фестывалі, на які ў гарадскі пасёлак Акцябрскі Гомельскай вобласці нядаўна з’ехаліся носьбіты традыцыйнай айчыннай культуры з многіх куткоў Беларусі. Галоўная вуліца гарадка ператварылася ў пешаходную, дзе шматлікія рамеснікі і народныя ўмельцы гандлявалі ўласнымі вырабамі з самых разнастайных прыродных матэрыялаў, у цэнтральным гарадскім скверы былі шырока прадстаўлены рэгіянальныя падворкі дамоў рамёстваў рэспублікі, арганізаваны выстаўкі-продажы карцін, выкананых у розных старадаўніх тэхніках, выцінанак, ручнікоў; можна было пакаштаваць стравы і напоі, згатаваныя па старажытных рэцэптах, наведаўшы адмысловыя майстар-класы, засвоіць азы традыцыйных ручных рамёстваў і мастацтваў. Для дзяцей і падлеткаў праводзілася спецыяльна распрацаваная забаўляльна-гульнёвая праграма і майстар-класы па народных танцах «Кола рудабельскага фальклору». Там-сям на траве за намётамі ўмельцаў купкі ўдзельнікаў фестывалю рыхтаваліся да выступленняў: рэпеціравалі танцавальныя нумары, сабраўшыся колам, распяваліся пад гукі гармоніка альбо акапэльна, народныя музыкі зачароўвалі прысутных сваім майстэрствам… Не пакідала ўражанне, што ты трапіў у казку, дзе пануе атмасфера добразычлівасці і ўсе табе рады. Рады проста таму, што ты — ёсць, і ты — не менш важны ўдзельнік свята чым спевакі ці танцоры на сцэне. Асабліва ўражвала тое, што пераважная большасць сярод гасцей святочнай праграмы была моладзь — вытанчаныя дзяўчаты і стройныя прыгожыя хлопцы, юнакі, дзеці. Некаторыя ўдзельнікі выступалі на галоўнай сцэне побач са сваімі сужэнцамі, дзеткамі ды іншымі сваякамі — «сямейная» прысутнасць унутры фальклорнага калектыву — з’ява нярэдкая.

Невыпадковая і назва фестывалю. Берагіня, згодна з усходнеславянскай міфалогіяй, — вялікая багіня, якая нарадзіла існае і ахоўвае ўсё жывое. Нашы продкі верылі, што з нябёсаў яна дапамагае ім выгадаваць дзетак, вырасціць ураджай, дагледзець свойскую жывёлу. Іван Крук вобразна ахарактарызаваў нашу традыцыю і яе пераемнасць як рэчку, дзе адзін бераг высокі — гэта старэйшае пакаленне, якое немагчыма без традыцыі, бо зраслося з ёю і стала адным цэлым, а другі бераг — пакаты, што павольна спускаецца ў ваду — гэта моладзь, якая імкнецца захаваць спадчыну. «Берагіня, наш абярэг — гэта не толькі тое, што нас беражэ, але і тое, што вызначае рэчышча нашай традыцыі, — зазначыў старшыня журы. — І сёння мы збіраемся для таго, каб дапамагчы Берагіні выжыць… Менавіта саюз нябеснага і зямнога, традыцыйнай культуры і сучаснай павінен нас аб’яднаць і падказаць шлях у заўтрашні дзень…»

Ідэя фестывалю належыць яго мастацкаму кіраўніку і старшыні экспертнай рады на працягу многіх гадоў (за выключэннем бягучага) Мікалаю Козенку — ён увасобіў задуму пры дапамозе культсупрацоўнікаў Акцябрскага раёна. А пачыналася ўсё з таго, што ў горадзе Чачэрску на фестывалі «Чачэрская полька» ў М. Козенкі нарадзіўся праект конкурсу танцавальных пар, які пасля і «вырас» у фестываль «Берагіня».

Ад Лявоніхі да полькі

Урачыстае адкрыццё ХІ Рэспуб-ліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня» пачалося з прывітальнага слова міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатоля Маркевіча, дзе выказвалася ўдзячнасць за адданасць фальклорнаму мастацтву і захаванне народнай спадчыны ўсім, хто меў дачыненне да арганізацыі і правядзення мерапрыемства. На сцэну для ўрачыстага прадстаўлення выходзілі творчыя дэлегацыі абласцей, а пасля выступаў Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята».

Далей пачалося самае хвалюючае для тых, хто прыехаў паказаць сваё майстэрства: у межах фестывалю распачаўся ХV Рэспубліканскі конкурс выканаўцаў беларускіх народных побытавых парных танцаў «Лявоніха». Спецыфіка яго ў тым, што для выканання танца на сцэну адначасова выходзілі некалькі пар адной узроставай катэгорыі, якія прадстаўлялі розныя ўстановы культуры і былі падрыхтаваны рознымі педагогамі. У межах аднаго і таго ж танца харэаграфічныя элементы, што дэманстравалі пары, рухаючыся ў адзіным рытме па агульным коле, маглі адрознівацца. Акрамя «Лявоніхі» танцавалі «Мікіту», «Аляксандра», «Матылька» і «Польку імправізаваную».

Назвы народных танцаў, што паходзяць ад імені, узяты з прыпевак, пад якія раней выконваліся. Танцы гэтыя з’яўляліся часткай штодзённага побыту, працы і адпачынку. Так, выконваць «Мікіту» пары выходзяць з сельскагаспадарчымі прыладамі з доўгімі дзяржальнамі — у пэўны момант апошнія апынаюцца на зямлі і пара, якая кружыцца пад залівістую вясёлую музыку, скача цераз іх. Танцы дадавалі сілы для штодзённых спраў, уздымалі настрой.

Усяго на конкурсе было прадстаўлена 4 узроставыя катэгорыі: ад 12 да 14 гадоў, ад 15 да 20, ад 21 да 40 і ад 41 года. З замілаваннем можна было назіраць, як кіраўнікі, якія падрыхтавалі пары для ўдзелу, падчас іх выступлення знаходзіліся побач са сцэнай і невярбальна праз пэўныя рухі падбадзёрвалі сваіх выканаўцаў, давалі парады, рабілі падказкі.

Спрыт і зайца, і жабкі

Не менш захапляльным на фестывалі стаў і ІІІ Рэспубліканскі конкурс харэаграфічнай імправізацыі салістаў «Барыня», удзельнікі якога таксама былі падзелены ў залежнасці ад узросту (але крыху адрозніваліся межы ўзроставых катэгорый). Тут выконваліся толькі два танцы: «Заяц» — танцавалі дзяўчаты, «Жабка» — хлопцы. Як відаць з назваў, галоўным тут з’яўляецца імітацыя і перадача рухаў гэтых жывёл. Прычым у тэхніцы выканання ёсць пэўныя асаблівасці. Калі ў парных танцах найбольш важным крытэрыем з’яўляецца адчуванне партнёра, гарманічнасць пары і пластычнасць, то ў сольных намінацыях істотны такія моманты, як спрыт, скакучасць, расцяжка. Так, дзяўчаты танчылі «Зайца» з доўгімі дзяржальнамі, што імітавалі сельскагаспадарчыя прылады працы. Галоўным было, акрамя пластычнасці і дакладнасці, прадэманстраваць вёрткасць і спрытнасць: найбольш складана пад хуткую рытмічную музыку пры пераскокванні цераз прылады працы зрабіць у паветры разварот на 360 градусаў, а то і некалькі запар… Не прасцей і хлопцам танцаваць «Жабку» — гэты сцэнічны вобраз можа выяўляць элементы камічнасці…

Спевы, найгрышы…

Бадай, самым складаным у межах фестывалю і для журы, і для ўдзельнікаў выявіўся ІХ Рэспубліканскі турнір дзіцяча-моладзевых (школьны ўзрост) фальклорных калектываў «З рога ўсяго многа». Кожны калектыў, які выходзіў на сцэну, не больш чым за 15 хвілін павінен быў прадэманстраваць сваё майстэрства ў пяці намінацыях: «Карагод», «Кадрыля», «Полька мясцовая», «Спевы» і «Найгрыш ансамблевы». І тут звярталі ўвагу не толькі на тэхніку выканання, багацце дыяпазону вакальных дадзеных, узровень харэаграфічнай падрыхтоўкі, але і на агульную гарманічнасць сцэнічнага вобраза, адчуванне групы, уменне выяўляць сябе часткай калектыву ў непарыўнай злучанасці з іншымі. І ўсё ж нязручнасць пры ацэнцы ўдзельнікаў заключалася ў тым, што намінацыі стаялі «па гарызонце», а не па «вертыкалі»: так, у межах аднаго калектыву хтосьці выявіўся лепшым у вакале, у межах іншага — у найгрышы ці харэаграфіі, але там, дзе быў шыкоўны вакал, не былі прадстаўлены ўсе жанры — і як тут усё падсумаваць і вызначыць найлепшага?.. Як разважаў старшыня журы Іван Крук, было б больш мэтазгодна ацэньваць калектывы асобна ў межах кожнай намінацыі.

Місія па засваенні спадчыны

На завяршэнні свята традыцыйна былі аб’яўлены пераможцы ў кожнай з намінацый і ўзроставых катэгорый. Але гэта хутчэй выглядала сімвалічнай падзеяй, бо сам удзел у фестывалі ўжо можна было лічыць перамогай — у выніку шматлікіх праглядаў і адбораў мясцовага значэння вызначаліся лепшыя з лепшых. Многія выканаўцы былі адзначаны дыпломамі «За пераемнасць і працяг танцавальных традыцый свайго краю», а таксама «За любоў і павагу да традыцыйнай спадчыны роднага краю». Самы маленькі ўдзельнік, які натхнёна шчыраваў на сцэне ў складзе ўзорнага фальклорнага гурта «Чобаты» дзяржаўнай установы адукацыі «Вучэбна-педагагічны комплекс Жодзішкаўскі яслі-сад — сярэдняя школа» (кіраўнік — Кацярына Дудзінская) Аляксандр Кавалевіч атрымаў у падарунак зборнік пра народную культуру. Іншыя пераможцы былі ўзнагароджаны грашовымі прэміямі і каштоўнымі прызамі. Адзін з лаўрэатаў конкурсу ў намінацыі «Жабка», прадстаўнік трэцяй групы ўзроставай катэгорыі (ад 41 года), удзельнік фальклорнага калектыву «Мілавіца» ДУА «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь”» (кіраўнік Мікола Козенка) Аляксей Чубат падзяліўся ўражаннямі ад атрымання ўзнагароды: «Танец “Жабка” даволі складаны, патрабуе і фізічнай падрыхтоўкі, і танцавальнай, таму прыемна, што прысудзілі другое месца. Радасна, што сотні гадзін рэпетыцый даюць не толькі асабістае маральнае задавальненне, але і публічнае прызнанне. Народных танцаў не адна сотня, і калі ўдасца на добрым узроўні ведаць і танчыць хаця б 50, буду лічыць сваю місію па засваенні духоўнай культуры і перадачы яе далейшым пакаленням выкананай...» Як высветлілася, Аляксей займаецца народнымі танцамі на працягу трох гадоў. Гэта той від мастацтва, які прыносіць добры настрой, паляпшае фізічны стан. І тут многія, незалежна ад узросту, могуць дасягнуць пэўных поспехаў, варта толькі мець асэнсаванае жаданне і настойлівасць.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».