Вы тут

Гордасць і настальгія рэалістаў


Да 31 жніўня ў Мастацкім музеі горада Віцебска працуе Усерайсійская перасовачная выстаўка «Рэалісты Расіі» (другі сезон), у якой удзельнічаюць 26 мастакоў. Усе творцы — члены Саюза мастакоў Расіі, прадстаўнікі яго рэгіянальных аддзяленняў.


Творы некаторых з іх увайшлі ў каталог «Найлепшыя жывапісцы Расіі». Як адзначаюць арганізатары, мэты праекта — захаванне і развіццё самабытнага характару рускага рэалістычнага мастацтва ў маштабе нацыянальнай традыцыі, а таксама зацвярджэнне назапашанага творчага вопыту. Стваральнікі падкрэсліваюць, што прадстаўляюць цэласны вобраз сучаснага стану рускай школы жывапісу з яе шырокім поглядам на свет, паважлівым стаўленнем да традыцыі і смелымі эксперыментамі. Адкрыццё праекта «Рэалісты Расіі» адбылося ў 2019 годзе ў Чарапаўцы да дня нараджэння сусветна вядомага мастака Васіля Верашчагіна.

Галоўны жанр на выстаўцы ў віцебскім Мастацкім музеі — пейзаж, часцей прыродны. Глядач «знаходзіцца» пераважна ў светлым дні, а перад яго вачыма, напрыклад, — нерухомая лодка на воднай роўнядзі («Лодка. Ціхая вада» Уладзіміра Кікеля). У назве аўтар засяродзіў увагу на ключавых вобразах карціны, і асабліва яму ўдалося перадаць празрыстасць, адценні вады на досвітку. Аднак пейзаж настолькі вывераны кампазіцыйна, што доўга каля такога «правільнага» твора не затрымаешся. І гэта праблема многіх твораў на выстаўцы — нават тэматычна падобнага «Вячэрняе святло. Плёс» (2014) Ірыны Рыбаковай. Тут больш месца аддадзена небу і зелені, аднак на агульнае адчуванне гэта ніяк не ўплывае — нават лёгкія хвалі не робяць карціну жывой. Але што не дазволена лірычнаму пейзажу?

Адметна, што на выстаўцы «Рэалісты Расіі» пераважае сельскі пейзаж, а не гарадскі. Вылучаецца з шэрагу палотнаў, на якіх адлюстраваны ясныя дні, твор пад назвай «Снег ідзе» Ільі Аўчарэнкі. Абсалютна шэры і нават дэпрэсіўны сюжэт перадае спакой і адсутнасць перспектывы хоць нейкай дынамікі на фоне натуральнага жыцця прыроды. Цэнтральныя «персанажы» тут — два будынкі, якія ўзводзіліся ў розныя перыяды, натуральна, згодна з рознымі ўяўленнямі аб архітэктуры, прыгажосці і ўтульнасці. Але кожны — адлюстраванне погляду на будучыню, тую, якая, мяркуючы па ўсім, ужо надышла. Па некаторых дэталях угадваецца немінучае запусценне, пра якое не пажадалі паразважаць іншыя мастакі. Напрыклад, Мікалай Урасаў у творы «Туман над Ліствянкай» паказаў, наколькі чалавек мізэрны перад прыродай, наколькі яго памкненні і дасягненні не маюць значэння, асабліва калі гаворка ідзе пра маленькае ізаляванае паселішча. Так ці інакш, след чалавека на прыродных пейзажах перадалі большасць аўтараў. Цэльнай часткай экспазіцыі выглядаюць, напрыклад, творы Аляксея Цімашэнкі, выкананыя ў адным стылі і з выкарыстаннем адных і тых жа колераў, імпрэсіяністычна мігатлівых. Часта побач з квітнеючымі палявымі кветкамі на палотнах мастака размяшчаюцца старыя вясковыя пабудовы — як напамін пра людзей, якія некалі лічылі тут сябе гаспадарамі. Дарэчы, адзін з твораў — «Зіма ў Казаіле» (2016) Ільі Аўчарэнкі — колерамі і вобразамі падобны да некаторых карцін Леаніда Шчамялёва. Аднак параўнанні з народным мастаком Беларусі не пойдуць на карысць нікому.

Лейтматыў работ на тэму вёскі — асэнсаванне старасці ва ўсіх яе праявах. У творы «Дзве сяброўкі» (2011) Антона Іагана дзве жанчыны сталага веку вясеннім днём складваюць дровы — рыхтуюцца да зімы; на карціне «Асенняя размова» (2017) Андрэя Вілкава таксама дзве жанчыны стаяць каля калодзежа — праз пэўны час яны будуць бачыцца радзей; нацюрморт «Бабулін куфар» (2019) Алены Вілкавай прадстаўляе рэчы, якія захоўваюцца ў хатах дзесяцігоддзямі: масленая лямпа, гліняны збан, валёнкі, старыя кнігі… Ці спатрэбіцца што-небудзь з гэтых прадметаў, ці скарыстаюцца імі?

Адлюстраванне прыга-жосці і адлучанасці храмаў з’яўляецца характэрнай рысай гарадскога пейзажа на выстаўцы «Рэалісты Расіі». Недзе яны выконваюць галоўную ролю («Кірыла-Белаазёрскі манастыр» (2010) і «Плёс. Від з гары Левітана» (2013) Вольгі Карпачовай, «Вясна ў Суздалі» (2018) Аляксандра Пракапенкі, «Святая крыніца г. Сызрань» (2020) Яўгена Галалобава), недзе з’яўляюцца неабходным фонам («Г. Кашын. Чэрвень» (2016) Азата Галімава, «Мой снежны горад» (2020) Вольгі Кузьміной, «Вясна ў Плёсе» (2020) Аляксандра Пракапенкі). Часцяком такія творы, як і многія нацюрморты праекта, не перадаюць амаль нічога, акрамя пэўнай эмоцыі ці пачуцця. Здаецца, у большасці выпадкаў гэта гордасць і настальгія.

Пасля знаёмства з экспазіцыяй узнікае настойлівае жаданне аднаго — сну. Прыгажосць моманту, ціхамірнасць, амаль поўная адсутнасць руху, жвавых ці нават статычных персанажаў пераносяць у свет, дзе ёсць толькі колер, пах, гук… Настрой лірычных твораў прымушае забыцца на сённяшнія раэліі, на пытанні, што не даюць спакою, і збегчы ад людзей з іх хваляваннямі і шкадаваннямі. Добра гэта ці не для мастакоў-рэалістаў, але складваецца ўражанне, што ледзь не кожная работа магла быць створана не пазней пачатку 1990-х. Глядач толькі зрэдку счытвае праблемы, якія хвалююць сучасных аўтараў, угадвае іх думкі і надзеі. Магчыма, такой і была канцэпцыя арганізатараў выстаўкі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.