Вы тут

Знаёмцеся — свацця!


Праз дзесяцігоддзі, нават сотні гадоў, аўтэнтычны касцюм набывае асаблівае значэнне, а тэхналогіі яго стварэння становяцца ледзь не сакральнымі ведамі. Прадмет асаблівага гонару Кобрынскага раёна — убранне свацці з вёсак Лелікава і Павіцце. Традыцыі вырабу і выкарыстання гэтага народнага касцюма ў 2018 годзе былі ўключаны ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.


Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А. В. Суворава, нягледзячы на ваенна-гістарычны профіль, у сваёй рабоце імкнецца прыцягнуць увагу да нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны ў рамках гісторыка-краязнаўчага праекта «Знаемцеся — свацця!», займаецца збіраннем экспанатаў па этнаграфіі.

Рэалізацыя любога маштабнага праекта патрабуе шмат часу і намаганняў. Дадзеная задумка не стала выключэннем. Але пра ўсё па парадку...

Паколькі ў галіне народнага адзення і тэкстылю хутка ідзе працэс разбурэння ў сувязі з сыходам з жыцця старэйшага пакалення — носьбітаў традыцый, было вырашана: пакуль не позна, сабраць поўны камплект строю свацці з Лелікава і Павіцця Кобрынскага раёна. Аказалася, што здабыць касцюм вельмі няпроста. Мясцовыя жыхары, якія захоўваюць у куфрах асобныя часткі касцюма, не спяшаюцца з імі расставацца, нават на час.

У творчага калектыву Кобрынскага музея выспела рашэнне вярнуць касцюм свацці ў сучаснае жыццё, даць яму «другое дыханне» — пашыць рэпліку адзення. Такі варыянт «адраджэння» магчымы, таму што традыцыі вырабу касцюма былі аднесены да гісторыка-культурных каштоўнасцяў катэгорыі «Б». Такія каштоўнасці могуць быць адноўлены на другасным матэрыяле і існаваць у сучаснай форме.

Касцюм свацці — гэта своеасаблівая візітоўка ўсяго Кобрынскага раёна. З аднаго боку, гэта тыповы народны строй, які складаецца з кашулі, спадніцы, фартуха. З другога боку, касцюм адрозніваецца павышанай дэкаратыўнасцю. Усе часткі пашытыя з баваўняных тканін і багата аздобленыя аплікацыяй. На палічках, рукавах, манішцы кашулі, на фартуху нашытыя «вочы» — ланцужкі з закругленых ромбаў, у сярэдзіне якіх вышыты васьмівугольныя зоркі. Касцюм свацці шылі «з вачыма», таму што яна кіравала вяселлем і ўсё мусіла бачыць. Гэтыя зоркі-вочы таксама засцерагалі маладых ад сурокаў.

Адметнай асаблівасцю строю з'яўляецца незвычайны галаўны ўбор у выглядзе какошніка, упрыгожанага рознакаляровымі пукамі пеўневых пёраў, што падкрэслівае баявы дух свацці, сваячкі жаніха.

У пачатку ХХ стагоддзя ў такім адзенні на вяселлі была старэйшая свацця і свашкі — маладыя жанчыны і нават дзяўчынкі-падлеткі з роду жаніха. Старэйшая свацця сачыла за паслядоўнасцю вясельных абрадаў, удзельнічала ў галоўных момантах урачыстасці.

Супрацоўнікі музея заняліся даследаваннем асаблівасцяў касцюма свацці, працавалі з літаратурай, замалёўкамі даследчыкаў-этнографаў, старымі фотаздымкамі, музейнымі калекцыямі, распытвалі людзей сталага веку, знаёміліся з вопытам старэйшых майстрых. Вельмі дапамаглі ў рабоце матэрыялы, якія сабралі загадчык аўтаклуба ДУК «Кобрынская раённая клубная сістэма» Вольга П'янцава і іншыя работнікі культуры Кобрынскага райвыканкама.

У працэсе вывучэння аўтэнтычнага ўбрання з'явіліся пытанні, адказы на якія ведала галоўная захавальніца старажытнай традыцыі, жыхарка вёскі Лелікава — Анастасія Шапяцюк. Да яе і адправіліся супрацоўнікі музея.

Анастасія Ігнацеўна, якая ў свой час пашыла касцюмы для сваіх унучак Дашы і Каці, падзялілася сакрэтамі вырабу ўбрання свацці. Спадніца магла быць любога колеру, але досыць часта шылі яе з чырвонай тканіны. Свацця насіла толькі адну «затулку» (фартух). Такое пытанне паўстала таму, што на Кобрыншчыне жанчыны часта насілі па два фартухі адразу, пры гэтым падол верхняга падтыкаўся так, каб было відаць узор на ніжнім.

Не існуе колеравай заканамернасці пры размяшчэнні стужак на спадніцы, кожная швачка размяшчае іх на свой густ. Фрагменты аплікацыі ў выглядзе «вачэй-ланцужкоў» спачатку «нажыўляюцца» уручную, а потым усе адзенне шыецца на машынцы.

Ёсць свае сакрэты і ў захоўванні касцюма: спадніца і фартух складваюцца па шырокіх падоўжаных складках, апрацоўваюцца прасам, а потым звязваюцца ў некалькіх месцах.

Для «ажыўлення» малюнка трэба было знайсці майстра, якога называюць універсальным: і таленавітую швачку, і добрую закройшчыцу. Акуратная, працавітая — гэта тыя якасці, якія характарызуюць Іну Корсак, што пагадзілася ўзяцца за адказную справу. Калі былі гатовыя асобныя фрагменты касцюма, належала завяршыць «вочы» — вышыць у сярэдзіне зоркі. Гэта работа была выканана вопытнай вышывальшчыцай Галінай Аўдзеевай.

Самай цяжкай задачай стаў выраб галаўнога ўбора, які вылучаў свацю сярод іншых гасцей на вяселлі. Гэта прытым, што лубяны каркас і «брэжэ» (карону з рознакаляровых стужак, упрыгожанную пацеркамі) падарыла супрацоўнікам Анастасія Шапяцюк.

Амаль дэтэктыўная гісторыя адбывалася, калі пачаўся пошук пеўневага пер'я для галаўнога ўбора. Нарэшце хтосьці з супрацоўнікаў знайшоў гаспадынь, якія пагадзіліся заняцца зборам пер'я. Магчыма, у некаторых пеўняў хвасты сталі радзейшыя, зато ў «кароне» з'явіліся сімпатычныя каляровыя «рожкі», без якіх немагчыма ўявіць какошнік свацці.

Каб паказаць адметнасць і прыгажосць народнага касцюма, была праведзена вялікая работа. Але яго пашыў стаў толькі першым крокам праекта «Знаёмцеся — свацця!». Строй упрыгожвае выстаўку «Народны касцюм — жывая традыцыя», афармленне якой стала наступным крокам у праслаўленні свацці. Сувенірныя лялькі, малюнкі, фотаздымкі — усё так ці інакш характарызуе народнае адзенне. Дэманструюцца прадметы жаночага касцюма паўднёва-ўсходняга рэгіёна Кобрыншчыны, да якога адносіцца і ўбор свацці. Тканыя паясы, ручнікі на вясельную тэматыку, абрусы, дываны сведчаць аб багацці фантазіі нашых продкаў. Сфарміраваны асобны куток інтэр'ернага паказу «У пакоі свацці».

На музейным занятку, які праводзіцца ў аўтэнтычнай прасторы выстаўкі «Народны касцюм — жывая традыцыя», школьнікі з вялікім задавальненнем гуляюць у народныя гульні, удзельнічаюць у абрадзе «Пасільшчына» з удзелам свацці.

У мясцовай газеце была праведзена віктарына «Ведай сваю спадчыну», прысвечаная асаблівасцям вяселля ў Кобрынскім раёне і ўбранню свацці.

З дапамогай супрацоўнікаў музея свацця з Лелікава без цяжкасцяў засвоіла інтэрнэт-прастору, што пашырыла магчымасці праекта. Яе можна ўбачыць у 3D туры, на сайце «Пазнай Кобрын», у акаўнце музея ў Іnstagram; яна брала ўдзел у акцыі #скучающийфлешмоб і ў фотаконкурсе «Сэлфі & фота з вышыванкай», які быў аб'яўлены Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. Не абышлося без свацці і падчас стрым-экскурсіі, праведзенай сумесна з карэспандэнтам газеты «Беларусь сегодня». У маі свацця нагадала пра сябе ў Брэсце у рамках сумеснага праекта «Музеі — гораду». Касцюм з характэрным галаўным ўборам прыцягваў увагу наведвальнікаў.

На аснове сабраных падчас фальклорных экспедыцый матэрыялаў, літаратурных крыніц быў зроблены відэазапіс урыўкаў песень у выкананні мясцовай жыхаркі Вольгі Шаранковай, якія спявалі на вяселлі ў вёсках Лелікава і Павіцце.

Супрацоўнікамі музея распрацаваны эскізы сувенірнай прадукцыі з выявай лелікаўскай свацці, яна выстаўлена на продаж у сувенірнай лаўцы музея.

Днямі калекцыя музея папоўнілася ўнікальнай лялькай-сваццяй, якая будзе выкарыстоўвацца падчас дыдактычнай гульні «Апрані ляльку ў народнае». Гэты цудоўны касцюм з ювелірнай вышыўкай стварыла загадчыца Яроміцкага дзіцячага садка Таццяна Біч.

У чэрвені Кобрын прымаў у сябе культурна-спартыўны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу». У насычанай праграме розных мерапрыемстваў ганаровае месца адвялі гісторыка-культурнай спадчыне. У рамках круглага стала «Прасоўванне гісторыка-культурнай спадчыны» галоўнай гераіняй стала свацця з Лелікава. Прысутных пазнаёмілі з асаблівасцямі касцюма, з гісторыяй стварэння яго рэплікі. Таксама былі падведзены вынікі абвешчанага летась паэтычнага конкурсу «Ах, гэта вяселле!» Адзін з найлепшых вершаў Надзеі Момлік «Лелікаўская свацця» ва ўрачыстай абстаноўцы быў перададзены ў музей.

Народны касцюм — гэта частка нашай культуры, частка нашай душы, а таму адна з задач музея, вядома ж, у супрацоўніцтве з іншымі ўстановамі культуры і адукацыі выратаваць усе, што можна выратаваць, вывучыць, захаваць і перадаць новаму пакаленню.

Праект пад назвай «Знаёмцеся — свацця!» толькі набірае сілу, яшчэ шмат чаго наперадзе, гэта ж толькі пачатак вялікай работы...

Старшы навуковы супрацоўнік Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава Лілія КІРЫЛЮК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.