Вы тут

Мадэрнізацыя цеплацэнтраляў у Гродне дазволіць скараціць тэрмін адключэння гарачай вады


Вядома, спажыўцам вельмі важна, каб гарачая вада была пастаянна. Але без прафілактычнага агляду не абысціся. Гродзенскія энергетыкі ўпэўненыя, што перыяд адключэння гарачай вады можна скараціць. Мяркуецца, што гэтаму паспрыяе высокая надзейнасць цепласетак і мадэрнізацыя будынкаў.


Фота аўтара.

Штогод у Гродне пракладваецца каля 20 кіламетраў трубаправодаў. Вось і сёлета мяркуецца рэканструяваць амаль столькі ж. Гэта вялікія аб'ёмы, адзначае першы намеснік дырэктара філіяла «Гродзенскія цеплавыя сеткі» РУП «Гроднаэнерга» Барыс Мітрычэнка. Палова запланаванага ўжо зроблена.

— Калі такія тэмпы будуць захоўвацца не менш за пяць гадоў, надзейнасць гродзенскіх цепласетак будзе вельмі высокая, — упэўнены суразмоўнік. — Пры гэтым аб'ём дазволіць забяспечыць не толькі высокую надзейнасць у ацяпляльны перыяд, але і значна скараціць тэрміны адключэння гарачай вады. Зусім адмаўляцца ад прафілактыкі немагчыма, бо такія адключэнні патрэбныя і спажыўцам, каб выканаць пэўныя выпрабаванні, праверыць свае цеплавыя лічыльнікі, аўтаматыку, памяняць абсталяванне. Адключэнне неабходнае, але на значна меншы перыяд часу.

Новыя мікрараёны будуюцца толькі з прымяненнем ізаляваных трубаправодаў сучаснымі метадамі і тэхналогіямі. Таму там цяпер толькі прафілактыка, а вось у старой частцы горада вядуцца работы па замене і рэканструкцыі сетак.

На тэрыторыі прадпрыемства ў вочы кідаецца штабель новых труб вялікага дыяметра. Усе яны будуць выкарыстаныя ў падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага сезона. З трубамі затрымкі быць не павінна, тлумачыць субяседнік. Большая іх частка паступае ад беларускіх заводаў. І тут не павінна быць стыхійнасці. Трубы выпускаюцца і паступаюць адпаведна з распрацаванымі праектамі і згодна з дагаворамі.

— Да ацяпляльнага сезона мы выканаем рэканструкцыю цепласетак у поўным аб'ёме. У планах — праводзіць работы і ў ацяпляльны перыяд праз часовыя схемы цеплазабеспячэння, як робяць у Мінску. Зімой кладзецца часовы трубаправод, што дазваляе працаваць нават у асенне-зімовы час. Сёння такія работы вядуцца, але з невялікай колькасцю падрадчыкаў. Будзем павялічваць аб'ёмы, — адзначыў у размове Барыс Мітрычэнка.

Гэта становіцца магчыма дзякуючы сучаснай дыягнастычнай лабараторыі. Такая служба была ўтворана амаль дзесяць гадоў таму. Асноўная яе задача — максімальна аператыўны пошук канкрэтнага пашкоджання трубаправодаў, а таксама ацэнка тэхнічнага стану падземных камунікацый.

— Мы шукаем пашкоджанні, а таксама праводзім акустычную дыягностыку, — тлумачыць місію свайго падраздзялення начальнік лабараторыі Данііл Цыбульнікаў. — Напрыклад, на гэты год у нас запланавана правядзенне дыягностыкі ўсіх магістральных трубаправодаў, надзейнае цеплазабеспячэнне ў асенне-зімовы перыяд. У нас ёсць цеплавізар для правядзення здымак, а таксама прыбор для відэаагляду, відэаінспекцый падземных камунікацый. Адзін прыбор шукае, дзе знаходзяцца трубы пад зямлёй, другі вызначае канкрэтнае месца, а трэці ўдакладняе яго знаходжанне.

Спецыяліст дэманструе работу дыягнастычнай апаратуры. Нават без выезду на месца няцяжка ўявіць увесь механізм дзеянняў. Ён не такі складаны. На трубаправодах, дзе, магчыма, ёсць праблема, устанаўліваюцца два датчыкі. Іх сігналы прымае вылічальны прыбор, які на аснове гукаў паказвае максімальную даўжыню пашкоджання. Дакладнасць вялікая — да 1 сантыметра. Такім чынам можна бачыць, што адбываецца пад зямлёй. Асноўны пік работ прыпадае на асенне-зімовы перыяд, бо ў гэты час асабліва высокія нагрузкі на цепласеткі.

— Пошук і раскопкі — працэс затратны і доўгачасовы, таму важна максімальна дакладна знайсці месца пашкоджання. Пры раскопках высвятляецца стан трубаправода на дадзеным участку і вырашаецца, што тут рабіць далей — проста лакальны рамонт альбо больш маштабную рэканструкцыю, — паясняе сутнасць работы спецыяліст.

Найбольш часта пашкоджанні здараюцца на старых трубаправодах, там, дзе пракладзены стальныя трубы. Новыя вырабляюцца на заводзе адразу з ізаляцыяй, што змяншае ўздзеянне знешняй карозіі, а таксама памылкі пры мантажы.

Падчас работ здараюцца і нечаканасці. Сёлета пры рэканструкцыі ўчастка дарогі каля заапарка быў знойдзены старажытны водаправод.

На прадпрыемстве канстатуюць, што дзякуючы рэканструкцыі пашкоджанняў з кожным годам становіцца менш. Адпаведна, менш і прафілактычных рамонтаў.

Па словах Барыса Мітрычэнкі, вялікі аб'ём работ праводзіцца на прадпрыемствах ЖКГ і іншых спажыўцоў. Гэта звязана з устаноўкай прыбораў рэгулявання і ўліку. Чым больш становіцца такіх прыбораў, тым больш разумна спажывец адносіцца да паліўных рэсурсаў, пачынае эканоміць. Да таго ж значны ўплыў аказвае работа, якая праводзіцца па цеплавой мадэрнізацыі будынкаў, уцяпленні фасадаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.