Вы тут

Патэнцыял новага прачытання


У гісторыі беларускага літаратуразнаўства з канца 1980-х гадоў стратэгічны курс, узяты на змену ракурсаў асэнсавання культурнай спадчыны, знайшоў сваю рэалізацыю найперш у вяртанні імёнаў і твораў, прачытанні мастацкіх тэкстаў паводле вядомых філасофскіх канцэпцый, спробах кантэкстуальнага (еўрапейскага, сусветнага) вызначэння нацыянальнага пісьменства. Пры ўсёй велізарнай колькасці напрацаванай абнаўленчай літаратуры вельмі нямногія кнігі, на нашу думку, могуць прэтэндаваць на кардынальна новае, аўтарскае прачытанне, маштабнасць і глыбіню даследчыцкага светабачання. А з нешматлікіх выданняў толькі адзінкавыя здольны па-сапраўднаму разварушыць айчынную гуманітарыстыку, надаць імпульс добра распрацаваным напрамкам і вызначыць новыя дзейсныя перспектывы.


Ад нашаніўскай класікі пачатку ХХ стагоддзя ў мастацкай літаратуры замацавалася і ўстойліва дамінуе да сёння дыдактычная зададзенасць, устаноўка на хрэстаматыйнасць, уключанасць у вучэбна-выхаваўчы працэс. На ролю «Трэцяга чытання для дзяцей беларусаў» услед за Цёткай і Якубам Коласам прэтэндуе мноства аўтараў і твораў не толькі ХХ, але і ХХІ стагоддзя. На жаль, на другі план адышло, а можа, і наогул страцілася з поля зроку бачанне літаратуры як арганічнага існавання творчай асобы, мастацкага самавыяўлення, складанага працэсу пошуку, памылак, знаходак, натхнёнага азарэння, падзвіжніцкай працы і прафесійнага рамесніцтва. Мы дагэтуль не можам разабрацца з дыскусіяй 1913 года, вырвацца пры яе асэнсаванні з абдоймаў палітызаванасці і суб’ектывізму.

Амаль усе новыя літаратуры пачыналі свой шлях у ХІХ стагоддзі з парадзіравання, каларытнага нацыянальнага перані-цоўвання класіцыстычных канонаў. Славутую лацінскую «Энеіду» Вергілія пераапранула на беларускі манер — услед за французскімі, украінскімі, рускімі ўзорамі — «Энеіда навыварат» Вікенція Равінскага. У пачатку стагоддзя ХХ-га ўменне «ўсміхнуцца» ў многіх літаратурах расцэньвалася ў якасці асноўнага паказчыка сталасці культурных традыцый, здольнасці да крытычнага самаасэнсавання.

Запрашэнне да роздуму

Дзве кнігі на маім стале: сёлетняя, якая якраз і развярэдзіла многія тэмы, адкладзеныя на потым, і выдадзеная значна раней, у 2009 годзе. Абодва аўтары — вядомыя вучоныя-літаратуразнаўцы, прадстаўнікі розных філалагічных пакаленняў: Іван Штэйнер і Алег Лойка. У кнігах выдатна засведчана і генерацыйная повязь, і пераемнасць навуковых клопатаў, і, што асабліва адметна, — нязвыкла свежае, арыгінальнае прачытанне класічных твораў, культурных падзей мінулага, «сваёй» і «чужой» мастацкай спадчыны.

Кожны раздзел — асобны тэматычны блок, які заклікае да разваг, правакуе і фарміруе асобнае дыскусійнае поле думання. Выдатна адчуваецца, што аўтары маюць за плячыма вялікі педагагічны багаж і пры гэтым гатовы да «рэвалюцыі» ў сваёй сталай літаратуразнаўчай свядомасці, да якой і заклікаюць усіх творчых асоб з неардынарным мысленнем. Пры гэтым «фокус асэнсавання» (М. Бахцін) калі і знаходзіцца ў мінулым, усё адно скіраваны на сучаснасць і перадачу творчай эстафеты будучыні.

«За туманам…»

У анатацыі да эсэ «Займальная літаратура» (Мінск, 2009) адзначана: «Будуючы свае лекцыі па прынцыпе як найбольш цікава і даходліва расказаць пра таго ці іншага аўтара альбо лірычнага ці духоўнага героя, А. Лойка сабраў багаты літаратуразнаўчы матэрыял па гісторыі беларускай і сусветнай літаратуры». Сухі кніжны анонс моцна кантрастуе з аўтарскім уступам, напісаным інтрыгоўна, паэтычна, правакацыйна: «Чым жыве літаратура, калі не ілжыва? Можа быць займальнай, як і даймальнай: дайме, што і не наўме! Павучальнасцю, незвычайнасцю, усмешкай і яшчэ раз займальнасцю. Адным словам, за сэрца возьме і за жабры, хоць мы не рыбы і не жабы.

Можна адзначыць, што тое, што цікавіць, лягчэй запамінаецца, што займальнае не можа не цікавіць, і пагэтаму — слава займальнаму! А рэч не рэч, калі не займальная, калі нельга яе займець, не губячы, вечна за душой не маючы, як пасведчанне аб нараджэнні, як пашпарт, носячы, нібы тогу ўсяведа-вучонага маючы».

Былыя студэнты філалагічнага факультэта БДУ, да ліку якіх адносіцца і аўтар гэтых радкоў, памятаюць артыстычна непаўторную манеру чытання Алегам Лойкам сваіх вершаў. Паперы з вершамі ў адной руцэ, другая часам трымае ўяўную крышталёвую чару, аўтар няўзнак перабірае яе ў пальцах, нібы запрашае ўбачыць усе зіхатлівыя адценні паэтычнага слова. І пры гэтым запамінальная міміка, кінутыя пільныя позіркі ў аўдыторыю — у чаканні абавязковага імгненнага водгуку і суперажывання.

Вопыт педагога падказваў аўтару эсэ неабходнае прыцягненне эпізодаў уласнай біяграфіі, юнацкай прагі зазірнуць за небакрай: «Не было яшчэ спадарожнікаў, касманаўтаў, касмічных ракет і экіпажаў, ды, можа, пагэтаму тройчы прыцягвала неба, тройчы займальнымі здаваліся туманныя яго “матэрыі”. “За туманам нічога не відна…” — спявалася, а хацелася, хацелася бачыць тое, што не відно было. Бо тое, што не відно, больш за ўсё займальнае і прыцягальнае».

Фальклорны першавыток, вершаваная настройка зададзенай танальнасці  прасочваюцца ў раздзелах «Не ойчыя сілы забойчыя», «Псеўданімы — не мімы», «На аднаго папа папоў капа». Рамантычны светапогляд аўтара-эрудыта, багатая фактура еўрапейскай літаратурнай класікі і беларускай творчай практыкі паўстаюць у структурных частках «Не з літары таго пачатак», «Калі б не адаптацыя», «Чым глабальней, тым займальней», «Загадкі і цуды натхнення», «Ці ілжэ падпаручнік Кіжэ?», «Мадам Бавары — гэта я…», «Таемнасцяў зорных працяг».

Глабальнае і патаемнае

Кідкая выява на вокладцы новай кнігі Івана Штэйнера не можа не прыцягнуць увагу і шырокай аўдыторыі, і дасведчанай патрабавальнай публікі. Перад намі рэпрадукцыя карціны «Бібліятэкар» (1562) Джузэпэ Арчымбольда, афіцыйнага партрэтыста імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна ІІ, якую ў наш час нязменна характарызуюць як «непераўзыдзены ўзор філасофскай карыкатуры». Сапраўдны рэнесанс цікавасці да творчасці італьянскага жывапісца ХVІ стагоддзя пачаўся з сярэдзіны 1950-х гадоў, калі ў працах еўрапейскіх гісторыкаў мастацтва  Джузэпэ Арчымбольда займеў шэраг пачэсных «тытулаў» першаадкрывальніка — пачынальнік абстракцыянізму, прадвеснік кубізму, «дзед сюррэалізму» і інш. Калі ў тлумачэнні карціны як «сатырычнай насмешкі» мастацтвазнаўцы амаль што адзінадушныя, то пры вызначэнні аб'екта жывапіснага жарту меркаванні нязначна, але ўсё ж разыходзяцца: бібліятэкар, вучоны, калекцыянер? Адно не падлягае сумненню — гратэскны чалавек, зафіксаваны на вядомым палатне, звязаны з кнігай, якая (а пра гэта можна спрачацца) паглынула яго сутнасць, стала адзіным складнікам, цалкам вызначыла архітэктоніку будовы і цела, і думкі.

Прыгадалася эсэістычная кніга Мілана Кундэры «Парушаныя тэстаменты» (1993), у якой жанр рамана — ад Франсуа Рабле да Салмана Рушдзі — разгледжаны ў кантэксце сусветнай гісторыі мастацтва. Аўтар прапанаваў свае крытэрыі вызначэння таленту пісьменніка: майстэрства валодання іроніяй, гратэскам, смехавая палітра творчага самавыяўлення. Не можа не ўразіць, акрамя ўсяго іншага, як чэшскае мастацтва нязмушана і арганічна прачытваецца ў якасці неад’емнага складніка еўрапейскай культуры.

Кніга і літаратура непадзельныя ў сваім цэласным успрыманні. Таму і канцэптуальным, і вызначальным з’яўляецца зачыннае разважанне Івана Штэйнера «Ці наступіў канец эпохі Гутэнберга?» у кнізе «Пахвала слову сыходзячаму. Пазнавальна-займальнае эсэ аб лёсах літаратуры» (Гомель, 2021). Герой рамана Віктора Гюго «Сабор Парыжскай Божай Маці» (1831) святар Клод Фрало не пытаўся, а сцвярджаў, што кніга, прагматычнае вынаходніцтва Гутэнберга, загубіць сабор, сакральнае ў архітэктуры і культуры.

Клопат і развагі сучаснага аўтара на новым гістарычным вітку прысвечаны лёсу класічнай літаратуры ў эпоху глабалізацыі, пошуку жыццёвай сілы мастацтва ў сувязі з рэлігіяй і філасофскай думкай, грамадскімі запытамі розных эпох. Погляд на пісьменніка пададзены не ў парадным, кабінетным інтэр’еры, а ў сямейным, прафесійным, нязвыкла дысанансным з пункту гледжання яго фізічнага і псіхічнага станаў. Адказы на вечныя праблемы мастацтва вядомыя ў сваіх фармулёўках, але прынцыпова адрозныя ў форме і неардынарным фармаце аўтарскіх рашэнняў.

Іван Штэйнер наследуе літаратуразнаўчыя традыцыі, услед за Алегам Лойкам разважае над уласна літаратуразнаўчымі клопатамі, класічнымі жанрамі, іх дыферэнцыяцыяй і ўлучанасцю ў сучасны мастацкі працэс. Пры гэтым кніга, выдадзеная  сёлета ў Гомелі, істотна адрозніваецца маштабнасцю ахопу культуралагічнага матэрыялу, выключна амбітнымі мэтамі і задачамі. Адна з галоўных сярод іх — спасціжэнне мастацкай літаратуры як выключнага феномена чалавечай цывілізацыі. Аўтар па-майстэрску мяняе рознамоўныя тэкставыя рэгістры, апелюе да старажытнасці і найноўшых рэалій жыцця і творчасці, прыцягвае ўвагу нечаканымі фармулёўкамі, зваблівымі думкамі, незвычайнымі гранямі пісьменніцкага жыццяпісу і мастацкіх вынаходніцтваў. На жаль, сёння стала звыклым і празмерна часта ўжываецца вызначэнне «геніяльны»  (радок, твор, вобраз і інш.) у дачыненні да літаратурных тэкстаў. Іван Штэйнер узяўся за наватарскую і вельмі складаную задачу: рэабілітаваць творчасць, натхненне, імкненне зазірнуць за небакрай як з’явы неспасцігальнага, касмічнага характару, паглядзець на гісторыка-літаратурны, мастацкі працэсы незацярушаным позіркам прагнага да ведаў неафіта. Думаецца, гэта яму паспяхова ўдалося.

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.