Вы тут

Гродзенка шые галаўныя ўборы для жанчын з анкалогіяй і гатова далучыцца да праекта па кансультацыі хворых


Ідэя з пашывам галаўных убораў з'явілася пасля таго, як Валянціна Казукевіч пяць гадоў таму сутыкнулася з анказахворваннем. Пасля хіміятэрапіі паўстала пытанне: а што насіць? Першае, што ў такіх выпадках прыходзіць на думку, купіць парык. Але ацаніўшы плюсы і мінусы, Валянціна адмовілася ад гэтага. І вырашыла пашыць галаўны ўбор на свой густ. Паступова гэтая справа стала яе асноўным відам дзейнасці і дапамагае ствараць новы імідж пацярпелым ад хваробы жанчынам.


Пра Валянціну даведалася ў гродзенскім цэнтры рамёстваў «Спадчына», калі там ішла дэманстрацыя яе галаўных убораў. Тэма, вядома, даволі далікатная. Таму не ведала, як Валянціна адрэагуе на прапанову напісаць аб яе занятку артыкул у «Звязду».
І сапраўды, не адразу атрымала згоду, але праз некаторы час жанчына паведаміла, што такая публікацыя нават патрэбная. Магчыма, яна дапаможа камусьці не адчайвацца, захаваць жаноцкасць і быць прыгожай, нягледзячы ні на што. Такі дэвіз, між іншым, і ў самой Валянціны.

Прызнацца, перад сустрэчай было хваляванне ад таго, наколькі шчырая будзе наша размова. Але ўбачыўшы ветлівую, прыгожую жанчыну, гэтая боязь развеялася. Валянціна не стала хаваць пачуццяў, расказала аб тым, як асабіста прайшла складаны перыяд у жыцці.

З цяжкай хваробай яна сутыкнулася ў 38 гадоў. Вядома, пачуць такі прысуд яшчэ маладой жанчыне вельмі балюча. «Гэта было як удар маланкі», — апісала той стан суразмоўніца.

Да ўрача яна пайшла, калі знайшла ў сябе зацвярдзеласць. Урач на аснове ўльтрагукавой дыягностыкі пацвердзіў яе найгоршыя падазрэнні. Былі праведзены аперацыя і курс хіміятэрапіі. Пасля таго і паўстала праблема галаўнога ўбора.

— На самай справе гэта вельмі важны аспект. Вядома, пачуць страшны дыягназ само па сабе балюча. Але для мяне першай думкай было: няўжо застануся без валасоў? Паверце, адчуванне такой перспектывы амаль што раўназначнае самому дыягназу. Гэтая думка прысутнічае і днём, і ноччу. Яшчэ валасы не пачынаюць выпадаць, а ўжо думаеш: што надзець на галаву? — дзеліцца ўспамінамі Валянціна.

Трэба сказаць, што ідэю падказала ўрач у паліклініцы. Яна брала ўдзел у анкалагічнай канферэнцыі ў Польшчы і прывезла адтуль каталог з жаночымі галаўнымі ўборамі для анкахворых. А паколькі наша пацыентка і сама калісьці практыкавала шавецкую справу, вырашыла стварыць такі галаўны ўбор для сябе. Першую шапку пашыла рукамі з ільну.

— Хацелася прыдумаць нешта не зусім стандартнае. Атрымаўся камбінаваны галаўны ўбор — шапка з элементамі хусткі. Бо карыстацца толькі хусткай у маім узросце не вельмі хочацца. Нават у дамашніх умовах, — прызнаецца жанчына.

Жаданне займацца масавым пашывам прыйшло пасля таго, як Валянціна Казукевіч аб'ядналася з іншымі гродзенкамі ў суполку для барацьбы з хваробай. Ідэю падказалі ў аддзяленні анкалогіі Гродзенскай універсітэцкай клінікі і параілі звярнуцца ў сацыяльна-дабрачынны цэнтр «Пара» ў Гродне. Грамадскае таварыства дапамагае анкахворым дзецям.

Жанчына патэлефанавала. Успамінае, што нават не ведала, пра што казаць на той момант, аб чым пытацца і чаго прасіць... Урэшце выказала прапанову — стварыць групу ўзаемадапамогі для хворых дарослых.

— Я сустрэла вельмі шчырае разуменне маёй сітуацыі, — Валянціна зноў вяртаецца ў мінулае. — Прадстаўнік суполкі прапанавала сустрэцца, пазнаёміцца. Адным з праектаў з майго боку якраз і стала ідэя пашыву галаўных убораў. Ну і, вядома, нефармальныя стасункі, сустрэчы, сумесныя мерапрыемствы. Так была створана наша суполка «Разам».

Валянціна адразу вырашыла, што пашыў галаўных убораў не будзе нейкай саматужнай вытворчасцю па-за межамі закона. Яна падрыхтавала неабходныя дакументы, зарэгістравала ІП. Сваю справу адкрыла на ўласныя сродкі. Закупіла абсталяванне. Аказалася, нямала ахвотных дапамагчы. Тым не менш, фармальных момантаў прыйшлося таксама пераадольваць шмат. Цяпер галаўныя ўборы паступаюць у продаж — у асноўным, у крамы медыцынскай тэхнікі.

— Мадэлі таксама можна ўбачыць на маім сайце tіna.by, ёсць старонкі ў сацыяльных сетках. Распрацаваны буклеты, якія я распаўсюджваю ў анкааддзяленнях, наладжваю супрацоўніцтва з іншымі рэгіёнамі. Адзін з дзейсных спосабаў апавяшчэння — «сарафаннае радыё». Калі жанчыны бачаць такія шапкі адна на другой, гэта падштурхоўвае іх да пошуку, — расказвае суразмоўніца.

Кожная мадэль захоўвае стылявы почырк аўтаркі. Каб упэўніцца ў тым, што шапка добра пасуе да твару, пробны экземпляр яна абавязкова прымервае на сябе. Спачатку робіць выкрайку, разглядае шэраг варыянтаў. Адзін з галоўных крытэрыяў — каб было сучасна і гарманічна.

— Вядома, улічваем узрост нашых патэнцыяльных карыстальніц, — акцэнтуе ўвагу Валянціна. — Зразумела, што ў асноўным гэта людзі больш сталыя. І наўрад ці яны застануцца жаноцкімі, калі надзенуць звычайную спартыўную шапачку. Хустка таксама не кожнай падыходзіць. Да таго ж яны не трымаюцца на галаве. А галаўны ўбор патрэбны і дома, і ў бальніцы, і пры выхадзе на вуліцу. Далёка не кожная жанчына ў такім стане можа выйсці без галаўнога ўбору.

Што датычыцца колеравай гамы, Валянціна больш схіляецца да спакойных, пастэльных тонаў. Хоць ёсць і такія жанчыны, што аддаюць перавагу яркім колерам.

Майстрыха прынесла на сустрэчу некалькі ўласных узораў. Кожная шапачка непаўторная і па форме, і па колеравай гаме. Тканіна — эластычны трыкатаж з натуральных валокнаў. Гэта бавоўна альбо віскоза. Галаўныя ўборы даволі лёгкія і кампактныя — яны не займаюць шмат месца, іх нават можна пакласці ў кішэню. Важна, каб шапкі былі простыя і лёгкія ў карыстанні. Валянціна расказала, што прыносіла свае вырабы ў бальніцу, і жанчыны з задавальненнем прымервалі іх, нават тыя, што ляжалі пад кропельніцамі, маглі надзець яе адной рукой.

Ёсць яшчэ вельмі важная ўмова — галаўны ўбор не павінен несці дыскамфорт. У гэты перыяд, кажа Валянціна, вельмі баліць скура галавы, яна становіцца ўразлівая, адчуваецца нават лёгкі вецер. Лепш, каб на шапцы не было ніякіх завязак і зашпілек. Летнія варыянты — мінімальна тонкія, лёгкія. Усе яны без падкладкі. У майстрыхі даволі складаная задача — улічваць гэтыя фактары, але зрабіць так, каб шапка не проста шчыльна аблягала галаву. Такая фактура атрымліваецца за кошт невялікіх складак і драпіроўкі. Некаторыя мадэлі дапоўненыя павязкамі для аб'ёму.

Дарэчы, такія шапкі падыдуць жанчынам не толькі пры страце валасоў, але і тым, у каго яны рэдкія ад прыроды, і наогул многім жанчынам, якія любяць насіць галаўныя ўборы. Некаторыя набываюць іх для таго, каб хадзіць у царкву, бо шалікі не трымаюцца, іх трэба часта папраўляць.

Прыбытак у справе невялікі, можна сказаць, гэта больш сацыяльны праект. Як і ў цэлым дзейнасць гродзенскага аб'яднання «Разам».

— Я заўважыла, што жанчынам, хворым на анкалогію, вельмі важна не адчуваць адзіноту, — дадае суразмоўніца. — Напрыклад, мы ў сваёй групе «Разам» праводзім творчыя сустрэчы. Запрашаем майстрых, яны прыходзяць з задавальненнем. Для многіх нашых удзельніц гэта своеасаблівая псіхатэрапія, да таго ж яны атрымліваюць вынік у выглядзе прадмета для аздаблення інтэр'еру, зробленага сваімі рукамі. Жанчыны сустракаюцца не толькі на майстар-класах, але і проста пагаварыць, падтрымаць адна адну.

Мая суразмоўца згадвае сустрэчы на майстар-класах у анкааддзяленні Гродзенскай універсітэцкай клінікі. Удзельніцы групы разам з валанцёрамі пашылі льняныя сашэткі, купілі ў аптэцы зёлкавых збораў і запрасілі жанчын з палат. Яны самі ўпрыгожвалі сабе сашэткі пацеркамі, вышыўкай, стужкамі, напоўнілі лекавымі травамі. Кожная жанчына атрымала такі падарунак. Некаторыя расказалі потым, што менавіта гэтая сустрэча аказала значны ўплыў, падтрымала іх.

Ва ўмовах пандэміі такія паходы на паўзе, але група трымае сувязь з анкапсіхолагам, жанчынам перадаюць розныя рэчы. Напрыклад, вельмі добры попыт маюць маляванкі-антыстрэс, алоўкі і фламастары. Запатрабаваныя ніткі для вязання, кнігі. Удзельніцы групы аформілі памяткі для хворых і іх родных.

— Мы чамусьці вельмі закрытыя на тэму анказахворванняў. Часцей чуем аб гэтым, калі чалавек памірае. А пра людзей, якія прайшлі праз хваробу і працягваюць жыць, мала хто кажа. І калі мы прыходзім у анкалогію і кажам, што з гэтым сутыкнуліся, і вось, жывём, у людзей з'яўляецца надзея. Аказваецца, гэта яшчэ не канец, — дзеліцца Валянціна.

Яна лічыць, што падтрымаць хворых лепш за іншых могуць толькі тыя, хто сам атрымаў такі дыягназ і мае вопыт барацьбы з анкалогіяй. Але гэта трэба рабіць на прафесійным узроўні, быць падрыхтаваным. Напрыклад, адпаведная дзяржаўная праграма «Роўны кансультант» працуе ў Расіі. Праект нескладаны, ён цалкам распісаны, расказала Валянціна, толькі бяры і карыстайся. Але статус такога кансультанта павінен быць узаконены. У тым, што такая работа запатрабаваная, Валянціна ўжо ўпэўнілася. Бо, пачуўшы дыягназ, чалавек нібы трапляе ў іншы свет, у яго ўзнікае шмат пытанняў. І важна пачуць парады ад тых, хто прайшоў праз нешта падобнае.

Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Імідж з надзеяй на будучыню

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.