Вы тут

Як запаволіць развіццё блізарукасці


Па статыстыцы, кожны трэці жыхар планеты мае блізарукасць. Часта яна фарміруецца ў школьныя гады і пераважна ў падлеткаў. Відавочна, што пагаршэнне зроку шматразова зніжае якасць нашага жыцця, а ўжо калі гаворка ідзе пра дзяцей, то гэта пытанне іх будучыні, бо нізкі зрок перашкаджае нават выбару прафесіі. Ці можна пазбегнуць блізарукасці? І што рабіць, калі яна ўсё ж наступіла? Якія міфы часта прыводзяць да пагаршэння хваробы? Пра гэта і іншае расказала галоўны пазаштатны афтальмолаг Мінскага раёна Таццяна Міркевіч.


Pixabay.com

— Таццяна Дзмітрыеўна, давайце разбяромся, што ж такое блізарукасць і чаму яна ўзнікае?

— Блізарукасць — гэта праблема сусветнага маштабу, і яе распаўсюджванне звязана ў першую чаргу з тымі тэхналогіямі, якія ўвайшлі ў наша жыццё. Дзеці сталі вельмі шмат часу праводзіць за камп’ютарамі і планшэтамі.

Фарміраванне выявы адбываецца на сятчатцы вока, менавіта гэты механізм дазваляе бачыць выразна. А ў блізарукіх людзей карцінка фарміруецца перад сятчаткай, а не на ёй, таму яна атрымліваецца размытая. Адбываецца гэта альбо з-за павелічэння даўжыні вока (восевая блізарукасць), альбо з прычыны вялікай пераламляльнай сілы рагавіцы (рэфракцыйная блізарукасць). На практыцы, як правіла, сустракаецца спалучэнне абодвух гэтых механізмаў. Праяўляецца блізарукасць расплывістай карцінкай, зніжэннем зроку ўдалячынь, галаўным болем, павышанай зрокавай стамляльнасцю.

Упершыню блізарукасць выяўляецца ў 7-11 гадоў, хоць дыягнаставаць захворванне можна ўжо і ў дзяцінстве. У падлеткавым узросце блізарукасць, якую выявілі ў дзяцінстве, прагрэсіруе. Гэта звязана з гарманальнай перабудовай у арганізме. Да 20-ці гадоў, як правіла, зрок становіцца стабільным, бо гарманальны фон нармалізуецца. Наяўнасць захворвання ў аднаго ці абодвух бацькоў з’яўляецца фактарам рызыкі ў адносінах да прагрэсіравання блізарукасці. Звычайна захворванне развіваецца па наступнай схеме: пры рабоце зблізку (чытанне, асабіліва ў планшэце, тэлефоне) галава нахіляецца наперад (пагаршаюць гэты момант няправільная пасадка і пастава), павышаецца нагрузка на пазваночнік, адбываюцца зрушэнне шыйных пазванкоў і напружанне мышцаў шыі, пагаршаецца кровазабеспячэнне мозга і вока, здольнасць вочных мышцаў факусіравацца, і становіцца горш відаць удалячынь. З часам вось вочнага яблыка ў пярэднезаднім кірунку падаўжаецца (восевая блізарукасць), гэта значыць вока расцягваецца. Калі дзіця доўга працуе зблізку, то з цягам часу расцяжэнне вока з часовага (функцыянальная слабасць мышцаў, якія факусіруюць) становіцца пастаянным (анатамічная змена вока).

— Некаторыя бацькі лічаць, што нашэнне акуляраў спрыяе зніжэнню зроку, і свядома адмаўляюцца ад іх набыцця свайму дзіцяці...

— Гэта, мякка кажучы, у корані няправільна. Наадварот, адсутнасць правільнай і максімальна поўнай карэкцыі прыводзіць да прагрэсіравання захворвання. Варта разумець, што з дапамогай акуляраў або кантактных лінз мы не толькі лепш бачым, але і развіццё хваробы спыняецца.

— Цяпер з’явіліся лінзы, якія надзяваюцца на ноч і такім чынам паляпшаюць зрок. Ці сапраўды гэта працуе?

— Навінка ў афтальмалогіі — так званыя артакераталагічныя лінзы, у народзе проста начныя. Яны выдатна падыдуць для актыўных і рухавых дзяцей. Лінзы надзяваюцца на вока на ноч, а раніцай здымаюцца, што дазваляе дзіцяці займацца актыўнымі відамі спорту і пры гэтым усё выдатна бачыць без выкарыстання акуляраў.

— А ці можна дзецям з дрэнным зрокам займацца спортам? І што рабіць, каб блізарукасць не наступіла?

— Кожныя 45 хвілін работы неабходна рабіць перапынак на пяць хвілін, пры блізарукасці высокай ступені час работы знізіць да 25 хвілін, а час адпачынку павялічыць да 10 хвілін. Пры пачатковай блізарукасці эфектыўнымі з’яўляюцца практыкаванні
для цыліярнай цягліцы — рухі вачыма па гарызанталі і вертыкалі, кругавыя вярчальныя злева-направа, сцісканні і расцісканні павекаў, частыя марганні, перавод погляду з блізкай кропкі на далёкую. Пры няўскладненай блізарукасці карысна займацца фізкультурай і спортам. А вось пры ўскладненай супрацьпаказаныя ўсе віды спорту, звязаныя з вялікім фізічным напружаннем, ударамі і страсеннямі.

Папярэджанню прагрэсіравання і лячэнню ўскладненняў спрыяюць некаторыя медыкаменты. Напрыклад, прэпараты кальцыю служаць для ўмацавання вонкавай абалонкі вока (кальцэмін, глюканат кальцыю, кальцый D3 нікамед і іншыя). Аскарбінавая кіслата спрыяе паляпшэнню абмену ў тканках вока і ўзмацненню сінтэзу калагену. Нікацінавая кіслата нармалізуе і паскарае цыркуляцыю крыві ў воку. Руцін дапамагае ўмацаванню сценак сасудаў. А правільнае, насычанае вітамінамі харчаванне прынясе карысць усяму арганізму і вачам у прыватнасці. Але трэба сказаць, што ў выбары прэпаратаў і вызначэнні частаты паўторных курсаў лепш даверыцца ўрачу-афтальмолагу, які падбірае іх на аснове індывідуальных асаблівасцяў дзіцяці.

Загаловак у газеце: Планета «прыжмураных» людзей

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.