Вы тут

Рыхтуемся да вяселля


Сезон вяселляў у разгары. Дзень шлюбу, безумоўна, павінен запомніцца на ўсё жыццё. Скарыстайцеся нашымі парадамі, каб усё прайшло ідэальна.


Каб касцюмчык «сядзеў»

Галоўны трэнд вясельнай моды-2021 — сілуэт «русалка»: карункавая сукенка з кароткім або доўгім рукавом і абавязкова з дэкальтэ. Глыбокае дэкальтэ — ключавая дэталь гэтага вясельнага сезона. Але наогул вясельная мода кансерватыўная, і важней, чым трапіць у трэнд, тут уменне правільна стварыць вобраз, зыходзячы з нюансаў знешнасці нявесты.

Класічная беласнежная сукенка падыдзе вельмі нямногім дзяўчатам: яе можа дазволіць сабе толькі зімовы колератып (светлая скура і свежы далікатна-ружовы румянец). Астатнім лепш спыніцца на адценнях белага. Дзяўчатам з цёплым падтонам скуры, смуглявым ад прыроды, а таксама аматарам сонечных працэдур або салярыя лепш абраць крэмавае, персікавае адценні, колер слановай косці або шампанскага. Брунетцы можна падабраць халодны пастэльны фіялетава-ружовы. Дзяўчатам з рудымі і залацістымі валасамі асабліва проціпаказаны класічны халодны белы колер — лепш спыніцца на адценнях белага цёплага спектра.

У гэтым вясельным сезоне пануе талія — яе падкрэсліваюць самыя актуальныя мадэлі шлюбных сукенак. Вышэйзгаданы сілуэт «русалка», дзе спадніца плаўна пашыраецца ад каленяў, будзе добра выглядаць толькі на нявестах з класічнай фігурай «пясочны гадзіннік» і тонкай таліяй. Сілуэт «прынцэса» (вузкі верх і вельмі пышная спадніца) таксама патрабуе таліі, затое дазволіць схаваць занадта пышныя клубы.

А-падобны сілуэт — гарсэт і ўмерана пышная спадніца — гэта класіка. Асабліва дарэчны такі сілуэт для мініяцюрных дзяўчат, але падыдзе і «плотным» нявестам: дапаможа схаваць непатрэбныя аб'ёмы, дадаўшы вобразу далікатнасці. Поўнасцю вузкі сілуэт спадніцы падыдзе ўладальніцам хударлявай фігуры, ён будзе выглядаць прыгожа на высокіх дзяўчынах. Стыль «ампір» характарызуецца завышанай таліяй і пойдзе нявестам, якія чакаюць дзіця.

Даўжыня сукенкі залежыць ад стройнасці ног, аднак большасць нявест аддае перавагу сукенкам «у падлогу». Шлейф выглядае велічна і па-жаноцку, але ў такой сукенцы рухацца можна толькі па плаўных лініях, пазбягаючы рэзкіх паваротаў, каб не заблытацца.

У гэтым сезоне, зноў жа, актуальнае дэкальтэ. V-падобны выраз візуальна падаўжае шыю, а калі трэба адцягнуць увагу ад вялікага бюста, на дапамогу прыйдзе асіметрыя. Наяўнасць вэлюма неабавязковая — сёння яго замяняюць кветкі ў валасах, стразы, упрыгажэнні з пер'ем.

На пошук вясельнай сукенкі мы раім адвесці... некалькі месяцаў. Так-так, не купляйце ўпадабанае адразу. Пры першай прымерцы можна не заўважыць, як сукенка візуальна мяняе фігуру.

Выбар касцюма для жаніха не менш важны — а яму звычайна аддаецца менш увагі. Між тым ролю
адыгрывае кожная дэталь, а таксама гарманічнае спалучэнне сукенкі нявесты і касцюма жаніха. Калі сукенка нявесты з блакітнаватым адлівам, жаніху лепш выбраць касцюм у шэра-сталёвай або цёмна-сіняй гаме. Калі сукенка класічнага белага колеру, жаніх можа быць у чорным касцюме. З ружаватымі тонамі сукенкі добра спалучаецца касцюм жаніха ў цёмна-сіняй гаме, а таксама ў пясочных або бронзавых адценнях. У карычневай гаме варта выбраць касцюм у тым выпадку, калі нявеста выбрала сукенку крэмавага адцення або колеру шампанскага.

Пры апушчанай руцэ рукаў пінжака павінен прыкрываць запясце. Зморшчыны на спіне і плячах недапушчальныя. Там, дзе рукаў злучаецца з плячом, шоў не павінен тапырыцца. Абсалютна роўныя швы — паказчык якаснай рэчы. Яшчэ адзін нюанс, які адрознівае якасць, — калі гузікі на рукавах расшпільваюцца. Пры няякасным пашыве яны звычайна прышытыя наглуха. Гальштук у класічным «прачытанні» павінен быць цямнейшы за кашулю, але больш светлага адцення, чым пінжак.

Што надзець на ногі? Аптымальны варыянт для жаніха — туфлі чорнага колеру і класічнага фасону: яны падыдуць пад большасць варыянтаў вясельнага касцюма і практычна пад любы яго колер. Але сёння замест класікі маладыя людзі выбіраюць лаканічныя мадэлі красовак — яны камфортныя і класна выглядаюць на фота. Дарэчы, кеды замест «лодачак» усё часцей выбіраюць і нявесты. Лепш за ўсё такі абутак спалучаецца з сукенкамі ў стылі глэм-рок (даўжыня мідзі і пышная спадніца-пачак).

Дзе святкаваць будзем?

Пошук памяшкання варта пачынаць са складання спісу запрошаных. Цяпер звернем увагу на памер залы. Калі яна занадта вялікая для вашай колькасці гасцей, узнікне адчуванне пустаты і няўтульнасці, цесната — таксама не найлепшы варыянт. Прыкладная плошча разлічваецца так: дзве траціны павінны займаць сталы і адну траціну — месца для танцаў.

Не рэкамендуецца падзел памяшкання, калі сталы знаходзяцца ў адным пакоі, а конкурсы праводзяцца ў іншым. Многія ўдзельнічаюць у конкурсах або пускаюцца ў скокі, толькі адчуўшы драйв, — паназіраўшы за найбольш раскаванымі з гасцей. Немалаважны аспект — наваколле рэстарана: непрэзентабельны пейзаж можа застацца на заднім плане фатаграфій. Лепш, калі да месца правядзення свята можна без праблем дабрацца на грамадскім транспарце (вяселле мае на ўвазе алкаголь, а гэта выключае магчымасць сесці за руль).

Часта пры рэстаранах працуюць бары, і калі асобны ўваход туды не прадугледжаны, вы можаце выявіць на вашым свяце няпрошаных гасцей альбо стаць «слухачом» караоке. Калі сродкі дазваляюць, для вяселля лепш арандаваць рэстаран цалкам. Важна звярнуць увагу на прафесіяналізм абслуговага персаналу. Гэта лепш праверыць загадзя, наведаўшы ўстанову ў якасці кліента.

У памяшканні павінна быць дапушчальнае для фотаздымкі асвятленне. Важна, каб кухня знаходзілася далей ад святочнай залы, інакш будзе вельмі горача. Туалетныя пакоі — вельмі важная «дробязь»: яны павінны знаходзіцца не надта далёка, але і не надта блізка ад святочнай залы, і ў іх павінна быць чыста.

Торт — усяму галава!

Вяселле пачынаецца не з банкета, а з роспісу ў загсе і фотасесіі на вуліцы. І ўсё гэта трэба запіць шампанскім і заесці цукеркамі, з разліку адна ўпакоўка цукерак на траіх, таксама на кожнага госця спатрэбіцца паўлітра безалкагольнага напою і 0,5 бутэлькі шампанскага (або віна).

Цяпер, уласна, банкет. Прыкладны разлік такі: на аднаго госця — па 1 порцыі (250 г) гарачага (мяса, рыба) + гарнір, па 200 г салаты кожнага віду, па 1 агурку, 1 памідоры. Талерка мясной нарэзкі адна на траіх, як і талерка сырнага асарці. Садавіна разлічваецца гэтак жа, як агародніна: па адным фрукце кожнага віду на госця. Вінаград і іншая дробная ежа купляюцца «на вока».

Гарачае лепш замовіць парцыённа, аддаць перавагу мясу (70:30 да рыбы). Таксама парцыённа падаюцца гарачыя закускі.

Гарніраў павінна быць не менш за два, іх можна падаць на вялікіх блюдах. Салаты — не менш за тры: мясная (курыная, з вяндлінай і г. д.), рыбная (з крэветкамі, мідыямі і г. д.) і «на аматара» (з незвычайным спалучэннем смакаў). Салата з агароднінай — чацвёртая, або яе замяняе нарэзка агародніны. Халодных закусак спатрэбіцца не менш за тры, і яны павінны быць розныя.

Агульны падыход да выбару спіртнога — на аднаго чалавека за сталом павінна прыходзіцца па 300 мл чырвонага віна, столькі ж белага, 200 мл шампанскага і 300 г гарэлкі. Дыферэнцыраваны падыход (з улікам густаў гасцей) падыходзіць для вяселляў, дзе не больш за 30 чалавек. Так можна ўлічыць колькасць непітушчых, а таксама бабуль і дзядуль, якім не спатрэбіцца больш чым адзін куфель «за маладых». Пры індывідуальным падыходзе віно і шампанскае набываюць па 1,5 бутэлькі на госця, гарэлку — 0,5 або 0,7 — для асабліва «моцных». На кожнага, хто сядзіць за сталом, купляем 1,5 л соку і, з улікам спёкі, па 1 л пітной вады.

Вясельны торт — галоўны «ўдзельнік» свята. Выбіраць яго толькі па вонкавым выглядзе нельга. Дэгустацыя? Абавязкова!
Варта замовіць вясельны торт «у міні-фармаце» (да кілаграма). Так можна будзе ўнесці ў рэцэпт карэктывы. А паспрабаваўшы розныя варыянты, увогуле лёгка вызначыцца. У многіх кандытарскіх вясельны каравай прапануецца бясплатна пры замове вясельнага торта.

Важна ўдакладніць

  • Колькі каштуюць дадатковыя ўпрыгажэнні (фігуркі жаніха і нявесты, кветкі з масцікі і г. д.). Ці ўваходзіць у кошт торта пракат падстаўкі для каржоў.
  • Тэрміны выканання заказу. Звычайна вясельны торт заказваюць за паўтара тыдня да вяселля, але ў сезон на торт могуць быць чэргі.
  • Ці будзе торт дастаўлены па адрасе і колькі гэта будзе каштаваць. У звычайнай машыне без спецыяльнага абсталявання торт можа дэфармавацца.

Торт падаецца пасля многіх гадзін застолля, і лепш аддаць перавагу ёгуртным або фруктовым праслойкам і ўзбітым вяршкам, а не цяжкім масляным крэмам. Каржы разумней выбіраць бісквітныя — яны не крышацца і прывабна выглядаюць на відэа. З гэтай жа прычыне найлепшы матэрыял
для дэкору торта — шакалад, марцыпаны, цукровая паста.

Вагу вясельнага торта разлічыць проста: на кожнага госця павінна прыходзіцца 150 г. Неядомыя фігуркі жаніха і нявесты можна ўзяць на пракат у кандытарскай. Але сёння ў модзе ядомыя постаці з мастыкі або ядомыя фатаграфіі жаніха і нявесты ў якасці ўпрыгажэнняў. Калі хочацца, каб торт быў шмат'ярусны, а гасцей мала, можна выкарыстоўваць так званыя «фальш-ярусы» — яны даюцца на пракат.

Добры тамада — цвярозы тамада

З выбарам тамады памыліцца лёгка — і вельмі важна не памыліцца! Азнаёмцеся з водгукамі, не палянуйцеся сустрэцца з магчымымі кандыдатамі на ролю вядучага. Ацаніце знешнасць, манеру зносін. Паглядзіце запісы папярэдніх вяселляў, якія вёў гэты тамада. Чым больш іх вы ўбачыце, тым больш дакладнае будзе ваша ўражанне. Вы зразумееце, ці ўмее гэты чалавек імправізаваць і хутка падладжвацца пад розныя сітуацыі. Азнаёмцеся з гатовымі сцэнарыямі вяселляў спецыяліста. Іх можна адкарэкціраваць на свой густ. Вельмі важна выказаць тамадзе ўласную канцэпцыю вяселля — у прыватнасці, чаго вы катэгарычна не хочаце. Абавязкова ўдакладніце, ці ёсць у вядучага ўласная апаратура і дыджэй. Калі дыджэя прыйдзецца шукаць вам, абодвух спецыялістаў лепш пазнаёміць загадзя, каб яны змаглі адпрацаваць агульную праграму. Тамада павінен скласці спіс прызоў і рэквізіту для конкурсаў. Часцей за ўсё спецыяліст купляе такія рэчы сам. Калі гэта не так, будзе лепш, калі ён прадаставіць вам чэкі. Унясіце аванс. Гэта гарантыя, што тамада не будзе заняты на момант вашага вяселля. Перад тым варта дакладна агаварыць час работы. Поўная сума ўносіцца толькі пасля таго, як тамада адпрацуе праграму. Агаварыце таксама правілы паводзін тамады за сталом. Разумнае патрабаванне — не піць алкаголь. Ці карміць тамаду, вырашайце самі.

Калі вы вырашылі абысціся без дыджэя, трэба выбраць музычнае суправаджэнне вяселля. Важна ўлічыць густы гасцей усіх узростаў. Кампазіцыі для старэйшага пакалення, пад якія танцаваць праблематычна, уключаюць, калі госці ядуць або размаўляюць. Большая частка музыкі павінна быць танцавальная. Для застолля, віншаванняў, конкурсаў падбіраюцца лёгкія інструментальныя кампазіцыі.

Адзін з самых адказных момантаў пры падрыхтоўцы да вяселля — выбар фатографа і відэааператара. На іх эканоміць не варта. Як правіла, нізкая цана азначае, што аператар або фатограф не мае вопыту работы і трэніравацца будзе на вас.

Пры выбары відэааператара і фатографа выключыце тых, хто спецыялізуецца на рэпартажнай здымцы. Работа ў СМІ — не гарантыя якасці вясельнай здымкі. Вам жа патрэбны не «сюжэт», а рамантычны фільм і кранальныя, прыгожыя фатаграфіі. У відэааператараў і фатографаў таксама ёсць спецыялізацыя, і лепш, калі ў іх за плячыма будзе вопыт здымкі свят. Перш чым прымаць рашэнне, праглядзіце партфоліа спецыяліста — поўны вясельны фільм і як мага больш фота. Гэта дапаможа зразумець, які прадукт вы атрымаеце. І, зразумела, вам самім варта вызначыцца з тым, чаго вы хочаце. Прыгожых пастановачных кадраў або жывых і кранальных фатаграфій? Рамантычны фільм або дынамічны кліп з яркімі момантамі?

Не варта спыняцца на варыянце, калі адзін чалавек выконвае і фота-, і відэаздымку. Гэта будзе азначаць, што самыя цікавыя моманты застануцца за кадрам. Паколькі аператар і фатограф будуць працаваць на вашым вяселлі разам, важнае іх узаемаразуменне: калі аператар раіць вам фатографа і наадварот, прыслухайцеся. І аператар, і фатограф павінны мець уласную прафесійную фота- і відэатэхніку, гэта кажа пра іх узровень. Залог уносіцца загадзя і складае звычайна каля 30 % кошту здымкі фота- і відэа.

Дзіяна РОНІНА

І па цэнах...

Ва ўсе часы вяселле было справай дарагой. Апошнім часам усё больш маладых пар вырашае «проста распісацца», а ў якасці банкета — выпіць па бакалу шампанскага са сведкамі. Але калі вы ці вашы дзеці не ўспрымаеце гэты дзень без шлюбнай сукенкі, трохпавярховага торта і белага лімузіна — вось раскладка сярэдніх вясельных выдаткаў.

Сукенка нявесты — 250—1200 BYN узяць на пракат, 500—2550 BYN купіць.

Касцюм жаніха — 360—500 BYN.

Вобраз нявесты — 25—50 BYN мейкап, прычоска — ад 150 BYN, манікюр — ад 25 BYN.

Вясельны букет — ад 55 BYN.

Заручальны пярсцёнак — можна знайсці ад 314 BYN падчас акцый, у сярэднім — каля 600—800 BYN.

Арэнда рэстарана/кафэ — цэны вагаюцца, можна і за 300—400 BYN, і за 950 у. а. у эквіваленце. У многіх установах дэкор залы — у падарунак.

Вясельны стол — ад 105 BYN на персону.

Вясельны торт — ад 175 BYN за 3—5 кг.

Вясельны лімузін — у сярэднім 130 BYN за гадзіну.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?