Вы тут

Дэпутаты Магілёўскай вобласці вызначылі наймацнейшых, найхутчэйшых і найспрытнейшых


Летась летнюю Спартакіяду дэпутаты Магілёўскай вобласці адклалі з-за пандэміі, але сёлета правялі яе з яшчэ больш высокім запалам і азартам. Нават назва кажа за сябе — «Хутчэй! Вышэй! Мацней! Разам!» Удзельнікі наглядна дэманстравалі бадзёры дух згуртаванасці і сяброўства, які асабліва актуальны ў Год народнага адзінства. Сімвалічна, што дата правядзення Спартакіяды — 24-25 ліпеня — практычна супала з адкрыццём Алімпійскіх гульняў у Токіа. Як жартуюць самі дэпутаты, гэта не яны, а да іх прымеркавалі вялікае міжнароднае спартыўнае мерапрыемства. Маўляў, штогадовыя летнія Спартакіяды ўжо па традыцыі праводзяцца ў вобласці ў канцы ліпеня. Але калі сур'ёзна, такое супадзенне толькі натхніла народных абраннікаў.


Месцам правядзення спаборніцтваў стаў Быхаў. Усё пачалося з урачыстага пастраення на пляцоўцы каля раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Удзельнікаў натхнілі на добрыя вынікі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Людміла Здорыкава, Наталля Тарасенка і Вера Шырокая (апошняя выступіла ў складзе каманды з Бабруйска). З прывітальным словам выступілі намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык і старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Марціновіч.

Спаборніцтвы праводзіліся па лёгкай атлетыцы, эстафеце, настольным тэнісе, шашках, валейболе. Акрамя таго, вызначаліся наймацнейшыя ў конкурсе «Трапны футбаліст», індывідуальным першынстве па скачках на скакалцы і падцягванні на турніку. Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі не прафесіянальныя спартсмены, адчувалася, што са спортам яны сябруюць. Воля да перамогі і падтрымка таварышаў па камандзе рабілі цуды. Кожны стараўся прадэманстраваць свае максімальныя магчымасці і ўстанавіць своеасаблівы рэкорд.

У выніку пераможцам летняй Спартакіяды-2021 стала каманда Клічаўскага раёна, другое месца занялі прадстаўнікі Чавускага раёна, трэцяе — у крычаўлян. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання, дзе найлепшым уручылі кубкі, медалі, граматы, прызы, адбылася ў маляўнічай мясціне — урочышчы «Дубкі».

— У нашай камандзе было дзевяць спартсменаў і шэсць артыстаў — усе паказалі сябе на вышыні, — падзяліўся акалічнасцямі спартакіяднай барацьбы старшыня Клічаўскага райсавета Уладзімір Кніга. — Юрый Чыжонак і Алена Болак прынеслі нам першае каманднае месца ў настольным тэнісе, Кацярына Кедзіч і Уладзімір Абросімаў сталі другія па лёгкай атлетыцы, а нашы тройкі дэпутатаў выйгралі камандную барацьбу ў эстафетных гонках. У шашках нам не пашчасціла, але гэта ўжо не паўплывала на агульны вынік. Затое ў скачках на скакалцы наша Любоў Талочка стала другой, а Уладзімір Абросімаў паказаў найлепшы вынік у падцягванні на турніку: яго рэкорд — 27 разоў! Нашы артысты таксама не падвялі і заваявалі дыплом «За захаванне традыцый». Прыемна, што ў апошнюю зімовую Спартакіяду, якая праводзілася ў 2020 годзе, мы таксама былі першыя. І вось другая перамога запар. Усё гэта сведчыць пра тое, што мы надаем спорту вялікую ўвагу.

Па традыцыі, пасля спартыўных стартаў адбыўся канцэрт. Яго змест таксама быў прысвечаны Году народнага адзінства.

— Удзельнікі праявілі згуртаванасць і волю да перамогі не толькі ў спартыўных спаборніцтвах, але і ў творчасці, — заўважыла выканаўчы дырэктар Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Паліна Церашкова.— Камандны дух і адзінства, уласцівыя кожнай камандзе, вельмі выразна выявіліся ў конкурсе мастацкай самадзейнасці.

Старшыня Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоль Мацюлін таксама высока ацаніў арганізацыю мерапрыемства.

— Яна прайшла нават з большай колькасцю ўдзельнікаў, — адзначыў ён. — Нашай камандзе крышачку не хапіла балаў для першага месца, але і другое — гэта вельмі ганарова. Перамаглі сяброўства і адзінства. Галоўнае, што мы з карысцю правялі час. Была добрая магчымасць не толькі паспаборнічаць, але і абмяняцца карыснай інфармацыяй па надзённых пытаннях. Тэма сяброўства і адзінства прайшла чырвонай ніткай праз усё мерапрыемства. На канцэрце гучалі песні пра любоў да краіны, да свайго народа. Менавіта мы, як дэпутаты, прадстаўнікі ад народа, сёння павінны аб'ядноўваць людзей, вырашаць іх праблемы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Магілёўскай абласной асацыяцыі.

Загаловак у газеце: Спорт як сімвал адзінства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?