Вы тут

Маўчанне кацянят. Мы павінны гэта пра сябе ведаць


Я, шчыра кажучы, сумнявалася, ці змагу пра тое напісаць, ці патрэбна пра тое пісаць увогуле. Бо гэта не ўкладваецца ніяк, ні ў якія рамкі чалавечыя, нават прыблізна. Але ўсё ж вырашыла, што варта. Мы павінны гэта самі пра сябе ведаць. Папярэджваю: асабліва ўражлівым лепш не чытаць. Шок-кантэнт — літаральна.


Фота: pixabay.com

У лідскай ветлячэбніцы ўрачы спрабуюць выратаваць коціка Цімошу. Цімоша — звычайнае кацяня-падлетак, шэра-паласаты, з белымі лапкамі і шыйкай. У коціка знявечана ўся задняя частка цела, там няма жывога месца, усё сіне-чорнае. Калі ветэрынары пагалілі яму жывот, каб агледзець — жахнуліся: там выразна былі відаць чалавечыя пальцы. На гэтым жах не сканчаецца — урачы зрабілі выснову, што жывёлку... згвалцілі. А пальцамі да чорна-сіняга трымалі, каб не вырвалася.

Валанцёры прывезлі Цімошу з Навагрудка. Кажуць, што да зверства (хоць зверствам гэта называць няправільна — звяры на такое няздольныя), хутчэй за ўсё, маюць дачыненне мясцовыя падлеткі, нават ёсць падазрэнне, хто менавіта ўчыніў такі здзек з жывёліны. Нераўнадушныя людзі, як толькі медыкі выдадуць заключэнне, будуць звяртацца ў міліцыю. Я асабіста вельмі спадзяюся, што вінаватых знойдуць і пакараюць. Не толькі з-за таго няшчаснага коціка (урачы кажуць: відаць па ўсім, быў свойскі), якога ж, пэўна, падазвалі, гладзілі, а ён даверліва муркаў і тыцкаў лобікам у далонь... Калі іх не знойдуць і не пакараюць, наступнай ахвярай — безабароннай, якая не можа сказаць і даць адпор — можа стаць чыёсьці дзіця. І тады ўсе страпянуцца і пачнуць разважаць, калі, у які момант звычайны чалавек стаў монстрам, што раптам шчоўкнула ў яго галаве, чаму ніхто не заўважыў. Толькі разважаць ужо будзе позна.

Хтосьці скажа: а і сапраўды, навошта яна гэта піша? Выпадак жудасны, але ж тое выключэнне, а не правіла, можа, у чалавека з псіхікай не ўсё ў парадку... Што ж, калі гэта і так, то сярод нас псіхічна хворых, асабліва небяспечных для грамадства людзей нашмат больш, чым мы думаем. Варта толькі падпісацца хоць на адзін валанцёрскі чат, праз які займаюцца выратаваннем жывёлін, каб у гэтым пераканацца — і жахнуцца.

Памятаеце Малыша, сабаку, якога жывым закапалі ў Старобіне? Заведзена крымінальная справа, але вінаватыя дагэтуль не знойдзены. Ходзяць, радуюцца жыццю і ўласнай беспакаранасці... Нядаўна пад тым жа Навагрудкам у лесе знайшлі шчанюка хаскі, вельмі напалоханага. Казалі, што, магчыма, сабачку сцягнула ў лес якая ліса. Але ж чаму менавіта пры набліжэнні любога чалавека (чалавека, не звера!) у Хасанчыка (так яго назвалі) здараліся такія панічныя атакі, што няшчасная істота аж заходзілася, скуголячы... У Гродне на Вішняўцы выпадкова знайшлі прывязанага да дрэва знясіленага кітайскага чубатага. Калі хто не ведае — гэтыя смешныя з выгляду сабакі амаль лысыя, а на вуліцы тады было больш за трыццаць градусаў. У жывёлкі быў моцны стрэс і — галоўнае — яна панічна баялася людзей. Хто ведае, што з ёй вытвараў той, хто пасля пакінуў яе прывязанай у лесе...

Па нашай вуліцы ў Сухараве на слупах вісяць выявы 20-гадовага хлопца з папярэджаннем: «Асцярожна, небяспечны садыст!» Ён бярэ (хацела б напісаць «браў», але няма такой упэўненасці) катоў, якія ўладкоўваюцца «ў добрыя рукі» па аб'явах, а пасля жывёліны бясследна прападаюць. Пра яго ў праграме «Беларуская часінка» на канале «Беларусь 1» у студзені нават быў зроблены цэлы сюжэт. Валанцёрка Людміла падрабязна расказвала і пра зніклых жывёл, і пра суседзяў, якія чулі каціныя крыкі, і пра заяву ў міліцыю. І пра тое, што хлопец прызнаўся ў тым, што загубіў як мінімум дзевяць каціных жыццяў. Ён здзекваўся з іх, біў, а калі ахвяры гінулі, выкідваў іх у смеццеправод ці з балкона ўніз... Прайшло паўгода, і валанцёры пачалі расклейваць гэтыя аб'явы. Выходзіць, недавярак дагэтуль беспакараны? Я цяпер насцярожана ўзіраюся ў твары ўсіх маладых людзей каля свайго дома. Ведаць, што зусім побач жыве забойца — адчуванне не вельмі прыемнае. Ён жа не забівае людзей? А хто сказаў, што тут недарэчнае слова «пакуль»?..

Тут яшчэ можна паразважаць і пра адмысловы закон аб абароне жывёлін, які ў нас дагэтуль не прыняты, і пра тое, што ўвесь свет звар'яцеў апошнім часам — і таму што тут дзіўнага, калі зусім побач людзей збіваюць да смерці... Гэта ўсё, вядома, важна. Але падобныя разважанні — гэта, выбачайце, філасофія. А тое, пра што напісала вышэй, адбываецца тут і цяпер. З намі — такімі талерантнымі, высакароднымі, гатовымі падставіць плячо і працягнуць руку дапамогі (і не шукайце ў маіх словах іроніі, яе тут няма, бо яно сапраўды так і ёсць). Але тое, пра што напісана вышэй, — гэта таксама пра нас, і таксама — праўда. Можа, менавіта разуменне, а не адмаўленне гэтага і ёсць першы крок да таго, каб падобнага з намі не здаралася?

Учора, прачытаўшы пра Цімошу, паглядзеўшы фота з клінікі, наплакаўшыся, не ведала, чым пачаставаць і як прылашчыць сваю кошку. Я гладзіла яе, цалавала, заглядала ў вочы — прасіла прабачэння ва ўсіх іх за ўсіх нас. Ці палягчэла мне на душы? Не ведаю. Яна ж не сказала мне, што даруе...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.