Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Еду! Еду! Ні дарогі, ні следу...

Гэта, як спявалася некалі, «было нядаўна, гэта было даўно». Нас, студэнтаў педінстытута, адправілі на цаліну, на ўборку пшаніцы. Ураджай яе, прычым вельмі багаты (мы такіх і не бачылі), звозілі з палёў на ток, там жа перасушвалі і адпраўлялі далей — на элеватар у горад Жаксы. Студэнты і шафёры працавалі кругласутачна і пазменна. А студэнткі ў свае «адгулачныя» дні моду завялі — падсаджваліся ў машыны, ездзілі ў горад, каб там пахадзіць па крамах і потым (часам з пакупкамі) — вярнуцца назад.

Жаданні дзяўчат былі зразумелыя, аднак не ўсе, бо, напрыклад, мы з аднакурсніцай Томай проста жах як хацелі навучыцца кіраваць... самазвалам.

З гэтай мэтай неяк напрасіліся ў кабіну да вясёлага дзядзечкі (яны, дарэчы, з ахвотай бралі гаваркіх пасажыраў, каб па дарозе — пад сотню вёрстаў! — крый бог, не заснуць), заехалі з ім у горад, не без таго — пабегалі па крамах, а на зваротным шляху, што называецца, агучылі мару. Дзядзечка чамусьці не здзівіўся, наадварот — з ахвотай паказаў, што трэба пакруціць і на што нагой націскаць, каб паехаць, як руль у дарозе трымаць... Пад яго наглядам мы нават «парулілі» — па чарзе, па стэпе! А ён — трэба сказаць — ляжаў там паўсюль, да самага гарызонту! Дарог — ніякіх: добра, калі нейкі след — ад папярэдніх машын. Нягледзячы на гэта...

Помню той дзень — нібы ўчарашні! На дварэ, значыць, спёка. І ў нас — абедзенны перапынак. Падчас яго ўсё жывое (і ўсе жывыя) на дзве гадзіны спаўзаюць у цень.

Я таксама «спаўзла» і адтуль — у шэрагу іншых машын — убачыла заёмую, можна сказаць, «сваю». Вясёлага дзядзечкі-шафера пры ёй не было (як не было нідзе і нікога). А таму я (дзіцячыя мазгі!) мігам апынулася на сядзенні, завяла самазвал і — ад шчасця аж дух заняло! — паехала! Спачатку нясмела, памалу, потым — трохі хутчэй і яшчэ хутчэй!..

Адкуль на маім «шляху» ўзяўся газік па мянушцы «казёл», шчыра кажучы, я не заўважыла. Аднак з яго кабіны ўжо выскачыў нейкі мужчына, патрабавальна замахаў рукамі — загадаў спыніцца.

Паспрабавала ўспомніць, як гэта робіцца, і не паспела: дзядзька нейкім чынам апынуўся ў кабіне, выхапіў руль «майго» самазвала, стаў кіраваць ім ды рознымі словамі бэсціць шафёра: пагражаць, што пакажа яму, дзе ракі зімуюць, што пагоніць з работы, пазбавіць прэміі...

Я ледзьве не плакала: бажылася, што шафёр тут ні пры чым, што я сама, без яго ведама, села ў машыну, што караць тут трэба толькі мяне! «Цябе бог пакарае, — агрызнуўся дзядзька. — Вось народзіш трайню і тады ўспомніш!»

...Да родаў адтуль, з цаліны, было як да неба.

А ў той дзень я ўбачыла толькі адно: калі бог каму хоча дапамагчы, ён абавязкова нешта зробіць, прышле чалавека на выручку.

Не ведаю, як далёка я тады заехала б (разварочвацца яшчэ не спрабавала)? Не ведаю, што рабіла б, калі б раптам скончыўся бензін, у самазвале нешта зламалася б ці ўсчалася якая бура? Стэп не даруе бяздумнасці. Але мне, дзякуй богу, пашчасціла.

Зоя Наваенка,

г. п. Падсвілле, Пастаўскі раён.


Страшней за пеўня звяроў няма.

Ну хіба што... казёл?

Памятаеце, у дзядулі Крылова: «У сильного всегда бессильный виноват...»

Між іншым, спрэчная выснова, бо, здараецца, што слабы ўмомант паставіць на калені моцнага. Ды яшчэ і плакаць не дасць! Ну вось вам прыклад.

Мой знаёмец Анатоль набыў сабе шчаня нямецкай аўчаркі. «Падрасце — ахоўнікам будзе,» — казаў усім. (Я таксама скажу — па сакрэце: у Таляна ёсць, што ахоўваць)...

І праз нейкі час, як выглядала, з'явілася каму, бо тое шчаня на добрых харчах вельмі хутка ператварылася ў сапраўднага ваўкалака! Адным відам сваім мінакоў палохала... А гаспадар яшчэ і папярэджанне да варот прыбіў: асцярожна, маўляў, сабака добры, толькі нервы ў яго слабыя.

Што, між іншым, чыстая праўда, бо аднойчы...

Нясе, значыць, Талян харчы свайму ваўкалаку, ставіць міску каля яго будана — чакае, пакуль сабака выйдзе.

А тым часам да ягонай міскі певень падляцеў. І пачаў дзяўбсці...

Сабака, абражаны гэтым нахабствам, куляй да птушкі...

Думаеце, яна спужалася і наўцёк? Не! Яна з усёй сілы дзеўбанула «немчука» ў яго высока задраны нос.

Што было потым?

Вясковую ціш парушыў жаласны енк: Талянаў ахоўнік баязліва падціснуў хвост і схаваўся ў сваім будане, каб залізваць раны. А яны, трэба сказаць, былі не толькі фізічныя, але і псіхалагічныя. Ва ўсякім разе, пры кожным кукарэканні гаспадарскага ці суседскага пеўня сабака яшчэ доўга ўцякаў хавацца...

Але ж з байкі я пачаў гэтую гісторыю, байкай і скончу. Гадоў колькі таму расійскія каналы паказвалі рэпартажы з заапарка пра незвычайнае сяброўства паміж тыграм Амурам і казлом Цімурам. Адгукнуўся на гэту падзею і я:

Вось дзівосы дык дзівосы:

Тыгру сябрам стаў казёл,

Пазайздросціць можна лёсу,

Глянь, што робіцца наўкол —

Па сусветнаму закону

Моцны душыць небарак,

Можа, той казёл шалёны,

Што яму шанцуе так?

Ці то з тыграм непарадкі,

Што такая дур найшла?

Знай, тыгрыныя нашчадкі

Не пахваляць за казла.

І, вядома, выйдзе бокам

Паласатаму любоў,

А казёл

глядзіць звысоку...

Не іначай — цар звяроў?!

... Часта так бывае з намі,

Шмат не буду гаварыць.

Што жывеш вось так з казламі —

І нічога не зрабіць.

Генадзь Мішчук,

в. Вотчына, Маларыцкі раён.


Люстра для Любы

...З чаго пачаць? Мо з таго, што еду я неяк у гарадскім аўтобусе і ад няма чаго рабіць людзей разглядаю. Бачу маладую дзяўчыну ў навушніках (відаць, слухае музыку з дарагога айфона), побач з ёй — з дзявочым заплечнікам — «пані трошкі ў гадах», насупраць — мажная-мажная бабуля з унукам гадоў сямі, які з зайздрасцю паглядае на той айфон.

— Дзіцятка, нам у паліклініку трэба, — кажа бабуля яго ўладальніцы. — Падкажы, дзе лепей выйсці? На гэтым прыпынку?

— Зараз пагляджу, — слізгаючы пальцам па экране мабільніка, абяцае дзяўчо.

Аўтобус тым часам збаўляе хуткасць — набліжаецца да прыпынку.

— Бабуля, пайшлі! — загадвае ўнук. — Учора мы тут выходзілі!

— З наступнага прыпынку будзе бліжэй, — спыняе іх «пані» з заплечнікам.

— Не, вам тут выходзіць! — паведамляе дзяўчо, праклаўшы маршрут на электроннай карце.

Але ж дзверы аўтобуса ўжо амаль зачыніліся!..

Ад'язджаючы ад прыпынку, я са шкадобай паглядзела на бабулю з хлопчыкам, якія ледзьве паспелі выйсці, і ў чарговы раз падумала, чаму (нават ведаючы нешта!) мы шукаем чужых парад? І за іх жа потым трымаемся...

Гэта я кажу не толькі пра іншых, але і пра сябе. Ну вось мяркуйце самі.

Сёлета я зрабіла рамонт у зале, і не сама, як звычайна, а рукамі прафесійнага майстра. Знайшла, наняла і, здаецца, не прагадала: ён бездакорна выраўнаваў сцены, паклаў ламінат, паклеіў дарагія шпалеры...

Факт, што старая люстра да гэтага ўсяго, мякка кажучы, не пасавала, і таму іншага выйсця не было: я накіравалася ў найбліжэйшы гандлёвы цэнтр, каб купіць там прыгожы сучасны свяцільнік.

Мая сяброўка Люба, не раздумваючы, пайшла са мной.

...Гэта вельмі рэдка бывае, аднак люстру — маю! — я ўбачыла здалёк і адразу ж уявіла, як гарманічна яна «ўпішацца» ў інтэр'ер абноўленай залы, як будзе свяціць...

— Вось гэтая?! Фу-у! — скептычна скрывілася Люба, зірнуўшы на люстру. — Ды яна ж падобная на старую... Пайшлі далей — я там іншую бачыла, проста суперсучасную! Вунь яна... Паглядзі!

Сяброўка паказвала рукой на круглае металічнае вечка з дробнымі дзіркамі пад адмысловыя лямпачкі. Яны дружна выпраменьвалі сіняе святло, ад якога тут жа ўзнікала цьмянае адчуванне трывогі. Металічныя пікі, падобныя на лёзы нажоў, і дзіркі ў крузе, што нагадвалі цэнтрыфугу пральнай машыны, толькі ўзмацнялі яе. Але...

Вы здагадаліся: цяпер гэта суперсучасная «цэнтрыфуга» вісіць у нашай зале. Гледзячы на ??яе, я кожны раз даю сабе слова ўсе больш-менш значныя пакупкі рабіць самастойна.

Што Люба?

Яна па-ранейшаму часцяком заходзіць да нас, па-ранейшаму любуецца люстрай — нахвальвае сябе за выбар. Ну і мяне — за пакупку.

Наталля Шастакова,

г. Гомель.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.