Вы тут

Праект змяненняў у Канстытуцыю будзе дапрацаваны і да 1 верасня ўнесены Прэзідэнту — Міклашэвіч


Праект змяненняў у Канстытуцыю будзе дапрацаваны і да 1 верасня ўнесены Прэзідэнту, заявіў сёння старшыня Канстытуцыйнай камісіі, старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, перадае БелТА.


Фота: БелТА

«Паколькі наяўнасць няўзгодненых заўваг членаў камісіі сведчыць аб фактычнай незавершанасці праведзенай работы, Прэзідэнтам даручана кіраўніцтву Канстытуцыйнай камісіі забяспечыць комплексную дапрацоўку адпаведных прапаноў і да 1 верасня 2021 года ўнесці канчатковы варыянт праекта Канстытуцыі на разгляд кіраўніка дзяржавы», — адзначыў Пётр Міклашэвіч.

«Мы абазначылі тры пазіцыі, якія патрабуюць разгляду з удзелам кіраўніка дзяржавы. Гэта канстытуцыйны статус Усебеларускага народнага сходу, паколькі гэта новы інстытут у сістэме дзяржаўнай улады, і ён павінен мець пэўныя канстытуцыйна-ўладныя паўнамоцтвы і пры гэтым не парушаць дзеючую сістэму дзяржаўнай улады нашай краіны і ўзаемадзеянне (дзяржорганаў. — Заўвага БелТА). Таму гэта пытанне мы сёння яшчэ раз дадаткова прапрацуем і будзем абмяркоўваць ужо з удзелам кіраўніка дзяржавы», — сказаў Пётр Міклашэвіч.

Паводле яго слоў, у членаў Канстытуцыйнай камісіі засталіся разыходжанні па пытанні фарміравання Усебеларускага народнага сходу, а таксама яго паўнамоцтваў. У прыватнасці, члены камісіі не прыйшлі да адзінай думкі аб тым, ці трэба задзейнічаць Усебеларускі народны сход у вырашэнні пытання аб легітымнасці выбараў Прэзідэнта.

Другое пытанне — аб пакаранні смерцю. «Тут ёсць тры варыянты. Першы — цяпер гэту норму, арт.24, не змяняць, не чапаць. Паколькі гэта палажэнне разглядалася на рэферэндуме ў 1996 годзе аб захаванні пакарання смерцю. Далей, ужо калі ўзнікнуць аб’ектыўныя ўмовы, разглядаць на спецыяльным рэферэндуме. Паколькі сёння ў Прэзідэнта таксама ёсць права ўвядзення мараторыя на выкананне або прымяненне пакарання смерцю. Гэта значыць магчыма паэтапнае вырашэнне, як у іншых дзяржавах. Былі прапановы змяніць гэту норму, арт.24, і ўстанавіць пакаранне смерцю толькі за злачынствы тэрарыстычнай накіраванасці, дзе гібель людзей адбылася. Трэці варыянт — наогул паставіць пытанне аб адмене пакарання смерцю. Тры варыянты патрабуюць якраз разгляду з удзелам кіраўніка дзяржавы», — адзначыў старшыня КС.

Трэцяе пытанне — удзел працоўных калектываў у вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. «Гэта норма сёння ў нас ў Канстытуцыі ёсць, але час мяняецца. Працоўныя калектывы гэта не тыя, што ў савецкі час. Шмат калектываў прыватнай формы ўласнасці. Гэта адно. І другое. Агульнапрыняты падыход — вылучэнне ў дэпутаты — гэта ўдзел у пэўнай палітычнай барацьбе. Таму пытанне стаіць адкрытае. Ці трэба захаваць нам на далейшае або спыніцца, каб партыі і самі грамадзяне непасрэдна вылучалі кандыдатаў у дэпутаты як агульнапрыняты падыход. Гэта пытанне мы таксама плануем абмеркаваць з удзелам кіраўніка дзяржавы», — дапоўніў Пётр Міклашэвіч.

Сёння праходзіць чарговае пасяджэнне Канстытуцыйнай камісіі. На ім разглядаюцца ўдакладненні рэдакцыйнага характару распрацаваных Канстытуцыйнай камісіяй змяненняў у Асноўны закон на аснове заўваг членаў камісіі.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.