Вы тут

Адказы на якія пытанні шукаюць у кнігах сучасныя падлеткі?


​Ці можна захапіць чытаннем школьнікаў? Для бібліятэкараў і настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры гэта пытанне стаіць асабліва востра, бо дамінаванне рускай мовы шматразова ўскладняе ім задачу. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў краіне стартавала міжнародная акцыя «Чытаем беларускія кнігі».


Знайсці ключык

— Яе мэта — папулярызацыя беларускай літаратуры сярод падрастаючага пакалення, — расказала Алена ЧАРНЯЎСКАЯ, намеснік дырэктара дзяржаўнай установы «Цэнтралізаваная сістэма бібліятэк горада Мінска» — галоўнага арганізатара акцыі. — Да ўдзелу запрашаюцца дзеці і падлеткі ва ўзросце да 15 гадоў. Ад іх патрабуецца зняць і зманціраваць відэаролік з прачытаннем твора ці ўрыўка з твора беларускага пісьменніка. Фармат відэароліка — AVІ, MOV, MP4 ці MPEG. Максімальная працягласць — не больш як тры хвіліны. Вельмі спадзяемся, што акцыю падтрымаюць і школьнікі з іншых краін. Больш падрабязную інфармацыю можна знайсці на нашым сайце www.chіldlіb.by.

Па словах Алены Чарняўскай, у сталічных бібліятэках сёння сфарміраваны якасны кніжны фонд, які адпавядае запытам чытачоў. Асаблівая ўвага аддаецца менавіта беларускай кнізе, у падтрымку якой праводзіцца шмат мерапрыемстваў.

— Маладыя бацькі шмат увагі ўдзяляюць падрыхтоўцы сваіх дзяцей да школы. І дзякуй беларускім выдавецтвам, якія звярнулі ўвагу на недахоп літаратуры на беларускай мове менавіта для дашкольнікаў. Апошнім часам з’явіліся дастойныя аўтары і кнігі, якія хочацца прасоўваць і прапаноўваць іх чытачу. Для малодшых школьнікаў таксама з’явіліся добра ілюстраваныя кнігі з цікавым сюжэтам.

Кожная бібліятэка распрацоўвае ўласны план падтрымкі беларускага чытання. Напрыклад, у бібліятэцы № 14 рэалізоўваецца праект «Шпарка па-беларуску». Нярэдка ўпершыню з беларускай мовай дзіця сутыкаецца толькі ў школе. І працэс яе прыняцця праходзіць даволі складана. Мы імкнёмся зрабіць так, каб бар’ер ва ўспрыманні беларускай мовы знік. А ў дзіцячай бібліятэцы дзеці знаёмяцца з беларускімі словамі, аўтарамі твораў у нязмушанай абстаноўцы, яны кантактуюць на роднай мове паміж сабой і такім чынам знікаюць стрэсавыя фактары.

У нас працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія імкнуцца ісці ў нагу з часам — бібліятэкары ведаюць падыходы да юных чытачоў: як захапіць іх увагу і не напужаць тоўстай кніжкай. Яны могуць знайсці ключык да кожнага дзіцяці, каб малое палюбіла кнігу і не забылася пра бібліятэку.

Роля педагога

— У дзяцей насамрэч вельмі маленькі слоўнікавы запас, бо дома бацькі з імі не размаўляюць на роднай мове, — пагаджаецца загадчык сталічнай дзіцячай бібліятэкі № 4 Наталля ОТЧЭСКАЯ. — Таму ў нашай установе дзейнічае інтэрактыўны краязнаўчы гурток з міні-музеем «Беларуская хатка». Там можна патрымаць у руках драўляныя лыжкі, посуд з гліны, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, лялькі з саломы і гэтак далей. Вядома, у гэтай хатцы «жывуць» і кнігі: мы прэзентуем там навінкі і разам з дзецьмі чытаем услых. Яны павінны чуць родную мову. Усе незразумелыя словы адразу ж тлумачым, у тым ліку і з дапамогай гульні. Напрыклад, дзецям вельмі падабаецца гуляць у «Слоўнікавы джэм», калі мы дастаём са слоічка паперкі з беларускімі словамі і перакладаем на рускую. Так іх лексічны запас актыўна папаўняецца.

Зразумела, асоба настаўніка на сто працэнтаў вызначае, што будуць дзеці чытаць і ці будуць чытаць увогуле. Педагог павінен сачыць за тым, як сёння развіваюцца паэзія, проза, драматургія, якія новыя імёны з’яўляюцца ў літаратуры. А калі настаўнік сам не чытае і нічым не цікавіцца, то як ён можа заахвоціць да чытання дзяцей?

— Што мы заўважылі: сучасныя маладыя настаўнікі сочаць за навінкамі беларускай літаратуры. Гэта мы бачым па спісах літаратуры, з якой прыходзяць да нас іх вучні. Напрыклад, калі ў бібліятэцы з’явіліся творы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, толькі мы ведалі, наколькі яны цікавыя. А цяпер і настаўнікі раяць гэтага аўтара сваім вучням, бо яны самі маюць дзяцей і ведаюць, што іх захапляе, — кажа Наталля Отчэская. — Па нашых назіраннях, ёсць тэмы, якія хацелася б бачыць у сучаснай беларускай літаратуры. Падлеткаў хвалююць тэмы булінгу, кахання, узаемаадносін, сацыяльнага сіроцтва. І нярэдка бібліятэкар першы даведваецца пра тое, што адбываецца ў душы таго ці іншага дзіцяці — па той літаратуры, якую ён шукае. Хлопчык ці дзяўчынка не могуць прыйсці са сваімі пытаннямі да настаўніка ці бацькоў і звяртаюцца да кнігі ў пошуках адказу. Я як маці падлетка выдатна разумею, што літаратуры для сучаснай моладзі не хапае, і не мае значэння, на якой мове яна будзе напісана.

Падлеткі любяць кнігі, у якіх галоўныя героі — іх равеснікі, дзе можна знайсці адлюстраванне штодзённага жыцця. Ёсць інтарэс і да такіх тэм, як хваробы, смерць. Яны хвалююць і цікавяць дзяцей ва ўсе часы. А дарослыя не заўсёды адважваюцца гаварыць з імі пра гэта.

Класікі побач

У сталічнай дзіцячай бібліятэцы № 2 працуе «Кабінет пісьменніка».

— Сустрэчы з літаратарамі — адна з формаў папулярызацыі беларускай кнігі, — тлумачыць загадчык бібліятэкі Ганна КУДАР. — Мы рэалізоўваем гэты праект пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі. Сёлета адбылося ўжо 13 візітаў аўтараў да сваіх чытачоў. Нават у складаны 2020 год мы ад такіх сустрэч не адмаўляліся. Важна, што дзеці могуць прынесці прафесіяналам свае творы, пачуць іх меркаванне і атрымаць кансультацыю. А яшчэ яны могуць абняць жывога класіка. Зразумець, што пісьменнікі — гэта не толькі партрэты ў падручніках. Яны жывуць побач з намі...

Ганна Кудар канстатавала, што з сучаснымі творамі бібліятэкі не адчуваюць дэфіцыту, а вось кнігі многіх аўтараў, якія ўваходзяць у школьную праграму і карыстаюцца павышаным попытам, трэба было б перавыдаць. Тую ж «Насцечку» Кузьмы Чорнага. Дарэчы, гэты твор застаецца актуальным і для сучасных падлеткаў.

«Калі наш чытач просіць кнігу, якая апошні раз выдавалася ў 1969 годзе, але настаўнік уключыў яе ў спіс для чытання, то мы не можам яму дапамагчы. Таму адпраўляем у Нацыянальную бібліятэку, — канстатавала яна. — У нашай бібліятэцы яшчэ можна знайсці кнігі, выдадзеныя ў 1979–1980 гадах, але не ранейшыя. Ёсць кнігі, якія прадстаўлены толькі ў адным экзэмпляры».

Да пандэмічных часоў у сталіцы праводзіўся Фестываль сямейнага чытання, падчас якога вызначаліся самыя актыўныя чытачы. У Мінску ёсць сем’і, якія бяруць па 30 кніг у месяц на ўсіх: і для дзяцей, і для дарослых. Ёсць і сем’і, што запісаныя адначасова ў пяць-шэсць бібліятэк. Калі ў адной з іх ёсць чарга на літаратуру, якая цікавіць, у іншай можа і пашанцаваць. Увогуле, у кожнай бібліятэцы ёсць чэргі на пэўную літаратуру, прычым не толькі праграмную. Напрыклад, той жа «Гары Потар» не страчвае сваёй папулярнасці і ніколі не пыліцца на кніжных паліцах. Вельмі добра чытаюцца творы творчага тандэма Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак.

Што датычыцца школьнай праграмы па беларускай літаратуры, то да яе застаюцца пытанні. Ці могуць творы, якія ствараліся ў пачатку ХХ стагоддзя, быць сучасныя для цяперашніх школьнікаў? Наколькі актуальныя яны для іх? Старшакласнікі часта кажуць з папрокам пра школьную праграму: «Селянін скончыўся, пачалася вайна...» Да таго ж, наколькі дзецям зразумелыя словы, якія ўжываюцца іх аўтарамі? Многія прадметы і паняцці даўно выйшлі з ужытку. Але малазразумелымі словамі і дыялектызмамі грашыць і сучасная літаратура. І педагогі, і бібліятэкары ўпэўненыя, што творы для дзяцей павінны быць напісаныя простай мовай, бо нават дарослыя не ведаюць некаторых слоў і не могуць іх растлумачыць.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Аліны МАЗАВЕЦ

 

Загаловак у газеце: Булінг, каханне, праблемы ўзаемаадносін...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».

Грамадства

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў

Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму кал

Эканоміка

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Харчовая бяспека. Гародніны і бульбы хопіць усім

Дарэчы, частку гэтай прадукцыі накіруем на экспарт, у прыватнасці журавіны.

Грамадства

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны. Шукаем балі, прывідаў і натхненне

Пад натхненнем чырвонага кастрычніка мы вырашылі адправіцца на пошукі цікавых месцаў і містычных гісторый.