Вы тут

SEX-балясы. Голыя і добразычлівыя


Памятаеце знакамітую фразу героя Ляпішава з савецкага фільма пра вячэрнюю навучальную ўстанову «Вялікі перапынак»: «Што ж такое атрымліваецца! Ходзіш-ходзіш у школу, а потым — бац! — другая змена»? Гэта я да чаго? Жывеш сабе, жывеш, у нечым быццам бы разбіраешся і тут — бац! — прыходзяць яны. Навукоўцы са сваімі чарговымі доследамі. («Румынскі інстытут незакончаных даследаванняў высветліў, што ў васьмі выпадках з дзесяці...») І ты разумееш, што жыццё ўжо не будзе такое, як раней. Ну вось вы, напрыклад, чулі, што ўрачы настойліва раяць спаць без сподняй бялізны? («Спачатку ты кажаш, што ў нашым ложку можна ўсё, а потым — «З пельменямі нельга», «Куды ты цягнеш кавун?»...») Шмат хто ў абдымках начной феі зімой знаходзіцца ў піжаме, а летам — у адной бялізне. Аднак лекары рэкамендуюць як жанчынам, так і мужчынам абыходзіцца без сподняга. («Нішто так не засцерагае ад цяжарнасці, як халат, бігудзі і маска з агуркоў».)


Фота: pixabay.com

На думку экспертаў, сон у сподняй бялізне наносіць больш шкоды, чым карысці. Каб пазбегнуць размнажэння хваробатворных бактэрый, медыкі рэкамендуюць пазбаўляцца ад яе і даваць палёгку інтымным часткам цела. («Спаць — гэтак жа добра, як і есці. Толькі бясплатна».) Пры гэтым мужчыны ў бялізне рызыкуюць сваёй фертыльнасцю — здольнасцю да апладнення, кажа доктар Аліса Двек, практыкуючы гінеколаг некалькіх медыцынскіх цэнтраў Нью-Ёрка. («— А ты ў сексе спрынтар ці марафонец? — Я той, хто страляе з пісталета на старце».) Для тых, хто не можа адмовіцца ад сподняй бялізны, Двек рэкамендуе баваўняныя трусы свабоднага крою, так званыя бабуліны трусы. («Ён сказаў, што хоча паспрабаваць штосьці новае ў ложку. Яна паказала яму, як мяняць падкоўдранік...») Дарэчы, у «аголенага» сну ёсць яшчэ адна перавага, акрамя апісаных вышэй, — сон без бялізны дапамагае панізіць крывяны ціск. («Ноччу сяброўствам не зоймешся».)

Зноў жа амерыканскія навукоўцы высветлілі, як 20 секундаў абдымкаў уплываюць на арганізм чалавека. Калі чалавека абдымаюць, ён адчувае давер, сімпатыю, бяспеку і спакой — гэта спрыяльна як для псіхікі, так і для фізічнага самаадчування. («Калі вы лічыце, што вамі ніхто не маніпулюе, значыць, вы ў руках прафесіяналаў».) У такія моманты арганізм выпрацоўвае сігнальныя рэчывы, што ў народзе называюць «гармонамі шчасця». («Вельмі карысная парада мужчынам. Калі вашы вочы закрылі мяккія ручкі, у спіну ўпёрліся пышны бюст і пухленькі жывоцік, і ззаду пачулася: «Адгадай — хто?..» У любым выпадку адказвайце: «Сярога, ты?» Паверце, так будзе лепш».)

У часы абмежаваных кантактаў і захавання дыстанцыі расце туга па блізкасці, фізічным кантакце і абдымках. Навукоўцы высветлілі, што аксітацын, які ўтвараецца ў арганізме падчас абдымкаў, аказвае заспакаяльнае дзеянне, дапамагае пазбавіцца ад стрэсу і ўмацоўвае міжчалавечыя адносіны. («І пацалаваў прынц спячую прынцэсу... Тая прачнулася, уляпіла прынцу аплявуху, пераставіла будзільнік на дзве гадзіны наперад і зноў лягла спаць».)

А біяпсіхолаг Себасцьян Окленбург з Бохума вывучае разам з калегамі, ці ўплывае эмацыянальны кантэкст на тое, як абдымаюцца людзі. «З назіранняў за сотнямі сустрэч у зонах прылёту і вылету ў аэрапорце мы зрабілі выснову: калі маюць месца пачуцці, людзі часцей абдымаюць іншага чалавека левай рукой. Левая палова цела кіруецца правым паўшар'ем галаўнога мозга, якое актыўна ўдзельнічае ў апрацоўцы станоўчых і адмоўных эмоцый», — пракаментаваў вучоны. («Роза імітуе аргазм, каб мець сур'ёзныя стасункі з Яшам. А Яша імітуе сур'ёзныя стасункі, каб мець аргазм з Розай».)

Таксама амерыканскія навукоўцы назвалі самую сексуальную рысу характару. («— Дзяўчына, давайце вечарам сустрэнемся? — Я згодная, толькі майце на ўвазе, што на першым спатканні я сексам не займаюся. — А ў мяне такое адчуванне, што мы з вамі даўно знаёмыя».) У выніку даследавання эксперты высветлілі, што бескарыслівыя людзі, незалежна ад узросту і характару, мелі большы поспех на спатканнях, і для іх не было цяжка знайсці сабе партнёра. Менавіта гэтая рыса характару больш за ўсё прыцягвае прадстаўнікоў процілеглага полу. («Спатканне — гэта літаральна сумоўе на секс».)

У эксперыменце ўзяло ўдзел больш за 800 чалавек. Прафесар псіхалогіі Пэт Барклай задаваў рэспандэнтам пытанні адносна стасункаў: наколькі яны гатовыя дапамагаць іншым, у прыватнасці, ці могуць стаць донарам або ахвяраваць грошы ў дабрачынныя арганізацыі і таму падобнае. («Пакрыўдзілася, пайшла. Шукаць не раю! А калі не знойдзеш — горш будзе!») Даследчыкаў здзівіла, што бескарыслівасць пакінула ззаду ўпэўненасць у сабе, пачуццё гумару і сумленнасць, якія, як правіла, мужчыны і жанчыны шукаюць у сваім кампаньёне. («Адказваючы на пытанне жонкі «Што б ты без мяне рабіў?», самае складанае — гэта не ўсміхнуцца летуценна».) Адзначаецца, што бескарыслівасць як рыса характару аблягчае жыццё, фарміруе адмысловае, пазітыўнае мысленне, прымушае паглядзець на свет іншымі вачыма. («Калі твая жанчына заснула падчас сексу, значыць, яна табе давярае».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».