Вы тут

Упушчаны момант, або Чаго Варвара Пятроўна не даравала Сцяпану Трафімавічу


Аб’ектыўную праўду аб уласным узросце даведваешся тады, калі нечакана для сябе робіш выснову, што самая пранізлівая інтымная сцэна ў літаратуры — гэта Варвара Стаўрогіна, якая гаворыць Сцяпану Верхавенскаму: «Я ніколі вам гэтага не забуду!»


Pixabay.com

Яно так і ёсць. Пакуль малады — лічыш, што найлепшае з «любоўнай лірыкі» — штосьці ўзнёсла-рамантычнае, караткевічава «Чазенія», напрыклад. Але надыходзіць момант, калі, дачытаўшы тую аповесць у чарговы раз, ты ўжо не верыш, як раней, што Ён Яе знойдзе. Ты нават ужо ведаеш, што можа быць у жыцці зусім наадварот. Ты ўжо дарослы, ты ўжо разумееш пра ўпушчаныя магчымасці.
І героі Дастаеўскага, якія яшчэ, вядома, не твае равеснікі, але ўжо і не нашмат старэйшыя, становяцца раптам блізкія і зразумелыя. І ты ўжо абсалютна разумееш злосць і адчай Варвары Пятроўны, калі ў квітнеючым садзе моўчкі сядзіць яе апошняя надзея на жаночае шчасце. Сядзіць і маўчыць аб галоўным, ніякавата сёрбае чаёк, хоць і сам думае пра тое ж — пра тое, што нядрэнна было б... Але так нічога і не гаворыць, мо не асмельваецца, мо спадзяецца, што будзе іншы выпадак. А выпадку больш не будзе, і ўвогуле ўжо нічога не будзе, бо момант упушчаны, бо Варвара Пятроўна ўжо гэта зразумела і сама, каб не мучыцца і не мучаць больш, злосным шэптам паставіла кропку: «Я ніколі вам гэтага не забуду!»...

Пра нявыкарыстаныя магчымасці і ўпушчаныя моманты чамусьці лепш за ўсё разважаецца і ўсведамляецца на зыходзе лета. Можа, таму, што пралятае яно надзвычай хутка — здаецца, зусім нядаўна рабіны стаялі ў жаўтаватым вэлюме кветак, а вось цяжкія гронкі, ужо нечакана аранжавыя, цягнуць галіны да зямлі. А ты стаіш як ачмурэлы ў халаднаватым надвячорку, які нечакана, раптам перасунуўся на гадзіну раней, глядзіш на тое хараство і думаеш: а лета, лета — дзе? Столькі няздзейсненага, неадчутага, несказанага. Нават сукенкі летнія не ўсе хоць бы раз надзетыя. І не адзенеш іх ужо сёлета — прайшла гарачыня. Хіба на наступны год...

А на наступны год будзе тое самае. І толькі зачапіўшыся вокам за нечакана спелыя ягады ў ранніх халаднаватых прыцемках або пачуўшы ў навушніках «Следам за намі бяжыць лета, якое мы зноў змарнавалі», спынішся. І са шкадаваннем падумаеш пра несустрэтыя світанні, несабраныя ягады, непачутых птушак, няздзейсненыя падарожжы. Пра людзей, цікавых табе і цікаўных да цябе, якія толькі спыніліся ў жыцці мімаходзь, — а маглі ж і затрымацца, і, пэўна, усё было б па-іншаму і было б лепш, і быў жа момант, калі ўсё гэта магло спраўдзіцца. Пра нявыкананыя абяцанні, пра нявыказаныя словы, пра нявыяўленую пяшчоту і неагучаныя прызнанні...

«Пасля, — супакойваем сябе, бы не ўласнае жыццё пражываем, а ягоны чарнавік пішам. — Вось на наступны год абавязкова». І так адзін год, другі, трэці... А пасля... Нязношаныя сукенкі выходзяць з моды, ад туфляў на абцасах баляць ногі — гэта калісьці ў іх можна было танцаваць, але ж не да танцаў было. Лес, дзе ягады і птушкі, зарастае і становіцца незнаёмы і страшны, а з кожным годам — усё больш і больш недасяжны. Славутыя мясціны, якія марыў (і мог!) наведаць, гінуць у пажарах ці землятрусах або апынаюцца за закрытай граніцай. Людзі, якія ішлі міма, спыніліся каля іншых людзей, і ім хораша з тымі іншымі (але ж з табой — і табе! — пэўна, было б лепш). Недададзеныя пацалункі і абдымкі, нявыкананыя абяцанні самым дарагім людзям такімі і застаюцца назаўжды, бо дарагія людзі паміраюць, і ты застаешся сам-насам з гэтай цяжэзнай ношай. І яна праз гады не стане лягчэйшая, яна — на ўсё астатняе жыццё, бо нікуды яе не скінуць, нікому яе не перадаць... І нечакана ловіш сябе на тым, што зусім не верыш у шчаслівы фінал «Чазеніі» і вельмі добра раптам пачынаеш разумець злосць і роспач Варвары Пятроўны на бяскрыўднага і бяздзейнага Сцяпана Трафімавіча.

Дарэчы, я вось падумала: а калі б гэты літаратурны герой у той, такой жыццёвай, такой знаёмай многім сітуацыі, павёў сябе інакш? Калі б адважыўся, прызнаўся б у сваіх калі не пачуццях, дык высакародных намерах? Наколькі ўсё з імі дваімі, дый з іншымі персанажамі, было б інакш... Ну, тады б гэта не былі «Бесы» і не быў бы Дастаеўскі.

Але ж у жыцці хочацца, каб было шчасліва, а не па Дастаеўскаму...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Упушчаны момант

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?