Вы тут

Як апрануцца модна і танна? Нашы парады дапамогуць вам сэканоміць грошы, час і нервы


Аднаўляем гардэроб асэнсавана і з улікам модных трэндаў надыходзячай восені.


Як вядома, самы лепшы экспромт – экспромт падрыхтаваны. Гэта датычыцца розных праяў дзейнасці чалавека, у тым ліку і шопінгу. Калі, вандруючы па вялікаму гандлёваму цэнтру, вы неспадзявана ўбачылі прыгожую рэч, якую вам вельмі хочацца набыць, 90 %, што вы яе набудзеце. Але навошта? У гэты момант вы не можаце адказаць на гэтае пытанне, таму што купляеце не рэч, а эмоцыю, за якую плаціце рэальныя грошы. Вярнуўшыся дамоў, хутчэй за ўсё вы ўбачыце, што гэтая рэч вам зусім не патрэбна, і ваша ўзнёсласць зменіцца расчараваннем. Настрою няма і грошай таксама няма! А ўсё таму, што шопінг – справа сур’ёзная і падыходзіць да яе трэба не эмацыянальна, а асэнсавана. І тут ёсць свае правілы.

Правілы моднага шопінгу:

  • Перад тым, як адправіцца па пакупкі, трэба абавязкова перагледзець і прааналізаваць свой гардэроб, каб высветліць, якога адзення ў вас не хапае і ад чаго трэба бавязкова пазбавіцца.
  • Складзіце шопінг-ліст. Ён дапаможа вам набыць тое, што патрэбна ў першую чаргу.
  • Адзенне лепш за ўсё набываць камплектамі, падбіраючы адпаведныя аксесуары. Калі ў вашым гардэробе ёсць, напрыклад, спадніца, да якой трэба падабраць блузу, то спадніцу трэба абавязкова ўзяць з сабой.
  • Загадзя вызначыце, якую колькасць грошай вы можаце выдаткаваць са свайго бюджэту на абноўкі. Лепш за ўсё разлічвацца наяўнымі грашыма, а не банкаўскай карткай.
  • Хадзіць на шопінг раім аднаму або з прафесійным стылістам. Густ і эмоцыі вашых сваякоў у гэтай справе будуць залішнімі і не паспрыяюць эфектыўнасці шопінгу.
  • Каб вас лічылі модніцай, найлепшы варыянт мець базавы гардэроб і напачатку новага сезона дадаваць да базы дзве-тры трэндавыя рэчы. Менавіта такі падыход дапаможа вам і грошы сэканоміць, і ад часу не адстаць.

Модныя трэнды восені 2021

Надыходзячай восенню асноўны акцэнт у адзенні на лаканічнасць, утульнасць і камфорт. Зыходзячы з гэтага, прапануем вам некалькі трэндаў, пры дапамозе якіх можна асвяжыць ваш гардэроб.

1. Паліто-аверсайз. Калі з надыходам восені вам хочацца схавацца ад рэальнасці, то гэты прадмет – тое, што трэба. Выбраць мадэль не складана. У трэндзе – понча, кейпы, сцёганыя курткі-коўдры, паліто са штучнага футра.

2. Камбінезоны. Яшчэ адзін восеньскі трэнд для аматараў камфортнай вопраткі. Цэльны і лаканічны прадмет гардэроба дапаможа візуальна павялічыць рост і звузіць аб'ёмы фігуры.

3. Адзенне з дэніму. Не, не проста адзін джынсавы прадмет у вашым вобразе, а лук у стылі “тотал дэнім”, дэвіз якога “джынсу многа не бывае!”

4. Вязанае адзенне. Асаблівай папулярнасцю ў гэтым восеньскім сезоне будуць карыстацца вязаныя рэчы з мяккай і цёплай шэрсці нібы "ад бабулі". Сукенкі, спадніцы розных колераў і танальнасці. Асаблівую папулярнасць набываюць прасторныя камізэлькі, якія будзем насіць паверх кашулі ў спалучэнні з нагавіцамі.

5. Яркая прынтавая вопратка. Калі восень – гэта пара года, якая навявае смутак, яркае адзенне дапаможа справіцца з гэтай праблемай і, безумоўна, палепшыць настрой.

6. Абутак. Аднавіць ваш арсенал у гэтым сезоне дапамогуць футравыя мюлі, лоферы на грубай падэшве і мадэлі з геаметрычным малюнкам і фірменнымі прынтамі. Калі вы аматар класічнага абутку, то ў трэндзе боты з галянішчам “гармонік”, боты-трубы з квадратным носам.

7. І – не забывайцеся на маскі! Гэты аксесуар, які ўжо больш за год з’яўляецца неад’емнай часткай нашага гардэроба, паспеў прайсці сваю модную трансфармацыю і стаць сапраўдным акцэнтам у вобразах модніц усяго свету.

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота: pixabay.com, pinterest.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».