Вы тут

Лёс васьмі сшыткаў рукапісаў паэта Адама Гурыновіча застаўся невядомым


Адаму Гурыновічу (1869–1894) выпала кароткае жыццё і драматычны лёс. Яго імя згінула б у невядомасці, каб не захавалася частка яго творчай спадчыны, што цудам ацалела і ўжо пасля яго смерці, у 1920–1921 гадах, пабачыла свет. Нават у грунтоўнай «Гісторыі беларускай літаратуры» Максіма Гарэцкага Адаму Гурыновічу дасталася некалькі радкоў. Даследчык адзначае ўплыў творчасці Францішка Багушэвіча (Мацея Бурачка) на Адама Гурыновіча, што вылілася ў праніклівым вершы: «Дзякуй табе, браце Бурачок Мацею». Неспрыяльны быў час для асэнсавання значэння Адама Гурыновіча для беларускай літаратуры і ўвогуле для беларускага нацыянальнага руху.


Адам Гурыновіч стаяў на пачатку свайго жыццёвага шляху і мог вырасці ў выдатнага паэта ці быць значным дзеячам нацыянальнага адраджэння, ды вось ранняя смерць перакрэсліла ўсе яго мары і намаганні. Тым не менш мы ўзгадваем Адама Гурыновіча, як прадстаўніка новай беларускай літаратуры, паэта-дэмакрата, хоць яго паэзія яшчэ вучнёўская, несамастойная і мала адметная. Ён быў з тых, хто шукаў новыя сродкі і спосабы барацьбы з царызмам. Паўстанне 1863–1864 гадоў яскрава паказала слабасць народнага супраціву ваеннай сіле царскай улады. Пацярпеў і бацька Адама Калікст Гурыновіч, якога арыштавалі за дапамогу паўстанцам, але ўсё ж вызвалілі на парукі. Ён ажаніўся на Элеаноры Сяняўскай і нарадзілі з ёй на свет чатырох сыноў і дзвюх дачок. Адам Гурыновіч нарадзіўся пасля першынца Юзафа 13(25) студзеня 1869 года ў матчыным фальварку Кавалі (цяпер Кавалькі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці). Пасля сям’я пераехала ў Крыстынопаль Свенцянскага павета, сумесны маёнтак Калікста і яго брата Абдона. Радавітае паходжанне Гурыновічаў (род вядомы з XVI стагоддзя) не даваў сямейнага дастатку. Смерць галавы сям’і ў 1876 годзе яшчэ больш пагоршыла становішча Гурыновічаў. Трэба было спадзявацца на свае сілы. Каб даць адукацыю дзецям, маладая ўдава набыла ў Вільні невялічкі домік. Вучоба ў Віленскім рэальным вучылішчы (1879–1887 гг.) дала Адаму не толькі тэхнічныя веды, якія можна было практычна выкарыстаць у жыцці, але і з’явілася школай духоўнага сталення. Адам збіраў беларускі фальклор і пісаў вершы. Гэтае захапленне стала для Адама больш чым захапленнем, калі не мэтай жыцця, дык даволі сур’ёзнай справай. Ужо будучы студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, ён перапісваецца з вядомым этнографам Янам Карловічам, дзеліцца з ім сваімі думкамі і сабраным матэрыялам, просіць прыслаць беларускія этнаграфічныя зборнікі. Пазнаёміўся ён з вершамі Францішка Багушэвіча і быў уражаны. Невыпадкова шчыра напісаныя радкі ў вершы «Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею»:

Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,

Што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы,

Бяры, браце, дудку, наладзь і жалейку,

Няхай песнь смутная ідзе ў калейку

І будзіць у сэрцах мысль аб лепшай долі,

Якой мы не зналі дагэтуль ніколі.

Гэта было творчае пажаданне не толькі паэту, але і самому сабе, бо яго жыццёвай мэтай стане «будзіць у сэрцах мысль аб лепшай долі». Магчыма, у сваіх творах Гурыновіч і згушчаў фарбы, апісваючы бядотнае становішча народа. А высвятляецца, што і новыя памешчыкі нічым не лепш за старых паноў — адно і тое.

Перш душылі паны,

Што шляхтай зваліся

Цяпер с… сыны

За нас узяліся.

Ані той, ані сёй

Не далі нічога,

Нашу ж працу ў свой

Кішэнь пакавалі.

Вядома, што сялянства кансерватыўнае і нясмелае ў сваіх рашэннях, мужык будзе цярпець не дзеля страху ці звычкі, а дзеля сваёй сям’і і па традыцыі наракаць на горкую долю. Для Гурыновіча становішча народа — гэта адзіны агульны стогн усяго народа «Над няшчаснаю доляю сваёй». У пошуках выйсця Гурыновіч, як і многія яго сучаснікі кідаецца на модны тады марксізм, шукае адказы ў дэмакратычнай літаратуры. Якім мусіць быць справядлівае грамадства? І як яго пабудаваць? Паўстанні прыводзілі да паражэння, крыві і гераічных ахвяр, толькі ўзрасталі рэпрэсіі, умацоўвалася зло.

Быць паэтам, ды яшчэ рэвалюцыйным, а яшчэ горш беларускім тады ўспрымалася, як цяжкае злачынства, ледзь не бунт супраць царскага ладу. Паліцыя звярнула пільнае вока і на Гурыновіча — старшыню «Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай». З перахопленага ліста Гурыновіча да сваёй сяброўкі Станіславы Пяткевіч у Цюрых паліцыя даведалася, што гурток цікавіцца рэвалюцыйнай (зразумела, забароненай у Расіі) літаратурай, у тым ліку кнігамі Маркса, Энгельса, Пляханава. Гэта было дастаткова, каб за Гурыновічам пачалі сачыць. У Вільню, дзе ў той час знаходзіўся Адам, прыйшла адмысловая тэлеграма з Дэпартамента паліцыі — заключыць пад варту «политического арестанта». Гурыновіча арыштавалі 16 чэрвеня 1893 года ў яго віленскім доме. Пры вобыску паліцыя знайшла «значительное количество преступных изданий», у тым ліку і восем сшыткаў з рукапісамі на «белорусском наречии». Вось гэтыя сшыткі больш за ўсё зацікавілі паліцыю, цікавыя яны і для нас. Што ў іх было? Фальклорныя запісы ці творы самога Адама Гурыновіча? Спатрэбіўся спецыяліст, які разумеў «белорусское наречие». І высветлілася, што ў адным з сшыткаў «помещены статьи явно революционного содержания в смысле польского восстания». Змест іншых сшыткаў па меркаванні следства не меў нічога «предосудительного». Шкада, канешне, што гэтыя сшыткі не знойдзеныя.

Каля года Гурыновіч гібеў у турме, толькі ўжо смяротна хворага на тыф яго вызвалілі пад нагляд паліцыі і адправілі паміраць дадому ў бацькоўскі маёнтак Крыстынопаль. Ён спадзяваўся адолець хваробу і марыў аб «будучай працы на ніве роднага краю з думкаю будзіць і клікаць да жыцця мову і літаратуру беларускага народа», — як адзначаў Браніслаў Тарашкевіч. Аднак хвароба была моцная, неўзабаве 14 студзеня 1894 года Адам Гурыновіч памёр і пахаваны ў фамільным склепе на могілках Крыстынопаля.

З невядомасці імя Адама Гурыновіча вярнуў дзеяч беларускага руху Браніслаў Тарашкевіч, які сустракаўся з яго сястрой Канстанцыяй і братам Янам і брытанкай Янінай, ад якіх даведаўся аб яго драматычным лёсе і атрымаў захаваныя творы — вершы і пераклады на беларускую мову Міцкевіча («Вялля»), Пушкіна («Рэха»), Някрасава («Мароз»), Аляксея Талстога «(Восень»), Каспаровіча («Вясна», «Гібніць зарання столькі цвяткоў»). Неўзабаве, у газеце «Беларускі звон» у 1921–1922 гадах, творы Адама Гурыновіча выйшлі ў свет. Так быў вернуты ў нашу літаратуру амаль згублены паэт. Сапраўды, напісанае застаецца!

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?