Пятніца, апалове восьмай вечара. Усе ўжо гадзіну як на лецішчах, і толькі я іду на інтэрв'ю. Шчыра: трохі злуюся на маіх суразмоўцаў – прадстаўнікоў футбольнай каманды акцёраў мінскіх тэатраў «БеZгрыма», што гэта адзіны час, калі можа сабрацца некалькі чалавек. Падыходжу да месца сустрэчы і застаю такую карціну: пяцёра мужчын ва ўзросце ад 22 да 62 гадоў занятыя выратавальнай аперацыяй. Яны выблытваюць голуба з нейкай вяроўкі, перажываюць, што ён галодны. Маё сэрца было растоплены, нягледзячы на вечар пятніцы.
Але ўсё аказалася няпроста. Спярша інтэрв'ю бралі ў мяне: «А вы ўвогуле футболам цікавіцеся?» Адказваю, што БАТЭ здолеў зацікавіць гэтай гульнёй ўсю краіну. І наогул, мой тата быў заўзятарам «залатога складу» менскага «Дынама», таму я ведаю, хто такія Малафееў, Пракапенка, Пудышаў, Зыгмантовіч, Алейнікаў, Кандрацьеў, Гоцманаў, Румбуціс, Вяргеенка, Бароўскі. Усіх, вядома, не ўзгадала, але пропуск у свет футбола атрымала.
– Юрий Іванавіч, раскажыце, калі прагучала фраза: «Давайце створым футбольную каманду»?
– Не ўзгадаю, каб вось яна наогул гучала ў нейкай кампаніі. Гэтая ідэя, можна, сказаць, свідравала мне галаву, – кажа заснавальнік і трэнер каманды «БеZгрыма» Юрый ЗІНЧАНКА. – Мне заўсёды хацелася мець стасункі з цікавымі людзьмі, якія падыходзяць мне па духу. Для нас усіх, думаю, вельмі важна, што мы каманда і па-за футбольным полем. А я колькі сябе памятаю, столькі гуляў у футбол. Рос у вёсцы і там з адным хлопцам гулялі адзін супраць аднаго. З таго часу любоў да футбола – на ўсё жыццё.
Памятаю, ужо служыў у тэатры, прачытаў у газеце «Культура» аб'яву, што ў Маскве будзе матч з удзелам каманды акцёраў. Я ўзяў буцы, сеў у цягнік і хадзіў па маскоўскіх тэатрах, пытаўся, хто там гуляе ў футбол.
А каманда ўтварылася неяк сама па сабе. Жыццё звяла з выпускнікамі Акадэміі мастацтваў, якія таксама любяць футбол: Сярожа Жбанкоў, Дзіма Рыбчынскі, Дзіма Мядзведзеў, Максім Брагінец. Так вакол нас сабралася каманда. Жартую, што я трэнер-аматар аматарскай каманды.
– Ці лёгка трапіць у вашу каманду?
Ю.З.: – Лёгка. Мы нікога не запрашаем спецыяльна, самі прыходзяць, каму цікава. І нікога не трымаем, калі чалавеку некамфортна. У нас, напрыклад, не вітаецца "зорная хвароба", але прынята дапамагаць адзін аднаму ў цяжкую хвіліну. І радасць мы таксама з задавальненнем падзелім.
– Уласна, я мела на ўвазе нейкія спартыўныя таленты...
Ю.З.: – Па-сапраўднаму ўмеюць гуляць Сярога Жбанкоў, Міхаіл Колбенеў, Юрый Цыркуноў – яны і школу па профілю спартыўную скончылі. У нас ёсць хлопцы, якія гуляць амаль не ўмеюць, але яны любяць футбол і каманду, таму выходзяць на поле і з часам, дзякуючы гульнявой практыцы, тое-сёе ў іх пачынае нядрэнна атрымлівацца.
– Гэта выдатная каманда, каманда маёй мары, – уступае ў размову Міхаіл ЕСЬМАН (М.Е.), акцёр і рэжысёр «Альфа тэатра», аўтар слоў і музыкі каманднага гімна «Дыхаў футболам». – Футбол люблю з дзяцінства, заўсёды хацеў гуляць, але ў спартыўную школу мяне не бралі, таму што з чатырох гадоў нашу акуляры. Дзеці ў двары таксама не хацелі, каб я гуляў з імі ў футбол. Яны ж як разважалі: калі разаб'ем акуляры Міху, нам перападзе. Дык вось “БеZгрыма” добрая тым, што тут па ўзроўні ўсе розныя гульцы, але ніхто табе не скажа: ты некарысны для каманды чалавек, слаба гуляеш. Тут усё будуецца на ўзаемапавазе. Менавіта таму бывае так, што калега кажа, маўляў, усё, вешаю буцы на цвік. Мінае год-два, вяртаецца ў каманду. Упэўнены, што акрамя цікавасці да футбола нас аб'ядноўвае моцны камандны дух.
– Акцёры якіх камандаў гуляюць у «БеZгрыма»?
Ю.З.: – У нас ёсць людзі з усіх мінскіх тэатраў, акрамя Вялікага. Але яны такія вялікія, што ў іх ёсць свая каманда.
– Вашай камандзе ўжо 13 гадоў, але толькі ў гэтым годзе з'явіўся гімн, шыкоўны прома-ролік. З чым гэта звязана?
М. Е.: Іванавіч даўно прасіў: напішыце гімн каманды. Але неяк не складвалася. Тры гады таму мне трэба было правесці чатыры гадзіны ў кіеўскім аэрапорце. І вось неяк у адзін момант знайшліся правільныя словы на роднай мове, тут жа на смартфоне напісаў канву музыкі. А запісалі гімн толькі цяпер, бо з'явілася магчымасць дзякуючы падтрымцы партнёра нашай каманды.
– Вось, вы проста апярэдзілі маё пытанне аб фундатарах. Хто яны?
Ю.З.: – Яны? Ну так, усе гэтыя гады кожны з нас быў сам сабе спонсар. А нядаўна ў нас з'явіўся афіцыйны партнёр, хоць мы не вельмі верылі ў гэта. Наш гулец і акцёр Драматычнага тэатра Беларускай Арміі Саша Галавач усё казаў: вяду перамовы, будзе ў нас спонсар. Думалі, ён жартуе. Тым больш што і перамовы зацягваліся. Але аднойчы адбылася наша сустрэча з кіраўніцтвам адной з ІТ-кампаній, на якой прагучала пытанне: колькі вам трэба грошай? Вось так у нас з'явілася вельмі добрая форма, усе камандныя атрыбуты: запісалі гімн, знялі прома-ролікі. А Саша сышоў з тэатра ў гэтую кампанію, але застаецца акцёрам: здымаецца ў кіно, і, вядома, гуляе ў нашай камандзе.
– У відэароліку-прэзентацыі каманды вельмі часта мільгаюць абліччы маладых гульцоў, Міхаіла Колбенева, напрыклад.
Ю.З.: – Таленавіты, між іншым, акцёр, але ў акадэмічным тэатры не служыць. І я адчуваю сваю віну: бо мог падысці да рэжысёраў, папрасіць за хлопца.
М. К.: – Іванавіч, усё добра. Я ж не сышоў з прафесіі. І я імкнуўся да самастойнасці, фінансавай незалежнасці. Не хачу, каб мне дапамагалі бацькі. Лічу, што малады хлопец як мінімум павінен сам сябе ўтрымліваць, а яшчэ лепш – дапамагаць бацькам.
М. Е.: – Малайчына, правільна думаеш.
– Раскажыце, Міша, як вас занесла ў акцёры і чым зараз займаецеся, акрамя футбола?
М. К.: – Я просты хлопец з вёскі, але вельмі хацеў трапіць у тэлевізар. Праўда, паступаць прыехаў зусім непадрыхтаваны, натуральна, не было ў мяне ні рэпецітараў, ні знаёмстваў у тэатральным свеце, але ўсё атрымалася і з першага разу стаў студэнтам.
Цяпер я акцёр дзіцячага тэатра «Аднарог». Мне падабаецца. З марай аб тэлевізары не расстаўся, упэўнены, што і тут усё атрымаецца.
– А як маладыя гульцы адчуваюць сябе ў камандзе побач з мэтрамі?
М. К.: – Выдатна. Мэтры нас вучаць, падтрымліваюць. Вельмі прыязная атмасфера, ніхто не цісне аўтарытэтам. Наша каманда – гэта больш, чым пра футбол, гэта вось такі мушкецёрскі лад жыцця, калі адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.
– Я не акцёр, але вельмі рады, што гуляю ў камандзе «БеZгрыма», – кажа Юрый Цыркуноў, ён жа ЯN ТІ, малады выканаўца, заснавальнік і кіраўнік дзіцячага клуба Young Tiger. – У гэтай камандзе такая класная атмасфера, што раскрываюцца ўсе таленты, ну ці скажам больш сціпла, здольнасці. У гонар фіналу EURO-2020 я напісаў песню «Трымайся», якая прагучала на стадыёне «Дынама». Больш за дзесяць тысяч чалавек пражылі разам са мной 3 хвіліны 42 секунды. Гэта незабыўнае ўражанне!
– Юра, вы сказалі, што не акцёр...
– Музыка і футбол – тое, што мне заўсёды было цікава. Я паспяваў у музыкальнай школе і на футбол. Але калі прыйшоў час выбіраць прафесію, бацькі настаялі на чымсьці «больш сур'ёзным». Таму я – магістр лагістычных навук, у якога не знікла жаданне спяваць і развівацца ў творчасці. А гульня ў камандзе «БеZгрыма» – гэта мая проста фантастычная ўдача.
- Акцёры - людзі дастаткова занятыя: рэпетыцыі, спектаклі, здымкі. Як вам удаецца выкройваць час для футбола?
М. Е.: – Вялікая занятасць мае на ўвазе дысцыпліну. Ну і яшчэ, што вельмі важна, усім пашанцавала з сем'ямі. Жонкі з павагай ставяцца да хобі, а некаторыя разам з дзецьмі прыязджаюць на матчы і з’яўляюцца заўзятарамі каманды.
Ю. З.: – Зараз, дзякуючы сучасным месенджарам, стала прасцей: уся каманда адначасова можа выйсці на сувязь. А калі пачыналі, у нас былі кнопкавыя тэлефоны, сувязь дарагая, сто эсэмэсак трэба было напісаць, каб пра нешта дамовіцца.
– Хто вашы сапернікі?
Ю. Ц.: – Аматарскіх каманд вельмі шмат. Мы гулялі, напрыклад, з камандай «Дыпламат», у якую аб'ядналіся прадстаўнікі розных пасольстваў, практычна на кожным вялікім прадпрыемстве ёсць каманда, чыноўнікі, журналісты таксама гуляюць. А вось з камандай Вялікага тэатра нам пакуль не давялося згуляць.
– Мяркуючы па ўсім, каманда цяпер на ўздыме?
Ю. З.: – Так, і таму мне хочацца з бацькі-заснавальніка перайсці ў статус дзядулі-заснавальніка і больш назіраць з боку, а стырно праўлення перадаць у рукі Сяргея Жбанкова. Ён надзейны і самае галоўнае, неабыякавы чалавек. Але я ведаю, што незалежна ад афіцыйнага статусу, з камандай не расстануся. Таму што без футбола (пры ўсёй любові да яго) я пражыў бы, а без каманды – не.
М.Е.: – Гэта сапраўды так. У нас шмат людзей, якія не выходзяць на поле, але мы лічым іх членамі каманды, таму што яны ўвесь час з намі на сувязі, цікавяцца гульнямі. У нас дзве традыцыі – зімовы паход у лазню на 23 лютага і летам адзначаем на прыродзе дзень нараджэння Юрыя Іванавіча. І паверце, людзей збіраецца значна больш, чым адзінаццаць гульцоў на полі.
Урэзка:
Дасье каманды «БеZгрыма»
Год заснавання – 2008.
Заснавальнік – акцёр тэатра і кіно Юрый Зінчанка.
Гульцы: акцёры тэатраў і кіно, музыкі, мастакі па святле.
Дасягненні: Пераможца турніру да 100-годдзя Беларускага футбола; Пераможца кубка выкліку, пераможца зімовага чэмпіянату Мінскай Прэм'ер лігі.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Фота з архіва каманды «БеZгрыма»
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.