Вы тут

Раім схадзіць


Персанальная юбілейная выстава Івана Рагаценя, анлайн-экскурсія па Белавежскай пушчы, фестываль водных ліхтарыкаў, інтэрактыўная шоў праграма «Таямніцы музыкі і гукаў» і іншае — штотыднёвая афіша «Звязды».


Персанальная юбілейная выстава Івана Рагаценя 

Дзе: Музей кіно, г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Калі: да 26 верасня

Колькі каштуе: бясплатна

10 жніўня ў выставачнай зале музея кіно адкрылася персанальная юбілейная выстава мастака-пастаноўшчыка і мастака-дэкаратара Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Івана Рагацені ў сувязі з яго 75-годдзем.

За 50 гадоў працы ў кіно Рагацень стварыў дэкарацыі для больш чым 35 разнастайных па тэматыцы і жанрах фільмаў і серыялаў, сярод якіх «Я, Францыск Скарына…» (1969), «Магіла льва» (1971), «Вянок санетаў» (1976), «Полымя» (1974), «Час яе сыноў» (1974), «Шляхціц Завальня» (1994), «У жніўні 44-га» (2001), а таксама «Вольф Месінг: той, хто бачыў скрозь час» (2009) і «Угрум-рака» (2020)…

У экспазіцыі прадстаўленыя эскізы і рабочыя чарцяжы разнастайных дэкарацый, кадры і фрагменты з фільмаў з ужо гатовымі аб’ектамі, арыгінальны прадметны шэраг, а таксама аўтарскія малюнкі і графіка: дзіцячае захапленне маляваннем Рагацень пранёс праз усё сваё жыццё. Ёсць тут і вітрыны з характэрнымі «сродкамі вытворчасці», якія майстар выкарыстоўвае ў сваёй творчасці.

Расклад працы: штодня з 11.00 да 19.00


Фестываль «Ганненскі кірмаш»

Pixabay.com

Дзе: г. п. Зэльва, Гродзенская вобласць

Калі: 20–22 жніўня

20–22 жніўня ў Зэльве адбудзецца чарговы фестываль «Ганненскі кірмаш», які збірае гасцей на працягу 300 гадоў. Па сучаснай традыцыі яго наведвае шмат беларускіх і замежных турыстаў.

А пачалася гісторыя кірмашу ў XVІІІ стагоддзі. Калісьці ён лічыўся адным з найбуйнейшых у Еўропе па тавараабароце і колькасці гандляроў, — і саступаў толькі Лейпцыгскаму. Традыцыйным сімвалам кірмашу з’яўляецца конь, бо коні заўсёды былі там галоўным таварам.

Сёлета ў кірмашы возьме актыўны ўдзел грамадскасць пяці раёнаў Гродзенскай вобласці: Слонімскага, Ваўкавыскага, Свіслацкага і Зэльвенскага, а таксама госці з усёй Гродзенскай вобласці і іншых рэгіёнаў краіны. Як абяцаюць арганізатары, мерапрыемства стане грандыёзным і запомніцца яго гасцям і ўдзельнікам на многія гады.

21 жніўня на цэнтральнай плошчы гарадскога пасёлка адбудзецца тэатралізаванае дзейства, кульмінацыя якога — прыбыццё на кірмаш князя Антонія Казіміра Сапегі і яго світы. Але ў цэнтры ўвагі на кірмашы, безумоўна, будуць коні. Усе, хто пажадае, атрымаюць магчымасць пакатацца на возе ці на брычцы, а таксама вывучыць асновы верхавой язды.

У час кірмашу пройдуць конкурсы сельскагаспадарчых падворкаў, гандлёвых месцаў, творчых калектываў. Госці і жыхары Зэльвы паўдзельнічаюць у конкурсе на самага актыўнага пакупніка і, калі пашанцуе, атрымаюць галоўны прыз латарэі — каня. На кірмашы можна будзе набыць рамесныя вырабы, адбудзецца конкурс-пленэр майстроў па вырабе фігурак коней і падкоў з саломы. Будуць працаваць атракцыёны для дзяцей, разнастайныя выстаўкі. Святочную атмасферу створаць музыкі, танцоры, мастакі, аніматары. Для аматараў прыгожай музыкі створана праграма з удзелам творчых калектываў Рэспублікі Беларусь. Мясцовыя жыхары і госці свята атрымаюць магчымасць набыць разнастайныя тавары ў гандлёвых радах, падсілкавацца на пляцоўках фуд-корта.

Сяргей РУЧАНАЎ


Анлайн-экскурсія па Белавежскай пушчы

Дзе: анлайн-фармат

Калі: 20 жніўня

Колькі каштуе: бясплатна

Выпраўцеся ў онлайн-экскурсію па Белавежскай пушчы, якая адбудецца адбудзецца 20 жніўня ў 20:00.

Арганізатар вызначае наступную праграму: 

  • Гуляць па пушчы, любавацца азёрамі, дзікімі жывёламі, птушкамі і, вядома, дрэвамі, якія памятаюць і перажылі візіты еўрапейскіх кіраўнікоў, салдат розных краін, бачылі сякеру дрывасека і тым не менш дажылі да нашых дзён, каб распавесці свае гісторыі.
  • Даведацца, дзе праходзіць мяжа, як захоўваецца пушча ў нашы дні і чаму яна захавалася, нягледзячы на тое, што амаль усе еўрапейскія лясы зніклі.
  • Пазнаць аб магчымасцях адпачынку і аздараўлення ў Белавежскім лесе.

Фестываль водных ліхтарыкаў

Дзе: Dreamland, г. Мінск, вул. Арлоўская, 80

Калі: 20–22 жніўня

Колькі каштуе: 15 BYN 

Чараўніцтва, рамантыка і выкананне жаданняў — фестываль водных ліхтарыкаў у дасканалым новым маштабе адбудзецца ў Мінску 20, 21 і 22 жніўня. На працягу трох вечароў тысячы ліхтарыкаў жаданняў пад зачаравальныя мелодыі выканаюць самыя патаемныя мары.

Гістарычны баль пад адкрытым небам закружыць у танцы сотні пар, велічныя гукі оперы і прамяні лазернага шоу разрэжуць цемру ночы, а вогненна-піратэхнічная феерыя ўразіць уяўленне. Алею фудкортаў упрыгожаць лірычны саксафон і пачуццёвая скрыпка, цудоўныя аніматары ў светлавых касцюмах, хадулісты і нават трохметровы мядзведзь.

Кульмінацыяй падзеі стане запуск ліхтарыкаў жаданняў на водную роўнядзь.


«На зыходзе лета...»

Дзе: Музей «Лошыцкая сядзіба», г. Мінск, праезд Чыжэўскіх 8/2, 10

Калі: 21 жніўня

Колькі каштуе: 10 BYN — для дарослых, 8 BYN — для студэнтаў, 5 BYN — для школьнікаў

21 жніўня 2021 у 16.00 музей «Лошыцкая сядзіба», філіял ДУ «Музей гісторыі горада Мінска», запрашае на мерапрыемства з музычнай програмай «На зыходзе лета…» Праект падрыхтаваны сумесна з «Музычнай гасцінай» Белдзяржфілармоніі.

У вялікай гасцінай сядзібнага дома музея «Лошыцкая сядзіба» прагучыць музыка еўрапейскіх кампазітараў розных эпох. Мэта праекта — адраджэнне багатых традыцый музычных салонаў сядзіб XVIII — пачатку XX стагоддзяў і папулярызацыя класічнай музыкі.

У выкананні Таццяны Старчанка, мастацкага кіраўніка «Музычнай гасцінай», прагучаць музычныя творы Іагана Себасцьяна Баха, Вольфганга Амадэя Моцарта, Фрыдэрыка Шапэна, Франца Шуберта, іншыя музычныя творы ХVIIІ-ХІХ ст.ст.


Фестываль Top Fest 2021

Дзе: Стадыён «Дынама», г. Мінск, вул. Кірава, 8

Калі: 21 жніўня

Колькі каштуе: ад 19 BYN

21 жніўня пройдзе вялікі фестываль папулярнай музыкі TOP FEST. Месца правядзення – Нацыянальны алімпійскі стадыён Дынама, гэтая лакацыя дазваляе ўсім камфортна дабрацца.

Вас чакае велізарная зона фудкорт, актыўнасці ад партнёраў фестывалю і, вядома, максімальна выбухны line up. Імёны ўдзельнікаў арганізатары буду адкрываць паступова, сярод іх:

  • Леша Свик
  • MARUV 
  • The Limba 
  • Фогель
  • Tony Tonite 
  • Mona Sogz

і іншыя.

Больш падрабязнасцей тут.


Інтэрактыўная шоў праграма «Таямніцы музыкі і гукаў»

Дзе: Музей музыкі, г. Мінск, вул. Кірыла і Мяфодзія, 8

Калі: да 31 жніўня

Колькі каштуе: 25 BYN — для дарослых, 20 BYN — для студэнтаў/школьнікаў

«Музей музыкі» запрашае за яркімі ўражаннямі і новымі ведамі.

Праграма:

  • убачыць паблізу эксклюзіўныя музычныя інструменты (арган, раяль, арфу, клавесін...);
  • даведацца незвычайныя і дзіўныя факты пра іх;
  • пачуць музычныя фокусы і ілюзіі;
  • паспрабаваць згуляць самастойна на музычных інструментах.

Пасля праграмы з гідам вы можаце наведаць іншыя лакацыі «Музея музыкі», а таксама:

  • адпачыць у рэлаксарыі: у мяккім масажным крэсле ў цішыні і паўзмроку пазнаёміцца з гукатэрапеўтычнымі інструментамі;
  • правесці вопыты ў эксперыментарыі;
  • прайсці квэст па «Музеі музыкі»;

і іншае.

Музей працуе толькі па папярэднім запісе. Калі ласка, удакладняйце даступнасць і расклад і запісвайцеся праз форму на сайце або па тэлефоне + 375 (44) 464-43-31.

Колькасць гасцей: малыя групы ўсяго да 12 чалавек для вашага камфорту і бяспекі.

Расклад на жнівень:

  • Пятніца 17:00, 18:30
  • Субота 15:30, 17:00
  • нядзеля 15:30, 17:00

«Пінхол. ХХI»

Дзе: Галерэя Шчамялёва, г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10

Калі: да 22 жніўня

Колькі каштуе: 5 BYN — для дарослых, 3 BYN — для студэнтаў, 2,5 BYN — для школьнікаў

У экспазіцыі змешчаны 47 работ 16 аўтараў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і ЗША — удзельнікаў нефармальнага міжнароднага творчага аб’яднання «Саюз пінхалістаў». Куратар і сааўтар праекта ў галерэі твораў Шчамялёва — Сяргей Кулагін. Ён адзначыў, што гэта толькі другая выстаўка суполкі. Першая адбылася ў Разані ў 2019 годзе.

У кожнага фатографа на выстаўцы сапраўды адметны стыль і тэматыка. Напрыклад, Павел Ніканаў з Беларусі займаецца тэмай выяў Роршаха ў пейзажы, партрэце і нацюрморце; Марына Герасімава з Расіі даследуе аддаленыя і не вельмі папулярныя куткі радзімы (фатаграфіі, прадстаўленыя ў экспазіцыі, зроблены ў Архангельскай вобласці, у вёсцы Кімжа, якая ўнікальна сваёй драўлянай даваеннай архітэктурай і млынамі-слупоўкамі); Андрэй Бандарэнка з Украіны імкнецца перадаць настрой курортнага горада (на прыкладзе Бярдзянска) у зімняй спячцы; Яўген Глушань з Беларусі разважае на тэму гарадскіх прастор і прыродных ландшафтаў; Дзяніс Чыкішаў з Расіі засяроджвае сваю ўвагу на людзях; а Вадзім Шамкоў (краіна не пазначана) паказвае на выстаўцы старую інфекцыйную бальніцу, якую здымаў на атрыманую там рэнтгенаўскую плёнку.

Адна з найцікавейшых у экспазіцыі — каляровая серыя «Скрыжаванні светаў».

Праект сумесны: яго аўтары — Дзіяна Панкова (Беларусь) і Джэф МакКонэл (ЗША). Пры дапамозе практыкі салараграфіі (малюнкі руху сонца, што атрымліваюцца на фотапаперы пасля некалькіх месяцаў здымак пінхол камерай), вынікі якой, дарэчы, могуць быць вельмі непрадказальнымі, аўтары стварылі калекцыю двайных экспазіцый з розных кропак свету. Дзіяна Панкова і Джэф МакКонэл, абменьваючыся негатывамі, у кожнай выяве аб’ядналі прастору і час розных месцаў. 

Так, адначасова глядач бачыць Нью-Ёрк і Лодзь, Нью Джэрсі і Мінск... Фатограф з Беларусі адзначае, што ў сваіх фотапошуках асабліва цэніць дух свабоднага эксперыментавання, няспынных прыгод ды прамога і шчырага ўзаемадзеяння з аб’ектамі фатаграфавання, інструментамі і самім працэсам. Аўтар любіць змешваць розныя рэальнасці і гуляць з часам.Тут важна не толькі задума, але і своеасаблівае «супрацоўніцтва» з надвор’ем, выпадкам ды іншымі адушаўлёнымі і неадушаўлёнымі абставінамі здымкі.

Выстаўка «Пінхол. ХХI» будзе працаваць да 22 жніўня. У межах праекта арганізатары абяцаюць правесці шэраг імпрэз, у тым ліку майстар-класы, пра якія збіраюцца паведамляць на афіцыйных стронках у сацсетках. Наведвальнікаў хочацца падрыхтаваць: будзьце гатовы — пра аўтарства работ можна даведацца толькі пры дапамозе QR-кодаў. Некаторыя спасылкі раскажуць пра аўтараў ды іх работы падрабязна, скіруюць да акаунтаў у Instagram, некаторыя ж пададуць толькі сціплую інфармацыю.

Яўгенія ШЫЦЬКА


Экамаркет «Кошык»

Дзе: г. Мінск, вул. Чапаева, 3

Калі: да 26 жніўня

Колькі каштуе: бясплатна

Экамаркет «Кошык» працуе кожны чацвер з 12:00 да 18:30 гадзін на Чапаева, 3. Хатні хлеб і сыр, мясныя дэлікатэсы, сметанковае масла, прыгатаванае ўласнаручна, мёд і гарбату, сезонныя гародніна і садавіна, сувеніры.

І гэта не ўсё: вас чакае добрая музыка, смачны шашлык, прыемныя цэны і добры настрой.


Moon Cinema: кінапрагляды пад адкрытым небам

Дзе: Yoga Place Захад, г. Мінск, Ляшчынскага, 8, к. 1

Калі: да 27 жніўня

Колькі каштуе: бясплатна

Гэтым летам кожную пятніцу Moon Cinema будзе трансліраваць які-небудзь добры фільм, а барыста будзе рыхтаваць для наведвальнікаў магічныя летнія напоі.

Каб трапіць на сеанс — дастаткова проста запісацца. Прагляд фільма — абсалютна бясплатны, але папярэдняя рэгістрацыя абавязковая, так як колькасць удзельнікаў абмежавана умяшчальнасцю тэрасы.

Расклад сеансаў:

  • 13 жніўня — фільм «Тэрмінал»
  • 20 жніўня — фільм «Есці. Маліцца. Кахаць»
  • 27 жніўня — мультфільм «Таямніца Како»

Выстава «Воблака сюррэалізму»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 29 жніўня

Колькі каштуе: 6 BYN – для дарослых, 4 BYN – для студэнтаў, 2,5 BYN — для школьнікаў

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 20 жывапісных твораў, якія сам аўтар вызначае як сюррэалістычныя. Аднак «Воблака сюррэалізму» Ігара Карпава выказана досыць рэалістычнымі сродкамі, таму ўсе працы даступныя ўспрыманню.

Карціны мастака маюць багата вобразаў, ідэй, сімвалаў і знакаў. Яны як бы канцэнтруюць у сабе і міфалогію, і рэлігіі свету, і розныя філасофскія плыні, і мінулыя цывілізацыі. Так аўтар разважае пра гісторыю чалавека і чалавецтва. Спалучэнне ў адной кампазіцыі цалкам розных элементаў здаецца парадаксальным, але пры гэтым дэманструе ўзровень развіцця сучаснага чалавека, якому даступныя веды і інфармацыя.

Робаты і іншапланецяне, лютыя тыгры і далікатныя жанчыны, рыцары і анёлы ды яшчэ мноства розных персанажаў напаўняюць марскія, нябесныя, горныя, пустынныя і ўрбаністычныя пейзажы палотнаў Ігара Карпава.

Сам Ігар Васільевіч так сказаў пра свае работы: «Кожная карціна — гэта гісторыя, якая працякла праз мяне і ў выніку знайшла сваё адлюстраванне на палатне. Тут усё звязана з чалавекам, са станоўчымі дасягненнямі, эмоцыямі. Камусьці мае працы дапамогуць зразумець свет, камусьці — саміх сябе».

Час працы: серада — нядзеля, 12.00–20.00


Міжнародны арт-фестываль сімвалічнага мастацтва

Дзе: г. Мінск, вул. Гікала, 4

Калі: да 29 жніўня

Колькі каштуе: 5 BYN 

Тэма фестывалю сёлета — «За гранню свядомасці ляжыць новая рэальнасць». У экспазіцыі будуць прадстаўлены работы беларускіх і расійскіх майстроў, якія працуюць у розных напрамках: жывапіс, арт-аб’екты з металу, дэкаратыўна-прыкладное і тэкстыльнае мастацтва. «Сярод удзельнікаў — Дзмітрый Траяновіч, Лідзія Яцукевіч, Уладзімір Канонік, Ала Шкарадзёнак, Алег Барычэўскі, Людміла Рыбакова, Аляксей Лаціннік, Аксана Шаляпіна і Аляксандр Ермалаеў», — распавяла куратар выставы Людміла Рыбакова.

«Агульная ідэя мастакоў — адлюстраванне праз жывапіс унутранага свету чалавека, яго пошукаў, значэнняў. Праз творы паказаць магчымасці чалавека і розніцу быцця. Звярнуць увагу людзей на ўнутраныя працэсы, якія даюць рост і вырашэнне ўсіх жыццёвых пытанняў. Мастацтва становіцца не мэтай, а сродкам на шляху да самапазнання, самаўдасканалення. Карціны — гэта нейкія парталы, якія адкрыюць бясконцыя магчымасці існавання і самавыяўлення. Дзякуючы ім мы ўспомнім і зноўку адкрыем наша мінулае, тое, кім мы з’яўляемся, дзе пачалося наша жыццё і куды мы ідзем», — дадала арганізатар.

Падчас дзеяння праекта будуць праведзены майстар-класы аб магчымасцях развіцця творчага патэнцыялу чалавека і аб тым, што дае магчымасць развіваць творчасць у сабе.

Час працы: серада–панядзелак, 11:00-19:00.


Выстава партрэтаў ад маладых беларускіх мастачак «INGENIUM»

Дзе: Галерэя DK, г. Мінск, вул. Герцэна, 2а

Калі: да 29 жніўня

Колькі каштуе: 7 BYN – для дарослых, 5 BYN – для студэнтаў/школьнікаў

Галерэя ДК запрашае на адкрыццё выставы Мацко Радаславы і Савік Таццяны INGENIUM, якое адбудзецца 12 жніўня ў 19:00. На выставе будуць прадстаўлены работы ў жанры партрэт.

Партрэт – гэта мастацкае выява чалавека з перадачай яго ўнутранага свету. Малюнак, які імкнецца да прыгажосці, заўсёды некалькі мадыфікуе яе, пры дапамозе індывідуальнага характару і заўсёды выказвае ідэю чалавецтва ў пэўным індывідуальным вобразе, вылучаючы ў ёй якую-небудзь асаблівую рысу. Для мастацтваў, мэтай якіх служыць малюнак, ідэі чалавецтва, нароўні з прыгажосцю як характарам роду будзе патрэбна выказаць характар індывіда.

INGENIUM — слова лацінскага паходжання, якое азначае “характар”.

Ідэйнай асновай для выставы паслужыла праца Артура Шапэнгаўэра «Свет як воля і прадстаўленне».

Час працы: чацвер — субота, 12:00–20: 00; нядзеля, 12:00—18:00.


Выставачны праект «Адкрыты архіў VL»

Дзе: Дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу «Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь», г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: да 29 жніўня

Колькі каштуе: 6 BYN – поўны, 3 BYN – ільготны

З 9 ліпеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь пачне працу выставачны праект «Адкрыты архіў VL», прысвечаны 70-гадоваму юбілею Валерыя Лабко.

У гэтым годзе 12 ліпеня Валерыю Лабко споўнілася б 70 гадоў. Юбілей паслужыў падставай пагаварыць пра гэтага чалавека, з імем якога звязваюць глабальныя змены ў беларускай фатаграфіі апошняй чвэрці ХХ стагоддзя і не толькі.

Постаць Валерыя Лабко шматпланавая і рознабаковая: ён сфармаваў складаную сістэму ўзаемаадносін і ўплываў у творчым асяроддзі фатографаў, займаўся новымі тэхналогіямі ў фатаграфіі, апярэджваючы свой час, запусціў і мадэраваў шэраг легендарных праектаў, у тым ліку на галоўным беларускім фотапартале «Zнята».

Фатограф, крытык, стваральнік «Мінскай школы фатаграфіі» — феномена ў беларускім фатаграфічным мастацтве канца 1980-х–1990-х гг., які зафіксаваў высокі ўзровень і сусветнае прызнанне беларускіх фатографаў, кіраўнік навучальных студый пры фотаклубе «Мінск», майстар партрэтнай і вулічнай фатаграфіі, настаўнік і лідар, правадыр новых ідэй і тэарэтык.

Экспазіцыя будуецца на прыватных архіўных калекцыях, беражліва захаваных і перададзеных для выставы сям’ёй, калегамі і аднадумцамі Валерыя Лабко. Серыя партрэтаў прадстаўлена вядомай балерынай, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Таццянай Шэметавец. У гледачоў будзе магчымасць убачыць арыгіналы фатаграфій — своеасаблівыя «візітныя карткі», якія адлюстроўваюць інтарэсы, прыярытэты і напрамкі пошуку Лабко-фатографа.

На выставе будзе дэманстравацца фільм, які ўяўляе сабой серыю маналогаў людзей, датычных жыцця і творчасці Лабко. Іх успаміны ажыўляюць час, падзеі, гісторыі. Гэтымі кароткімі сведчаннямі мы хацелі б прадставіць сімвалічны партрэт чалавека, які сабраў, натхніў, навучыў думаць не адно пакаленне беларускіх фатографаў, змяніўшы само стаўленне да фатаграфіі як да аднаго з медыя сучаснага мастацтва.

Выставачны праект «Адкрыты архіў VL» у НЦСМ стане адным з серыі івэнтаў, прысвечаных Валерыю Лабко. Мемарыяльны музей-майстэрня З. І. Азгура запускае праект «Секвенцыі» аб выразным метадзе, элементах мовы, які асвойвала творчая Беларуская фатаграфія ў 1980–1990-я гг., народны фотаклуб «Мінск» падтрымае агульную праграму прымеркаваных да юбілею Лабко праектаў выставай са сваіх фондаў.


Выстава «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютарнай графікі. Лічбавыя сны»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 29 жніўня

Колькі каштуе: 12 BYN — для дарослых, 10 BYN — для студэнтаў, пенсіянераў, 8 BYN — для школьнікаў

Музей гісторыі горада Мінска і LIBRA запрашаюць усіх наведаць новы выставачны праект «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютарнай графікі. Лічбавыя сны». Больш за 70 работ вядомых аўтараў з усяго свету можна будзе ўбачыць у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15) з 24 чэрвеня па 29 жніўня 2021 г.

Актуальнае мастацтва знаходзіцца ў бесперапынным пошуку новых формаў, інструментаў і матэрыялаў. Што калі замест палатна перад мастаком адкрыецца інтэрфейс камп'ютэрнай праграмы, а замест пэндзля і фарбаў у руцэ апынецца сцілус? Творчая майстэрня пераносіцца ... у віртуальнае асяроддзе!

Музей гісторыі горада Мінска і LIBRA прадстаўляюць праект, прысвечаны адной з самых запатрабаваных і дынамічна развіваюцца сфер сучаснай культуры — лічбаваму мастацтву. Праект «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютэрнай графікі. Лічбавыя сны» здзівіць вас неверагоднымі магчымасцямі камп’ютарнай графікі і дазволіць здзейсніць падарожжа скрозь мноства віртуальных светаў, народжаных фантазіяй самых таленавітых мастакоў.

Вы ўбачыце больш за 70 твораў прафесіяналаў з усіх канцоў свету (Расія, Польшча, Іспанія, Германія, Бразілія, Італія, Вялікабрытанія, Кітай, Літва і многія іншыя краіны).

Праект прадставіць усе актуальныя напрамкі камп’ютарнай графікі: Фотаарт (стварэнне сюррэалістычных калажаў на аснове фотаздымкаў), лічбавы жывапіс (карціны, выкананыя пры дапамозе графічнага планшэта), 3D-графіку (трохмерныя лічбавыя «скульптуры»). Вы пераканаецеся што стварэнне лічбавых твораў патрабуе не толькі віртуознага валодання сучаснымі камп'ютарнымі тэхналогіямі, але і шматгадовай практыкі, скрупулёзнага навострывання навыкаў, глыбокіх тэарэтычных ведаў і, вядома ж, бязмежнай фантазіі і невычэрпнага ўяўлення!

Экспазіцыю будуць суправаджаць інфармацыйныя стэнды, якія бліжэй пазнаёмяць вас з прадстаўленымі аўтарамі і працамі. Таксама на вялікім экране будуць дэманстравацца тэматычныя дакументальныя фільмы. Да таго ж кожны жадаючы зможа бясплатна паспрабаваць разгадаць займальны квэст па выставе.

Калі пытанне супрацьстаяння традыцыйнага і лічбавага мастацтва не пакідае вас абыякавым, калі вы самі трымаеце ў руках стілус, пэндзаль або аловак і хочаце даведацца сакрэты майстэрства прызнаных асаў, нарэшце, калі вы проста хочаце дадаць фарбаў і чарадзейства ў паўсядзённае жыццё — вас запрашаюць з галавой пагрузіцца у фантастычныя «Лічбавыя сны»!


Cinemascope #shhh

kinopoisk.ru

Дзе: Музей-майстэрня З. Азгура, г. Мінск, вул. Азгура, 8

Калі: да 10 верасня 

Колькі каштуе: 7 BYN

Сезонныя кінапаказы пад адкрытым небам (18+)

Усё лета ў скульптурным дворыку Музея-майстэрні З. І. Азгура праходзяць сезонныя кінапаказы #Cinemascopeshhh пад адкрытым небам.

Адметнай асаблівасцю праекта з'яўляецца выкарыстанне спецыяльных бесправадных навушнікаў, якія працуюць на радыёчастаце. Дзякуючы гэтай тэхналогіі, паказы праходзяць у бясшумным рэжыме і арганічна ўпісваюцца ў існуючую гарадское асяроддзе, не парушаючы спакой жыхароў навакольных дамоў.

Навушнікі можна атрымаць на ўваходзе ў дворык пры прад'яўленні білета, пасля заканчэння сеансу яны падлягаюць вяртанню. Навушнікі падвяргаюцца апрацоўцы пасля кожнага выкарыстання.

У сувязі з тым, што паказы праходзяць пад адкрытым небам, рэкамендуецца браць з сабой цёплую вопратку, пледы. У выпадку неспрыяльнага надвор'я паказы пераносяцца ў скульптурную залу музея. У памяшканнях музея неабходна выконваць масачны этыкет. Усе фільмы ў рамках праекта #Cinemascopeshhh дэманструюцца на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі.

Фільмы: 

  • 17 жніўня 21.00 «Чартоўкі» 1954, Анры-Жорж Клузо
  • 20 жніўня 21.00 «У джазе толькі дзяўчыны» 1959, Білі Уайлдэр
  • 24 жніўня 20.40 «Сіні аксаміт» 1986, Дэвід Лінч
  • 27 жніўня 20.40 «Кітайскі квартал» 1974, Раман Паланскі
  • 3 верасня 20.30 «Кабарэ» 1972, Боб Фосі
  • 7 верасня 20.10 «Парыж, Тэхас» 1984, Вім Вендерс
  • 10 верасня 20.10 «Нешта ў паветры» 2012, Аліўе Асаяс

Даведкі тут.


Выстава графікі Юрыя Якавенкі «Астральны нацюрморт»

Дзе: Дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу «Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь», г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі:  да 12 верасня

Колькі каштуе: 6 BYN – поўны, 3 BYN – ільготны

15 ліпеня 2021 г. а 17:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь на Някрасава, 3 адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы графікі Юрыя Якавенкі «Астральны нацюрморт».

Праект у НЦСМ працягвае серыю персанальных выстаў лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва.

Працы Юрыя Якавенкі былі падораны каралеве Вялікабрытаніі Лізавеце II і папе Рымскаму Бенедыкту XVI, захоўваюцца ў Каралеўскім сходзе ў Швецыі і шматлікіх музейных сходах у Беларусі і за мяжой. Мастак з Гродна з’яўляецца ўладальнікам больш за 25 узнагарод біенале і конкурсаў графікі.

На рэтраспектыўнай выставе ў НЦСМ можна ўбачыць найбольш вядомыя графічныя серыі Юрыя Якавенкі. Адна з іх — серыя афортаў «Санет» (У суаўтарстве з Аляксандрам Ашуркам), удастоеная ў 2020 годзе Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва ў намінацыі «Графіка». Серыя стваралася пад уплывам японскай графічнай школы і складаецца з 13 гравюр, сабраных у спецыяльны футляр.

Значная частка работ на выставе — сюррэалістычныя нацюрморты. У нацюрмортах Юрыя Якавенкі сістэмы выстройваюцца з прадметаў і раслін, змененых метамарфозамі і існуючых за гранню звыклага прадметнага свету. У многіх выпадках яны звязаны з тленнасцю матэрыяльнага, перш за ўсё чалавечага цела.

Выстава працягнецца па 12 верасня 2021 года.

Інфармацыя: +375 (17) 2350332, +375 (17) 3990978


Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 31 кастрычніка

Колькі каштуе: уваход у дзень адкрыцця вольны 

18 мая Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры адкрыў часовую літаратурна-мастацкую экспазіцыю «Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць».

Выстава экспануецца ў межах сумеснага праекта з Літаратурна-мемарыяльным музеем Ф. М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Вялікія пісьменнікі застаюцца вялікімі на стагоддзі, нягледзячы на тое, што іх творы напісаны шмат гадоў таму. Іх героі і творы працягваюць жыць, таму што не пакідаюць раўнадушнымі чытачоў новых пакаленняў.

Па-сапраўднаму вялікім і ўніверсальным на ўсе наступныя эпохі пасля свайго жыцця застаецца Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі (1821—1881). Веліч яго асобы і спадчыны вылучаецца ў першую чаргу тым, што ў сваёй творчасці ён узняў вечныя філасофскія праблемы быцця чалавека, духоўнасці, веры.

На тэрыторыі Беларусі ёсць вёска Дастоева – гэта вёска Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Месца адметнае тым, што раней тут размяшчалася сядзіба Дастаеўскіх, продкаў Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага па мужчынскай лініі. Менавіта ў гэтай вёсцы і бярэ пачатак род Дастаеўскіх. І нават само прозвішча Дастаеўскі паходзіць ад назвы гэтай вёскі. Сам вялікі пісьменнік у гэтай сядзібе і вёсцы ніколі не бываў. У гады яго жыцця сядзіба належала ўжо іншым уладальнікам. Дастаеўскія страцілі яе ўжо ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя. Некаторы час дадзеная сядзіба належала Ордам, сваякам вялікага беларускага культурнага дзеяча – Напалеона Орды. Сёння сядзіба цалкам страчаная. Тым не менш, у памяць пра тое, што менавіта з беларускай вёскі Дастоева паходзіць род Дастаеўскіх, тут усталяваны помнік вялікаму рускаму пісьменніку – Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму.

На экспазіцыі прадстаўлены: банерная выстава з Літаратурна-мемарыяльнага музея Ф. М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) пра жыццё і творчасць Ф. М. Дастаеўскага, пераклады твораў пісьменніка на беларускую мову, крытычныя і аналітычныя працы Ф. Дабранравава, А. Доліна і інш. аўтараў па творчасці Ф. М. Дастаеўскага, выданне твораў Фёдара Дастаеўскага канца ХІХ ст. з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі.


«Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі культуры»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Калі: да 31 снежня

Беларусь — суверэнная краіна з тысячагадовым мінулым, са слаўнымі і драматычнымі старонкамі. Яна беражліва захоўвае нацыянальныя традыцыі, натхняецца лепшымі здабыткамі сусветнай цывілізацыі і пераасэнсоўвае іх.

Ці ведаеце вы, калі першыя людзі з’явіліся на нашых землях? Калі на Беларусь прыйшла пісьменнасць і якім алфавітам запісвалася? А тое, што нашая зямля — краіна замкаў і незлічоных скарбаў? Што апраналі нашыя продкі, з чаго складваецца нацыянальная кухня і як гучаць «галасы» Беларусі?..

Выставачны праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» распавядае пра асноўныя этапы гістарычнага развіцця Беларусі, дае кароткую характарыстыку культурным здабыткам, прадстаўляе беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці, дапамагае зразумець, што такое Беларусь і хто такія беларусы.

Праект прапануе выправіцца ў захапляльнае падарожжа, згадаць важныя даты, натхніцца нашай спадчынай, а праз інтэрактыўныя элементы — літаральна дакрануцца да гісторыі.

Выстава складаецца з дзвюх частак — «Гісторыя» і «Культура». Першая паказвае лёсавызначальныя падзеі, асноўныя працэсы, этапы гістарычнага развіцця Беларусі (ад старажытных часоў да сучаснасці); наступная адлюстроўвае асобныя тэмы, прысвечаныя адметнасцям самабытнай беларускай культуры.

Праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» рэалізуецца ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры на 2021 г.

Партнёры праекта: Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, Дэпартамент па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы, Музей прыроды і экалогіі, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, фатографы Ганна Кіпель, Анатоль Андрэеў.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.