Вы тут

Нязведаная, загадкавая, таямнічая... вузкакалейка


Аднойчы ехала па справах у Лунінец. Суседкай па вагоне аказалася гаваркая жанчына-паляшучка.

— Ведаеце, каб мае прабабулі ўбачылі гэты магутны поезд, у іх бы сэрца ад страху разарвалася б. Мне дзед расказваў такую гісторыю. У нашы мясціны прыехалі людзі, нешта мералі, чаравалі, а затым пачалі пракладваць нейкія металічныя палкі. Гэта цяпер мы разумеем, што планавалі будаваць вузкакалейку. А палешукі сярод балот жылі закрыта ад цывілізацыі, у суседнюю вёску дабіраліся на лодцы або чакалі, пакуль балота марозам скуе. Ніколі не бачылі не тое што паравоза, а нават машыны. І вось ідуць жанчыны з лесу з поўнымі кошыкамі. І тут бачаць, нешта незразумелае пыхкае па рэйках. Дык яны кінулі свой скарб ды з крыкамі назад у лес паўцякалі...


Пра гісторыю развіцця вузкакалейкі ў Беларусі ведае ўсё ці амаль усё Арцём Слізкі. Арцём Міхайлавіч працуе ў арганізацыі «Мінскметропраект», а свой вольны час прысвячае тэме вузкакалеек.

— Першы вузкакалейны пуць з'явіўся ў Беларусі ў сярэдзіне XІX стагоддзя. Ён злучаў Старынкаўскі чыгуналіцейны завод і прыстань на рацэ Сож. Ваганеткі цягнулі ўручную, з дапамогай коней. Першая паравая дарога была пракладзена ў канцы XІX стагоддзя Баляславам Ялавецкім і злучала Свянцяны (літоўскі Швенчэніс) з Беразвеччам (горад Глыбокае ў Віцебскай вобласці). Па вузкакалейках на той час актыўна вывозілі лес. У гады Першай сусветнай вайны ўзводзілася шмат вузкакалеек ў раёне ліні фронту. Па іх падвозілі салдат, боепрыпасы, будаўнічыя матэрыялы. Некаторыя з нямецкіх чыгунак захаваліся. Яны выкарыстоўваліся да сярэдзіны 60-х гадоў мінулага стагоддзя, — распавёў Арцём.

Гісторыяй стварэння і развіцця вузкакалейных чыгуначных дарог ён зацікавіўся ў 2008 годзе, калі ўпершыню праехаў у кабіне машыніста. У 2016-м зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і пачаў арганізоўваць экскурсійныя паездкі, знаёміў людзей з гісторыяй вузкакалейкі, тэхнікай. У сакавіку 2021-га зарэгістраваў прыватную гісторыка-культурную ўстанову па захаванні і папулярызацыі спадчыны чыгунак «Нязведаная вузкакалейка».

— Чаму вы захапіліся менавіта гэтай тэмай? — пацікавілася ў свайго суразмоўніка.

— Таму што вузкакалейка — такая загадкавая і таямнічая рэч, якую не сустрэнеш у штодзённым жыцці, яна вызначаецца сваім шармам, прыгажосцю. Усё гэта прыцягвае і мяне, і іншых людзей. Плюс падарожнікі арганічна ўплятаюцца ў дзікую прыроду, што таксама дадае прыгажосці і рамантыкі.

— Інакш кажучы, на шляху можна сустрэць розныя дзівосы? Рэдкіх птушак, расліны, некранутую прыроду?

— Усе вузкакалейкі ў Беларусі выкарыстоўваюць для вывазу торфу. Яны злучаюць вытворчасць з палямі, праходзяць праз лясы, балоты, дастаткова глухія мясціны, дзе можна назіраць, як раскашуе прырода, бачыць дзікіх жывёлін і птушак, у тым ліку і занесеных у Чырвоную кнігу. Словам, праект з'яўляецца сумессю экалагічнага і прамысловага турызму.

— Але для арганізацыі такіх экскурсій неабходны добры экскурсавод?

— Я шмат гадоў збіраў разнастайную гістарычную інфармацыю, літаратуру па вузкакалейках, архіўныя матэрыялы. Такім чынам назапасіў багаж ведаў, што перадаю турыстам. Але цяпер экскурсіі пастаўлены на паўзу, бо займаемся стварэннем турыстычнага маршруту ў Гродзенскім раёне, які будзе праходзіць па тэрыторыі ландшафтнага заказніка «Азёры». Летась закрылася торфабрыкетнае прадпрыемства «Верцялішкі», і заказніку перадаюць участак вузкакалейкі працягласцю адзінаццаць кіламетраў, які там праходзіць. На гэтым адрэзку дарогі хочам зрабіць экалагічны маршрут і знаёміць усіх ахвотных з асаблівасцямі заказніка, прыроднымі славутасцямі. Перамяшчацца будзем невялікімі групамі па 5-15 чалавек на мотадрызінах, максімальна зліваючыся з навакольнымі прыродай і цішынёй.

Яшчэ пяць гадоў таму ў Беларусі налічвалася каля трыццаці вузкакалеек, цяпер некаторыя пакрысе закрываюцца. Усяго ж засталося прыблізна каля дваццаці двух. А калісьці іх колькасць вымяралася некалькімі сотнямі. Цяпер самая працяглая вузкакалейка Жыткавіцкага торфапрадпрыемства — каля 30 кіламетраў, столькі ж у Дзітве, на Старобінскім торфабрыкетным заводзе — больш як 30.

— Як вы думаеце, што з цягам часу будзе з вузкакалейкамі, — знікнуць?

— У нас няма закінутых вузкакалеек, таму што рэльсы дэманціруюць і здаюць на металалом, на пераплаўку, напрыклад, на Жлобінскі металургічны завод. На Сяргеевіцкім торфабрыкетным заводзе была закінутая 15-кіламетровая ветка, якая праходзіла праз незвычайна прыгожыя мясціны, «нанізвала» на сябе дрымучыя лясы, ішла праз засеяныя палі, некранутыя балоты. Была спроба дамовіцца на гэтым участку, якім не карыстаюцца гадоў пяць, сумеснымі намаганнямі зрабіць турыстычны маршрут, знайсці інвестара. Але ўладальнік прапанаваў нам купіць аб'ект, у нас жа няма такіх грошай. У выніку вузкакалейку разабралі.

Гэта была самая маляўнічая ў Беларусі дарога на той момант. У межах аптымальнай для турыстычнага маршруту працягласці — 15 кіламетраў — там было сабрана ўсё: забалочаныя тарфянікі, балоты, якія не распрацоўваліся, практычна ў некранутым стане. Тут можна было азнаёміцца з рознымі формамі прыродных, тэхнагенных экасістэм. Але балансаўтрымальнікі вырашылі, што прасцей пусціць яе на металалом.

Дадам, што вузкакалейная чыгунка Сяргеевіцкага торфапрадпрыемства — яе неафіцыйна называюць Рудзенскай вузкакалейкай — знаходзіцца ў Мінскай вобласці. Сёння яе працягласць — 40 кіламетраў. Яна злучае пасёлкі Рудзенск і Праўдзінскі з торфараспрацоўкамі. Першапачаткова яе працягласць складала каля 90 кіламетраў.

Увогуле, найбольш буйныя веткі цягнуліся на дзясяткі кіламетраў праз лясы і балоты. Як, напрыклад, сістэма вузкакалейных дарог Смалявіцкай ДРЭС (цяпер Жодзінская ЦЭЦ) — на 165 кіламетраў. Яна злучала станцыю з пяццю торфабрыкетнымі заводамі. А на тэрыторыю Украіны ішла ветка з Івацэвіч, што на Брэстчыне, працягласцю амаль 200 кіламетраў. Ад яе нічога не засталося.

Вузкакалейкі пачалі закрывацца ў канцы 1970-х, калі энергетыку сталі пераводзіць на прыродны газ. Цяпер, з будаўніцтвам Астравецкай атамнай электрастанцыі, ёсць намер перавесці народнагаспадарчы комплекс краіны на электраэнергію. Магчыма, адпадзе і неабходнасць у торфе. І што чакае ў гэтым выпадку вузкакалейкі? Пераплаўка на металалом?

А гэта ж значная частка нашай гісторыі, спадчына, якая б магла паслужыць экалагічнаму, культурнаму выхаванню падрастаючага пакалення, пазнаёміць з дасягненнямі торфаздабыўнай галіны, якую карпатліва выбудоўвалі старэйшыя пакаленні: бацькі, дзяды, прадзеды. Вузкакалейкі — унікальная магчымасць развіваць турыстычную галіну, знаёміць нашых суайчыннікаў з запаветнымі мясцінамі, вучыць берагчы прыроду.

У нашых планах — стварыць музей. Назавём гэта пакуль марай, таму што ў нас няма фінансаў. Яшчэ адна праблема — экспанаты, іх трэба выкупляць па рыначным кошце. Кіраўніцтву прадпрыемстваў прасцей здаць іх на металалом.

— А якім вы ўяўляеце музей?

— Уяўляць яго можна па-рознаму. Як я ўжо казаў, мы працуем над экалагічным маршрутам ў Гродзенскім раёне. Пакуль гэта будзе адзіны крыты вагон з невялікай экспазіцыяй фотадакументаў, відэадаматэрыялаў, нейкіх дробных экспанатаў. Для стварэння паўнацэннага музея ў нашым выпадку павінна быць зацікаўленасць аднаго з прадпрыемстваў, у якога ёсць свая вузкакалейка, узаемадзеянне з «Белпалівагазам».

А пакуль ніякага сумеснага ўзаемадзеяння няма. Куды ні звярталіся энтузіясты пісьмова, адусюль адзін адказ — купляйце чыгунку і рабіце на ёй, што хочаце. Можна знайсці розныя варыянты супрацоўніцтва, але жадання з другога боку няма. А ў людзей, нераўнадушных да гэтай справы, адсутнічаюць сродкі, каб набыць цэлыя дарогі, дэпо, цеплавозы.

— Спрабавалі паўдзельнічаць у нейкіх праектах, каб выйграць грант на развіццё справы?

— Мы выйгралі «зялёную намінацыю» ў конкурсе сацыяльных праектаў Socіal Weekend на падрыхтоўку і выраб дрызін для нашага сумеснага з заказнікам «Азёры», праекта вузкакалейна-экалагічнага маршруту, аб якім казалі раней.

Мы гатовыя распрацоўваць праграмы, браць на сябе «раскрутку». Але пакуль няма пад што такія праекты пісаць — паколькі няма пляцоўкі для музея. Кожнаму інвестару спачатку патрэбны нейкі зразумелы план праекта. А нам адмаўляюць нават у спробах нешта зрабіць... У нас няма дамоўленасці ні з адной пляцоўкай, каб паказаць інвестару канкрэтнае месца, паказаць, якім сэнсам мы яго хочам напоўніць, і абгрунтаваць колькасць фінансавых сродкаў, неабходных для ўладкавання музея.

...Зачараванае кола?

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Украіна выйшла на трэцяе месца ў свеце і першае ў Еўропе па смяротнасці ад COVІD-19.

Грамадства

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Сёння гутарка прысвечана выбару прафесіі для хлопцаў і дзяўчат.

Грамадства

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

У апошнія гады з прычыны пандэміі многія медыцынскія тэрміны сталі агульнаўжывальнымі словамі.

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.